ЛІ БО (другое імя Лі Тайбо; 701, вобл. Шу, Кітай —762),
кітайскі паэт. У 742—44 на службе пры імператарскім двары, атрымаў найвыш. вучонае званне — ханьлінь. Як удзельнік антыўрадавага мяцяжу 756 арыштаваны і асуджаны. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам канфуцыянскага рацыяналізму і даасізму. Збераглося больш за 900 вершаў (у т. л. цыкл «Старажытнае»), насычаных глыбокай філасафічнасцю, ідэямі вальналюбства, багатай фантазіяй. Майстар прыродаапісальнай лірыкі. Яго паэзія паўплывала на развіццё танскай і сунскай кіт. паэзіі 8—13 ст. На бел. мову асобныя вершы Л.Б. пераклаў І.Бабкоў.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: «Тутэйшыя». Мн., 1989;
Рус.пер. — [Вершы] // Ли Бо, Ду Фу Избр. лирика. М., 1987;
У кн.: Китайская пейзажная лирика III—XIV вв. М.,1984.
Літ.:
Варжапетян В. Путник со свечой: Повести о Ли Бо, Омаре Хайяме, Франсуа Вийоне. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя). Асн. функцыі: дрэнажаванне з міжклетачных поласцей вадкасці, раствораных бялкоў і інш. буйных малекул, якія не здольны вярнуцца ў кроваток праз крывяносныя капіляры; ахоўная; фільтрацыйная.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Лімфатычная сістэма. I. Сістэма лімфатычных сасудаў: 1 — тканкі; 2 — артэрыяльная сістэма; 3 — вянозная сістэма; 4 — лімфатычная сістэма; 5 — лёгкія. II. Размяшчэнне рэгіянарных лімфатычных вузлоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІЦВІ́НЫ»,
бел. фальклорны гурт. Засн. ў 1991 у Мінску. Арганізатар і кіраўнік У.Бярбераў. Уключае 9 вакалістаў і інструменталістаў. Яго дзейнасць адметная шырокім выкарыстаннем і прапагандай стараж. інструментаў, у т. л. дуды, цымбалаў маладзечанскай і вілейскай традыцый, пецярбургскага 3-раднага гармоніка, зах.-бел. скрыпкі, паляшуцкай дудкі і інш. Гурт выкарыстоўвае аўтэнтычныя строі і распрацоўвае новыя ў дакладных рэгіянальных традыцыях. У рэпертуары ансамбля апрацоўкі бел.нар. песень, абрадавая і танц.нар. музыка (большасць твораў запісана ўдзельнікамі гурта), гучанне якіх вызначаецца своеасаблівым «вясковым» каларытам. Гурт выпусціў 4 аўдыёальбомы на касетах і кампакт-дысках (больш за 80 твораў, 1992—99), 2 песні ў яго выкананні змешчаны у зб-ку музыкі Усх. Еўропы (1997; ЗША). Калектыў — удзельнік III (Браціслава, 1995) і IV (Магілёў, 1997) Сусв. цымбальных кангрэсаў, прызёр шэрагу фестываляў. Збор запісаў у выкананні «Л.» захоўваецца ў фондах Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́БІН (Lupinus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 (паводле інш. звестак, больш за 200) відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў, пераважна ў Міжземнамор’і, Амерыцы. На Беларусі культывуюць Л.: вузкалісты (L. angustifolius), жоўты (L. luteus) і шматлісты (L. polyphyllus). Уведзены ў культуру ў Стараж. Рыме, на Беларусі — з 19 ст.
Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, глыбока пранікае ў глебу, на каранях утвараюцца клубеньчыкі з бактэрыямі, якія засвойваюць атм. азот. Лісце чаранковае, пальчата-складанае. Кветкі яркай, разнастайнай афарбоўкі, суквецце — верт. гронка. Плод — шматнасенны боб. Усе ч. раслін маюць горкія і ядавітыя алкалоіды. У с.-г. вытв-сці выведзены кармавыя малаалкалоідныя формы. Кармавыя, сідэральныя, дэкар. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Любанскім і Старадарожскім р-нах Мінскай вобл., за 7 км на Пн ад г. Любань. Створана на р. Арэса ў 1966. Пл. 22 км², даўж. 11,8 км, найб.шыр. 4,2 км, найб.глыб. 6,3 м, аб’ём вады 39,5 млн.м³; даўж. берагавой лініі 38 км. Да затаплення на месцы вадасховішча быў балотны масіў з тарфянікамі магутнасцю да 3 м. Катлавіна выцягнута з Пн на Пд, значна пашыраецца ў паўд. частцы. Берагі нізкія, спадзістыя. Больш за 20% берагоў — дамбы абвалавання. На левым беразе ў ніжняй ч. вадасховішча 2 мелкаводныя залівы. Ёсць 5 астравоў агульнай пл. 0,5 км². Дно выслана торфам, ілам, пяском.
Замярзае ў пач. снежня, лёд (таўшчыня 45—55 см) трымаецца да пач. красавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 80 см. Зарастае каля 20% плошчы Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, жыўлення вадой сажалак доследнага рыбгаса «Любань».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА БЯГУ́ЧАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення па магутнасці эл.-магн.ЗВЧ ваганняў, у якой электронны паток узаемадзейнічае з запаволенай бягучай эл.-магн. хваляй. Выкарыстоўваецца ў лініях далёкай сувязі для перадачы вял. колькасці інфармацыі.
Створана амер. вучоным Р.Компфнерам у 1943. Характарызуецца вял. шырынёй паласы частот (дазваляе, напр., перадаваць адначасова ад дзесяткаў да соцень тэлевізійных праграм), малым каэфіцыентам шуму, вял. каэфіцыентам узмацнення. Адрозніваюць Л.б.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам (найб. пашырана) і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Каэфіцыент узмацнення да 50 Дб і больш, дыяпазон частот ад 300 МГц да 300 ГГц, ккдз ад 20 да 60%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІ АРХІПЕЛА́Г, Заходне-Эстонскі архіпелаг. У Балтыйскім м., тэр. Эстоніі. Пл. каля 4 тыс.км². Больш за 500 астравоў, найбольшыя з іх Саарэмаа, Хійумаа, Муху, Вормсі. Берагі моцна парэзаныя. Паверхня раўнінная (выш. да 54 м). Астравы складзены пераважна з вапнякоў, якія месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Шмат азёр. Клімат умерана цёплы з мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Большая ч. паверхні астравоў занята лугамі і лясамі; па берагах пясчаныя дзюны з хваёвымі лясамі. Глебы пераважна дзярнова-карбанатныя і забалочаныя. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Запаведнікі: Війдумяэ і Вільсандзі. Значныя гарады: Курэсаарэ (в. Саарэмаа) і Кярдла (в. Хійумаа). У раёне М.а. ў перыяд 1-й і 2-й сусв. войнаў адбыліся вядомыя ваен. аперацыі (гл.Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну і Маанзундскія аперацыі ў Вял.Айч. вайну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Тімя А.А.Куляшова.
Засн. ў 1918 у Магілёве як пед.ін-т на базе Магілёўскага настаўніцкага інстытута. У 1919 перайменаваны ў Ін-тнар. адукацыі. У 1924 аб’яднаны з пед. ф-там БДУ. У 1930 адноўлены як пед.ін-т. У 1937 пры ін-це створаны настаўніцкі ін-т з 2-гадовым тэрмінам навучання для падрыхтоўкі настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Імя Куляшова прысвоена ў 1978. З 20.6.1997 ун-т. У 1998/99 навуч.г. ф-ты: гіст., пед., філал., замежных моў, біял., прыродазнаўства, эканам., фізіка-матэм., дашкольнага выхавання, фіз. выхавання, даінстытуцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1992. Пры ун-це больш за 100 спецыялізаваных лабараторый і кабінетаў, б-ка (каля 500 тыс.экз.), навуч.-спарт. комплекс і навучальна-біял. база «Любуж». На базе М.у. створаны вучэбна-навук. комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЫ,
старажытны горад-дзяржава ў 3—2-м тыс. да н.э. на сярэднім Еўфраце (цяпер узгорак Тэль-Харыры, Сірыя). Узнік у пач. 3-га тыс. да н.э. Першапачаткова быў населены хурытамі, пазней семітамі. Буйны цэнтр гандлю (пасрэднік паміж Месапатаміяй і дзяржавамі Міжземнамор’я і М. Азіі) і рамяства (вырабы з бронзы, ткацтва). Да 25 ст. да н.э. ваяваў з шумерскімі гарадамі. У 24—23 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы з цэнтрам у г.Акад, у 22—21 ст. да н.э. — дзяржавы III дынастыі Ура. У канцы 21 ст. да н.э. самастойны, у пач. 18 ст. да н.э. пад уладай Асірыі. У 1758 да н.э. зруйнаваны вавілонскім царом Хамурапі. Раскопкамі (вядуцца з 1933) выяўлены палац 18 ст. да н.э., храм багіні Іштар, асобныя гар. кварталы, дзярж. архіў клінапісных дакументаў (больш за 20 тыс. таблічак) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫНЕ́СКА (Аляксандр Іванавіч) (13.1.1913, г. Адэса, Украіна — ліст. 1963),
Герой Сав. Саюза (1990, пасмяротна). Капітан 3-га рангу (1942). Скончыў Адэскі мараходны тэхнікум (1933), штурманскія курсы (1934) і курсы перападрыхтоўкі (пасля 1937) пры Чырванасцяжным вучэбным атрадзе падводнага плавання ў Ленінградзе. З 1933 на Балт. флоце. З 1939 камандзір падводнай лодкі. У Вял.Айч. вайну вызначыўся як камандзір (1943—45) падводнай лодкі «С-13»: у раёне Данцыгскай (Гданьскай) бухты выявіў і патапіў 13.1.1945 найбуйнейшы лайнер фаш. Германіі «Вільгельм Густлаў» (у свеце наз. «атакай стагоддзя»; сярод загінуўшых былі экіпажы для 70 герм. падводных лодак), а 10 лют. — ням. дапаможны крэйсер «Генерал фон Штойбен» (больш за 3 тыс. вайскоўцаў). Пасля вайны працаваў у гандл. флоце, Ленінградскім параходстве, на заводзе «Мезон» у Ленінградзе.