САРО́КІН (Ігар Дзмітрыевіч) (н. 14.6.1931, в. Марына Тамбоўскага р-на, Расія),
бел.спявак (драматычны барытон). Засл. арт. Расіі (1961). Нар.арт. Беларусі (1963). З 1952 працаваў у оперных т-рах Масквы, Чэлябінска, Адэсы, Новасібірска. У 1962—88 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае голасам шырокага дыяпазону, характэрнага тэмбру. Яркі сцэнічны талент артыста дазваляе яму ствараць псіхалагічна дакладныя вобразы. Найб. ярка творчая індывідуальнасць С. раскрылася ў ролях драм. і трагедыйнага планаў. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Апанаса («Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпана («Яснае світанне» А.Туранкова), Леўчука («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), Кізгайлы («Сівая легенда» Дз.Смольскага). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Рыгалета, Аманасра, Яга, граф ды Луна, маркіз ды Поза, Жэрмон («Рыгалета», «Аіда», «Атэла», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята» Дж.Вердзі), Зурга, Эскамільё («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Фрыдрых фон Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Томскі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Лістрат («У буру» Ц.Хрэннікава), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). У камерным рэпертуары рамансы рус. і замежных кампазітараў-класікаў, песні і рамансы бел. кампазітараў.
расійскі спявак (бас), педагог. Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Інж.-буд. ін-т (1961), кансерваторыю (1965) у Ленінградзе. З 1963 саліст ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета, з 1967 — т-ра імя С.М.Кірава, з 1971 — Вял.т-ра ў Маскве. У 1967—72 выкладчык Ленінградскай, з 1975 Маскоўскай (з 1981 праф.) кансерваторый. Валодае голасам, адметным сілай, глыбінёй і выразнасцю, багаццем фарбаў, драм. талентам. Яго выкананню ўласцівы глыбокі псіхалагізм, гармонія муз. і сцэн. вобразаў, шчырасць і натуральнасць. Сярод партый: Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Райманд («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі). Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Барыс Гадуноў і Варлаам, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Князь Ігар і Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Руслан, Сусанін («Руслан і Людміла», «Іван Сусанін» М.Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Рыгор («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага), Звамбай («Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Першы выканаўца многіх песень Г.Свірыдава, сюіты на вершы Мікеланджэла і «4 вершаў капітана Лябядкіна» Дз.Шастаковіча. У рэпертуары таксама вак.-сімф. творы І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, Дж.Вердзі, Ю.Шапорына і інш. Выступае і ў оперных спектаклях замежных т-раў. Аўтар кн. «Роздумы аб прафесіі» (1985). Прэміі Міжнар. конкурсаў вакалістаў (Сафія, 1967; Масква, 1970). Ленінская прэмія 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Антоні Генрык) (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),
палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял.кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш.муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.В.Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.Шапэн (фп. трыо g-moll), М.Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац.акад. т-рам оперы, запісана на радыё.
Літ.:
Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;
Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;
Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;
Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;
Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОРАБАГА́ТАЎ (Віктар Іванавіч) (н. 15.11.1951, Мінск),
бел.спявак (лірычны барытон), педагог, муз. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1977). З 1977 саліст Нац.т-ра оперы Беларусі, адначасова з 1985 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1980—81 стажыраваўся ў т-ры «Ла Скала» (Мілан). З 1992 маст. кіраўнік створанай ім «Беларускай капэлы». Валодае лёгкім рухомым голасам яркага тэмбру. Адзін з буйн. камерных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айч. і сусв. класікі розных гіст. і эстэт. кірункаў. Сярод партый нац. рэпертуару: Беларэцкі («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Мефістофель («Фауст» А.Радзівіла, опера адноўлена ў пастаноўцы С. ў 1999), Бусыга («У пушчах Палесся» А.Багатырова). Інш. ролі: Ніклаўс («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Малатэста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Фігара, граф Альмавіва, Папагена («Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Ялецкі, Анегін, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Маэстра («Маэстра капэла» Д.Чымароза). У 1988—94 ажыццявіў першы ў бел. выканальніцкім мастацтве праект з 10 канцэртных праграм «Анталогія беларускай вакальнай музыкі XVI—XX ст.». Даследуе старадаўнюю бел. музыку, творчасць малавядомых бел. кампазітараў, у т. л. Я.Тарасевіча. Аўтар кніг па гісторыі бел.муз. мастацтва. Гал. рэдактар серый нотных выданняў: «Музыка старажытных сядзібаў» і «Беларускі гістарычны нотазбор» (з 1995). Маст. кіраўнік штогодняга фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы» (з 1991). Лаўрэат Рэсп. конкурсу вакалістаў (Мінск), Міжрэсп. конкурсу вакалістаў (Талін), Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў сав. песні (Рыга; усе 1976). Усесаюзнага конкурсу імя М.Глінкі (1979; Талін), дыпламант Міжнар. конкурсу вакалістаў (1980, Парыж). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Тв.:
Зайгралі спадчынныя куранты Мн., 1998;
Абышоўся без славы...: Кампазітар Ян Тарасевіч. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НКА (Міхаіл Іванавіч) (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),
рускі кампазітар. Заснавальнік рус.муз. класікі. Паходзіў са стараж.бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.Філда і Ш.Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк.рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус.нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп.нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац.муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж.муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус.муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.
Літ. тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.
Літ.:
Асафьев Б. М.И.Глинка. Л., 1978;
Канн-Новикова Е. М.И.Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;
Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;
Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;
Стасов В.В. Избранные статьи о М.И.Глинке. М., 1955;
Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;
Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;
Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,
твор кіна-, тэле- і відэамастацтва, у якім музыка з’яўляецца вядучым фактарам драматургіі, выконвае важнейшыя сэнсавыя і кампазіцыйныя функцыі, вызначае жанравую і стылістычную прыналежнасць фільма.
Першыя М.ф. ўзніклі ў ЗША ў 1920—30-я г. з пачаткам гукавога кіно («Спявак джазу», 1927, рэж. А.Кросленд; «Мелодыі Брадвея», 1929, рэж. Г.Боман). Сярод асн. жанраў М.ф. муз. кінакамедыя, фільм-рэвю, муз.-біягр. фільм, кінаканцэрт, кінааперэта, кінабалет, кінаопера. Сярод найб. значных М.ф. сав. кіно: «Вясёлыя рабяты» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940; рэж. усіх Р.Аляксандраў, кампазітар І.Дунаеўскі), «Багатая нявеста» (1938), «Кубанскія казакі» (1950, кампазітар абодвух Дунаеўскі), «Трактарысты» (1939, кампазітары браты Пакрас), «Свінарка і пастух» (1941, кампазітар Ц.Хрэннікаў; рэж. усіх І.Пыр’еў), а таксама фільмы І.Саўчанкі, А.Іваноўскага, Р.Рашаля, Э.Разанава і інш.
У бел. кіно створаны М.ф.: «Дзяўчына спяшаецца на спатканне», «Шукальнікі шчасця» (абодва 1936; рэж. адпаведна М.Вернер, У.Корш-Саблін), «Канцэрт Бетховена» (1937, рэж. М.Гаўронскі і У.Шмітгоф), «Маё каханне» (1940), «Новы дом» (1947, рэж. абодвух Корш-Саблін, кампазітар усіх І.Дунаеўскі, апошняга разам з І.Любанам), «Нашы суседзі» (1957, рэж. С.Сплашноў, кампазітар Б.Макравусаў), «Саша-Сашачка» (1967, рэж. В.Чацверыкоў, кампазітар Я.Глебаў), «Раскіданае гняздо» (паводле Я.Купалы, 1981), рэж. Б.Луцэнка, кампазітар С.Картэс), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991, рэж. А.Яфрэмаў, кампазітар А.Несцераў), а таксама тэлевізійныя «Пасля кірмашу» (паводле «Паўлінкі» Я.Купалы), «Веснавая казка» (абодва 1972, рэж. Ю.Цвяткоў, кампазітар Глебаў) і інш., тэлеопера «Ранак» (паводле А.Куляшова, 1968, рэж. В.Карпілаў, кампазітар Г.Вагнер), тэлеэкранізацыі опер «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1982), «Сівая легенда» (1986) і «Францыск Скарына» (1990) Дз.Смольскага (рэж.-пастаноўшчык усіх Г.Нікалаеў), першай бел. дзіцячай оперы «Марынка» Р.Пукста (1983, рэж. А.Малчанаў). У жанры тэлемюзікла, які спалучае драматургію, музыку, вакал і харэаграфію, створаны фільмы-казкі рэж. Л.Нячаева — «Прыгода ў горадзе, якога няма» (1974, кампазітар Картэс), «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоны Капялюшык» (1977, кампазітар абодвух А.Рыбнікаў), «Прададзены смех» (1981, кампазітар М.Дунаеўскі), «Казка пра зорнага хлопчыка» (1983, кампазітар Рыбнікаў), «Рыжы, шчыры, закаханы» (1984), «Пітэр Пэн» (1987, кампазітар абодвух І.Яфрэмаў) і інш. З канца 1970-х г. паявіліся першыя відэафільмы: відэамюзікл «Гэты доўгі кароткі час» (рэж. У.Арлоў, муз. Глебава, В.Раінчыка), відэабалет «Тры пальмы» (абодва 1979; рэж. В.Шавялевіч, муз. А.Спендыярава, балетмайстар В.Дудкевіч). У 1990-я г. створаны шэраг экранізацый і відэаверсій пастановак нацыянальных акад. т-раў оперы і балета Беларусі, у т. л. опера «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1994), балет «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995; рэж. абодвух Шавялевіч). У дакумент. мастацтве развіваюцца жанры фільма-канцэрта (першы — «Жыві, родная Беларусь», 1944, рэж.
Корш-Саблін, М.Садковіч), муз.-біягр. фільма і фільма-партрэта: «Партытура жыцця» (пра Я.Цікоцкага, 1968, рэж. П.Аліфярэнка), «Кампазітар Яўген Глебаў» (1978, рэж. С.Лук’янчыкаў), «Успаміны пра Мікалая Равенскага» (1993), «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (пра У.Перліна, 1995; рэж: абодвух М.Жданоўскі), «Душа мая, Элізіум ценяў» (пра А.Багатырова, 1998, рэж. С.Галавецкі), «На шляху да танцуючай зоркі» (пра Г.Праваторава, 1998, рэж. М.Князеў) і інш. Асаблівае месца займаюць этнамуз. фільмы сцэнарыста-этнамузыколага З.Мажэйка: «Пранясі, божа, хмару» (1990, рэж.-аператар А.Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. Ю.Лысятаў, С.Гайдук, аператар М.Сідорчанка) і інш.
Літ.:
Кудинова Т. От водевиля до мюзикла. М., 1982;
Ханиш М. О песнях под дождем: Пер. с нем. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭ́СНЫЯ СПЕ́ВЫ (ад позналац. partes галасы, мн. лік ад лац. pars частка, удзел),
від харавых шматгалосых прафес. царкоўных і свецкіх спеваў, заснаваны на акордава-гарманічным прынцыпе, гамафоннай мелодыі і падзеле хору на партыі (дыскант, альт, тэнар, бас). Усх.-слав. праваслаўныя П.с. ў адрозненне ад каталіцкіх і уніяцкіх (з удзелам аргана і інш.муз. інструментаў) не мелі інстр. суправаджэння. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 16 ст., у канцы 16—17 ст. пашырыліся на ўсёй тэрыторыі. У б-ках Аршанскага, Віцебскага, Крычаўскага, Магілёўскага, Мінскага, Мсціслаўскага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Слуцкага брацтваў знойдзены рукапісы літургічных песнапенняў 1-й пал. 17 ст. на 4, 5, 6, 8, 12 галасоў. Узоры 4-галосых твораў змешчаны ў бел. Ірмалагіёне 1638. Стыль першых прафес. гарманізацый быў цесна звязаны з нар.-песенным шматгалоссем. Мелодыі часам пераймаліся са знаменнага спеву, кантаў, псальмаў. Запазычаны напеў змяшчаўся ў тэнары, бас выконваў функцыю гарманічнага фундаменту, адзін з верхніх галасоў рухаўся паралельна тэнару ў сексту ці тэрцыю, другі запаўняў гарманічную вертыкаль. Запісвалі творы 5-лінейнай кіеўскай (квадратнай) натацыяй (гл.Нотнае пісьмо). Тэксты браліся з літургіі, усяночнай і інш.царк. службаў; выкарыстоўваліся і свецкія тэксты. Першыя ўзоры П.с. — 2- і 3-галосыя канты. Іх зборнікі — канцыяналы, багагласнікі — вядомы з канца 15 ст. Першыя рас. канты пайшлі ад помніка бел.-рус. культуры «Псалтыр рыфматворны» Сімяона Полацкага і В.Цітова. Мелодыі «Псалтыра...» гарманізаваны адпаведна бел. традыцыі, у муз. адносінах цесна звязаны з бел. знаменным спевам. Адным з цэнтраў пашырэння П.с. на Беларусі быў Куцеінскі Богаяўленскі манастыр пад Оршай, які на пэўны час стаў цэнтрам развіцця новых плыней у музыцы, паэзіі, жывапісе. Шмат бел. тэкставых і муз. (пеўчых) рукапісаў было вывезена ў Маскву (захоўваюцца ў Дзярж.гіст. музеі ў Маскве, архівах). Навучаліся П.с. у брацкіх школах. Кожнае бел. брацтва мела хор, які ўдзельнічаў і ў паказах школьнага тэатра. Рас. разнавіднасць П.с. — радковыя спевы (на 2, 3, 4 галасы), што падрыхтавалі глебу для новага шматгалосага стылю.
У Расію П.с. прынесены ў сярэдзіне 17 ст. выхадцамі з Беларусі і Украіны (бел. музыканты З.Гламазінскі, І.Дзякоўскі, І.Календа, І.Канюхоўскі, І.Кокля, Д.Рагачэўскі, дзяк Тызенгаўз). Бел.спявак А.Беражанскі працаваў у Маскве ў 1652. У 1655 у маскоўскім Андрэеўскім манастыры 28 бел. («літоўскіх») пеўчых выконвалі партэсныя творы. У аснове рус. П.с. пач. 18 ст. — пералажэнні як асн. від кампазітарскай дзейнасці. Партытура пералажэнняў складалася з 4 галасоў (сапрана, 1-ы альт, тэнар і лёгкі бас, або дыскант, 1-ы і 2-і альты і тэнар). Гал. жанр П.с. — духоўны канцэрт. Вядомы канцэрты апошняй трэці 17—1-й пал. 18 ст. Яны выконваліся на 3—12, зрэдку на 16, 24 і 48 галасоў. Ім уласціва развітая шматгалосая фактура, муз. тэматызм узыходзіць да кантаў, знаменнага роспеву, слав. народна-песеннай (у вял. ступені да лірычнай зацягучай песні) і прафес.зах.-еўрап.інстр. музыкі. Вядома больш за 50 аўтараў партэсных твораў, у т. л. В.Цітоў, М.Дылецкі, М.Бавыкін, С.Пекаліцкі, М.Калашнікаў, С.Бяляеў, Вінаградскі, Дз.Папоў, пратадыякан Растоўскі, Ф.Светлы, Давідовіч, Г.Падольскі. Творы П.с. 2-й чвэрці 18 ст. зазналі ўплыў зах.-еўрап., асабліва італьян., музыкі, напісаны пераважна ў жанры духоўнага хар. канцэрта (на 6, 8, 12, 24 галасы). Найб. росквіту дасягнуў у творчасці Дз.Бартнянскага. П.с. адыгралі вял. ролю ў развіцці прафес. мастацтва, у фарміраванні жанраў кантаты, гімна, панегірычнага і віктарыяльнага канта.
Літ.:
Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;
Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983;
Вознесенский И. Церковное пение православной юго-западной Руси по нотнолинейным ирмологам XVII и XVIII вв. Киев, 1890;
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1, 3. М.;
Пг., 1916, 1922;
Feicht H. «Krakow» Musik in Geschichte und Gegenwart. Basel, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ГА (Praha),
горад, сталіца Чэхіі. Знаходзіцца на Палабскай раўніне, на р. Влтава, паблізу ад яе ўпадзення ў р. Лаба (Эльба). Адм. ц. Сярэднячэшскай вобл., самастойная адм. адзінка. 1226 тыс.ж. (2000). Вузел 10 чыгунак і 15 аўтадарог. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт Рузіне. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. П. і наваколле даюць каля 20% прамысл. прадукцыі Чэхіі. Найб. развіта машынабудаванне: трансп. (аўтамаб., авіяц. і інш.), матора- і станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Развіты таксама паліграф., хім. і гумавая, буд. матэрыялаў, швейная, тэкст., фармацэўтычная, касметычная, гарбарна-абутковая прам-сць. Цэнтр харч., асабліва піваварнай, прам-сці. Метрапалітэн.
Тэр. П. заселена з 4-га тыс. да н.э., у 2 ст. да н.э. — германцамі, у 5—6 ст.н.э. — славянамі. З 2-й пал. 9 ст. пад уладай Пржэмыславічаў. З 10 ст. сталіца Чэш. дзяржавы. У 973 у П. засн. біскупства (з 1344 архібіскупства). У 1257 атрымала гар. права. Росквіт П. пачаўся пры каралю Каралу I Чэшскім (гл.Карл IV), які адбудаваў і ўпрыгожыў горад, заснаваў ун-т (1348). З 12 ст. адзін з буйных эканам., паліт. і культ. цэнтраў Еўропы. Паўстаннем у П. (1419) пачаліся гусіцкія войны У 1420 каля П. разбіта войска крыжаносцаў. У 1526 П. трапіла пад уладу Габсбургаў, за ўдзел у паўстанні супраць якіх пазбаўлена гар права (1547). Пацярпела ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. Пасля паражэння чэш. войск каля Белай Гары (1620) значэнне П. паменшала; з сярэдзіны 17 ст. правінцыяльны горад. У 1880-я г. пачаўся новы эканам. ўздым П. — адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў Габсбургскай манархіі. У 18—1-й пал. 19 ст. цэнтр чэш.нац. руху. З 1918 сталіца Чэхаславацкай рэспублікі. У 1939 акупіравана ням. фашыстамі. Вызвалена ў выніку Пражскага паўстання 1945 і Пражскай аперацыі 1945. У канцы 1960-х г. цэнтр дэмакр. выступленняў (гл.«Пражская вясна»). З 1993 сталіца Чэхіі.
Старыя раёны П. захавалі пераважна шчыльную сярэдневяковую забудову і ірэгулярную планіроўку. На левым беразе Влтавы ўзвышаецца крэпасць Пражскі Град: рэшткі ўмацаванняў 12—15 ст., раманская базіліка св. Іржы 12—18 ст., гатычны сабор св. Віта 1344—1929 (на месцы храма-ратонды 935, пачаты арх. Мацвеем з Араса і П.Парлерам; у інтэр’еры гатычныя капэлы, у т. л.св. Вацлава са статуяй св. Вацлава, 1373, і фрэскамі, 1506—08, багатая маст. калекцыя); каралеўскі палац 12—18 ст. з познагатычнай троннай «Уладзіслаўскай» залай (1486—1502, арх. Б.Рыд). Каля Града, у раёнах Градчаны і Мала-Страна знаходзяцца Страгаўскі кляштар (12—18 ст.); палацы — летні каралеўскі Бельведэр (1538—63, арх. Дж. да Спацыо і інш.) з «пяючым» фантанам (1564—73), Штэрнбергскі (1698—1720) з тэраснымі паркамі; касцёл св. Мікулаша на Мала-Стране (1673; 1703—55, арх. К. і К.І. Дынцэнгоферы, А Лурага); дамы 17—19 ст. (усё барока). На правым беразе Влтавы — крэпасць Вышаград (з 9 ст.), раёны Старога горада (з 11 ст.) і Новага горада (засн. ў 1348) з цэнтр. плошчамі. У Старым горадзе размешчаны: гатычныя кляштар св. Анежкі (канец 13 ст.), ратуша (1338, 15—16 ст., 19 ст.) з гадзіннікам на фасадзе (1410; 1490, майстар Гануш; размалёўка цыферблата 1865—66, маст. І.Манес, захоўваецца ў музеі, на месцы арыгінала — копія), касцёлы Марыі Снежнай (1349, 1370—97), Тынскай Маці Божай (1370—1510, часткова перабудаваны ў 1679 у стылі барока), Карлаў ун-т (14 ст.), рэнесансныя дамы 14—17 ст. з фрэскамі і сграфіта на фасадах, Парахавая вежа (1475—77, арх. М.Рэйсек), барочныя — калегіум езуітаў, т.зв. Клеменцінум (1653—1-я пал. 18 ст., арх. Ф.Караці, К.Лурага, Д.Галі) з Вял. і Матэм. заламі (1722—24, арх. Ф.М.Канька), палацы Клам-Галасаў (1713—25, праект І.Б.Фішэра фон Эрлаха) і Кінскіх (1755—65, арх. К.І.Дынцэнгофер, А.Лурага), касцёл св. Мікулаша (1732—37, арх. Дынцэнгофер). У Новым горадзе — Эмаўскі кляштар («На Слованех»; 1347—72, готыка, фрэскі 14 ст.), ратуша (1348, перабудавана ў 15—19 ст.), барочныя калегія езуітаў і касцёл св. Ігнація (1665—87, арх. К.Лурага), храм св. Яна Непамука «На Схальцы» (1729—39) і т.зв. віла «Амерыка» (1715—20, абодва арх. Дынцэнгофер). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр П. — Вацлаўская пл. Узведзены парадныя грамадскія пабудовы ў духу неарэнесансу і неабарока: Нац.т-р (1868—81, арх. І.Зітак), музей (1884—90, арх. І.Шульц) і інш.Найб. значныя пабудовы 20 ст. — выставачны павільён т-ва мастакоў «Манес» (1902) і дом Урбанека, т.зв Моцартэўм (1912—13, усе арх. Я.Коцера, мадэрн), дом «У Чорнай Маці Божай» (1911—12, арх. І.Гачар, кубізм), Дом кірмашоў (1924—26, арх. О.Тыл і І.Фукс). У пасляваен. гады ажыццёўлена рэканструкцыя П.; на ўскраінах узведзены жылыя раёны Панкрац, Петршын, Паўд. горад 2 і інш., Ін-т макрамалекулярнай хіміі (1960—65, арх. К.Прагер), аэрапорт у раёне Рузіне (1963—69), водны стадыён у раёне Падолі (1964—65), Палац культуры (1981). З канца 1960-х г. вядзецца буд-ва метрапалітэна. Масты: Карлаў (1357, арх. Парлер, скульптура канца 17—20 ст.), Ф.Палацкага (1876—78, скульптура І.В.Мысльбека) і інш. Помнікі: св. Вацлаву (1888), Яну Гусу (1903—15), Нац. помнік Вызвалення (1929—32) з помнікам Я.Жыжку (1950). Альшанскія могілкі (1680). Гіст. цэнтр П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У П. 11 ВНУ, у т. л. Карлаў ун-т (гл.Пражскі універсітэт), кансерваторыя (з 1811), Акадэмія выяўл. мастацтваў, Акадэмія муз. мастацтваў. Чэшская АН. Буйнейшыя б-кі: АН, Нац. музея, Гарадская, Дзярж.тэхн., Дзярж. медыцынская. Буйнейшыя музеі: Нац. галерэя, Нац. музей, музеі П., зброі, этнагр., гісторыка-археал., маст. рамёстваў. Больш за 25 тэатраў, у т. л.Нац., імя Б.Сметаны, імя І.К.Тыла, Т-р на Вінаградах, «На Забрадлі», «Латэрна Магіка». Філармонія (з 1894). Штогод праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Пражская вясна» (з 1946).
Беларусы ў Празе. Прысутнасць беларусаў у П. вядома з 14 ст. У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў П. літоўскай калегіі для моладзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) ун-це вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. 16 ст. ў П. жыў і працаваў бел. і ўсх.-слав. першадрукар і асветнік Ф.Скарына. З часоў 1-й сусв. вайны П. — буйны цэнтр грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця бел. эміграцыі. У 1918—25 тут быў консулам БНР М.Вяршынін. У вер. 1921 у П. адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя, а ўрад Чэхаславакіі выдзеліў больш за 100 стыпендый для бел. моладзі з Зах. Беларусі і Латгаліі. У 1922—26 у П. вучылася каля 350 беларусаў, у т. л. В.Жук-Грышкевіч, У.Жылка, Т.Грыб, У.Тамашчык. 1.11.1923 сюды пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (у т. л. П.Крачэўскі і В.Захарка), якія дзейнічалі да сак. 1943 (як эмігранцкі ўрад — да 1925). У міжваен. перыяд у П. існаваў шэраг бел. арг-цый і ўстаноў, у т. л.Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Беларускі навуковы кабінет; у 1928 засн.Беларускі загранічны архіў. Друкаваліся беларускамоўныя газеты і часопісы «Беларускі студэнт», «Перавясла», «Прамень», «Іскры Скарыны» і інш., у 1926 выдадзены зб. «Замежная Беларусь». У П. абаранілі доктарскія дысертацыі І.Дварчанін, М.Ільяшэвіч, Я.Станкевіч, А.Орса, Грыб, выкладаў Я.Ляцкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў П. асталяваліся каля 300 бел. сем’яў. Тут жылі і працавалі пісьменніца Л.Геніюш, спявак М.Забэйда-Суміцкі. Нац.-культ. дзейнасць беларусаў у П. актывізавалася ў 1990-я г. Гэтаму спрыяла культ. праграма «Беларусы ў П.», у час якой працавалі аднайм. выстаўка (12—16.2.1996), Скарынаўскі семінар, засн. Згуртаванне беларусаў у Чэхіі імя Ф.Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Скарыну. У сак. 1998 у П. адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Канады, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР. 25.3.1998 пры чэш. арг-цыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Бел. цэнтр (каардынатар У.Яндзюк), а ў сак. 1999 — інфарм. прадстаўніцтва бел.грамадз. ініцыятывы «Хартыя-97». 2—5.6.1998 у П. адбыўся VII Усеслав. з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чал. на чале з дэлегатам Нац. сходу С.І.Касцянам. У 1999 тут зарэгістравана бел. галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н.Валавай. У адпаведнасці з рашэннем Мін-ва адукацыі Чэхіі ў пражскіх ВНУ у 2000 працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.
Літ.:
Георгиевская Е.Б. Прага. М., 1967;
Буриан И., Свобода И. Пражский Град: Путеводитель. Прага, 1974.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура), А.С.Ляднёва (беларусы ў Празе).
Прага. Фасад сабора святога Віта.Панарама г.Прага.Панарама Старой Прагі.Прага. Гадзіннік на ратушы ў Старым горадзе.Масты Прагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́Й (Paraguay),
Рэспубліка Парагвай (гуарані Tetâ Paraguay, ісп. República del Paraguay), дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Балівіяй, на У з Бразіліяй, на Пд і З з Аргенцінай. Пл. 406,8 тыс.км². Нас. 5434,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — гуарані і іспанская. Сталіца — г.Асунсьён. Краіна падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (14 мая).
Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеаг. выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Кангрэсу (Палата дэпутатаў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на ўсеаг. выбарах на 5 гадоў, выканаўчая — ураду, які прызначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр краіны займае алювіяльная нізіна р. Парагвай, на ПнУ — ускраіны Бразільскага пласкагор’я, на З — раўніна Гран-Чака (выш. да 500 м, асобныя ізаляваныя горы выш. да 1000 м). Ёсць невял. радовішчы жал., марганцавых і медных руд, кухоннай солі, нафты і інш. Клімат трапічны, на У вільготны, на З сухі. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C, студз. 27—29 °C. Ападкаў ад 2200 мм на У да 700—1000 мм за год на З. Рачная сетка на У і ў цэнтры густая. Гал. рэкі Парана і яе прыток Парагвай. Пад лесам і хмызнякамі 32% тэрыторыі. На У мяшаныя трапічныя лясы, на З трапічнае рэдкалессе з каштоўнымі пародамі дрэў (квебраха, гуаякан, альгараба і інш.) і ўчасткі саваннаў. У складзе жывёльнага свету ягуары, тапіры, браняносцы, мурашкаеды, малпы, нутрыі, шмат птушак і змей. Нац. паркі — Дэфенсорэс-дэль-Чака, Тынфунке і інш.
Насельніцтва. Каля 95% складаюць парагвайцы — народ, які сфарміраваўся ад змяшання індзейцаў гуарані з нешматлікімі ісп. каланістамі 16—17 ст. Жывуць таксама бразільцы, немцы, аргенцінцы. У неабжытых раёнах захаваліся індзейскія плямёны. Вернікі пераважна католікі (больш за 90%), ёсць пратэстанты і інш. Сярэднегадавы прырост 2,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 13,4 чал. на 1 км². Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана на У ад р. Парагвай, дзе шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 53% насельніцтва. У г. Асунсьён 1,1 млн.ж. з прыгарадамі (1999), больш за 100 тыс.ж. у гарадах Энкарнасьён, Кансепсьён, Сан-Ларэнса, Вільярыка. У сельскай гаспадарцы занята 45% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 16%, у абслуговых галінах — 39%.
Гісторыя. У дакалумбаву эпоху на тэр. П. жыцці індзейцы гуарані, якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем, рыбнай лоўляй, вырошчвалі с.-г. культуры. У 1537 у П. з’явіліся іспанцы, якія заснавалі г. Асунсьён — адм. цэнтр ісп. калоній на ПнУПаўд. Амерыкі. У 1588 з’явіліся місіянеры-езуіты. З мэтай хрысціянізацыі гуарані яны стварылі спец. пасяленні — рэдукцыі, у якіх індзейцы займаліся земляробствам. У хуткім часе рэдукцыі ператварыліся ў своеасаблівую «дзяржаву езуітаў». У 1767 ісп. кароль Карл III выгнаў езуітаў з ісп. калоній, рэдукцыі былі знішчаны, а іх землі захапілі ісп. каланісты. З 1776 П. — частка ісп. віцэ-каралеўства Ла-Плата з цэнтрам у г. Буэнас-Айрэс. У выніку антыісп. паўстання 14.5.1811 абвешчана незалежнасць П. У 1814—40 кіраўнік дзяржавы Х.Г.Франсія праводзіў палітыку ізаляцыі П. ад знешняга свету. У 1844 прэзідэнтам стаў К.А.Лопес, які спрыяў развіццю гандлю, буд-ву чыгунак, школ, стварыў моцную армію. У 1862 прэзідэнтам абраны яго сын Ф.С.Лопес, у час кіравання якога краіна ўцягнута ў вайну з Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем (1864—70); гл.Парагвайская вайна). У выніку паражэння П. страціў амаль палавіну тэр. і насельніцтва.
Пасля вайны ў П. вялася працяглая барацьба за ўладу паміж рознымі клікамі, за 1870—1932 змяніліся больш як 30 прэзідэнтаў. У 1954 у П. ўсталявалася дыктатура ген. А.Стрэснера, які абапіраўся на ваен. вярхі і партыю «Каларада» (засн. ў 1874). У час яго дыктатуры (1954—89) у выніку рэпрэсій загінула больш за 12 тыс.чал. У лют. 1989 Стрэснер скінуты ген. А.Радрыгесам, які пачаў паліт. лібералізацыю рэжыму. У маі 1993 адбыліся першыя за 40 гадоў свабодныя выбары, на якіх прэзідэнтам абраны лідэр партыі «Каларада» Х.К.Васмосі. У 1997 у 1-м туры прэзідэнцкіх выбараў перамог кандыдат «Каларада» Х.Аўеда, арыштаваны пазней па абвінавачанні ў забойстве паліт. саперніка. Новы прэзідэнт Р.А.Кубас Грау вызваліў Аўеда, але пад пагрозай імпічменту ў 1999 уцёк з краіны. У сак. 1999 прэзідэнтам П. абвешчаны кіраўнік Сената Л.А.Г.Макі. П. — чл.ААН (з 1945) і Лігі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.11.1992. У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыянальна-рэсп. асацыяцыя «Каларада», Сапраўдная ліберальна-дэмакратычная, Рэвалюцыйная фебрэрысцкая і інш.
Гаспадарка. П. — аграрна-індустр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. У 1990-я г. ў гаспадарцы назіраецца паляпшэнне эканам. становішча, працягваюцца рэформы ў агр. сектары, прыватызацыя, лібералізацыя знешнегандлёвага абароту. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 19,8 млрд.дол. (3600 дол. на чалавека). 27% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы, 30% — у прам-сці, 43% — у абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы каля 2,5 млн.га выкарыстоўваецца пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, больш за 22 млн.га пад пашай і лугамі. Значная частка зямель належыць буйным латыфундыстам. Асн. галіна — пашавая жывёлагадоўля мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 9,8, свіней — 2,5, коней — 0,7, авечак — 0,4, коз — 0,1, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—14,8 млн. курэй). Гал.харч. культуры (тыс.т., збор у 1998): кукуруза — 690, маніёк — 2200, соя — 1410, пшаніца — 320, рыс — 80, батат, фасоля. На экспарт вырошчваюць бавоўну — 550 тыс.т (1998), цукр. трыснёг, каву, тунг, тытунь, арахіс, цытрусавыя. Асн. жывёлагадоўчыя раёны — міжрэчча Парагвая і Параны, усход Гран-Чака, земляробства ў далінах гал. рэк. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, асабліва квебраха, збор дзікарослага парагвайскага чаю (матэ). Рыбалоўства і паляўніцтва. У прам-сці вылучаецца электраэнергетыка. Працуюць 2 буйныя ГЭС на р. Парана — браз.-парагвайская Ітайпу (магутнасць 12,6 млн.кВт, найб. ў свеце) і аргенцінска-парагвайская Ясірэта-Апіпе (3,7 млн.кВт), некалькі сярэдніх ГЭС на інш. рэках. У 1996 атрымана 45 млрд.кВт∙гадз. электраэнергіі, з іх 99,9% — на ГЭС, экспартавана ў суседнія краіны (найб. у Бразілію) 40,3 млрд.кВт∙гадз. Здабыча каменнай солі і буд. матэрыялаў. Невял. прадпрыемствы па перапрацоўцы пераважна с.-г. сыравіны. Развіты харч. і харчасмакавая, найб. мясахаладабойная (выпускае штогод каля 300 тыс.т мяса і мясапрадуктаў) прам-сць, вытв-сць тунгавага, какосавага і эфірнага алею, дрэваапрацоўка і вытв-сць дубільнага экстракту з драўніны квебраха (1-е месца ў свеце), тэкст., тытунёвая галіны. Найб. прадпрыемствы: нафтаперапрацоўчы і па вытв-сці мінер. угнаенняў з-ды каля Асунсьёна, сталеплавільны ў г. Вілья-Аес (150 тыс.т сталі за год), цэментны каля г. Кансепсьён. Развіты саматужныя промыслы: ганчарны, пляценне сумак і кошыкаў, выраб нац. карункаў, адзення і абутку. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, чыгуначны. У краіне 29,5 тыс.км аўтадарог, у т. л. 2,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 3,1 тыс.км суднаходных рэк, 971 км чыгунак, 10 аэрапортаў; участак Панамерыканскай шашы і Трансчакская шаша (злучае Асунсьён з Балівіяй). Гал. порт — Асунсьён, там жа міжнар. аэрапорт. У 1997 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2,5 млрд.дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (каля 50% па кошце), электраэнергія, соя, драўніна, алей, мясныя прадукты, кава; у імпарце спажывецкія тавары, машыны, абсталяванне і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Бразілія (48% экспарту, 29% імпарту), ЗША (адпаведна 4 і 22%), Аргенціна (9 і 14%). Замежны турызм. Краіна атрымлівае дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — гуарані.
Літаратура. Развіваецца на мовах ісп. і гуарані. У перыяд ісп.калан. панавання (16 — пач. 19 ст.) ствараліся гіст. хронікі, развіваўся багаты фальклор індзейцаў гуарані. Станаўленне нац. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. Першы паэт-рамантык, стваральнік нац.патрыят. лірыкі і нац. гімна — Н.М.Талавера. У канцы 19 — пач. 20 ст. пісьменнікі асветнікі С.Баэс, М.Дамінгес, Р.Барэт спалучалі літ. публіцыстыку і крытыку з гіст.-філас. пошукамі. Ідэі асветнікаў паўплывалі на творчасць Х.Э.О’Ліры, Э.Фарыньі Нуньеса. Анталогія нар. паэзіі «Лясныя кветкі» (1917) спрыяла актыўнаму выкарыстанню фальклору гуарані (паэзія А.Гуанеса, М.Артыса Герэра). Х.Карэа — заснавальнік нац. драматургіі (п’еса «Голад няшчасных») і арганізатар нар.т-ра гуарані. Развівалася маст. проза (хранікальна-дакумент. раманы Х.Пастара Бенітэса). Творчасць пісьменнікаў 1920—30-х г. адметная дэмакр. ідэямі, сац. тэматыкай, антыімперыяліст. накіраванасцю (Э.Кампас Сервера, Х.Пла, Э.Рамера, А.Роа Бастас). З канца 1940-х г.л-ра П. развівалася ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій; большасць пісьменнікаў эмігрыравала. У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у парагвайскую л-ру зрабілі Рамера (зб-кі вершаў «Параненая маланка», 1967; «Выгнанне і вечар», 1975), Роа Бастас (раманы «Сын чалавечы». 1960; «Я, Вярхоўны», 1974), Г.Касаксія (раманы «Выгнаннікі», 1966; «Наследнікі», 1975), Пла (п’есы і зб. вершаў «Закаханы пыл», 1968) і інш.
Архітэктура. У перыяд ісп. каланізацыі (з 1520-х г.) у місіях езуітаў (рэдукцыях) будавалі арх. комплексы з храмам, вял. дварамі, майстэрнямі, складамі, дамамі для індзейцаў. 3-нефавыя драўляныя каркасныя касцёлы, абкружаныя галерэямі, мелі прымітыўныя фасады з цэглы і адобы (сырцовая цэгла з дабаўленнем рэзанай саломы), якія кантраставалі з багатым аздабленнем інтэр’ера. У канцы 17 — пач. 18 ст. з’явіліся першыя каменныя храмы ў стылі барока (арх. Х.Б.Прымалі, А.Фаркада і інш.). Жылая забудова і цяпер пераважна 1-павярховая, спалучае ісп. тып дома (з унутр. дваром-патыо) з мясц. каркасна-галерэйнай сістэмай. У вёсках, невял. гарадах былі пашыраны хаціны з адобы, гліны, трыснягу, некалькі дамоў аб’ядноўваліся агульным дахам. З 18 ст. пачалі фарміравацца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, 2 цэнтр. плошчамі (адна — з храмам, другая — з ратушай). У 1840—65 сталіца П. Асунсьён перапланавана, на месцы знесеных будынкаў калан. часу ўзведзены грамадскія збудаванні і імпазантныя палацы ў неакласіцыстычным стылі: Паласіо дэль Кангрэса (б. оперны т-р на ўзор «Ла Скала» ў Мілане), Араторыо дэ Нуэстра Сеньёра дэ ла Асунсьён (цяпер Нац. пантэон герояў; абодва італьян.арх. А.Равіца), чыг. вакзал і інш. Пабудаваны сабор (1842—50, арх. Равіца), касцёлы Сантысіма Трынідад (1854), Ла Энкарнасьён (1893, італьян.арх. Дж.Каломба) — усе ў Асунсьёне; і інш. Сярод пабудоў 20 ст. — каледж «Бразілія-Парагвай» у Асунсьёне (1950—60-я г., браз.арх. А.Э.Рэйдзі, Р.Бурле Маркс) і інш. Паркі: «К.А.Лопес», Кавальера, батанічны. Музеі: прыгожых мастацтваў і старажытнасцей, гісторыі і этнаграфіі, Збор К.А.Пусінеры Скала і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. П. мастацтва індзейскіх плямён развівалася ў рэчышчы дэкар. аздаблення утылітарных рэчаў (керамічныя вырабы, адзенне і інш.). З 16 ст.ісп. каланізатары арганізоўвалі маст. школы для аздаблення храмаў. Пашырыліся алтарны жывапіс, разьба па дрэве і камені, гравіроўка па метале. У 17—18 ст. у стылях барока і маньерызму развіваліся жывапіс (Х.М.Кавію), графіка (Т.Тылькара). Самабытнасцю вызначаліся разное аздабленне парталаў, дэкор алтароў, паліхромная скульптура касцёлаў, у якіх спалучаліся стыль ісп. «чурыгерэска» і маст. традыцыі індзейцаў (выявы трапічных звяроў і пладоў, Хрыстос і анёлы з індзейскімі тварамі і інш.). З 19 ст. развіваецца свецкае мастацтва (пейзажы, партрэты, быт. кампазіцыі жывапісцаў А.Гарсія, С.Рыяса і інш.). У 1910 жывапісец і мастацтвазнавец П.Альборна заснаваў Парагвайскую АМ. У 20 ст. развіваліся рэаліст. кірунак (жывапісцы Альборна, А.Гевары, скульптары Ф.д’Альмейды, Э.Мей Ліча, В.Пальярола, А.Пеньі, графік Х. дэ ла Эрэрыя і інш.), мадэрнісцкія кірункі (жывапісец К.Каламбіна, скульпт. Б.Куджары і інш.). Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва спалучае індзейскія і ісп. традыцыі. Пашыраны выраб тонкіх карункаў «ньядуці», гліняных фігурак і пасудзін, упрыгожанняў з медзі, серабра, пер’я, фігуратыўных падвесак з дрэва і косці, пляценне з пальмавых валокнаў і інш.
Музыка П. ўключае музыку індзейскую (гуарані, мака) і крэольскую. У індзейскім муз. фальклоры пашыраны абрадавыя, прац., гіст., лірычныя і інш. песні, інстр. музыка. Сярод інструментаў: падоўжныя і папярочныя флейты (мімбі), акарыны, касцяныя (кангаэра) і бамбукавыя (туру) трубы, барабаны і інш. ўдарна-шумавыя, у т. л.бразготкі мбарака. У крэольскай музыцы найб. пашыраны танцы (парагвайская полька, галандрыяна, сьела, саліта, вальс), традыц. песенныя жанры (парагвайскія каньён і гуаранія). Асн.муз. інструменты гітара і арфа. У 19 ст. адзінымі пастаяннымі муз. калектывамі ў П. былі ваен. духавыя аркестры. У канцы 19 ст. гастраліравалі еўрап. музыканты, якія выступалі ў Нац. т-ры (цяпер Муніцыпальны), т-ры «Алімп». У 1895 створаны «Парагвайскі ін-т» у Асунсьёне з муз. секцыяй і сімф. аркестрам, у 1913 — «Парагвайская гімназія», якая мела сімф. аркестр і стр. «Гайдн-квартэт» (у 1934 ін-т і гімназія аб’яднаны ў «Парагвайскі Атэнеум»), Сярод музыкантаў канца 19—20 ст. кампазітар, спявак і дырыжор Л.Каведаньі, кампазітар, скрыпач і дырыжор Н.Пельегрыні (адзін з аўтараў нац. гімна), кампазітары Х.А.Флорес, Х.М.Бётнер, Р.Хіменес, Э.Хіменес, Х.К.Марэна Гансалес, К.Лара Барэйра і інш. У Асунсьёне працуюць муз. класы пры «Парагвайскім Атэнеуме», муз.-пед. вучылішча (з 1940), прыватныя муз. т-вы і навуч. ўстановы. Музыканты і інш. дзеячы мастацтва і навукі П. аб’яднаны ў Асацыяцыю парагв. аўтараў (з 1951).
Літ.:
Торрес-Риосеко А Большая латиноамериканская литература: Пер. с исп. М., 1972.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Парагвая.Парагвай. Панарама Асунсьёна.Да арт.Парагвай. Сплаў лесу па р. Парана.