ЗО́ГАВІЧ (Зоговић) Радаван

(19.8.1907, в. Машніца, Чарнагорыя — 4.1.1986),

чарнагорскі пісьменнік. Акад. Чарнагорскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў ун-т у г. Скопле (1933). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. партыз. руху ў Югаславіі. Першыя кнігі вершаў «Кулак» (1936) і «Палымяныя галубы» (1937) прасякнуты духам самаадданай барацьбы за лепшае будучае сваёй краіны. Яго паэзія высокага трагізму і жыццесцвярджэння стала адлюстраваннем супярэчлівай і гераічнай эпохі («Упартыя строфы», 1947, «Прыхадні — песні Алі Бінака», 1957, «Артыкуляванае слова», 1965, «Жыламі за камень», 1969, «Асабіста, зусім асабіста», 1971, «Час ад часу назаўсёды», 1985). Аўтар кніг прозы «Пейзажы і нешта адбываецца» (1968), «Ноч і паўстагоддзя» (1978), публіцыстыкі. Асобныя вершы З. на бел. мову пераклаў Н.Гілевіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1986.

І.А.Чарота.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)