АНТЫЦЫПА́ЦЫЯ (лац. anticiparatio ад anticipo прадугадваю),
1) у псіхалогіі і філасофіі здольнасць у той ці іншай форме прадбачыць развіццё падзей, з’яў, выніку дзейнасці; прадугадванне, загадзя складзенае ўяўленне пра што-небудзь. У псіхалогіі мае 2 значэнні: чаканне арганізмам пэўнай сітуацыі, што выяўляецца ў нейкай позе ці руху; уяўленне чалавекам выніку сваёй дзейнасці да яе ажыццяўлення. У філасофіі ідэя антыцыпацыі сустракаецца ўжо ў вучэнні стоікаў і эпікурэйцаў аб пралепсісе — агульным паняцці, якое ўзнікае ў свядомасці яшчэ да ўспрымання канкрэтных адзінкавых рэчаў непасрэдна злогасу. Кант разумеў пад антыцыпацыяй апрыёрнае (незалежнае ад вопыту) пазнанне прадметаў успрымання яшчэ да самога ўспрымання.
2) У логіцы — часовае прыняцце ў якасці даказанай пасылкі, якую мяркуецца абгрунтаваць пазней.
3) У эканоміцы — выплата грошай па даўгавым абавязацельстве раней за агавораны тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА»,
аднатомная энцыклапедыя. Выдадзена ў 1994 у Мінску пад рэдакцыяй А.Я.Міхневіча выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». Уключае 513 энцыклапедычных артыкулаў, гал. аб’ектамі апісання ў якіх сталі: моўныя дысцыпліны і навук. кірункі, што вылучаюцца ў межах бел. мовазнаўства; навук. паняцці і метады, пры дапамозе якіх апісваецца бел. мова; галоўныя пісьмовыя помнікі старабел. і новай бел.літ. мовы; персаналіі айч. і замежных даследчыкаў бел. мовы, бел. пісьменнікаў і выдатных дзеячаў старабел. пісьменства; галоўныя кадыфікацыйныя працы па бел. мове; мовы, з якімі бел. мова мела ці мае кантакты; моўныя ўстановы, таварыствы, часопісы, газеты і інш. Артыкулы ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі. У кнізе змешчаны Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990) і спадарожныя яму заканадаўчыя акты.
В.К.Шчэрбін.
Тытульны ліст энцыклапедыі «Беларуская мова». 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЖЭ́ЙКА,
складка брушыны, што прымацоўвае ўнутрыбрушныя органы ў другаснай поласці цела чалавека і жывёл. Развіваецца ў зародку з унутраных (вісцэральных) лісткоў бакавых пласцінак, якія зрастаюцца паміж сабой над і пад кішэчнікам і ўтвараюць 2 брыжэйкі: спінную і брушную.
У сталых арганізмах звычайна захоўваецца толькі адна брыжэйка. У пазваночных — спінная брыжэйка; на ёй падвешваецца кішэчнік і да яго ў тоўшчы брыжэйкі праходзяць нервы, крывяносныя і лімфатычныя сасуды. Брушная брыжэйка рэдукуецца, яе пярэдні аддзел ператвараецца ў серпападобную звязку печані, задні ўтварае звязку, якая падтрымлівае ў некаторых рыб і земнаводных клааку, а ў млекакормячых мачавы пузыр. У чалавека брыжэйка — складка брушыны, што ўкрывае ножку кожнага ўнутрыбрушнога органа, якой ён прымацаваны да сценкі брушной поласці. Вонкава брыжэйка падобная на даўнейшы каўнер са складкамі — брыжы (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЗМ (франц. académisme),
1) чыста тэарэт. кірунак, традыцыяналізм у навуцы і асвеце.
2) Адарванасць навукі, мастацтва, асветы ад жыцця і грамадскай практыкі.
3) У выяўленчым мастацтве — кірунак, які склаўся ў маст. акадэміях 16—19 ст. (гл. ў арт.Акадэміі мастацкія) і прытрымліваўся традыцыйных правілаў класічнага мастацтва антычнасці і Адраджэння. Садзейнічаў сістэматызацыі маст. адукацыі, замацаванню класічных традыцый (гл.Класіцызм), якія ператвараліся ім у «вечныя» каноны. Лічачы, што сучаснае жыццё не вартае высокага мастацтва, акадэмізм проціпастаўляў яму надчасавыя і наднац. нормы прыгажосці, ідэалізаваныя вобразы, далёкія ад рэальнасці сюжэты (зант. міфалогіі, Бібліі), што падкрэслівалася ўмоўнасцю мадэліроўкі, колеру і малюнку, тэатральнасцю кампазіцыі. Пад націскам мастакоў-рэалістаў і творчай апазіцыі акадэмізм распаўся і відазмяніўся. У 20 ст. ў шэрагу краін ён часам выяўляўся ў адноўленых формах неакласіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ablatio адніманне),
у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.
2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГУСЦІНІЯ́НСТВА,
кірунак у сярэдневяковай схаластыцы, які ўзнік пад уплывам ідэй Аўгусціна Блажэннага. У тэалогіі прыхільнікі аўгусцініянства аддавалі перавагу т.зв. анталагічным доказам існавання Бога, напрыклад, праводзілі аналогію паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, розум і воля) і трыма абліччамі тройцы. У гнасеалогіі яны лічылі веру перадумовай усякіх ведаў. Да 12 ст. аўгусцініянства было пануючым кірункам (яму процістаялі толькі пантэізм Іаана Скота Эрыўгены, наміналізм І.Расцэліна і П.Абеляра і крайнія ерэтычныя пазіцыі). У 13—14 ст. у барацьбе супраць тамізму ідэі аўгусцініязму адстойвалі Банавентура, Іаан Пека, Дунс Скот. У эпоху рэфармацыі і контррэфармацыі іх развівалі М.Лютэр, Дж.Серынада, Г.Норыс, Л.Берці і інш. Водгаласы крытыкі тамізму з пазіцый аўгусцініянства сустракаліся і пазней у каталіцкай рэліг. філасофіі і ў інш.філас. вучэннях і плынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДО́НІ (Bernardoni, Bernardonus) Джавані (Ян) Марыя (1541?, г. Кома, Італія — 1605), італьянскі архітэктар і матэматык; прадстаўнік барока. З 1564 манах ордэна езуітаў. Будаваў езуіцкія храмы ў Рыме і Неапалі пад кіраўніцтвам Дж.Трыстана. У 1583 запрошаны ў Рэч Паспалітую, збудаваў шэраг фарных і езуіцкіх касцёлаў у Любліне, Познані, Калішы, Гданьску, Кракаве. У 1586—99 прыдворны архітэктар кн. М.Радзівіла (Сіроткі) у Нясвіжы. Удзельнічаў у першым этапе буд-ваНясвіжскага палацава-паркавага комплексу, інш.грамадз. пабудоў горада (ратуш, семінарый, палаца ў прадмесці Альба), пабудаваў комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў і калегіума (абодва 1587—94), касцёлы ў Гродне і Клецку. Распачаў у ВКЛ і Рэчы Паспалітай характэрную для Новага часу арх.-буд. практыку на аснове праектных чарцяжоў (гл.«Бернардоні альбом»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось пры ўпадзенні р. Ваўпянка (бас. Нёмана). За 23 км на Пн ад г. Ваўкавыск, каля в.Воўпа. Створана ў 1955. Пл. 1,26 км², даўж. 5,6 км, найб.шыр. 0,85 км, найб.глыб. 5,4 м, аб’ём вады 2,3 млн.м³.
Катлавіна выцягнутая ў даліне. Ложа з мелкаводдзямі (больш за 60% плошчы), ёсць 9 астравоў агульнай пл. 3,3 га. Дно выслана пяском і глеем. Берагавая лінія 18 км, парэзаная, ёсць 2 залівы. Берагі абрывістыя, зах.выш. да 4 м, паўд. 1,5—2 м, пад хваёвым лесам, у вярхоўях забалочаныя, парослыя вольхай і вярбой. Ваганні ўзроўню вады да 0,5 м (перад разводдзем). Моцнапраточнае. Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (Воўпаўская ГЭС), для арашэння і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),
продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЕ́Н ((DuUin) Шарль) (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),
французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.Антуана, Ж.Капо, Ф.Жэм’е, Г.Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц.т-ра (Ж.Вілар. Ж.Баро, М.Марсо, Р.Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).