Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г.Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген.савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.
Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас.р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.
Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген.савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген.савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн.чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн.дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918.
Адбылося 5—6 жн., найбуйнейшае ў ланцугу леваэсэраўскіх мяцяжоў 1918. Повадам паслужыла адпраўка чырвонаармейцаў на Усх. фронт. Кіраўнікі паўстання — мясц. эсэры Буевіч, Петражыцкі, Іваноў. Большасць чырвонаармейцаў Невельскага, Аршанскага пяхотнага, 1-га Бел. коннага палкоў, артдывізіёна былі з мясц. сялян, якія лічылі найпершай задачай барацьбу з ням. акупантамі. Да іх далучыліся чырвонаармейцы Стайкаўскага і Сенненскага палкоў. Паўстанцы выступілі супраць улады Саветаў, Брэсцкага міру 1918. Аршанскі Савет рабочых, чырвонаармейскіх і сял. дэпутатаў быў ліквідаваны, як орган улады створаны рэўком. Паўстанне задушылі чырвонаармейскія часці з Віцебска пад кіраўніцтвам С.Крылова і Смаленска пад камандаваннем Я.Адамовіча, конніца, 2 браневікі, атрад чэкістаў на чале з нам. старшыні ЧКЗах.вобл. Я.Кромбергам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ АКАДЭ́МІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1995 на базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага (з 1953) і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага (з 1980) вучылішчаў. Рыхтуе: камандзіраў падраздзяленняў мотастралковых, танкавых, паветрана-дэсантных, інжынерных, аўтамабільных, унутраных, пагранічных войск; камандзіраў падраздзяленняў тылавога забеспячэння, артылерыі, афіцэраў-псіхолагаў, лётчыкаў, ваен. інжынераў ракетных войск і артылерыі, войск сувязі, супрацьпаветранай абароны, ваенна-паветраных сіл. У 1995—96 навуч.г. ф-ты: камандна-штабны, агульнавайсковы, ракетных войск і артылерыі, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, інжынерных і аўтамаб. войск, авіяцыйны, падрыхтоўкі замежных ваеннаслужачых, унутр. войск Мін-ваўнутр. спраў, пагранічных войск. Ад’юнктура з 1956, дактарантура з 1993. Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1967, доктарскіх — з 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЖЭ́Н ((Vergennes) Шарль Граўе дэ) (28.12.1717, г. Дыжон, Францыя — 13.2.1787),
французскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. На дыпламат. службе з 1739. Працаваў у франц. пасольствах у Партугаліі (1739—42 і 1746—49) і Германіі (1742—45). Франц. пасланнік у герм. гарадах Кобленц (1750—52), Гановер (1752) і Мангейм (1753). У 1755—68 пасол у Турцыі, у 1771—74 у Швецыі. У 1774—83 міністр замежных спраў. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 падтрымліваў каланістаў, удзельнічаў у заключэнні амерыкана-французскага дагавора 1778, амер. палітыку замацаваў у Версальскім мірным дагаворы 1783. У 1783—87 узначальваў фін.савет. Заключыў англа-французскі (1786) і руска-французскі (1787) дагаворы аб гандлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ УТВАРЭ́ННІ СССР 1922,
дзяржаўны акт, які юрыдычна аформіў аб’яднанне 4 сав.сацыяліст. рэспублік (РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР) у дзяржаву — Саюз Сав.Сацыяліст. Рэспублік. Зацверджаны 30.12.1922 (разам з Дэкларацыяй аб утварэнні СССР) на I з’ездзе Саветаў СССР; пазней уключаны ў Канстытуцыю СССР 1924. Прадугледжваў адзінае саюзнае грамадзянства для ўсіх грамадзян сав. рэспублік, стварэнне саюзных органаў улады (ЦВК, 10 наркаматаў, Вярх. суда, Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення і інш.), права свабоднага выхаду з Саюза кожнай з рэспублік. Перастаў дзейнічаць у снежні 1991 у сувязі з абвяшчэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; гл.Белавежскія пагадненні 1991). 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі прыняў пастанову аб дэнансацыі дагавора 1922 у адносінах да Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕРА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (ЛДП),
палітычная партыя ліберальна-дэмакр. кірунку ў Беларусі.
Створана ў лют. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Вышэйшы савет. Асн. задачы — пабудова незалежнай бел. дзяржавы з эканомікай, якая эфектыўна спалучае дзярж. сектар з інш. формамі ўласнасці. Гал. прыярытэты сац.-эканам. палітыкі — дабрабыт найперш асобнага чалавека, асобы. Знешнепаліт. стратэгія ЛДП зыходзіць са шматвектарнасці і эканам. мэтазгоднасці. Асн.сац. база партыі — высокакваліфікаваны рабочы клас, частка сялянства, прадстаўнікі дзелавых колаў, інтэлігенцыі, ваенна-прамысл. комплексу, студэнцтва, сілавых структур. Арг-цыі партыі дзейнічаюць ва ўсіх абл. цэнтрах, а таксама ў 115 раёнах і гарадах Беларусі (1999). Партыяй створаны Ліберальна-дэмакр.бел. саюз моладзі, Жаночая ліберальная асацыяцыя. Пад эгідай ЛДП дзейнічаюць 7 грамадскіх і ветэранскіх арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ МАРСКА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ (International Maritime Organization; IMO),
спецыялізаваная ўстанова AAH, міжнар. міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1959 як Міжурадавая марская кансультатыўная арг-цыя (да 1982) у мэтах садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву ў галіне марскіх перавозак і марскому гандлю. Мэты ІМО: служыць апаратам для супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй паміж урадамі па тэхн. пытаннях, якія адносяцца да міжнар.гандл. суднаходства; садзейнічаць адмене дыскрымінацыйных дзеянняў і залішніх абмежаванняў урадаў, закранаючых міжнар.гандл. суднаходства, а таксама прыняцце норм па забеспячэнні бяспекі на моры і папярэджанні забруджвання мора з суднаў. Вышэйшы орган ІМО — Асамблея, якая склікаецца раз у 2 гады. Паміж сесіямі Асамблеі работай ІМО кіруе Савет. Штаб-кватэра ІМО размешчана ў Лондане (Вялікабрытанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЕ́ЦКІ НАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С (ННК; Deutscher Volkskongreß),
сход дэлегатаў ад паліт. партый і масавых арг-цый, кіроўны Сацыяліст. адзінай партыяй Германіі (САПГ; засн. ў 1946) пасля 2-й сусв. вайны. Пасяджэнні кангрэса адбыліся ў снеж. 1947, сак. 1948 і маі 1949, ён выбраў у сак. 1948 1-ы, у маі 1949 2-і Нямецкі нар.савет (апошні 30.5.1949 прыняў праект канстытуцыі, а 7.7.1949 канстытуіраваўся як часовая Нар. палата і абвясціў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку, ГДР). ННК праводзіў сав. палітыку адносна Германіі і служыў для САПГ інструментам у будаўніцтве аднапарт. сістэмы. У зах.акупац. зонах краіны забаронены ў пач. 1948. У сувязі з заснаваннем ГДР ННК канстытуіраваўся ў кастр. 1949 як Нац. фронт дэмакр. Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,
тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),
спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.
Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».
Літ.:
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.
Л.В.Паўлава.
Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).