асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.Макіявелі, Т.Гобс, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.
Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).
Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал. чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.
У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт.ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.
На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэнне бел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.
Літ.:
Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;
Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;
Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСІ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА, інсіта,
наіўнае мастацтва, галіна выяўл. мастацтва; творчасць мастакоў, што не маюць прафес.маст. падрыхтоўкі. Тэрмін «І.м.» ўведзены ў 1966 славацкім мастацтвазнаўцам Ш.Ткачом. Творчасць мастакоў-інсітнікаў (інш. назвы — «сучасныя прымітывы», «мастакі нядзелі», «мастакі святога сэрца») мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна самабытна, чым адрозніваецца ад самадзейнага мастацтва мастакоў-аматараў, арыентаваных на спасціжэнне прафес. мовы выяўл. мастацтва. Стылістыка І.м. зыходзіць з імкнення да адлюстравання рэчаіснасці паводле свайго суб’ектыўнага ўяўлення пра яе, з міфалагізму светапогляду, імкнення да апавядальнасці і архітыповасці маст. вобразаў, вылучаецца метафарычнасцю маст. мовы, дэталізацыяй, імкненнем да абагульненасці тыпажу, пейзажных і побытавых элементаў, ненаўмысным парушэннем прапорцый у выявах у адпаведнасці з іх значнасцю, статычнасцю, парадкавай пабудовай кампазіцыі, умоўнасцю перспектывы, наяўнасцю некалькіх пунктаў агляду, лакальным колерам, перавагай размалёўкі над жывапіснасцю.
Асэнсаванне І.м. пачалося ў 1880-я г. У еўрап. культуру ўвайшло творамі франц. мастака-самавука А.Русо, якія ўпершыню экспанаваліся ў парыжскім Салоне незалежных (1885). Сярод франц. інсітнікаў Л.Віўен, К.Бамбуа, Д.П.Пейранэ, С.Луі (Серафін э Сансаліса). У краінах Усх. Еўропы разглядаецца як эвалюцыйны этап традыц.нар. мастацтва, якое трансфармуецца ў індывід. творчасць асобных мастакоў-самавукаў: Нікіфар, Т.Ачэпка, Ю.Собат (Польшча), О.Біхалі-Мерын (Венгрыя), З.Губачак, І.Прохаска (Чэхія), І.Рабузін, І.Генераліч, С.Вечэнай і мастакоў Глебенскай школы (б. Югаславія). У розны час вывучэннем і папулярызацыяй І.м. займаліся Г.Апалінэр, А.Валар, П.Гіём, Р.Дэланэ, П.Пікасо, В.Удэ (Францыя), К.Півоцкі, А.Яцкоўскі (Польшча), Ш.Ткач (Славакія), Біхалі-Мерын (Венгрыя, аўтар «Энцыклапедыі наіўнага мастацтва», 1986), В.Кандзінскі, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, Д.Бурлюк (Расія). Цікавасць да І.м. ў краінах б.СССР узнікла ў пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых мастакоў Н.Пірасманашвілі (Н.Пірасмані, (Грузія), К.Білакур, М.Прымачэнка (Украіна), М.Бічэнене (Літва), Г.Дзікарская, Т.Елянок, І.Селіванаў, Я.Часнякоў (Расія). У 1970—90-я г. склалася рас. мастацтвазнаўчая школа па вывучэнні І.м. (Г.Астроўскі, К.Багемская, В.Балдзіна, Г.Паспелаў, Л.Тананаева і інш.), дзе яно разглядаецца як тыпалагічная разнавіднасць прымітыўнага мастацтва. Праводзяцца міжнар. трыенале І.м. ў Славацкай нац. галерэі ў Браціславе (1966, 1969, 1972, 1994, 1997), навук. сімпозіумы Міжнар. кабінета І.м., выстаўкі [Парыж (1-я 1937), Бадэн-Бадэн, Цюрых, Ротэрдам], дзе на некаторых з іх побач з інсітнымі творамі экспанавалася выяўл. мастацтва абарыгенаў Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, дзяцей і псіхічна хворых, якое мае стылістычнае падабенства з І.м.
На Беларусі вывучэнне І.м. пачалося ў 1990-я г. Пэўнымі рысамі І.м. вылучаюцца творы Я.Драздовіча, М.Засінца, І.Супрунчыка, Л.Трахалёвай і інш. Сярод мастакоў-інсітнікаў В.Альшэўскі, П.Баранаў, А.Быстрыцкі, М.Валуевіч, В.Жарнасек, П.Зяляўскі, В.Кавалеўскі, А.Кіш, Б.Лабкоўскі, В.Пляшкоў, Г.Рабіза, М.Рышкевіч, М.Сайфугаліева, М.Тарасюк, В.Цяцёркін, М.Юхно. Створаны музеі твораў Засінца (в.Мядзведнае, Ельскі р-н Гомельскай вобл.) і Тарасюка (в.Стойлы, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.). У 1994 у Нац.маст. музеі адбылася першая нац. выстаўка І.м.
Літ.:
Примитив и его место в художественной культуре нового и новейшего времени. М., 1983;
Примитив в искусстве: Грани проблемы. М., 1992;
Примитив в изобразительном искусстве: Материалы Всерос. науч.практ. конф. М., 1994;
Мастацтва — Insitus: Першая нац. выстаўка інсітнага мастацтва ў Нац.маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Мн., 1994;
Язэп Драздовіч — асоба, творчасць. Мастацтва-інсітус: Матэрыялы навук.-практ. канф.Мн., 1997;
Jackowski A. Sztuka zwana naiwna: Zarys encyklopedyczny twórczości w Polsce. Warszawa, 1995.
В.А.Лабачэўская.
Да арт.Інсітнае мастацтва. М.Засінец. Унук. 1971.Да арт.Інсітнае мастацтва. С.Вечэнай. Адам і Ева. 1967.Да арт.Інсітнае мастацтва. Н.Пірасманашвілі. Кампанія Бего. 1907.Да арт.Інсітнае мастацтва. І.Генераліч. Алень у пушчы. 1956.Да арт.Інсітнае мастацтва. А.Русо. Нападзенне ягуара на каня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,
старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв.с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц.нар. свята без абрадавай дзейнасці.
Літ.:
Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;
Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 47 тыс.км². Нас. 6517 тыс.чал. (1998, з Масквой 14 816 тыс.чал.), гарадскога 80% (з улікам нас. Масквы 91%). Цэнтр — г.Масква. Найб. гарады: Падольск, Люберцы, Мыцішчы, Каломна, Электрасталь, Серпухаў, Хімкі, Каралёў, Балашыха. Разам з Масквой М.в. утварае Маскоўскі сталічны рэгіён.
Прырода. Размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрап. раўніны, у міжрэччы Волгі і Акі. Рэльеф пераважна раўнінны. На З і Пн Смаленска-Маскоўскае ўзв. (выш. да 310 м) з узгорыстай часткай — Клінска-Дзмітраўскай градой (выш. да 285 м). Паўд.ч. займае Маскварэцка-Окская раўніна, паўд.-ўсх. — забалочаная Мяшчорская нізіна. Карысныя выкапні: торф, фасфарыты, шкловыя пяскі, вогнетрывалая гліна, жвір, вапнякі. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—650 мм за год. Густая рачная сетка. Гал. рэкі — Ака (з прытокамі Пратва, Нара, Лапасня, Цна, Асётр) і Масква (з прытокамі Руза, Істра, Яўза, Пахра), Клязьма. На Пн прытокі Волгі — Дубна, Лама. Больш за 350 азёр, у т. л. Сянежскае, Трасценскае, Святое. На канале імя Масквы і р. Масква шэраг вадасховішчаў (Істрынскае, Мажайскае, Клязьмінскае і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пн і ў Мяшчорскай нізіне балотныя, на Пд светла-шэрыя і чарназёмныя ападзоленыя, па далінах рэк алювіяльныя. Каля 40% тэрыторыі М.в. занята мяшанымі лясамі, асн. масівы на З і У вобласці. Лесапаркавы ахоўны пояс, рэкрэацыйная зона. Прыокска-тэрасны запаведнік, нац. парк Ласіны Востраў.
Гаспадарка. М.в. эканамічна цесна звязана з Масквой. Па ўзроўні развіцця прам-сці яна саступае толькі Маскве і С.-Пецярбургу. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (энергетычнае, цяжкае, транспартнае, станкабудаванне, эл.-тэхн., прыладабудаванне і інш.), прадстаўлена вытв-сцю катлоў для цеплавых электрастанцый, пракатнага абсталявання, металарэзных станкоў, вагонаў метрапалітэна, грузавых і пасаж. вагонаў, цеплавозаў, аўтобусаў, легкавых аўтамабіляў, сіласаўборачнай тэхнікі, швейных машын, фотаапаратаў, аптычнай і быт. тэхнікі, кабельнай прадукцыі і інш. Развіты ваенна-прамысл. комплекс (аэракасмічная, радыёэлектронная прам-сць, вытв-сць зброі, боепрыпасаў). Вял. значэнне для машынабудавання мае пераробная металургія (вытв-сць высакаякаснай сталі і пракату). Энергетыка працуе пераважна на прывазным паліве (Кашырская, Шатурская ДРЭС, Люберацкая, Маскоўская ЦЭЦ, Загорская ДАЭС і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 22 млрд.кВт∙гадз (1996). Самая старая галіна лёгкай прам-сці — тэкстыльная; выраб баваўняных, шарсцяных, шаўковых тканін (каля 10% агульнарас. вытв-сці). Развіты трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, дывановая галіны. Хім.прам-сць (вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў, сернай к-ты, сінт. смол, пластмасы, хім. валакна і нітак, гумавых вырабаў, лакаў і фарбаў). Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шыфер, жалезабетонныя канструкцыі, азбестацэментныя трубы). Вытв-сць фарфора-фаянсавых і шкляных вырабаў, мэблі, буд. дэталей, паперы, паліграф. прадукцыі. Шэраг прадпрыемстваў харч. прам-сці. Маст. промыслы (кераміка, размалёўка драўляных шкатулак, метал. падносаў і інш.) у Фядоскіне, Гжэлі, Жоставе і інш. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Пл.с.-г. угоддзяў 1880 тыс.га, у т. л. пад ворывам 1504 тыс.га. Вядучая галіна — жывёлагадоўля (малочнага і малочна-мяснога кірунку), свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. У раслінаводстве гал. месца займае вытв-сць кармоў (каля 3/5 пасяўных плошчаў). Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, бульбы, агародніны, у т. л. у закрытым грунце. Кветкаводства і вырошчванне грыбоў. М.в. мае густую сетку ўсіх відаў транспарту; 11 радыяльных чыг. магістралей у напрамку ад Масквы, 13 аўтадарог, Маскоўская кальцавая аўтадарога. Суднаходства па рэках Ака, Масква і па канале імя Масквы. Рачныя парты: Дубна, Серпухаў, Каломна, Васкрасенск. 4 аэрапорты: Шарамецева (міжнар.), Дамадзедава, Унукава, Быкова. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды да Масквы ад Разані і Яраслаўля, газаправоднае кальцо Серпухаў—Васкрасенск—Нагінск—Дзмітраў—Валакаламск—Серпухаў. Курорты Дорахава, Цішкава, Міхайлаўскае. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМЕНКЛАТУ́РА ХІМІ́ЧНАЯ,
сістэма назваў хім. элементаў, іх злучэнняў, хім. рэакцый, метадаў і інш., якой карыстаюцца ў хіміі і хім. прам-сці; мова сучаснай хіміі і хім. тэхналогіі. Найб. значэнне маюць наменклатуры: хім. элементаў, іх злучэнняў, спец. стэрэахімічная (гл.Стэрэахімія). Вылучаюць слоўную і сімвальную формы Н.х. (гл.Знакі хімічныя).
Да канца 18 ст. рэчывы і элементы атрымлівалі бессістэмныя (трывіяльныя) назвы, зыходзячы з іх уласцівасцей, імён вучоных-вынаходнікаў (Глаўберава соль), крыніц паходжання (кафеін) і інш.; частка з іх захавалася ў сучаснай Н.х. У 1787 Камісія пад кіраўніцтвам А.Л.Лавуазье прапанавала першую сістэму рацыянальных назваў хімічна індывід. рэчываў паводле прынцыпаў адназначнай адпаведнасці назвы рэчываў іх саставу. У пач. 19 ст. Ё.Я.Берцэліус увёў літарныя сімвалы хім. элементаў і прапанаваў называць рэчывы, зыходзячы з таго, што кожнае злучэнне складаецца з электраадмоўнай і электрададатнай частак. Значны ўклад у развіццё Н.х. зрабілі Жэнеўская (1892), Льежская (1930) і Парыжская (1957) канферэнцыі. Правілы сучаснай Н.х. сфармуляваны Міжнародным саюзам тэарэтычнай і прыкладной хіміі і маюць рэкамендацыйны характар пры стварэнні нац. наменклатуры; пры гэтым увага скіроўваецца ў асн. на стандартызацыю напісання формул хімічных і на фанет. форму. Назвы хім. элементаў утвараюцца шляхам паслядоўнай транскрыпцыі поўнай лац. формы (напр., у англ., франц., ням. мовах — лац. Lithium), захаваннем лац. асновы без канцавых фармантаў (напр., у бел., рус. мовах — бор; лац. Borum) ці з адпаведнымі фармантамі (напр., бел. плаціна). Нац. Н.х. ўключаюць і гіст. назвы (напр., англ. — Copper, бел. — кісларод). Пры запісе хім. формул бінарных неарганічных злучэнняў на першае месца ставіцца сімвал больш электрададатнага элемента, аснова назвы якога застаецца нязменнай. Назва электраадмоўнай часткі звычайна мае суфікс «-ід» («-ыд»): аксід, галагенід, гідрыд, сульфід, азід, карбід і інш. Парадак і грамат. афармленне вербальнай формы вызначаецца правіламі і традыцыямі канкрэтнай мовы, дадаткова вызначаюць зарад, валентнасць і інш. (напр., назва PCl3 у англ. мове phosphorus (III) chloride, у бел. — хларыд фосфару (III), ці трыхларыд фосфару). Аналагічна ўтвараюцца назвы псеўдабінарных злучэнняў: гідраксідаў, амідаў, цыянідаў, пераксідаў і інш. Кіслародзмяшчальныя к-ты звычайна маюць традыц. назвы, утвораныя ад назваў кіслотаўтваральных элементаў і спец. суфіксаў і прэфіксаў, якія вызначаюць ступень акіслення, будову і інш. (напр., H2SO4 серная к-та, H2SO3 сярністая к-та, H3PO4 артафосфарная к-та). Солі гэтых кіслот наз. аналагічна бінарным злучэнням: назва электраадмоўнай часткі (аніёна) утвараецца з дапамогай суфіксаў «-ат», «-іт» (напр., Na2SO4 сульфат натрыю, Na2SC3 сульфіт натрыю). Паводле замяшчальнай Н.х. асновай назвы арганічных злучэнняў з’яўляецца гал. вуглевадародны ланцуг, які маегал.функцыянальную групу. Яго назва ўтвараецца з каранёў грэч. лічэбнікаў (C1 — мет, C2 — эт, C3 — прап і г.д). Кратныя сувязі і гал.функцыян. групу пазначаюць суфіксамі, астатнія групы лічаць замяшчальнікамі і абазначаюць прэфіксамі; становішча замяшчальнікаў у ланцугу паказваюць з дапамогай лічбавых лакантаў, што адпавядаюць нумарам атамаў вугляроду, пры якіх яны знаходзяцца (напр., 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он). У радыкальна-функцыян. Н.х. да назвы простага члена гамалагічнага рада дабаўляюцца назвы радыкалаў (напр., CH3-C ≡ C-CH3 дыметылацэтылен). Асобныя віды Н.х. выкарыстоўваюць у хіміі гетэрацыклічных, прыродных, комплексных злучэнняў.
Літ.:
Номенклатурные правила ИЮПАК по химии: Пер. с англ.Т. 1—6. М., 1979—88;
Кан Р., Дермер О. Введение в химическую номенклатуру: Пер. с англ.М., 1983;
Бокий Г.Б., Голубкова Н.А. Введение в номенклатуру ИЮПАК М., 1989;
Міляшкевіч Я.Г. Этапы станаўлення беларускай хімічнай тэрміналогіі // Хімія: Прабл. выкладання. 1996. Вып. 5.
Т.Т.Лахвіч.
Да арт.Наменклатура хімічная. Структурная формула 1-гідроксі-4-метылпент-3-ен-2-он.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРУ́БА (Aruba),
уладанне Нідэрландаў на аднайм. востраве ў архіпелагу М. Антыльскіх а-воў у паўд. частцы Карыбскага м.Пл. 193 км², нас. 65 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г.Араньестад. У складзе насельніцтва пераважаюць негры і мулаты, жывуць таксама іспанцы, галандцы, кітайцы і інш.Афіц. мова нідэрландская, пашыраны мовы мясц. крэолаў (пап’ямента), ісп. і англійская. Пануючая рэлігія — каталіцызм. Нац. свята — Дзень сцяга Арубы (18 сак.).
Вулканічны востраў выш. 188 м, акружаны рыфамі, рэльеф узгорысты. Клімат субэкватарыяльны, сярэднямесячныя т-ры 26—28 °C, ападкаў 500—600 м за год. Працуюць прадпрыемствы па ачыстцы нафты, вырабе цыгарэт, спіртных (ром) і безалкагольных напіткаў, суднаверф. Сельская гаспадарка развіта слаба з-за малой урадлівасці глебаў і недахопу прэснай вады. Вырошчваюць алоэ, якое выкарыстоўваюць у касметычных і фармацэўтычных вырабах. Нязначная жывёлагадоўля. Развіта рыбалоўства. Турызм. Асн. частка прадуктаў харчавання імпартуецца. Даўж. аўтадарог каля 380 км. Гал. порт — Араньестад, побач міжнар. аэрапорт. Гандлёвыя партнёры — Венесуэла, ЗША Нідэрланды, Вялікабрытанія. Цесныя эканам. сувязі з федэрацыяй Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. Грашовая адзінка — арубскі гульдэн (фларын).
Задоўга да адкрыцця еўрапейцамі в-аў Аруба насялялі індзейцы, якія ўпрыгожылі пячоры малюнкамі, што па старажытнасці не саступаюць дагістарычным малюнкам у пячорах Альтаміры (Іспанія) і Ласко (Францыя). У 1499 Іспанія аб’явіла востраў сваім уладаннем. У 1634 захоплены галандцамі. Да пач. 19 ст. востраў неаднаразова мяняў дзярж. прыналежнасць, з 1816 уладанне Нідэрландаў. Да 1863 быў буйным цэнтрам гандлю рабамі ў Вест-Індыі. Да 1986 Аруба ўваходзіла ў склад федэрацыі Нідэрландскіх Антыльскіх а-воў. З 1.1.1986 мае статус тэр. Нідэрландаў з унутр. самакіраваннем. Асн.паліт. партыі — Выбарчы рух народа і Народная партыя Арубы; Федэрацыя прафсаюзаў в-ва Арубы і інш.
Засн. 30.9.1943 як Музей па гісторыі барацьбы бел. народа з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял.Айч. вайну на матэрыялах дзеючай з восені 1942 у Маскве выстаўкі «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца», камісіі па гісторыі Вял.Айч. вайны пры ЦККП(б)Б, Бел. штаба партыз. руху і інш. Адкрыты 22.10.1944 у Мінску, сучасная назва з ліст. 1944. Да 1974 быў адзіным на тэр.б.СССР музеем мінулай вайны. Мае 29 экспазіц. залаў (пл. 3,6 тыс.м²), каля 100 тыс. адзінак асн. фонду (1995), фотатэку (каля 38 тыс. негатываў), б-ку (каля 13 тыс. кніг, брашур, плакатаў). Дакументы, фотаздымкі, рэчавыя матэрыялы расказваюць пра пачатак вайны ў 1941, абарончыя баі на тэр. Беларусі; жорсткі акупац. рэжым, партыз. і падп. барацьбу супраць акупантаў; гераізм працаўнікоў тылу; буйнейшыя ваен. аперацыі Чырв. Арміі пры вызваленні Беларусі і краін Еўропы, перамогу над фашызмам у 1945; Парад Перамогі. Экспазіцыю завяршаюць мемар. залы. дзе ўвекавечаны гарады-героі, вайск. злучэнні і часці 1, 2, 3-га Бел. і Прыбалт. франтоў, якія вызначыліся пры вызваленні Беларусі, партыз. фарміраванні на Беларусі; поўныя кавалеры ордэна Славы і Героі Сав. Саюза — ураджэнцы Беларусі і прадстаўнікі інш. народаў, што атрымалі гэтыя званні ў баях на Беларусі. Філіял музея — Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі. Самастойнымі музеямі сталі б. філіялы Обальскага камсамольскага падполля музей, Музей баявой садружнасці, Музей бітвы за Дняпро, Мемарыяльны комплекс «Хатынь». Іншым музеям рэспублікі і замежжа перададзена больш за 46 тыс. адзінак апрацаваных матэрыялаў.
Літ.:
Белорусский государственный музей истории Великой Отечественной войны: Путеводитель по залам. Мн., 1987.
А.Г.Ванькевіч.
Экспазіцыя «Акупацыйны рэжым» у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕЧКАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі па развядзенні авечак. Дае сыравіну для лёгкай прам-сці (воўну, аўчыну, смушак) і харч. прадукты (бараніну, лой, малако). Найб. каштоўная сыравіна — тонкая і паўтонкая воўна, з якой вырабляюць шарсцяныя тканіны. У свеце існуюць дзесяткі парод і пародных груп авечак. Авечкагадоўля мае шэраг кірункаў: танкарунны, паўтанкарунны, паўгрубашэрсны і грубашэрсны, апошні падзяляецца на смушкавы, футравы, мяса-воўнавы, мяса-воўна-малочны, мяса-сальны.
У краінах Еўропы гадуюць пераважна паўтанкарунныя пароды авечак (Вялікабрытанія, Ірландыя, Нарвегія, Данія, Балгарыя) і танкарунныя (Францыя, Румынія, Венгрыя і інш.). У Кітаі і Манголіі пераважаюць грубашэрсныя пароды. У краінах Сярэдняй Азіі, Афганістане і Паўд. Афрыцы развіта каракуляводства. У Аргенціне пераважаюць паўтанкарунныя авечкі, ва Уругваі — красбрэды, у ЗША — авечкі тыпу англ. караткашэрсныя. Найб. пагалоўе авечак сканцэнтравана ў Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Уругваі, ЗША і ПАР (больш за 50% сусв. вытв-сці воўны). У краінах СНД асн. раёны авечкагадоўлі — Паўн. Каўказ, Паволжа, Украіна, Казахстан, Сярэдняя Азія і Закаўказзе. Па колькасці авечак і вытв-сці воўны 1-е месца ў свеце займае Аўстралія, па экспарце бараніны і вытв-сці найб. высакаякаснай красбрэднай воўны — Новая Зеландыя, дзе амаль уся авечкагадоўля мяса-воўнавых і паўтанкарунных парод.
На Беларусі авечкагадоўляй сталі займацца ў пач. 18 ст. Гадавалі пераважна грубашэрсных нізкапрадукцыйных авечак. У 1913 танкарунных авечак (мерыносаў) было толькі 6% ад агульнага пагалоўя. Паляпшэнне племянных і прадукцыйных якасцей авечак пачалося ў даваен. гады. Планавыя пароды — прэкас, латвійская цёмнагаловая і раманаўская. У гаспадарках рэспублікі авечкагадоўля — дадатковая галіна жывёлагадоўлі. Пераважае мяса-воўнавая авечкагадоўля. Пагалоўе авечак па шэрагу прычын, у асн.эканам. характару, паступова змяншаецца. На пач. 1985 ва ўсіх гаспадарках было 640,2 тыс. авечак, у 1900 — 475,5, у 1994 — 271,3 тыс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́КТАРНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца дзеянні над вектарамі і іх уласцівасці. Яго развіццё ў 19 ст. выклікана патрэбамі механікі і фізікі. Пачалося з даследаванняў У.Гамільтана і Г.Грасмана па гіперкамплексных ліках. Падзяляецца на вектарную алгебру і вектарны аналіз.
Вектарная алгебра разглядае лінейныя дзеянні над вектарамі (складанне, адніманне вектараў, множанне вектараў на лік), а таксама скалярны здабытак, вектарны здабытак і змешаны здабытак вектараў. Сума
вектараў і — вектар, праведзены з пачатку да канца , калі канец і пачатак супадаюць. Складанне вектараў мае ўласцівасці:
;
;
;
; дзе — нулявы вектар, — вектар, процілеглы вектару (гл.Асацыятыўнасць, Камутатыўнасць). Рознасць вектараў і — вектар такі, што
; рознасць ёсць вектар, які злучае канец вектара з канцом вектара , калі яны адкладзены з аднаго пункта. Здабыткам вектара на лік α наз. вектар α , модуль якога роўны
і які накіраваны аднолькава з вектарам , калі α > 0, і процілеглы пры α < 0. Калі α = 0 ці , то α = . Уласцівасці множання вектара на лік:
;
;
;
. Пры каардынатным заданні вектараў розным дзеяннем над вектарамі адпавядаюць дзеянні над іх каардынатамі. У вектарным аналізе вывучаюцца вектарныя і скалярныя функцыі аднаго ці некалькіх аргументаў і дыферэнцыяльныя аперацыі над гэтымі функцыямі (гл., напр., Градыент, Дывергенцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РУСЫ (ад лац. virus яд),
найдрабнейшыя субмікраскапічныя арганізмы няклетачнай будовы, якія складаюцца з нуклеінавай кіслаты і бялковай абалонкі (капсіды). Вірусы — унутрыклетачныя паразіты, якія выклікаюць вірусныя хваробы чалавека і жывёл, а таксама вірусныя хваробы раслін. вірус бактэрый — бактэрыяфагі. Адкрыты рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892), пашыраны ўсюды. Апісана каля 500 формаў вірусаў, якія шкодзяць цеплакроўнай жывёле і больш за 600 формаў вірусаў, што заражаюць вышэйшыя расліны. Вірусы існуюць у форме пазаклетачнай віруснай часціцы (вірыёна) і ўнутрыклетачнай (комплекс Вірус — клетка). Размнажаюцца толькі ў жывых клетках арганізма-гаспадара, выкарыстоўваючы іх ферментатыўны апарат. Нуклеінавая кіслата (РНК пераважна ў фітапатагенных вірусах і ДНК — у вірусах, якія шкодзяць чалавеку і жывёле) — носьбіт спадчыннасці і інфекцыйнасці. Форма вірусаў вызначаецца будовай бялковай абалонкі: палачка- або ніткападобная, сферычная, бацылападобная і інш.; памеры ад 15 да 2000 нм і больш. Вывучае вірусы — вірусалогія.
У вірусах адсутнічае ўласны абмен рэчываў і рэпрадукцыя цалкам залежыць ад метабалічнай актыўнасці клетак гаспадара. Пранікаючы ў клетку, яны накіроўваюць працэсы сінтэзу на рэпрадукцыю саміх вірусаў і ўводзяць дапаўняльную генетычную інфармацыю, якая адмоўна ўплывае на метабалізм клетак. У працэсе рэпрадукцыі фітапатагенных вірусаў узнікаюць генетычна змененыя формы (штамы), што маевял. значэнне ў эвалюцыі. Вірусы раслін распаўсюджваюцца мех. шляхам, пыльцой, насеннем, з пасадачным матэрыялам, натуральнымі пераносчыкамі (нематодамі, тлямі, грыбамі і інш.).
Літ.:
Биология вирусов животных: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1977;
Гиббс А., Харрисон Б. Основы вирусологии растений: Пер. с англ.М., 1978;
Власов Ю.И., Ларина Э.И. Сельскохозяйственная вирусология. М., 1982.
Ж.В.Блоцкая.
Схема будовы вірусаў: А — патагенных для раслін (вірус тытунёвай мазаікі); Б — чалавека і жывёл; 1 — вірус герпесу; 2 — адэнавірус; 3 — папававірус; 4 — вірус грыпу; 5 — каронавірус; 6 — арэнавірус; 7 — рабдавірус.