ЦЯ́ГА ў тэхніцы,

1) рухальная сіла, што перадаецца рухачу трансп. машыны (наземнай, воднай, паветранай, касмічнай) ад яе рухавіка. Бывае эл., паравая, рэактыўная цяга і інш. У адносінах да цягавых трансп. машын пад Ц. разумеюць сілу, якая перадаецца ад цягача (або лакаматыва) да прычэпа (або поезда).

2) Дэталь (звычайна стрыжань), якая звязвае асобныя звёны механізма і перадае пераважна цягавыя намаганні ад аднаго з іх да другога (напр., рулявая і тармазная Ц. аўтамабіля).

3) Разрэджванне ў пэўным участку трубаправода ці канала, у выніку чаго ўзнікае (узмацняецца) паток паветра ці газу.

Бывае натуральная (ствараецца з-за рознасці шчыльнасцей атм. паветра і газаў у газаходах, дымавой або вентыляцыйнай трубе) і штучная (ствараецца дымасосам ці вентылятарам). Натуральная Ц. нарастае з павелічэннем вышыні выцяжной або дымавой трубы, з паніжэннем т-ры атм. паветра і з павышэннем т-ры газаў у трубе.

т. 17, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)