РЭ́ЙНАЛЬДС, Рэйналдс (Reynolds) Джошуа (16.7.1723, г. Плімптан, Вялікабрытанія — 23.2.1792), англійскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. У 1740—43 вучыўся ў Лондане ў Т.Хадсана. Вывучаў творы Рэмбранта, П.П.Рубенса, венецыянскі жывапіс 16 ст. Працаваў у Дэваншыры і Лондане, у 1749—52 вандраваў па Еўропе. Арганізатар і 1-ы прэзідэнт (1768—90) лонданскай АМ. З 1748 гал. мастак караля. Пераасэнсоўваў традыцыі параднага партрэта барока, спалучаў велічнасць агульнай задумы з нязмушанасцю трактоўкі характараў, імкнуўся звязаць уяўленні пра ідэальную асобу з сац.-гіст. характарыстыкамі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, свабодай мазка, цёплым сакавітым каларытам, псіхал. выразнасцю. Партрэты: аўтапартрэт (1753—54), «Д.Гарык паміж музамі трагедыі і камедыі» (каля 1760—61), пісьменнікаў Л.Стэрна (1760) і С.Джонсана (1772), Джэн, графіні Харынгтан (1777—79), актрысы С.Сіданс (1783—84), адмірала Дж.О.Хітфілда (1787—88). генерала Банастра Тарлтана; карціны «Немаўля Геракл душыць змей» (1786—88), «Нявінны ўзрост» (1788), «Устрыманасць Сцыпіёна» (1788—89) і інш. У тэарэт. работах выказваў нарматыўна-класіцыстычныя погляды на прыроду мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЛЕЙ, Рэйлі (Rayleigh) Джон Уільям (12.11.1842, каля г. Малдан, Вялікабрытанія — 30.6.1919), англійскі фізік, адзін са стваральнікаў тэорыі ваганняў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1873). Прозвішча да атрымання тытула лорда Рэлея (1873) — Стрэт (Strutt). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1865), дзе і працаваў да 1871. У 1879—84 дырэктар Кавендышскай лабараторыі. У 1905—08 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Навук. працы па акустыцы, оптыцы, гідрадынаміцы, электрамагнетызме і інш. Даследаваў дыфракцыю, рассеянне і паглынанне мех. хваль, устанавіў сувязь паміж фазавай і групавой скорасцю хваль. Заклаў асновы малекулярнага рассеяння святла (гл.Рэлея закон), вывеў адзін з законаў выпрамянення (гл.Рэлея—Джынса закон выпрамянення), устанавіў закон намагнічвання цел (гл.Рэлея закон намагнічвання). Стварыў тэорыю раздзяляльнай здольнасці аптычных прылад. Адкрыў (з У.Рамзаем) хім. элемент — аргон. Сканструяваў і вынайшаў шэраг фіз. прылад (дыск Р., манометр Р., рэфрактометр Р. і інш.). Нобелеўская прэмія 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧу філасофіі,
частка матэрыяльнага свету, адносна ўстойлівая і адасобленая ад інш. частак, якая характарызуецца пэўнымі якасцямі, унутр. і знешнімі адносінамі. Да Р. адносіцца шматлікая колькасць разнастайных прадметаў, з’яў прыроды і грамадства. Кожная Р. узаемадзейнічае з інш. Р., якасна і колькасна змяняецца, уключаецца ў пэўныя працэсы развіцця матэрыяльных сістэм. У якасці сіноніма Р. часта выкарыстоўваюць паняцце «прадмет», аднак ім вызначаецца і фрагмент матэрыяльнай рэчаіснасці, і аб’ект пазнання, у якасці якога можа выступаць абстрактнае паняцце. І.Кант увёў паняцце незалежнай ад свядомасці «Р. ў сабе», якая ўздзейнічае на органы пачуццяў, але не атрымлівае адэкватнага адлюстравання і таму недаступная пазнанню. Навука даказвае пазнавальнасць Р. Паняцце «Р.» цесна звязана з паняццем «ідэя». Р. аб’ектыўная і існуе незалежна ад ідэі. Ідэя з’яўляецца адлюстраваннем Р., правільным ці скажоным. Існуе і адваротная залежнасць. Адрозніваюць натуральныя і штучныя Р. (створаныя чалавекам шляхам змянення прыроднага матэрыялу). Штучная Р. з’яўляецца вынікам пераўтварэння ідэальнага ў матэрыяльнае, рэчаіснае. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў сац.-эканам. тэорыях для вызначэння «арэчаўлення» адносін паміж людзьмі ва ўмовах развіцця таварнай вытв-сці і рынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СААДЗІ́ (сапр.Мусліх-ад-дзін Абу Мухамед Абдалах ібн-Мушрыф ібн-Мусліх ібн-Мушрыф Саадзі Шыразі; паміж 1203 і 1210, г. Шыраз, Іран — 9.12.1292),
персідскі пісьменнік, класік персідскай і таджыкскай літаратур. Пісаў і на араб. мове. Вучыўся ў Багдадзе. Вандраваў па краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. У 1256 вярнуўся ў Шыраз. С. лічаць пачынальнікам «чыстай» газелі. Яго газелі вылучаюцца прастатой і яснасцю вобразаў, натуральнасцю пачуццяў, даступнасцю мовы, музыкальнасцю, глыбокім зместам і вытанчанай маст. формаю. Найб. значныя творы — паэма «Бустан» (1257) і зб. прытчаў у прозе і вершах «Гулістан» (1258), якія ахопліваюць розныя бакі рэчаіснасці і кодэкса маралі, апяваюць душэўную прыгажосць чалавека. «Гулістан» — першы помнік перс. л-ры пра жыццё і побыт сярэдневяковага ўсх. горада. Многія афарызмы С. сталі нар. прымаўкамі. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклаў С.Грахоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́РНАЕ ЎЛАЖЭ́ННЕ 1649,
першы друкаваны помнік заканадаўства Рас. дзяржавы, які адлюстраваў эвалюцыю сац.-паліт. ладу краіны ад саслоўна-прадстаўнічай манархіі да абсалютызму. Распрацавана камісіяй на чале з кн. М.І.Адоеўскім, прынята 8.2.1649 Земскім саборам 1648—49. Складаецца з 25 глаў і 967 артыкулаў. Рэгламентавала пытанні дзярж., маёмаснага і крымін. (асабліва цяжкія пакаранні за злачынствы супраць цара і баяр) права, судаводства. Стварала ўмовы для сцірання межаў паміж памеснай і вотчыннай формамі зямельнай уласнасці.
Пасадскае насельніцтва, у т. л. са свабодных раней ад цягла «белых» слабод, вылучалася ў асобны стан пасадскіх людзей і прымацоўвалася да пасадаў. С.ў. канчаткова аформіла прыгоннае права праз увядзенне бестэрміновага вышуку збеглых сялян. Крыніцы С.ў.: Кормчыя кнігі, Судзебнік 1550, Указныя кнігі прыказаў, Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 і інш. С.ў. ідзе ўслед за Статутам ВКЛ у структуры і падборы казусаў, часам дае даслоўныя вытрымкі з яго. Дзейнічала да 1830-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ ЗАМЕ́ЖНЫХ СПРАЎ (СМЗС),
міжнародны орган у складзе міністраў замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая, які існаваў пасля 2-й сусв. вайны «для правядзення неабходнай падрыхтоўчай працы па мірным урэгуляванні». Засн. паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945. За час існавання Савета адбылося 6 яго сесій: 1-я 11.9—2.10.1945 у Лондане, 2-я 25.4—16.5 і 15.6—12.7.1946 у Парыжы, 3-я 4.11—12.12.1946 у Нью-Йорку, 4-я 10.3—24.4.1947 у Маскве, 5-я 25.11—15.12.1947 у Лондане, 6-я 23.5—20.6.1949 у Парыжы. Да 1947 правёў значную работу па выпрацоўцы праектаў мірных дагавораў з краінамі, што ўдзельнічалі ў 2-й сусв. вайне на баку нацысцкай Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). Аднак з-за рознагалоссяў бакоў не ўдалося падрыхтаваць праекты мірных дагавораў з Германіяй і Японіяй. Разглядаў і справы, перададзеныя яму па ўзгадненні паміж урадамі — членамі Савета (пытанні пра спагнанне рэпарацый з Германіі, пра перамешчаных асоб, пра дату склікання і працэдуру працы Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 і інш.). Спыніў дзейнасць у 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т ПА АПЕ́ЦЫ ААН,
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945—94. Складаўся з дзяржаў — членаў ААН, якія кіравалі тэрыторыямі пад апекай; з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія не кіравалі тэрыторыямі пад апекай, і інш. членаў, выбраных Ген. Асамблеяй ААН на 3-гадовы тэрмін з такім разлікам, каб агульная колькасць членаў Савета размяркоўвалася пароўну паміж першымі і другімі. Пад кіраўніцтвам Ген. Асамблеі Савет быў правамоцны: разглядаць справаздачы ўлад, якія кіравалі адпаведнай тэрыторыяй; прымаць петыцыі і разглядаць іх, кансультуючыся з кіруючай уладай; перыядычна наведваць адпаведныя падапечныя тэрыторыі ва ўзгодненыя з кіруючай уладай тэрміны і рабіць захады ў адпаведнасці з умовамі пагадненняў аб апецы. Ён распрацоўваў анкеты адносна паліт., эканам., сац. прагрэсу і прагрэсу ў галіне адукацыі насельніцтва падапечных тэрыторый, а кіруючыя ўлады кожнай такой тэрыторыі прадстаўлялі Ген. асамблеі штогадовыя даклады на аснове гэтых анкет. Да 1994 усе 11 падапечных тэрыторый, якія знаходзіліся ў веданні Савета, набылі самастойнасць. У сувязі з гэтым неабходнасць у Савеце адпала (гл. таксама Апека міжнародная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНІТА́РНА-АХО́ЎНАЯ ЗО́НА, санітарны разрыў,
участак тэрыторыі паміжпрамысл. прадпрыемствам і жыллёвымі масівамі для аховы жылых зон ад уздзеяння шкодных вытв. фактараў (шум, пыл, газападобныя выкіды, вібрацыя і інш.).
На Беларусі шырыня С.-а.з. ўстанаўліваецца з разлікам, каб выкіды прадпрыемства, якія дасягаюць раёнаў жыллёвай забудовы, не перавышалі гранічна дапушчальных канцэнтрацый (ГДК) забруджвальных рэчываў у атм. паветры населеных тэрыторый і 0,8 ГДК у месцах масавага адпачынку (курортныя зоны, санаторыі, пляжы, паркі і інш.). Зыходзячы са шкоднасці выкідаў, дасканаласці тэхнал. працэсаў, наяўнасці ачышчальных збудаванняў усе прадпрыемствы падзяляюць на класы: з шыр. С.-аз. 1000 м — 1-ы кл., 500 м — 2-і кл., 250 м — 3-і кл., 100 м — 4-ы кл., 50 м — 5-ы кл. Гэтыя памеры адпавядаюць макс. выкідам, меншым за ГДК. Шыр. С.-а.з. можа быць павялічана пры тэхн.-эканам. і гігіенічным абгрунтаванні, але не больш, чым у 3 разы. Для прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюць радыеактыўныя рэчывы і крыніцы іанізавальнага выпрамянення, С.-а.з. ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з сан. правіламі працы з гэтымі рэчывамі. С.-а.з. азеляняюць газаўстойлівымі раслінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРМА́ТЫ (лац. Sarmatac),
аб’яднанне качавых жывёлагадоўчых іранамоўных плямён (аланы, раксаланы, саўраматы, языгі і інш.). У 6—4 ст. да н.э. жылі ў стэпах і лесастэпах паміж рэкамі Табол (у Сібіры) і Волга. У 3 ст. да н.э. рассяліліся ў раёнах на Пн ад Каўказскіх гор і ў Паўн. Прычарнамор’і, дзе моцна пацяснілі скіфаў. Ў 2 ст. да н.э. разам са скіфамі ваявалі супраць Пантыйскага царства, але ў 1 ст. да н.э. падтрымалі пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара ў яго барацьбе з Рымам. У 1 ст.н.э. сярод С. асабліва ўзмацніліся аланы. У 3 ст. ўлада С. у Паўн. Прычарнамор’і падарвана готамі, у 4 ст. яны разгромлены гунамі. С. прынялі ўдзел у Вялікім перасяленні народаў (4—7 ст.н.э.), асобныя групы аланаў дасягнулі Іспаніі і Паўн. Афрыкі. У наступныя стагоддзі С. асіміляваліся з інш. народамі, у т. л. з цюркамоўнымі і славянскімі. У складзе асецінаў С. (аланы) захавалі аснову сваёй мовы. С. дасягнулі высокага майстэрства ў рамёствах, асабліва ў маст. апрацоўцы металаў і ювелірнай справе, аб чым сведчаць шматлікія знаходкі ў курганах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЯ СТРАТЫФІКА́ЦЫЯ,
дыферэнцыяцыя людзей, іх груп на сацыяльна няроўныя страты (слаі) у залежнасці ад узроўню даходаў, адукацыі, прафесіі, прэстыжу, удзелу ва ўладных структурах і інш. Дазваляе праводзіць адрозненне паміж тыпамі і формамі сац. няроўнасці, увасобленай у класавай, каставай, саслоўнай структуры грамадства. Тэрмін «С.с.» увёў П.А.Сарокін. Адметныя асаблівасці С.с.: дыферэнцыяцыя людзей у іерархічна аформленыя групы, г.зн. вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя класы, слаі, страты грамадства; падзел людзей на прывілеяваную меншасць (знаць, багатыя, паліт. эліта і інш.) і ўшчэмленую ў якіх-н. адносінах большасць (бедныя, што не маюць дачынення да ўладных структур і інш.). У працэсе жыццядзейнасці грамадства сац. страты ўвесь час мяняюцца і развіваюцца. У выніку ўзнікае мабільнасць сацыяльная, якая звязана са зменай індывідам ці групай месца ў сац. структуры грамадства, перамяшчэннем іх з аднаго сац. становішча ў іншае.
Літ.:
Бабосов ЕМ. Трансформация социальной структуры Беларуси в процессе становления ее государственности // Беларусь на шляху дэмакратызацыі. Мн., 1996;
Гидденс Э. Стратификаиия и классовая структура // Гидденс Э. Социология: Пер. с англ.М., 1999;
Сорокин П.А. Социальная стратификация // Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.