дзяржава на п-ве М. Азія (цяпер тэр. Турцыі) у канцы 11 — пач. 14 ст. Сталіцы — гарады Нікея (да 1097) і Конья (адсюль назва). Утварыўся ў выніку заваявання туркамі-сульджукамівізант. зямель у М. Азіі (у араб. і перс. аўтараў наз. Рум) і распаду адзінай Сельджукаў дзяржавы. У выніку 1-га крыжовага паходу 1096—99 шэраг тэрыторый султаната, у т. л. Нікея, адышлі да Візантыі. Пазней ч. гэтых зямель адваявана, але ў процістаянні з Нікейскай імперыяй у пач. 13 ст. К.с. панёс новыя тэр. страты. Найб. росквіту дасягнуў пры султане Ала-ад-дзіне Кей Кубаду [1219—36]; цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Конья, Кайсеры і інш. З 1243 султанат — васал манг. правіцеляў (ільханаў) Ірана. У 1307 распаўся на дробныя княствы, адно з якіх — бейлік (акруга) Асмана — з пач. 14 ст.стала ядром будучай Асманскай імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НТРЫМ (Казімір) (1776, пас. Багданаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.6.1836),
эканаміст, публіцыст. Удзельнік паўстання 1794. Пазбегшы рэпрэсій, працаваў нам. бібліятэкара, ад’юнктам Віленскага ун-та. У 1815—18 рэдактар час. «Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), у 1820—22 гал. рэдактар час. «Dzieje Dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służącymi» («Хроніка айчыннай і замежнай філантрапічнай дзейнасці са звесткамі па яе ўдасканаленню»). Адзін з заснавальнікаў літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў (напісаў кодэкс т-ва), у 1817—22 выдаваў яго орган «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). У 1824 пасля суд. працэсу над філаматамі высланы з Вільні. У 1829—30 чыноўнік Польскага банка ў Варшаве, рэдагаваў час. «Biblioteka handlowa» («Гандлёвая бібліятэка») і газ. «Wiadomości handlowe» («Гандлёвыя навіны»). Даследаваў Палессе. Вынікам падарожжа стала апісанне Палесся, выдадзенае ў 1829 (у 1839 перавыдаў Э.Рачынскі), у якім ёсць звесткі пра насельніцтва, флору, фауну, прам-сць, сельскую гаспадарку, суднаходства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАВЕ́ЦТВА,
бел. традыцыйнае рамяство па пашыве верхняга адзення з палатна, сукна, футра (пераважна аўчын). Вядома з даўніх часоў. З 16 ст. ў буйных гарадах існавалі кравецкія цэхі (у 1634 Магілёўскі цэх атрымаў каралеўскі прывілей), у маёнтках працавалі прыгонныя рамеснікі-краўцы, якія абшывалі гаспадароў і дворню. У 2-й пал. 19 ст. К. на Беларусі было пашырана ў форме адыходніцтва: краўцы-саматужнікі (звычайна сяляне) у свабодны ад земляробчай працы час (з восені да вясны) хадзілі па вёсках у межах сваёй воласці або павета і працавалі ў хаце заказчыка. Шылі суконныя світы, палатняныя насовы, аўчынныя кажухі і паўкажушкі. У мястэчках і гарадах краўцы стала займаліся К. і шылі на заказ. Часам яны наймалі работнікаў або вучняў. Заказ на пашыў адзення афармляўся з дапамогай спец. драўляных бірак з насечкамі, якія абазначалі колькасць аўчын і знак краўца. З развіццём фабрычнага пашыву адзення К. амаль знікла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1921,
нацыянальна-вызв. паўстанні супраць англ.калан. панавання ў Егіпце. Зімой 1918 партыя «Егіпецкая дэлегацыя» (Вафд) сабрала подпісы з патрабаваннямі прадаставіць Егіпту незалежнасць. У адказ 8.3.1919 англічане арыштавалі лідэра партыі С.Заглулу, што стала штуршком да паўстання. 9 сак. ў Каіры прайшла масавая дэманстрацыя пад лозунгамі поўнай нац. незалежнасці, адмены пратэктарату і вываду англ. войск. Кровапралітныя баі адбыліся ў Каіры, Александрыі, Порт-Саідзе і інш. гарадах, паўстанцы вызвалілі значную ч.тэр., стварылі свае органы ўлады. На кароткі час калан. ўлады страцілі кантроль, але кіраўніцтва Вафд не скарыстала момант для арганізацыі нар. мас, і англ. войскі задушылі паўстанне. У снеж. 1921 пасля спробы Англіі навязаць Егіпту нераўнапраўны саюзны дагавор пачаўся новы ўздым вызв. руху. Арышт лідэраў Вафд стаў сігналам да новага паўстання, якое было задушана ў пач. 1922. У лют. 1922 Вялікабрытанія адмовілася ад пратэктарату над Егіптам і фармальна прызнала яго незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны мужчынскі манастыр у Мінску ў 17—18 ст.Засн. ў адказ на захоп мінскіх правасл. цэркваў і манастыроў уніяцкім духавенствам на пляцы, ахвяраваным у 1611 Аўдоццяй Статкевіч. У 1613 узведзены манастырскі комплекс. Спачатку ўсе будынкі былі, відаць, драўляныя. Царква, што захавалася, была, хутчэй за ўсё, пабудавана ў канцы 1620-х г. У 1793—95 яна адрамантавана на сродкі, ахвяраваныя рас. імператрыцай Кацярынай II і пасля капітальнага рамонту была перайменавана ў царкву св. Кацярыны. У 1795 манастыр скасаваны, царква сталагар. саборам, у 1870—71 грунтоўна перабудавана. У канцы 1940-х г. будынак царквы прыстасаваны пад жыллё, потым — пад Архіў навук.-тэхн. дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З 1997 царква зноў дзейнічае, рамонт інтэр’ера працягваецца.
Літ.:
Боровой Р.В. Обзор истории Минского Петропавловского монастыря в XVII—XVIII вв. // Христианизация Руси и белорусская культура. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫ́НА (араб.Медынат-Расул-Алах або Медынат-ан-Набі — горад прарока),
горад на З Саудаўскай Аравіі, у аазісе. Больш за 500 тыс.ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі (пасля Меккі) свяшчэнны горад і месца паломніцтва мусульман (штогод каля 2 млн.чал.): грабніцы заснавальніка ісламу Мухамеда, яго дачкі Фатымы, першых арабскіх халіфаў у мячэці Харам (7—8 ст., перабудавана ў 19 ст.). Абслугоўванне паломнікаў, вытв-сць прадметаў рэліг. культу. Мусульм.ун-т.
У дамусульманскі перыяд вядома пад назвай Ясрыб (Ятрыб). У 622 сюды пераехаў Мухамед, пакінуўшы Мекку (гл.Хіджра), з гэтага часу наз. М. Стала другім пасля Меккі свяшчэнным горадам ісламу. У 632—656 сталіца араб. халіфата. Пры Амеядах і Абасідахадм. ц. Хіджаза. З 10 ст. пад уладай егіп. дынастый. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. З 1804 пад уладай вахабітаў, у 1916—24 — караля Хіджаза, пазней далучаны да Саудаўскай Аравіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1777—1924 у складзе Полацкай, Беларускай, Віцебскай губ., потым у БССР. Цэнтр — г.Полацк. Утвораны 22.3.1777 у складзе Полацкай губерні. З 12.12.1796 у Беларускай губ., з 27.2.1802 у Віцебскай губ. Пасля 1861 у П.п. 16 валасцей: Аляксандраўская, Андрэеўская, Арцейкаўская, Банонская, Вазнясенская, Гомельская, Ефрасіннеўская, Замшанская, Лаўжанская, Мікалаеўская, Міхайлаўшчынская, Петрапаўлаўская, Струнская, Тураўлянская, Уладзімірская, Юравіцкая. Пл. каля 4,2 тыс.км².
У 1873 у П.п. каля 90 тыс.ж., у т. л. каля 17 тыс. у Полацку, 1,7 тыс. дваран, 53,6 тыс. сялян. Паводле перапісу 1897 каля 142 тыс.ж. У 1923 пасля ўзбуйнення валасцей у П.п. іх стала 13: Бухарынская, Валадарская, Воркавіцкая, Дрысенская, Калінінская, Кастрычніцкая, Ленінская, Першамайская, Пралетарская, Працоўная, Сялянская, Сямёнаўская, Чырвонаармейская. З 3.3.1924 у БССР. 20.6.1924 далучаны Лепельская, Ушацкая, Хоцінская воласці Бачэйкаўскага пав. 17.7.1924 павет скасаваны, большасць яго тэрыторыі ўвайшла ў Полацкую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДАІ́ЗМ,
рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў У больш вузкім сэнсе — нац. рэлігія яўрэяў, дзярж. рэлігія Ізраіля. Узнік у 2-м тысячагоддзі да н.э. Адыграў гал. ролю ў станаўленні стараж. дзяржавы — Ізраільска-Іудзейскага царства (10 ст. да н.э.). Прыхільнікі І. веруюць у Яхве — адзінага Бога, стваральніка і ўладара Сусвету, у бессмяроцце душы, замагільнае жыццё, будучы прыход Месіі, богавыбранасць яўр. народа. Тэрмін «І.» паходзіць ад назвы яўр. племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўр. плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы 11 ст. да н.э.стала пануючым. Гал. крыніцай веравучэння І. з’яўляецца Біблія (прызнаецца толькі Стары Запавет), асн. догмы выкладзены ў першых яе 5 кнігах, аб’яднаных у Тору (Пяцікніжжа Майсеева). Цэнтрам І. ў 1-м тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд 2-га Храма найб. поўным выражэннем І. стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэліг. жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рым. прыгнёту (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання 2-га Храма рэліг. жыццё І. засяродзілася вакол сінагог, рэліг. кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі. Да 5 ст.н.э. склалася другая па значэнні крыніца І. — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэліг.-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. З пашырэннем хрысціянства (з 4 ст.дзярж. рэлігія Рым. імперыі) і ісламу (I ст.), якія бяруць пачатак у І., узнік іх канфлікт з І.: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне І.; тыя, са свайго боку, ставіліся да І. як да нейкага гіст. рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У 19 ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу зах.-еўрап. краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці І. і інтэграцыяй у навакольнае культ. асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у І., адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны І.; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны І.; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) І.
У Беларусі першыя звесткі пра яўрэяў, прыхільнікаў І., вядомы з канца 14 ст. Гэта акты аб прывілеях 1388—89 вял. князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўр. абшчынам ВКЛ: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку і Уладзіміры-Валынскім. У цэнтр. і ўсх. Беларусі І. пашырыўся з 16 ст. Побач з артадаксальным І. у 18 ст. на Украіне ўзнікла яго новая містычная плынь — хасідызм, які меў пэўнае пашырэнне і на Беларусі, але не адыграў тут значнай ролі. І. вызначаў духоўнае жыццё яўр. мас Беларусі да рэв. пераўтварэнняў 1920-х г. (у Зах. Беларусі да 1939). У 1980-я г. пачалося адраджэнне І. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 18 іудзейскіх абшчын (у т. л. 8 прагрэсісцкіх).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́, Армяна-грыгарыянская царква,
адна са старадаўніх хрысц. цэркваў. Хрысціянства ў Арменіі пачало распаўсюджвацца ў першыя стагоддзі н.э., у 301 набыло статус дзярж. рэлігіі. Ад імя першага каталікоса Грыгора Пантэва Армянская апостальская царква часам наз. грыгарыянскай. Да 6 ст.царк. іерархі Арменіі падпарадкоўваліся візантыйскай царкве, што абумовіла падабенства Армянскай апостальскай царквы з праваслаўем у дагматыцы і культавай абраднасці. Але Армянская апостальская царква прытрымліваецца монафізіцтва (вучэння аб выключна божай, а не падвойнай, богачалавечай сутнасці Хрыста), якое яшчэ на халкідонскім сусв. саборы (451) было прызнана ерэтычным. У 506 на Дзвінскім царк. саборы Армянская апостальская царква канчаткова адмежавалася ад візантыйскай і стала аўтакефальнай. Царкву ўзначальвае «вярхоўны патрыярх-каталікос усіх армян», які пажыццёва выбіраецца саборам епіскапаў у Эчміядзіне (гіст. цэнтр Армянскай апостальскай царквы каля Ерэвана). Армянская апостальская царква мае замежныя іерархічныя прастолы: патрыяршыя ў Іерусаліме і Стамбуле і каталікоскі ў Кілікіі, якія прызнаюць сваю залежнасць ад Эчміядзіна; епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША, Паўд. Амерыцы, Зах. Еўропе, Б. і Сярэднім Усходзе, на Д.Усходзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтр бел.паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.Ю.Ластоўскі, А. і І.Луцкевічы, Я.Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.