атрад касцістых рыб. 3 падатр., 8 сям., 116 родаў, каля 500 відаў. Пашыраны ў акіянах. Большасць відаў жыве ў тропіках і субтропіках у прыбярэжнай зоне, зрэдку на глыбінях больш за 1 км; некат. заходзяць у рэкі. Донныя рыбы. Падатр. плеўранектападобныя мае найб. колькасць прамысл. відаў. Уключае 5 сям. Самае прадстаўнічае — сям. камбалавыя (Pleuronectidae) — 93 віды. Найб. тыповыя рыбы — ліманды, марскія і рачныя камбалы, марскія языкі, палтусы.
Даўж. ад 6 см да 4,7 м, маса ад некалькіх грамаў да 330 кг. Цела несіметрычнае, пляскатае, шырокае і кароткае. Вочы на адным (правым або левым) баку галавы. Плавальнага пузыра няма Брушны бок цела слаба пігментаваны, спінны здольны зменьваць афарбоўку пад колер грунту. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, некат. рыбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАДО́НТЫ [ад грэч. kōnos конус + odus (odontos) зуб],
разрозненыя шкілетныя рэшткі выкапнёвых жывёл нявысветленай сістэм. прыналежнасці (часта вызначаюцца як сківічны апарат першасных рыб, кольчатых чарвей або рэшткі інш. жывёл). 8 сям., больш за 120 родаў. Вядомыя ў адкладах кембрыю — трыясу, верхняга мелу Еўропы, Паўн. Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі. На Беларусі выяўлены ў карбанатных адкладах ардовіку — ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, сярэдняга і верхняга дэвону, карбону Аршанскай і Прыпяцкай упадзін.
Памер ад долей міліметра да 3 мм, зубападобныя, грабеньчатыя, лістападобныя, матавыя або празрыстыя, ад бурштынавага да цёмна-карычневага колеру. Вылучаюць групы К. простых (конусападобныя), складаных (у выглядзе сагнутых стрыжняў) і плоскіх (нізкія з шырокай плоскай асновай). Па рэштках вызначаюць узрост асадкавых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕФА́ЛЕВЫЯ (Mugilidae),
сямейства рыб атр. кефалепадобных. 15 родаў, больш за 100 відаў. Пашыраны ў марскіх, саланаватых і прэсных вадаёмах трапічных і ўмераных шырот, у т. л. ў Азоўскім, Каспійскім, Чорным і Японскім морах. Трымаюцца каля берагоў невял. касякамі, спалоханыя часта выскакваюць з вады. Асн.прамысл. віды з роду Mugil: лабан (M. cephalus), сінгіль (M. auratus), вастранос (M. saliens).
Даўж. да 90 (звычайна 35—50) см, маса да 7 кг. Цела валькаватае, тулава і галава ўкрыты буйной луской. На спіне 2 плаўнікі. Рот маленькі, зубы дробныя або адсутнічаюць. Нерастуюць паблізу берагоў у вер.—кастрычніку. Ікра пелагічная. Для нагулу заходзяць у залівы, ліманы. Кормяцца дэтрытам, абрастаннямі, дробнымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу, спарт. лоўлі і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІКАВЫЯ, конікі сапраўдныя (Tettigonioidea),
надсямейства даўгавусых насякомых атр. прамакрылых. Вядомы з верхняй пермі. Каля 1130 родаў, больш за 7000 відаў. Пашыраны ўсюды (каля 70% відаў — у трапічным і субтрапічных паясах). На Беларусі найб. вядомыя конікі: бадзяжны (Podisma pedestris), звычайны (Chorthippus brunneus), зялёны (Tettigonia viridissima), шэры (Decticus verrucivorus), пілахвост хваёвы (Baibitistes constrictus), пласцінакрыл звычайны (Phaneroptera falcata). Жывуць на сенажацях, лясных палянах, у садах.
Даўж. 8—132 мм. Вусікі даўжэйшыя за цела, мнагачленікавыя. На брушку ў самак доўгі серпа- ці шаблепадобны яйцаклад. На надкрылах у самцоў органы стракатання. Заднія ногі скакальныя, на галёнках пярэдніх ног органы слыху. Расліннаедныя ці ўсёедныя, радзей драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],
1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаўпатрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.
2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.
3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл.Рымская курыя).
4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СТАЎКІ, ластаўкавыя (Hirundinidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, 79 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. На Беларусі 3 віды: Л. берагавая, або беражанка (Riparia riparia), Л. вясковая, або касатка (Hirundo rustica), і Л. гарадская, або варанок (Delichon urbica). 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 28 см, маса да 60 г. Апярэнне шчыльнае, пераважна цёмнае з метал. бляскам зверху і светлае знізу. Крылы доўгія, вузкія. Дзюба кароткая, сплюшчаная. Хвост выемчаты. Ногі кароткія. Кормяцца насякомымі, Л. дрэвавая амерыканская (Tachycineta bicolor) — ягадамі ядлоўцу. Гнёзды паўшарападобныя або ў выглядзе плоскай біклажкі, робяць з грунту, змешанага са слінай, прымацоўваюць іх да скал і пабудоў; у некат. відаў гнёзды ў норах і дуплах. Часта гняздуюцца калоніямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ САПРА́ЎДНЫЯ (Muscidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Каля 50 сінантропных відаў. На Беларусі больш за 200 відаў. Найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў: афіра (Ophyra), гнаявіцы (Mesembrina), жыгалкі (Stomoxys), зубаножкі (Hydrotaca), мухі дамавыя (Muscina), М.с. (Musca), фанія (Fannia) і інш. Звычайныя віды; жыгалка асенняя, муха пакаёвая, афіра беларотая (O. leucostoma), гнаявіца чорная (M. meridiana), муха палявая жывародная (Musca larvipara) і інш.
Даўж да 15 мм. Цела бурае, жоўтае, шэрае, чорнае з метал. бляскам (зялёным або сінім). Большасць відаў корміцца і развіваецца ў арган. тканках і рэштках, некат. — драпежнікі і крывасмокі, ёсць паразіты (на саранчовых і джалячых перапончатакрылых).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТЭРАЗА́ЎРЫ, лятаючыя яшчары (Pterosauria),
атрад вымерлых паўзуноў падкласа архазаўраў. 2 падатр.: рамфарынхі і птэрадактылі, каля 35 родаў, 110 відаў. Вядомы з адкладаў позняга трыясу (Італія), юрскага і мелавога перыядаў на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Паходзяць ад псеўдазухій. Прыстасаваныя да палёту. Насялялі прыбярэжную зону мораў і дэльты рэк (некат., магчыма, маглі і плаваць).
Цела пакрывалі густыя воласападобныя прыдаткі («поўсць»). Крылы ўтвораны скурнай складкай-перапонкай паміж пярэднімі канечнасцямі і целам (па тыпе лятучых мышэй), у размаху ад 7 см да 15 м. Шкілет лёгкі. моцны, пнеўматычны. Чэрап з вял. вачніцамі і падоўжанымі сківіцамі. Мелі зубы (у некат. рагавая дзюба). Шыя падоўжаная і гнуткая. Карміліся рыбай, воднымі беспазваночнымі. паветранымі насякомымі. Магчыма, былі яйцароднымі і гамаятэрмнымі жывёламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НАК (Chamomilla),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Р.: аптэчны, ці абадраны (Ch. recutita), і рамонкападобны, або пахучы (Ch. suaveolens). Трапляюцца ўздоўж дарог, на лугах, пашы, палях.
Аднагадовыя травяністыя пахучыя расліны. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя выш. да 80 см. Лісце перыстарассечанае. Суквецце — кошык, у якім краявыя кветкі язычковыя, белыя ці плёнчатыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Кошыкі дыяметрам да 2,5 см. Плод — сямянка. Таксама Р. называюць расліны з родаўнівянік, пірэтрум, пупок і інш., у якіх сярэдзінныя трубчастыя кветкі ў кошыку жоўтыя, а краявыя псеўдаязычковыя кветкі («пялёсткі») белыя. Сапраўдныя Р. — адналетнікі з канічным полым ложам суквецця і з сямянкамі, якія ў вільготным стане аслізняюцца. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАМПІ́РЫ (Vampyrum),
род кажаноўсям.амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.
Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.