рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл.Нафтаперапрацоўка).
Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв.альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
вытворнае або другаснае значэнне, якое слова набывае ў працэсе яго моўнага ўжывання. У адрозненне ад прамога значэння П.з.с. заўсёды матываванае. Перанос значэнняў адбываецца на аснове пэўных кантэкстуальных ці асацыятыўных сувязей, якія ўзнікаюць паміж асобнымі прадметамі ці з’явамі рэчаіснасці («крыло птушкі» — «крыло самалёта», «акно хаты» — «акно ў прыроду», «лясная дарога» — «дарога да бацькоў»). Гэтыя сувязі могуць абумоўлівацца падабенствам прадметаў паводле іх вонкавай формы, колеру, месцазнаходжання ці размяшчэння ў прасторы, характару руху, функцыі ці прызначэння («нос лодкі», «свінцовыя хмары», «падэшва гары», «рукаў ракі», «галава калоны», «гняздо слоў», «дворнікі аўтамабіля»); тоеснасці прадметаў па якіх-н. знешніх ці ўнутр. праяўленнях, дзеяннях, адносінах ці адчуваннях («лагодны ветрык», «цёплае пачуццё», «кіслая ўсмешка», «шэпча лес», «дыхае зямля», «спіць рака», «дрэмле поле»); суаднесенасці прадметаў ці асоб па месцы і родзе заняткаў, па якіх-н. найб. характэрных для іх адметнасцях («уважлівая аўдыторыя», «здольны клас»). П.з.с. звязаны з асн. значэннем адносінамі метафарычнай ці метанімічнай залежнасці, суаднесенасцю назваў цэлага і яго частак (гл.Метафара, Метанімія, Сінекдаха).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗА (Міхаіл) (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599),
праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Са шляхецкага роду герба «Рагоза» Мінскага ваяв. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў — Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага. З 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы правасл. царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх улад у царк. справы. Пры ім забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта (з 1590 кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на штогадовым саборы духавенства з удзелам шляхты і брацтваў). Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царк. іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі. З 1594 далучыўся да падрыхтоўкі злучэння правасл. царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царк. сабор у Брэсце абвясціў Брэсцкую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы, за што правасл. сабор 1596 пазбавіў яго сана. Ва уніяцкай царкве Р. захаваў тытул мітрапаліта. У пашырэнні уніі карыстаўся падтрымкай каралеўскай улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫ ФОНДРэспублікі Беларусь,
уся зямля ў межах краіны з унутр. водамі і прыроднымі рэсурсамі. Парадак, умовы карыстання і валодання зямлёй рэгулююцца Зямельным правам. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (1990) З.ф. падзяляецца на землі с.-г.прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага і гіст.-культ.прызначэння, ляснога і воднага фондаў, запасаў. Састаўныя часткі З.ф. ўстанаўліваюцца дзяржавай у залежнасці ад патрэб развіцця нар. гаспадаркі. Пры неабходнасці землі з адной катэгорыі пераводзяць ў другую. Структура З.ф. Рэспублікі Беларусь на 1.1.1997: агульная плошча 207,6 тыс.км² (2076 тыс.га); з іх 45% займаюць с.-г. землі, 36% — лясы, 2% — воды, 17% — інш. землі. Найб. частка тэрыторыі пад с.-г. землямі, якія выкарыстоўваюцца для атрымання с.-г. прадукцыі. У іх уваходзяць ворныя землі, землі пад насаджэннямі, сенажацямі, пашамі. Структура с.-г. зямель Беларусі на 1.1.1997: агульная пл. 9333 тыс.га; з іх 6230 тыс.га (66,8%) ворныя землі, 146 тыс.га (1,5%) пад пастаяннымі культурамі, 1258 тыс.га (13,5%) пад сенажацямі, 1699 тыс.га (18,2%) пад пашай. У разліку на душу насельніцтва прыпадае 0,9 гас.-г. зямель, у т. л. 0,6 га ворных. У 1997 сярэдні памер плошчы с.-г. зямель калгасаў, саўгасаў і інш. калектыўных гаспадарак каля 3 тыс.га, фермерскіх гаспадарак 18 га. З агульнай плошчы с.-г. зямель 9267 тыс.га (99,3%) знаходзілася ў карыстанні с.-г. прадпрыемстваў і грамадзян. У іх складзе ў карыстанні калгасаў 5664 тыс.га (61,1%), саўгасаў і інш.дзярж., каап. і міжгасп. прадпрыемстваў — 2093 тыс.га (22,5%), у карыстанні грамадзян (асабістыя і фермерскія гаспадаркі) — 1510 тыс.га (16,4%). Лепшыя землі заняты пасевамі с.-г. культур. Пасяўныя плошчы пад культурамі ўстанаўліваюцца з улікам гасп. выкарыстання ўраджаю. Робяцца захады па паляпшэнні выкарыстання ўсіх частак З.ф. Гал. ўвага аддаецца росту прадукцыйнасці с.-г. зямель шляхам укаранення інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання культур і ўтрымання жывёлы, асваення найноўшых метадаў кіравання, рацыянальнага выкарыстання працы, зямлі, матэрыяльна-тэхн. і грашовых сродкаў. Інтарэсы стварэння канкурэнтна- і экспартназдольнай таварнай вытв-сці патрабуюць паскарэння тэмпаў інтэнсіфікацыі і росту ўзроўню яе эфектыўнасці пры выкарыстанні ўсіх састаўных частак З.ф., перш за ўсё с.-г. зямель.
комплекс навукова-даследчых устаноў, будынкаў адм., гасп. і вытв.прызначэння ў Мінску. Стварэнне комплексу пачалося ў 1931—32 у паўн.-ўсх. частцы горада паводле праекта Г.Лаўрова. У аснове кампазіцыйнага вырашэння сістэма паасобных павільёнаў і карпусоў для НДІ. Першым пабудаваны 3-павярховы лабараторны корпус, павернуты гал. фасадам да гар. магістралі (цяпер Скарыны праспект). У 1934—35 праектаванне і вядзенне буд-ва ажыццяўляў арх. І.Лангбард, які, пакінуўшы першапачатковую планіроўку карпусоў, змяніў іх аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю. Разгорнутыя пад прамым вуглом паасобныя аб’ёмы былі аб’яднаны агульным вестыбюлем з параднай 3-маршавай лесвіцай, 2-радовая каланада, пастаўленая перад ім, утварыла гал. корпус (завершаны ў 1939), надала яму ўрачыстую манументальнасць. У Вял.Айч. вайну гал. корпус пашкоджаны, у 1949 адноўлены; стаў адным з планіровачных вузлоў у забудове праспекта Скарыны. У 1960—70-я г створаны комплекс будынкаў у квартале паміж вуліцамі Сурганава і Акадэмічнай: 4—5-павярховыя карпусы ін-таў фізікі і фізіка-арган. хіміі (арх. А.Іваноў), матэматыкі (арх. А.А.Воінаў), агульнай і неарган. хіміі (арх. Г.Бенядзіктаў), фотабіялогіі, заалогіі, СКБ Ін-та фізікі (арх. А.А.Воінаў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа (арх. Э.Гальдштэйн).
На сумежных вуліцах узведзены будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (арх. А.Беразоўскі, Ю.Грыгор’еў), фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (А.Шчусеў) і інш. Да гал. корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны корпус прэзідыума (цяпер Ін-т гісторыі; 1964, арх. Н.Аладава, В Ладыгіна). У 1977 завершана буд-ва двух 14-павярховых карпусоў уздоўж вуліц Сурганава і Акадэмічнай, павернутых пад вуглом адзін да аднаго і аб’яднаных аб’ёмам канферэнц-залаў і Музеем стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы (арх. А.Духан, А.Красоўскі, Л.Хаюцін). З 1972 вядзецца буд-ва новага акадэмгарадка па вул. Жодзінскай (праект ін-та «Белдзяржпраект») на тэр. 310 га. Ён будзе складацца з адм.-грамадскага цэнтра, навук.-вытв. і жылой зон. Комплексы ўключаюць 2—3 групы, у кожнай па 4 будынкі рознага функцыян.прызначэння, аб’яднаныя паміж сабой пераходамі. Узведзены (1983) карпусы ін-таў фізікатэхн. і мікрабіялогіі (арх. В.Малышаў, А.Пецярбуржцаў, Я.Яснагародскі), геафізікі і геахіміі (арх. М.Вінаградаў, Г.Гераўкер, Б.Папоў) і інш.Іл.гл. да арт.Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́КНЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
валокны, якія фармуюць з раствораў ці расплаваў палімераў. Падзяляюцца на сінт. (з сінт. палімераў, напр., поліамідныя валокны, поліэфірныя валокны, поліакрыланітрыльныя валокны) і штучныя (з прыродных палімераў, пераважна з цэлюлозы і яе эфіраў — ацэтатнае валакно, віскознае валакно, медна-аміячныя валокны).
Выпускаюць у выглядзе монаніткі, штапельнага валакна ці пучка з многіх тонкіх і доўгіх валокнаў, злучаных пры дапамозе кручэння. Вытворчы працэс складаецца з 3 стадый: падрыхтоўка прадзільных расплаваў ці раствораў; фармаванне — працісканне расплаву (раствору) праз тонкія адтуліны фільеры ў асяроддзе, якое выклікае зацвердзяванне валокнаў у халодным ці гарачым паветры («сухі» спосаб) ці спец. растворы («мокры» спосаб) з далейшым арыентацыйным выцягваннем у 3—10 разоў і тэрмафіксацыяй для павышэння трываласці; апрацоўка валокнаў рознымі тэкстыльна-дапаможнымі рэчывамі.
Выкарыстоўваюць для вытв-сці тканін рознага прызначэння, штучнага футра, дывановых і панчошна-шкарпэткавых вырабаў, рыбалоўных сетак. У Беларусі штучныя валокны вырабляюць на Магілёўскім і Светлагорскім ВА «Хімвалакно», сінтэтычныя — на Наваполацкім ВА «Палімір» і Гродзенскім ВА «Хімвалакно».
Літ.:
Папков С.П. Теоретические основы производства химических волокон. М., 1990;
Цебренко М.В. Ультратонкие синтетические волокна. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
асноўныя канструкцыйныя элементы будынкаў і збудаванняў. Адрозніваюць нясучыя канструкцыі, агараджальныя канструкцыі і будаўнічыя канструкцыі дапаможнага прызначэння (унутр. перагародкі, лесвічныя маршы і пляцоўкі, аконныя рамы-вітражы і інш.). Агараджальныя будаўнічыя канструкцыі часта з’яўляюцца і нясучымі (напр., сцены і перагародкі ў грамадскіх будынках, рэзервуары, абалонкі, скляпенні і інш.).
Будаўнічыя канструкцыі падзяляюцца на жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, бетонныя (гл.Бетонныя вырабы і канструкцыі), каменныя (гл.Каменныя матэрыялы і канструкцыі), металічныя канструкцыі, драўляныя канструкцыі, азбестацэментныя (гл.Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі), пнеўматычныя канструкцыі. Выкарыстоўваюцца таксама канструкцыі са шклапластыкаў (часам у спалучэнні з клеенай драўнінай або фанерай і інш.). Будаўнічыя канструкцыі разлічваюць на трываласць, устойлівасць і ваганні з улікам вонкавай нагрузкі, уласнай вагі, уплыву т-ры, усадкі і інш. фактараў. Пры выкарыстанні будаўнічых канструкцый вял. значэнне надаецца іх тыпізацыі і уніфікацыі, удасканаленню тэхналогіі іх вытв-сці, выкарыстанню лёгкіх эфектыўных матэрыялаў, укараненню аптымальных канстр. вырашэнняў.
Будаўнічыя канструкцыі: а — буйнапанэльнага жылога дома (1 — сценавая панэль, 2 — панэль перакрыцця, 3 — лесвічны марш); б — прамысловага будынка (1 — падкранавая бэлька, 2 — калона, 3 — ферма перакрыцця, 4 — сценавая агароджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ ПА АСУШЭ́ННІ БАЛО́Т.
Працавала ў 1873—98 пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярац.буд-ва. Правяла пошукі і падрыхтавала ген. план асушэння балот Палесся (залаты медаль на сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1878). У 1874 зацверджаны план асушэння балот на пл. каля 8,7 млн.га. За час работы экспедыцыі асушана каля 500 тыс.га балот (у асноўным казённыя дачы — землі памешчыкаў і чыноўнікаў, часткова землі сялян); пракладзена больш за 4,6 тыс.км каналаў асушальнага і лесатрансп. прызначэння. Даследавалася эфектыўнасць вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжа на асушаных тарфяна-балотных глебах. Экспедыцыя арганізавала ў Пінску і в. Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім р-не) метэастанцыі. Метэаназіранні вяліся таксама ў в. Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі р-н). На прытоках Прыпяці і З каналах пабудаваны 13 вадамерных пастоў. Экспедыцыя афіцыйна ліквідавана ў 1902.
Літ.:
Козловский П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период // Проблемы Полесья. 1978. Вып. 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БЫ,
косцепадобныя органы большасці пазваночных жывёл і чалавека ў ротавай поласці на альвеалярных адростках верхняй і ніжняй сківіцы (у некат. рыб у глотцы). Асн. функцыі: захопліванне, трыманне і перажоўванне яды; у некат. жывёл служаць аховай ад ворагаў, у чалавека прымаюць удзел у голасаўтварэнні.
З. ўтвараюцца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Складаюцца з відазмененай косці (эмалі, дэнціну, цэменту). Маюць каронку (выступае над сківіцай, укрыта эмаллю), корань (размешчаны ў сківіцы, укрыты цэментам), шыйку (злучальная тканка). Унутры З. ёсць поласць, запоўненая зубной мякаццю (пульпай), у якой праходзяць крывяносныя сасуды і нервы; крывёй забяспечваюцца верхне- і ніжнесківічнымі артэрыямі, інервуюцца трайнічным нервам. У залежнасці ад формы каронкі і прызначэння адрозніваюць разцы, іклы, карэнныя З., ад колькасці каранёў — 1-, 2-, 3-карэнныя. Колькасць З. у драпежных жывёл да 44, у некат. сумчатых — да 58, у дэльфінаў — 240. У млекакормячых і чалавека 2 змены З.: малочныя (20, прарэзваюцца з 6 да 30 месяцаў) і сталыя (32, з 6 да 16 гадоў), З. мудрасці — да 30 гадоў. Найб. распаўсюджаныя пашкоджанні З.: зубны камень, карыес зубоў, пульпіт, перыядантыт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКА (франц. masque ад сярэднелац. mascus),
1) спецыяльная накладка з проразямі для вачэй, якая формай і малюнкам нагадвае твар чалавека, мысу жывёлы, галаву міфалагічнай істоты і інш. Паводле прызначэння падзяляюцца на рытуальна-абрадавыя і тэатр., у т. л. паўмаскі (закрываюць толькі верхнюю частку твару). Бываюць таксама парныя (2 выканаўцы паказваюць адну істоту), калектыўныя (пад адной М. хаваюцца некалькі выканаўцаў), М.-касцюмы, М., якія трымаюць у руках або надзяваюць на пальцы. Ужываецца і як элемент акцёрскага грыму (пластычная наклейка). Вядома са старажытнасці як паляўнічая маскіроўка, рытуальны атрыбут татэмічных і інш. язычніцкіх культаў, у якіх мела магічнае значэнне. Як элемент тэатр. грыму ўжывалася ў ант. т-ры, пазней у італьян. камедыі дэль артэ, паказах скамарохаў і інш.Найб. пашырана ў традыц. культуры народаў Азіі і Афрыкі. На Беларусі М. карысталіся скамарохі («мядзведзь», «каза», дзед і інш.), асобныя персанажы ў паказах нар. драм («Цар Максімілян»), акцёры т-раў Радзівілаў у алегарычных балетах. Як адзін са сродкаў сцэн. выразнасці сустракаецца ў пастаноўках сучасных т-раў, асабліва ў т-ры лялек.