уладанне Аўстраліі на аднайм. востраве ў паўд.-зах.ч. Ціхага ак.Пл. 36 км². Нас. 2,2 тыс.чал. (1996), пераважна англа-палінезійскія метысы (нашчадкі перасяленцаў з в-ва Піткэрн), а таксама нядаўнія перасяленцы з Аўстраліі і Новай Зеландыі. Афіц. мова — англійская. Вернікі пераважна англікане. Больш за палавіну насельніцтва звязана з абслугоўваннем турыстаў. Адм. ц. і порт — пасёлак Кінгстан. Востраў вулканічнага паходжання. Паверхня — невысокае базальтавае плато. На Пн горны масіў выш. да 317 м. Клімат субтрапічны. Т-ра паветра ад 20 °C у ліп. да 24 °C у студзені. За год выпадае 1300 мм ападкаў. Часткова захаваліся эндэмічныя расліны: норфалкская хвоя, вечназялёныя цвердалістыя дрэвы і хмызнякі. Больш як палавіна тэр. вострава пад садамі, палямі, лугамі. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Частка насельніцтва займаецца земляробствам (цытрусавыя, бананы, кава, бульба, батат, ямс, агародніна), малочнай жывёлагадоўляй, птушкагадоўляй, рыбалоўствам. Невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Востраў звязаны рэгулярнымі рэйсамі суднаў і самалётаў з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй, ёсць аэрапорт і 80 км аўтадарог. Аснова экспарту — насенне мясц. эндэмічных раслін, кава, бананы. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́МСКАЕ ЦА́РСТВА, Пергам (грэч. Pergamos),
старажытная дзяржава ў паўн.-зах. частцы М. Азіі (283—133 да н.э.) з цэнтрам у г.Пергам (адсюль назва). Засн. грэкам Філетэрам — пачынальнікам дынастыі Аталідаў — правіцеляў П.ц. Насялялі царства мясц. плямёны (місійцы, масдыёны, пафлагонцы), а таксама грэкі і македонцы. Яго эканам. ўздыму спрыялі прыродныя багацці (лес, мармур, руды), зручнае геагр. становішча на ўзбярэжжы Міжземнага м.Найб. росквіту дасягнула пры Эўмене I [263—241 да н.э.] і Эўмене II [197—159 да н.э.[. П.ц. падтрымлівала добрыя адносіны з Егіптам, ваявала з Галатыяй, Македоніяй, дзяржавай Селеўкідаў. Саюзнік Рыма ў 2-й Македонскай (200—197 да н.э.) і Сірыйскай (192—188 да н.э.) войнах, за што атрымала Херсанес, Лідыю, Фрыгію, ч. Карыі і Памфіліі, некаторыя грэч. гарады М.Азіі. З узмацненнем рым. ўплыву паступова страціла самастойнасць. У 133 да н.э. цар Атал III завяшчаў царства Рыму, чым забяспечыў свабоду некаторым яго гарадам і ў першую чаргу сталіцы. У 133 (ці 132 да н.э.) у П.ц. адбылося антырым. паўстанне пад кіраўніцтвам Арыстоніка. Пасля яго задушэння (129 да н.э.) П.ц. стала рым. правінцыяй Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМЕР (Дэлфцкі) (Vermeer van Delft) Ян (31.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 15.12.1675),
галандскі жывапісец, адзін з буйнейшых майстроў галандскага жанравага і пейзажнага жывапісу. Працаваў у Дэлфце. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам К.Фабрыцыуса. Захавалася каля 30 яго карцін. Ужо ў ранніх творах імкнуўся аб’яднаць узнёсласць вобразаў з іх блізкасцю да натуры («У зводніцы», «Хрыстос у Марфы і Марыі»). З 2-й пал. 1650-х г. піша невялікія карціны з адной ці некалькімі постацямі ў гар. інтэр’еры, залітым сярэбраным святлом («Дзяўчына з пісьмом», «Служанка са збанам малака»), засяроджваючы ўвагу на агульным лірычным настроі сцэны. Стварыў шэдэўры пейзажнага жывапісу «Вулачка» і «Від Дэлфта». Яго творы 1660-х г. больш сузіральныя і вытанчаныя, а іх жывапіс больш халодны («Дзяўчына з жамчужынай»). У пазнейшых творах Вермера алегарызм, акад. прыёмы, сухасць і стракатасць лакальных колераў адлюстроўваюць агульны заняпад галандскага жывапісу; жыццёвы змест і чароўнасць вобразаў захаваліся толькі ў карцінах, дзе ўвасоблены людзі працы, мастацтва і навукі («Каруначніца», «Географ», «У майстэрні», «Урокі музыкі», «Дама за спінетам» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКАЎСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ,
аперацыі, што ажыццяўляюць банкі пры выкананні сваіх функцый. Бываюць пасіўныя (па фарміраванні рэсурсаў банка), актыўныя (па размяшчэнні гэтых рэсурсаў) і пасрэдніцкія (камісійныя).
Найб. пашыраныя з банкаўскіх аперацый: дэпазітныя (па залучэнні грашовых сродкаў ва ўклады ў банк ці пераводзе наяўных сродкаў банка ва ўклады ў інш. банках), крэдытныя (па прадастаўленні крэдыторам пазыкі пазычальніку), разліковыя (паслугі па разліках, пераводах па даручэнні кліента, афармленні плацежных дакументаў, выпісак з рахункаў і інш.), валютныя (па афармленні здзелак з валютнымі каштоўнасцямі), эмісійна-касавыя (звязаныя з выпускам грошай, каштоўных папераў, арганізацыяй іх абарачэння, выдачай і прыёмам наяўных грошай), фондавыя (аперацыі з каштоўнымі паперамі), факторынгавыя (па набыцці грашовых запатрабаванняў, перадачы права банку на спагнанне даўгоў з плацельшчыка), траставыя, ці даверныя (па распараджэнні маёмасцю або грашовымі сродкамі кліента паводле яго даручэння), інвестыцыйныя (па доўгачасовым крэдытаванні прадпрыемстваў і насельніцтва, укладванні сродкаў у каштоўныя паперы, удзел у інвестыцыйнай дзейнасці юрыдычных асоб у ролі інвестараў, укладчыкаў, крэдытораў), лізінгавыя (калі банк выступае арэндадаўцам ці пасрэднікам паміж арэндадаўцам і арандатарам, крэдытуе лізінгадаўцу і выступае гарантам здзелкі), залогавыя (па крэдытаванні пад залог рухомай і нерухомай маёмасці, каштоўных папераў), міжбанкаўскія (аперацыі на дагаворнай аснове паміж банкамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),
вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр.з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл.Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл.Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,
працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬ (Мікола) (сапр.Гілевіч Мікалай Сымонавіч; н. 15.6.1936, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). З 1961 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1990—96 гал. рэдактар); у 1972—77 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1952. Першая кн. апавяданняў «Ранішнія сны» (1973) прысвечана нашаму сучасніку. Героі Гіля звычайна гараджане ў першым пакаленні, таму характары іх выяўляюцца на псіхал. стыку горада і вёскі. У аповесцях «Слабодскі парламент» (1968), «Вяртанне» (1972), «Тацянін чэрвень» (1976), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1981), «Дзень пачаўся» (1984) і інш. выяўляе высокія маральныя якасці вяскоўцаў, спрадвечную нар. мудрасць, вернасць роднаму куту. Упершыню ў бел. л-ры ставіць праблему вяртання былога вяскоўца з горада ў вёску. Піша і для дзяцей («На лясной вуліцы», 1975; «Самы галоўны чалавек», 1980; «Ёсць на зямлі крыніца», 1983). На бел. мову пераклаў раман В.Бубніса «Пад летнім небам», аповесці І.Эркеня «Сям’я Тотаў», «Выстаўка ружаў» (з Л.Каўрус), аповесць «Кат» і раман «Карлік» П.Ф.Лагерквіста (з Г.Шупенькам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ТЭХНІ́ЧНАЙ АКУ́СТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1994 на базе Віцебскага аддзялення Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (існавала з 1975). У складзе ін-та 6 лабараторый. Аспірантура з 1995 па апрацоўцы металаў ціскам і фізіцы цвёрдага цела.
Асн. кірунак навук. даследаванняў — вывучэнне ўздзеяння канцэнтраваных патокаў энергіі (у т. л. ультрагуку, лазернага выпрамянення, ВЧ- і ЗВЧ-палёў) на кандэнсаваныя асяроддзі. У ін-це распрацаваны тэарэт. асновы для стварэння тэхналогіі сінтэзу функцыянальна-градыентных і інтэлектуальных матэрыялаў у ультрагукавым полі (у т. л. кампазіцыйных матэрыялаў з эфектам памяці формы і псеўдапругкасці, матэрыялаў для медыцыны, радыётэхнікі, атамнай энергетыкі); на базе распрацаванай мадэлі кінетыкі цвердафазнай рэакцыі сінтэзу керамічных матэрыялаў у ВЧ- і ЗВЧ-палях, сінтэзаваны шэраг пераўскітных матэрыялаў, якія не сінтэзуюцца па традыцыйнай тэрмічнай тэхналогіі; даследавана кінетыка спякання парашкоў адна-, двух- і трохкампанентных сістэм рознага саставу пад уздзеяннем, лазернага выпрамянення; распрацавана тэхналогія селектыўнага лазернага спякання для стварэння вырабаў складанай прасторавай формы; даследаваны фіз. асновы ўзаемадзеяння патокаў атамаў, малекул і іонаў з паверхняй цвёрдых цел для стварэння метадамі іонна-плазменных тэхналогій дэкаратыўна-ахоўных пакрыццяў з вугляроду, палімераў, гідраксілфасфатаў металаў. У ін-це працуе акад.Нац.АН Беларусі У.У.Клубовіч (дырэктар з 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НАў Вялікую Айчынную вайну,
тэрыторыя Клічаўскага, часткі сумежных з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і інш. р-наў Магілёўскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Стваралася зкастр. 1941 у ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага р-на ад акупац. улад. Да сак. 1942 партызаны разграмілі больш за 80 варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. На пач. 1944 тэр. зоны склала больш за 3 тыс.км², дзе знаходзілася больш за 70 тыс. мірных жыхароў пад абаронай 18 тыс. партызан. На яе тэрыторыі ў розныя часы базіраваліся Бабруйскі падп. міжрайком КП(б)Б, Магілёўскі падп. абком КП(б)Б, штаб Магілёўскай ВАГ пры ім, раённыя падп. райкомы КП(Б)Б і ЛКСМБ, выдаваліся газ. «За Радзіму», «Голас партызана» і інш.Зліп. 1942 у Клічаве і в. Галынка Бярэзінскага р-на дзейнічалі партыз. аэрадромы. Стойкая абарона зоны (гл.Клічаўскія баі 1942, 1943, Кучынскі бой 1942) забяспечвала партызанам пастаянную сувязь зВял. зямлёй, абарону насельніцтва ад карнікаў. У чэрв. 1944 партыз. фарміраванні зоны злучыліся зЧырв. Арміяй. У Клічаве ў гонар партызан насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік; помнік на месцы прызямлення 1-га самалёта зВял. зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНА (славен. Kranjska, ням. Krain, лац. Carniola),
гістарычная вобл. у зах.ч. Балканскага п-ва (ядро — землі ў басейне р. Сава). Падзяляецца на Верхнюю, Ніжнюю і Унутраную. У старажытнасці была населена плямёнамі кельтаў і ілірыйцаў, з канца 1 ст. да н.э. частка рым. правінцыі Панонія. У 4—6 ст.н.э. тут сапернічалі паміж сабой остготы, вестготы, гуны, лангабарды. У 6—7 ст. заселена альпійскімі славянамі (славенцамі), пазней заваявана баварамі, якія ў 970 стварылі тут маркграфства Карнія. У 2-й пал. 10 — пач. 11 ст. Верхняя К. ўваходзіла ў герцагства Вял. Карантанія, Ніжняя — у Славенскае маркграфства. Пазней пад уладай патрыярха Аквілеі, графаў Ціроля, аўстр. правіцеляў Бабенбергаў, у 1269—76 чэш. караля Пржэмысла II, з 1335 Габсбургаў (з 1364 К. — герцагства, потым адна з каронных зямель Габсбургаў). У 1763—1848 па чарзе ўваходзіла ў Грацкую і Люблянскую губ., у 1809—13 — франц. Ілірыйскія правінцыі. У 19 ст. цэнтр славенскага нац. руху. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (1918) большая ч. К. паводле Рапальскага дагавора 1920 увайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія), меншая (Унутраная) — Італіі. Пасля 2-й сусв. вайны паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 з Італіяй уся тэр. К. ўз’яднана ў складзе Славеніі.