РАЗА́НЬ,

горад, цэнтр Разанскай вобл. ў Расіі, прыстань на р. Ака, пры ўпадзенні р. Трубеж. Размешчаны на Сярэднярускім узвышшы. 530 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (буйнейшыя прадпрыемствы: «Цяжпрэсмаш», «Камбайн», «Цеплапрыбор»; з-ды: станкабуд., аўтамаб. агрэгатаў, аўтамаб. апаратуры, радыёзавод, электронных прыбораў, выліч.-аналітычных машын і інш.); нафтаперапр., хім. (ВА «Хімвалакно», з-д «Разаньколермет»), харч., лёгкая і інш. Вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ВНУ, 3 тэатры. Цырк. Музеі: маст., гіст.-арх. музей-запаведнік, паветрана-дэсантных войск, дом-музей І.​П.​Паўлава, непадалёку ад Р., у с. Канстанцінава, літ.-мемарыяльны музей-запаведнік С.​Ясеніна.

Першапачатковы горад Р., цэнтр Разанскага княства, размяшчаўся за 50 км ад сучаснай Р. У 1237 ён разбураны ханам Батыем і заняпаў. У сярэдзіне 14 ст. цэнтр княства перанесены ў Пераяслаўль-Разанскі (згадваецца ў летапісе пад 1095). У 1365 і 1379 ён таксама спалены татарамі, але адбудаваны Пры князю Алегу Іванавічу [1350—1402] горад умацаваны, развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1521 далучаны да Маскоўскай дзяржавы. З 1708 уваходзіў у Маскоўскую губ., з 1719 гал. горад Пераяслаўль-Разанскай правінцыі. У 1778 названы Р. З 1796 цэнтр Разанскай губ. У 2-й пал. 19 ст. Р. — буйны трансп. вузел. У 1929 цэнтр акругі (аб’ядноўвала 27 раёнаў) у складзе Маскоўскай вобл., з 1930 раённы цэнтр. З 1937 цэнтр Разанскай вобл.

Стараж. ядро Р. — крэмль (закладзены ў 1095) — знаходзіцца на паўн. мяжы горада на высокім мысе пры зліцці рэк Трубеж і Лебедзь. На тэр. крамля — саборы Раства Хрыстова (15 ст., перабудаваны ў 1826 у формах класіцызму), Архангельскі (16 ст., надбудаваны ў 1647), Успенскі (1693—99, арх. Я.​Бухвостаў, нарышкінскае барока, выш. 60 м) з асобна пастаўленай званіцай (1789—1840, арх. І.​Руско, Н.​Вараніхін і інш., класіцызм, выш. 83,2 м), царква Святога Духа (1642, арх. В.​Зубаў), архірэйскія палаты (т.зв. Палац Алега; 1653—92, арх. Ю.​Яршоў, Г.​Мазухін). Паводле генплана 1780—82 Р. набыла рэгулярную планіроўку з трызубцам вуліц, што сыходзіліся да цэнтр. плошчы (б. Саборнай). Горад забудоўваўся ў стылі класіцызму: будынак б. дзярж. ўстановы (1796), дамы Марозава (канец 18 ст.), дваранскага сходу (канец 18 — пач. 19 ст.), гандл. рады (1-я пал. 19 ст.), гімназія (1808—15), семінарыя (1812—16), бальніца (1816) і інш., а таксама драўлянымі жылымі дамамі, багата аздобленымі дэкар. разьбой і каменнымі будынкамі ў псеўдарус. стылі.

Літ.:

Рязань: Памятники архитектуры и искусства: Альбом. М., 1985;

Вагнер Г.К., Чугунов С.В. Рязанские достопамятности. 2 изд. М., 1989.

Разань. Комплекс крамля.

т. 13, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАРКА́НД,

горад, цэнтр Самаркандскай вобл. ва Узбекістане, у даліне р. Зераўшан. 400 тыс. ж. (1999). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (ліфты, кінаапаратура, быт. халадзільнікі, тэлевізары, кандыцыянеры і інш.), лёгкая (бавоўнаачышчальная, шаўкаткацкая), харчасмакавая (вінаробная, кансервавая, тытунёвая), хім. (мінер. ўгнаенні) і інш. 6 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 тэатры. Музеі: гісторыі, культуры і мастацтва Узбекістана, горада, Улугбека, дом-музей Айні.

У 4 ст. да н.э. — 6 ст. н.э. на тэр. С. існаваў г. Мараканда, сталіца дзяржавы Согд, які пазней увайшоў у Цюркскі каганат. У 329 да н. э. заваяваны войскамі Аляксандра Македонскага. У пач. 8 ст. горад захапілі арабы. У 9—10 ст. пад уладай Саманідаў, у 11 ст. — Караханідаў, туркаў-сельджукаў, з сярэдзіны 12 ст. — каракітаяў. У пач. 13 ст. С. валодалі харэзмшахі. У 1220 разбураны мангола-татарамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. сталіца імперыі Цімура. Пры Улугбеку пабудавана астранамічная абсерваторыя (1424—29). У той час С. — буйны эканам. і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. З 1500 у складзе дзяржавы Шэйбанідаў, якія перанеслі сталіцу з С. ў Бухару. У канцы 16 ст. С. у складзе Бухарскага ханства. У 1868 заняты рас. войскамі і далучаны да Рас. імперыі, цэнтр Зераўшанскай акругі, з 1887 — Самаркандскай вобл. У 1899 злучаны чыгункай з Ташкентам. У 1924—30 С. — сталіца Узб. ССР, з 1938 абл. цэнтр. У Вял. Айч. вайну сюды эвакуіраваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў.

У паўн.-ўсх. частцы С. гарадзішча Афрасіяб, ансамблі маўзалеяў Шахі-Зінда (11—12, 14—15 ст.), Бібі-Ханым з керамічным шматколерным дэкорам. У цэнтры старой ч. горада ансамбль плошчы Рэгістан (пачаў складвацца ў 12 ст.), які ўключае 3 медрэсэ (Улугбека, 1417—20; Шыр-Дор, 1619—35; Тыля-Кары, сярэдзіна 17 ст.) з багатым мазаічным і разным керамічным і мармуровым азлабленнем. На Пд ад плошчы — маўзалеі Гур-Эмір, Рухабад (1380-я г.), Аксарай (1470-я г.; мазаічны і сталактытавы дэкор); на ПдУ — руіны маўзалея Ішрат-хана (1464), мемар. комплекс каля маўзалея Хаджа Абды-Дарун (15 ст.). Сярод інш. помнікаў: абсерваторыя Улугбека (1428 ці 1429; рэшткі падмуркаў і секстант), маўзалей Чупан-Ата (15 ст.), медрэсэ Хаджа Ахрара (1630 ці 1631), мячэць Хазрэт-Хызр (на стараж. падмурку; 19 — пач. 20 ст., арх. Усто-Бакі, Усто-Абдукадыр) і інш. С. — цэнтр маст. рамёстваў.

Літ.:

Пугаченкова Г.А. Самарканд. Бухара. 2 изд. М., 1968;

Из истории искусства великого города. Ташкент, 1972.

І.​Л.​Чэбан (архітэктура).

Архітэктурны ансамбль Шахі-Зінда каля ўяўнай магілы Кусама ібн-Абаса ў Самаркандзе. 1334—35.
Самарканд. Абсерваторыя Улугбека.
Плошча Рэгістан у Самаркандзе.

т. 14, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ФРАНЦЫ́СКА (San Francisco),

горад на З ЗША, на ўзбярэжжы Ціхага ак., у штаце Каліфорнія. Знаходзіцца на ўзгорыстым п-ве, масты цераз зал. Сан-Францыска і праліў Залатыя Вароты злучаюць яго з прыгарадамі. 745,8 тыс. ж., з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (Окленд, Берклі, Аламеда, Дэйлі-Сіці, Саўт-Сан-Францыска і інш.) больш за 6,5 млн. ж. (2000). Буйнейшы порт ЗША на Ціхім ак., вузел транскантынент. чыгунак і аўтадарог. 3 аэрапорты, у т. л. міжнародны. Прам-сць: металаапр., суднабуд., швейная, харч., паліграфічная; у прыгарадах — ракетна-касм., радыёэлектронная, нафтаперапр., хім., металургічная. Праўленні буйнейшых банкаў і кампаній ЗША. Метрапалітэн. 16 ун-таў і каледжаў. Кансерваторыя. Ваенна-марская база.

У 1776 на месцы сучаснага С.-Ф. ісп. францысканцы засн. ўмацаванае паселішча Ерба-Буэна. З 1822 у складзе незалежнай Мексікі. У 1846 заняты амер. войскамі, перайменаваны ў С.-Ф. (1847). Адкрыццё ў 1848 радовішчаў золата ў Каліфорніі, развіццё ціхаакіянскага гандлю садзейнічала хуткаму развіццю горада (у 1848—500 чал., у 1850—25 тыс. чал., у 1880—234 тыс. чал.). У 1906 горад моцна пацярпеў ад землетрасення і пажару, да 1915 адбудаваны. Месца правядзення Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 і падпісання Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.

У 19 ст. С.-Ф. атрымаў прамавугольную планіроўку. Пасля землетрасення 1906 горад амаль цалкам перабудаваны. Узгорысты рэльеф і разнастайнасць арх. стыляў надаюць яму своеасаблівае, маляўнічае аблічча. Захаваліся ісп. калан. пабудовы, у т. л. касцёл кляштара «Місія Далорэс» (1782—91). Малапавярховая забудова, скучаныя нац. кварталы («Кіт. горад», «Лац. квартал») спалучаюцца з вышыннымі будынкамі цэнтра. Найб. значныя пабудовы: паромны вакзал (1896), грамадскі цэнтр (1910—20), Палац прыгожых мастацтваў (1915, арх. Б.​Мейбек), шпіталь Майманіда (1946, арх. Э.​Мендэльзон), магазін В.​Морыса (1948, арх. Ф.​Л.​Райт), дом страхавой кампаніі Дж.​Хэнкака (1959, арх. фірма «СОМ»), небаскробы «Банк Амерыкі», «Трансамерыка карпарэйшэн», «Міжнар. будынак», гасцініца «Холідэй-ін», жылы комплекс Голдэн-Гейтуэй (усе 1950—70-я г.). Магутныя інж. збудаванні, што звязваюць ч. гар. агламерацыі — вісячыя масты: 2-секцыйны Окленд цераз заліў Сан-Францыска (1936, даўж. каля 13 км), цераз праліў Залатыя вароты (1937, даўж. сярэдняга пралёту 1280 м). Музеі: мастацтва, Цэнтр мастацтва і культуры Азіі, Каліфарнійскі палац Ганаровага легіёна (Музей прыгожых мастацтваў) і інш. Т-ры: Опера, «Спрынг-опера» і інш.

Дзелавая частка г. Сан-Францыска.
Панарама г. Сан-Францыска.
Мост праз праліў Залатыя вароты ў г. Сан-Францыска.

т. 14, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРА́ЕВА (Sarajevo),

горад, сталіца Босніі і Герцагавіны. Каля 600 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Паліт., гандл. і прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтабуд., эл.-тэхн., радыёэлектронная; хім., тэкст., гарбарна-абутковая, дрэваапр., харчасмакавая. Саматужны выраб дываноў і рамёствы. Акадэмія навук і мастацтваў Босніі і Герцагавіны. Ун-т. Музей Босніі і Герцагавіны. Маст. галерэя. Паблізу — курорт Іліджа. С. — цэнтр зімовых відаў спорту.

Упершыню згадваецца ў 1244 пад назвай Врхбосна. У 1435 заваяваны туркамі-асманамі. З 1507 наз. С. На гэты час прыпадае росквіт горада як гандл. і рамеснага цэнтра. У 17—19 ст. неаднаразова зруйнаваны пажарамі. З сярэдзіны 19 ст. адм. і паліт. ц. баснійскага намесніцтва Асманскай імперыі. У 1878—1908 гал. горад Босніі, акупіраванай Аўстра-Венгрыяй. У 1908—18 адм. ц. правінцый Боснія і Герцагавіна. 28.6.1914 у С. забіты аўстр. наследнік прастола Франц Фердынанд (гл. Сараеўскае забойства). Са снеж. 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фашыстамі (1941—45). Адзін з цэнтраў Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45. З 1946 сталіца Босніі і Герцагавіны. У 1984 у С. адбыліся XIV зімовыя Алімпійскія гульні.

Каларыт старога горада ствараюць пабудаваныя паводле ўсх. традыцыі кварталы са шчыльнай планіроўкай. Захавалася сярэдневяковая Старая царква з абразамі 15—17 ст. Узоры рэгіянальнага варыянта класічнага стылю тур. архітэктуры: мячэці Хусрэў-бега (1531) з мінарэтам выш. 45 м (арх. Сінан), Алі-Пашы (1561), Царова (1566) і інш., медрэсэ Хусрэў-бега (1537) і інш. Адметныя крытыя базары 16 ст. — паўпадземны безістэні Хусрэў-бега (1557, даўж. 109 м), купальны Бруса-безістэні (1557), каменныя масты — Козі (да 1550), Лацінскі (да 1565), Шэхерчэхайін (1620). З 2-й пал. 19 ст. ўзводзіліся жылая забудова і грамадскія будынкі ў аўстр. арх. стылях (гістарызм, сецэсіён) з выкарыстаннем усх. (ратуша, кафедральны каталіцкі сабор) і класічных матываў (Прэзідыум урада, чыг. ўпраўленне, Мін-ва фінансаў, т-р, музей). Пабудовы 1918—45 і 2-й пал. 20 ст. ў духу функцыяналізму: банкі, Вышэйшая пед. школа, чыг. вакзал, новыя карпусы ун-та, аэрапорт, кансерваторыя, турыстычныя атэлі. Паводле генплана 1963 створаны новыя раёны (Габрычава), культ.-спарт. цэнтр «Скендэрыя», Музей нар. рэвалюцыі; спарт. збудаванні XIV зімовых Алімп. гульняў 1984. У выніку ваен. дзеянняў пач. 1990-х г. архітэктура С. перажыла цяжкія разбурэнні і пашкоджанні.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Сараева. Мячэць Хусрэў-бега. 1513.

т. 14, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ СПАБО́РНІЦТВА,

аб’ектыўныя адносіны, скіраваныя на дасягненне найлепшых вынікаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Уласціва толькі сацыяліст. спосабу вытв-сці. Адной з першых форм С.с. былі камуніст. суботнікі (1919). З 1923 сталі праводзіцца вытв. нарады, якія ўключалі элементы С.с. Новым этапам С.с. ў гады 1-й пяцігодкі (1928/29—1932/33) стала ўдарніцтва. У час індустрыялізацыі ўдарныя брыгады сталі асн. формай С.с.

У крас. 1929 калектыў ленінградскага з-да «Чырвоны выбаржац» выступіў ініцыятарам С.с. ў агульнадзярж. маштабе. У маі 1930 узніклі грамадскія буксіры, мэтай якіх была дапамога перадавых калектываў адстаючым. У ліп. 1930 рабочыя Ленінградскага з-да імя К.​Маркса распрацавалі сустрэчны прамфінплан, які стаў эфектыўным сродкам выяўлення рэзерваў вытв-сці. У маі 1931 на маш.-буд. з-дзе імя Леніна ў Ленінградзе ўзнікла першая гасп.-разліковая брыгада. Значную ролю ў распаўсюджанні перадавога вопыту і павышэнні кваліфікацыі рабочых кадраў адыграў ізотаўскі і стаханаўскі рух.

У БССР С.с. разгарнулася вясной 1929. Першымі ў яго ўключыліся калектывы добрушскай папяровай ф-кі «Герой працы», віцебскага з-да «Чырвоны металіст», мінскіх металаапрацоўчых з-даў «Камунар» і «Энергія», гарбарных прадпрыемстваў Магілёва, Мінска, Віцебска, Гомеля і інш. У канцы 1929 у С.с. ўдзельнічала каля 15% рабочых буйной прам-сці Беларусі, у канцы 1930 — больш за 60%. Усяго да 1936 у розных формах С.с. ўдзельнічала 72,2% рабочых БССР. Масавы энтузіязм рабочага класа адыграў важную ролю ў вырашэнні задач індустрыялізацыі. Аднак з цягам часу С.с. пачало насаджацца парт. і прафс. органамі, набыло кампанейскі характар. У гады Вял. Айч. вайны спаборніцтва праходзіла пад лозунгам «Усё для фронту, усё для перамогі». За самаадданую працу многім беларусам было прысвоена званне Героя Сац. Працы. Ва ўмовах жорсткай цэнтралізацыі разгортвалася С.с. па аднаўленні разбуранай вайной нар. гаспадаркі. У кастр. 1958 калектыў дэпо Масква-Сартавальная прапанаваў разгарнуць спаборніцтва за камуніст. адносіны да працы. Калі ў цэлым у С.с. ў пач. 1970-х г. удзельнічала больш за 77 млн. чал., то ў руху за камуніст. адносіны да працы — каля 45 млн. чал. (на Беларусі адпаведна — 2854 тыс. і 1560 тыс.). Аднак на шляху многіх пачынанняў станавілася адміністрацыйна-камандная сістэма. Так, брыгадны падрад быў абмежаваны шматлікімі інструкцыямі і практычна страціў сваё эканам. значэнне. Не атрымала распаўсюджання і ініцыятыва Шчокінскага камбіната пад дэвізам «Менш работнікаў — больш прадукцыі». Актыўнасць працоўных стрымлівалася бюракратызмам, адсутнасцю эканам. метадаў кіравання, залежнасцю аб’яднанняў і прадпрыемстваў ад міністэрстваў. У выніку С.с. было пазбаўлена эканам. асновы, што патрабавала карэнных змен у яго арганізацыі.

А.​М.​Сасім.

т. 14, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКІ РАЁН Размешчаны на ПдЗ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 25,2 тыс. чал. (2001), гарадскога 36.5%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Свіслач. Уключае г.п. Поразава, 151 сельскі нас. пункт, Поразаўскі пасялковы Савет, 6 сельсаветаў: Вердаміцкі, Дабравольскі, Навадворскі, Нязбодзіцкі, Свіслацкі, Ханявіцкі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Прыбугскай раўніны, на ПнУ — Ваўкавыскага ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, пашыраны лагчыны сцёку ледавіковых вод і скразныя даліны. Цэнтр. ч. раёна — водападзел паміж басейнамі рэк Нёман і Нараў. Пераважаюць выш. 160—200 м (95%), найвыш. пункт 242 м (за 5 км на З ад г.п. Поразава). Глыбіня расчлянення рэльефу ў межах узвышша — 20 м/км². Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі, торф. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 585 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут. Найб. рэкі Нараў з Калонкай і Рудаўкай, Рось з Харужаўкай, Свіслач, Зальвянка. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (68,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,5%). Пад лесам 48,8% тэр. раёна. Найб. лясістасць на Пд раёна, на ПдЗ амаль палавіна ляснога масіву Белавежская пушча. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя; трапляюцца грабавыя, асінавыя, ясянёвыя і інш. Пад балотамі 6,2% тэрыторыі. Найб. балотныя масівы Зальвянка і Глыбокае балота. На тэр. раёна ч. нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік рэсп. значэння — Дзікае (часткова); заказнік мясц. значэння — біялагічны Поразаўскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Вердамічы» ў в. Вердамічы.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,5 тыс. га, з іх асушаных 12,5 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну-даўгунцу, бульбы. Прадпрыемствы кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя і макаронныя вырабы) і мэблевай (мэбля з лазы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Гайнаўка (Польшча) — Свіслач—Ваўкавыск, аўтадарогамі г. Свіслач звязаны з гарадамі Гродна, Ваўкавыск, г.п. Поразава. У раёне 16 сярэдніх, 7 базавых, 1 пач., 1 муз., 1 спарт., 2 маст. школы, спецшкола-інтэрнат, Цэнтр пазашкольнай працы, 15 дашкольных устаноў, 24 дамы культуры і клубы, 37 б-к, 2 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 16 фельч.-ак. пунктаў. Раённы гіст.-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: сядзібны дом (19 ст.) у в. Гарнастаевічы, царква (пабудавана ў 1792 як касцёл францысканцаў, з 1870 правасл. царква, захаваліся фрагменты мураванай агароджы і брама 18 ст.) у в. Грынявічы, царква Іаана Хрысціцеля (1840) у в. Дабраволя. Выдаецца «Свіслацкая газета».

Р.​Р.​Паўлавец, Т.​І.​Шмыга.

т. 14, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕУ́Л,

горад, сталіца Рэспублікі Карэя (Паўд. Карэя). Вылучаны ў самастойную адм. адзінку, прыраўнаваную да правінцыі. Адзін з найбуйн. гарадоў свету. 9888 тыс. ж., з прыгарадамі і суседнімі гарадамі 19,85 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Ханган, за 90 км ад зал. Канхваман Жоўтага м. (аванпорт С. — г. Інчхон). 2 міжнар. аэрапорты. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Разам з Інчхонам дае каля 50% прамысл. вытв-сці Паўд. Карэі. У С. знаходзяцца асн. фінансавыя і прамысл. аб’яднанні, страхавыя і гандл. кампаніі, банкі, філіялы замежных банкаў і фірм. Прам-сць: металургічная, аўтамабілебудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., тэкст. (пераважна баваўняная), харч., буд. матэрыялаў, гумавая, гарбарная, паліграф., папяровая, керамічная. Буйныя ЦЭС. Метрапалітэн (больш за 1 млрд. пасажыраў штогод). 18 ун-таў. Нац. АН.

Першыя паселішчы на тэр. сучаснага С. вядомы з часоў 3 царстваў — Кагуро, Пэкчэ, Сіла (1—7 ст.). У 554 заваяваны Сілай і названы Хансон (ужываецца і цяпер як другая назва С.). З 1068 адзін з каралеўскіх гарадоў-рэзідэнцый. Пры дынастыі Лі [1392—1910] стаў сталіцай Карэі (1393), пераназваны С. (з карэйскай — сталіца) і пачаў хутка развівацца. У час Імдзінскай вайны 1592—98 акупіраваны (1592—93) яп. войскамі. Пасля анексіі Карэі Японіяй С. — рэзідэнцыя яп. ген.-губернатара (1910—45; наз. Кёнджо), адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху. Тут пачалося антыяп. Сакавіцкае паўстанне 1919. З 1948 сталіца Рэспублікі Карэя. Моцна разбураны ў час карэйскай вайны 1950—53, адбудаваны. У 1988 месца правядзення XXIV Алімп. гульняў.

Аблічча С. вызначаецца спалучэннем традыц. забудовы з сучаснымі вышыннымі будынкамі і арх. комплексамі. Цэнтр мае рэгулярную планіроўку, забудаваны шматпавярховымі дамамі, у паўд. і ўсх. частках пераважаюць кварталы з вузкімі крывымі вуліцамі. У С. існаваў вял. ансамбль палаца Кёнбакун са шматлікімі параднымі і жылымі будынкамі, адасобленымі дварамі і паркамі (1395, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны; захаваўся фрагментарна). Помнікі архітэктуры: пагады 3-ярусная Ханмётхап храма Папчонса (1085) і храма Вангакса (1464), крапасная сцяна Ханьянсон (1392—1446, захавалася часткова) з варотамі Намдэмун (1395) і Тандэмун (1396), палацы Чхандок (1404, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 17 ст.), Чангён (15—17 ст.), Даксу (16 ст.), у ансамблі якога палац Сакджаджон (1901—11; цяпер будынак Нац. музея) і інш. Сярод сучасных збудаванняў спарт. комплекс, пабудаваны да XXIV Алімп. гульняў. У С. шмат паркаў, садоў, у т. л. заал. і бат., 15 мастоў. Музеі: выяўл. мастацтваў, кар. мастацтва, фальклору, тэхнікі фірмы «Самсунг», скансэн. Тэатры: оперы, народны, Усходу; сімф. аркестры.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Сеул. Палацава-паркавы ансамбль Кёнбакун. Фрагмент.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),

аўтаномная вобласць Італіі. Займае в-аў Сіцылія і суседнія астравы. Пл. 25,7 тыс. км². Нас. каля 5,5 млн. чал. (2001). Уключае правінцыі: Агрыджэнта, Кальтанісета, Катанія, Месіна, Палерма, Рагуза, Сіракуза, Трапаніі, Эна. Адм. ц. — г. Палерма. С. — эканамічна адна з менш развітых абласцей Італіі. Каля пал. плошчы вострава пад с.-г. ўгоддзямі, у т. л. пад ворывам каля 770 тыс. га, пад садамі, вінаграднікамі і аліўкавымі гаямі — 350 тыс. га, пад лугамі і пашамі — 130 тыс. га. Значныя плошчы арашаюцца. Больш за 50% таварнай прадукцыі дае садоўніцтва (апельсіны, лімоны, аліўкі, вінаград). Вырошчваюць пшаніцу (пераважна цвёрдых гатункаў), бабовыя, раннюю бульбу, артышокі, агароднінныя культуры, асабліва памідоры (у асн. на экспарт). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз, свіней, коней, мулаў, аслоў. Рыбалоўства і промысел морапрадуктаў. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (сера, буд. матэрыялы, калійныя солі, нафта, прыродны газ), харч., дрэваапр., швейная, суднабудаўнічая. Новыя галіны: хім., цэм., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты Палерма, Аўгуста, Джэла. Праз Месінскі прал. С. злучана з Апенінскім п-вам паромам Месіна—Рэджа-ды-Калабрыя.

У старажытнасці в-аў Сіцылія насялялі плямёны сіканаў і сікулаў. У 8 ст. да н.э. С. — аб’ект фінікійскай і грэч. каланізацыі. У час Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. С. беспаспяхова імкнуліся захапіць Афіны. З 5 ст. да н.э. авалодаць востравам імкнуўся Карфаген. Барацьба з карфагенскай экспансіяй асабліва абвастрылася пры сіракузскіх тыранах Дыянісію I і Агафокле. У 241 да н.э. С. стала першай рым. правінцыяй, жытніцай Рыма; тут адбыліся Сіцылійскія паўстанні рабоў. У 5 ст. н.э. яе захапілі вандалы, у 6 ст. — остготы. З 535 належала Візантыі. У 11 ст. заваявана нарманамі, у 12—13 ст. увайшла ў Сіцылійскае каралеўства, якое пасля паўстання «Сіцылійская вячэрня» ў 1282 распалася. У 1302 на востраве ўмацаваліся каралі Арагона. Паводле Утрэхцкага міру 1713 С. адышла да Савойскага герцагства, паводле Лонданскага дагавора 1720 замацавана за Аўстрыяй. У 1735—1860 тут правілі ісп. Бурбоны (гл. Сіцылій абедзвюх Каралеўства). У перыяд напалеонаўскага панавання ў Італіі на С. знаходзілася рэзідэнцыя неапалітанскага караля Фердынанда IV (у 1799—1802, 1806—1814). У 1861 С. ўвайшла ў Аб’яднанае Італьянскае каралеўства. У канцы 19 — пач. 20 ст. С. набыла вядомасць як радзіма мафіі. У 2-ю сусв. вайну ў чэрв. 1943 тут высадзіліся англа-амер. войскі (гл. Сіцылійская аперацыя 1943). У 1947 атрымала абласную аўтаномію.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,

у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс. км². Нас. 426 тыс. чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г. Майкоп.

Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах. ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн. ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд. ч. — на перадгор’ях і схілах В.​Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-ра студз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б. ч. тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць ​2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн. ч. Каўказскага запаведніка.

Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст. н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн. прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах. ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.

Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец. навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед. ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.

Выходзяць газеты «Адыгэ макъ» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.

Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.​Цэя, М.​Паранука, А.​Хаткова, Т.​Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.​Еўтых, А.​Гадагатль, Ю.​Тлюстэн, Дж.​Джагупаў, І.​Машбаш, Х.​Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.​Тхаркаха, Е.​Мамія, К.​Кумпілава, Н.​Куека, П.​Кашубаева, Т.​Чамокава і інш.

Найб. стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл. маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз. маст. фонду Расіі.

Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.​Тхабісімаў, А.​Нехай, Г.​Самогава, М.​Бесіджаў, Г.​Чыч, Дж.​Натха, Ч. і В.​Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед. ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.

Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж. нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац. тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл. драм. т-р імя А.​С.​Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МБІЯ (Gambia),

Рэспубліка Гамбія (Republic of the Gambia), дзяржава на З Афрыкі. На Пн, У і Пд мяжуе з Сенегалам, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 5 абласцей і сталічную акругу. Пл. 11,3 тыс. км². Нас. 1042 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Банджул. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 лют.).

Дзяржаўны лад. Гамбія — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — аднапалатны парламент (Палата прадстаўнікоў) з 50 дэпутатаў, 36 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 5 — правадырамі плямён, 7 прызначаюцца прэзідэнтам. Выканаўчая ўлада належыць ураду.

Прырода. Краіна займае нізінную даліну р. Гамбія (даўж. 322 км), складзеную з пясчанікаў і алювіяльных адкладаў. Клімат экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім (чэрв.—кастр.) і сухім зімовым (ліст.—май) сезонамі. Сярэдняя т-ра ліп. каля 27 °C, лютага каля 23 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на З да 750 мм на У. Пераважае расліннасць саваннаў з акацыямі, пальмамі, баабабамі. Пад лесам 20% тэрыторыі. Па р. Гамбія — галерэйныя лясы. Нац. парк Рывер-Гамбія, рэзерват Абука.

Насельніцтва. Жывуць зах.-афр. народы мандынга (42%), фульбе (18%), волаф (16%), дыёла (10%), сараколе (9%) і інш. Еўрапейцаў і выхадцаў з Азіі каля 1 тыс. чал. 90% вернікаў мусульмане, 9% хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 92,2 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найб. (1993, тыс. ж.): Банджул — 150, Серэкунда — 102. У сельскай гаспадарцы занята 75% насельніцтва, у прам-сці, гандлі і абслуговых галінах — 18,9, у кіраванні — 6,1%.

Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. Гамбіі была заселена плямёнамі негроіднай расы. Уваходзіла ў імперыі Малі (13—15 ст.) і Сангаі (15—16 ст.). Да пач. 19 ст. насельніцтва Гамбіі ісламізавана, узнікалі дзярж.-рэліг. ўтварэнні феад. тыпу. З еўрапейцаў першымі ў Гамбію ў сярэдзіне 15 ст. прыйшлі партугальцы. У 16 ст. тут з’явіліся англ., франц., галандскія купцы. Пасля працяглага саперніцтва паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 правы на тэр. Гамбіі атрымала Вялікабрытанія. У 1816 у вусці р. Гамбія англічане пабудавалі г. Батэрст (цяпер Банджул). Да пач. 20 ст. ўся тэр. Гамбіі абвешчана брыт. пратэктаратам. Дзейнічала сістэма ўскоснага кіравання, калі ўлада на месцах была сканцэнтравана ў руках 35 традыц. правадыроў. У 1930—40-х г. афрыканцы ўсё больш удзельнічаюць у рабоце адм. органаў калоніі. У 1950-я г. ўзніклі паліт. партыі. У кастр. 1963 у Гамбіі ўведзена ўнутр. самакіраванне.

18.2.1965 абвешчана незалежнасць (у рамках брыт. Садружнасці). З 23.4.1970 Гамбія — рэспубліка, яе прэзідэнтам стаў лідэр Нар. прагрэсіўнай партыі Д.​К.​Джавара. З канца 1970-х г. у Гамбіі пачаўся эканам. крызіс, узмацнілася сац. нестабільнасць, у 1980 адбыліся антыўрадавыя выступленні, у 1981 падп. арг-цыі ўзнялі паўстанне, якое было задушана сенегальскімі войскамі. У 1982—89 існаваў канфедэратыўны саюз Гамбіі з Сенегалам (Сенегамбія). У пач. 1990-х г. Гамбія ўдзельнічала ва ўрэгуляванні ліберыйскага канфлікту. У 1994 войскі, якія вярнуліся з Ліберыі, ажыццявілі пераварот, скінулі Джавара; кіраўніком дзяржавы абвешчаны Я.​Джаме. Былі забаронены ўсе паліт. партыі. У 1994 створаны Нац. кансультатыўны савет для выпрацоўкі механізма пераходу да грамадз. праўлення. Гамбія — чл. ААН з 1965, Арг-цыі Афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя і інш.

Гаспадарка. Гамбія — аграрная краіна з эканомікай монатаварнага тыпу. Па ўзроўні эканам. развіцця адна з найб. адсталых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 350 долараў ЗША (1993). Больш за 60% валавога ўнутр. прадукту даюць сельская гаспадарка, рыбалоўства і лясная гаспадарка. Гал. роля належыць земляробству, найперш развядзенню арахісу. Апрацоўваецца каля 25% тэрыторыі, пад лугамі і пашай 30%. Характэрныя дробныя сял. гаспадаркі з нізкай культурай земляробства. Пад арахісам ​2/3 ворных зямель, штогод збіраюць 150—200 тыс. т. Вырошчваюць таксама рыс, проса, сорга, маніёк, кукурузу, бавоўну. Штогадовы збор збожжавых каля 100 тыс. т. Збіраюць арэхі дзікарослай і культываванай алейнай пальмы. Агародніцтва (найб. таматы). Земляробства развіта ў цэнтр. і зах. раёнах краіны. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне буйн. раг. жывёлы (каля 300 тыс. галоў), авечак (каля 180 тыс. галоў) і коз (каля 190 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Развіта рачное і марское рыбалоўства, штогадовы ўлоў каля 40 тыс. т. Прам-сць развіта слаба: каля 50 прадпрыемстваў па ачыстцы і перапрацоўцы арахісу, атрыманні з яго алею і мукі, вытв-сці буд. матэрыялаў, харч. прадуктаў, рамонце простага абсталявання, суднаў і аўтамабіляў, швейная ф-ка, некалькі лесапільных з-даў, рысавыя млыны, прадпрыемствы па вытв-сці алкагольных і безалкагольных напіткаў, кансерваванні рыбы, зборцы с.-г. машын і інш. Саматужныя промыслы і рамёствы, у т. л. ганчарны. Вытв-сць электраэнергіі каля 40 млн. Квт∙гадз за год. Гал. від транспарту — суднаходства па р. Гамбія. Гал. рачны і марскі порт — Банджул. Аўтадарог 3083 км, з іх 431 км з цвёрдым пакрыццём. Каля Банджула міжнар. аэрапорт Юндум. У апошнія гады развіваецца замежны турызм. Гамбія экспартуе арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (90% экспарту), рыбу, бавоўну, ядры алейнай пальмы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, машыны і трансп. сродкі. Гал. партнёры па экспарце — Японія (60%) і краіны Зах. Еўропы (29%), па імпарце — краіны Зах. Еўропы (57%) і Азіі (25%). Імпарт перавышае экспарт у 1,5 раза. Грашовая адзінка — даласі.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гамбіі.
Да арт. Гамбія. Сталіца краіны г. Банджул.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)