БЕ́МБЕЛЬ (Андрэй Ануфрыевіч) (30.10.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. Расія — 13.10.1986),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1962). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1924—27) у М.Керзіна. Скончыў Ленінградскую АМ (1934). З 1947 на пед. рабоце, з 1953 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Яго творчасці ўласцівы апавядальнасць, імкненне да абагульнення, лаканічнасць і выразнасць формы. Першая манум. работа (з У.Рытарам) — рэльефы для Дома ўрада і Дома афіцэраў у Мінску (1932—36). Сярод работ, створаных у гады вайны, скульптура Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэла. У пасляваенны час ім выкананы гарэльеф для Манумента Перамогі ў Мінску — «9 мая 1945 года», помнік Дз.І.Мендзялееву перад будынкам хім. ф-та Маскоўскага ун-та, статуя «Беларусь сацыялістычная» для бел. павільёна на ВДНГ у Маскве, партрэты бел. акцёра П.С.Малчанава, партыз. камандзіраў Дз.Ц.Гуляева, П.З.Калініна і інш. Аўтар Кургана Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (арх. А.Стаховіч, 1969, Дзярж. прэмія Беларусі 1970), мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой (1971). У 1970—80-я г. стварыў партрэты Я.Купалы, А.Блока, І.Шамякіна і інш. У 1995 у Мінску ў яго доме-майстэрні створаны Музей сучаснай бел. скульптуры імя А.Бембеля.
Літ.:
Крэпак Б.А. Андрэй Бембель. Мн., 1988.
Н.В.Шаранговіч.
А.А.Бембель.А.Бембель. Герой Савецкага Саюза М.Ф.Гастэла. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ САЛДА́Т 1905—07.
Пачаліся ў канцы 1905 у гарнізоне Брэсцкай крэпасці пад уплывам рэв. руху ў краіне і агітацыі Брэсцкай ваенна-рэв. арг-цыі РСДРП, Брэсцкай арг-цыі Польскай сацыяліст. партыі ў Літве (ППС у Літве) і Брэсцкага с.-д.к-та Бунда. 7.12.1905 рота артылерыі гарнізона арганізавала мітынг, у якім прынялі ўдзел 7, 11, 12, 15 і 16-я роты. Салдаты ўхвалілі рэзалюцыю з патрабаваннямі вызваліць севастопальскіх і кранштацкіх матросаў і зняволеных салдат-агітатараў Брэсцкага гарнізона, звольніць салдат звыштэрміновай службы, палепшыць умовы службы, не пасылаць войскі на задушэнне рабочых і сял. хваляванняў. Брэсцкая ваенна-рэв.арг-цыяРСДРП распаўсюдзіла ў крэпасці адозвы «Да салдат Брэст-Літоўскай крэпасці», «Да ўсіх салдат Брэст-Літоўскай крэпасці і гарнізона» і «26 патрабаванняў ніжніх чыноў Брэст-Літоўскага гарнізона». Камандаванне вымушана было задаволіць некаторыя патрабаванні. Выступленне артылерыстаў не знайшло падтрымкі і было задушана. 22—23.7.1906 выступілі салдаты 2-га асаднага артыл. палка, якія патрабавалі вызваліць арыштаваных таварышаў, атрымліваць усе газеты, палепшыць матэрыяльнае становішча. Камандаванне адмовілася задаволіць патрабаванні і пачало арышты. У адказ салдаты спалілі будынак афіцэрскага сходу, разграмілі краму, паранілі некалькіх афіцэраў. Паўстанцы былі акружаны і адведзены ў крэпасць. 700 удзельнікаў выступлення арыштаваны, 32 асуджаны на катаржныя работы. У 1907 адбыліся хваляванні салдат, якія патрабавалі палепшыць матэрыяльнае становішча, харчаванне, быт. ўмовы. Падача калектыўных скаргаў і петыцый працягвалася да канца 1907.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКО́ВЫ,
удзельнікі нарадавольскага руху 1870—80-х г., браты.
Яўген Іванавіч (1858, г. Горкі Магілёўскай вобл. — ?). Вучыўся ў Горным ін-це і Кіеўскім пях. вучылішчы, арганізоўваў ваен. гурткі нарадавольцаў. 30.3.1881 арыштаваны і сасланы пад нагляд паліцыі ў Падольскую губ., адкуль падтрымліваў сувязі з ваен. арг-цыяй «Народнай волі». У студз. 1884 прыцягнуты да следства па справе забойства жандарскага падпалк. Судзейкіна — фактычнага кіраўніка тайнага паліт. вышуку ў Расіі.
Уладзімір Іванавіч (1861, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 18.8.1883). У рэв. рух уключыўся ў 1878 у Кіеўскім ун-це. У 1879 арганізаваў тэрарыст. гурток, які прыняў праграму «Народнай волі». Вёў прапаганду сярод рабочых, вайскоўцаў, вучнёўскай моладзі, падрыхтаваў замах на жандарскага падпалк. Судзейкіна. Арыштаваны 30.3.1881 і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. 19.12.1882 уцёк з турмы, узначаліў харкаўскую групу нарадавольцаў. У 1883 у Томску спрабаваў наладзіць уцёкі ссыльных, пры арышце застрэліўся.
Аляксандр Іванавіч (1862, с. Ябланаўка Лысянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 27.9.1925). Як дзеяч кіеўскай групы нарадавольцаў 30.3.1881 арыштаваны і сасланы на 3 гады ў Магілёўскую губ. пад нагляд паліцыі. У студз. 1881 прыгавораны ваен. судом да 10 гадоў катаржных работ і на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. 24.12.1887 уцёк з турмы, намагаўся аднавіць «Народную волю». У вер. 1888 зноў арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1918 чл. Харкаўскага Савета рабочых дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТГА́ЛЕ (Latgale),
Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс.н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяпер г.Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.
2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх. часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.
Літ.:
Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;
Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;
Данько Л.Ф. История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МЛЬ, Лукамля,
вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лукомка, на аўтадарозе Чашнікі—Навалукомль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пд ад горада і 17 км ад чыг. ст. Чашнікі, 115 км ад Віцебска. 545 ж., 215 двароў (1999).
Узнік у 9 ст. як крэпасцькрывічоў. Упершыню ўпамінаецца ў 1078 у «Павучанні» Уладзіміра Манамаха пры апісанні паходу на Усяслава Брачыславіча. З 12 ст., магчыма, цэнтр удзельнага Лукомскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14—16 ст. належаў князям роду Лукомскіх, у гэты перыяд існаваў Лукомскі замак. У 1386 пасля доўгай асады ўзяты Андрэем Альгердавічам. У 1397 выхадцы з Вільні заснавалі тут Мікалаеўскі манастыр. У Лівонскую вайну 1558—83 замак у Л. разбураны Іванам IV Грозным (1563). У 17—18 ст. мястэчка ў Аршанскім, з 1793 — у Сенненскім пав. Магілёўскай губ. У 1886—536 ж., 87 двароў, царква, касцёл, яўр. малітоўны дом, школа, 7 крам, кірмаш. З 20.8.1924 у Чарэйскім р-не Барысаўскай акругі, з 9.6.1927 у Аршанскай акрузе, з 8.7.1931 у Чашніцкім р-не, з 20.2.1938 у Віцебскай вобл.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У Л. комплекс археал. помнікаў — гарадзішча, селішчы, курганны могільнік.
Знаходкі з гарадзішча Лукомль: 1 — касцяны шахматны ферзь, 2 — залатая ажурная пацерка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГДЭБУРГ (Magdeburg),
горад на У Германіі. Адм. ц. зямлі Саксонія-Ангальт. 270,6 тыс.ж. (1994). Важны вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Эльба, паблізу перасячэння з ёй Сярэднегерм. канала і канала Эльба—Хафель. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкае, прыладабуд., эл.-тэхн., вытв-сцьхім. абсталявання, металаапр., хім. (мінер. ўгнаенні, ядахімікаты), фармацэўтычная, лакафарбавая, гарбарна-абутковая, швейная, харчасмакавая. Мед. акадэмія. Культурна-гіст. музей. Б.ч. помнікаў архітэктуры разбурана ў 1945, адноўлены: раманская царква (11—13 ст.), гатычны сабор (13—16 ст.), барочная ратуша (17 ст.) і інш.
Упершыню згадваецца ў 805. З 968 цэнтр Магдэбургскага архіепіскапства (засн.Атонам I), важны пункт хрысціянізацыі і германізацыі палабскіх славян. У 1188 першы з еўрап. гарадоў атрымаў права на самакіраванне — Магдэбургскае права. Адыгрываў значную ролю ў Ганзе. У 1524 у М. праведзена Рэфармацыя. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 амаль поўнасцю разбураны (май 1631, аднаўляўся з 1646). З 1680 у Брандэнбургска-Прускай дзяржаве, яе найбуйнейшая крэпасць. У 1806—14 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 адм. і буйны прамысл. цэнтр прускай прав. Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны (1945) стары горад разбураны на 90% (аднаўляўся з 1952). З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі, у 1949—90 у складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі (у 1952—90 адм. цэнтр аднайм. акругі). З 28.10.1990 адм. цэнтр зямлі ФРГ Саксонія-Ангальт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́НАЎ (Леанід Мікалаевіч) (22.5. 1905, г. Омск, Расія — 21.6.1980),
расійскі паэт. Друкаваўся з 1921. У паэмах «Табольскі летапісец», «Шукальнік раю» (абедзве 1937), «Саматканая Венера» (1939) і інш. маляўнічыя карціны побыту старой Сібіры, маштабнасць гісторыка-філас. фону, сімвалізацыя гіст. дэталей. Своеасаблівы каментарый да паэм — маст.-гіст. нарысы ў прозе «Крэпасць на Омі» (1939) і «Аповесць пра Табольскае ваяводства» (1945). Рамант. матывы ў зб. «Лукамор’е» і «Эрцынскі лес» (абодва 1945) звязаны з Лукамор’ем — вобразам-сімвалам рэальнай паўн. радзімы паэта і адначасова легендарнай краіны шчасця. У паэт. зб-ках «Першародства» (1965; Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Голас прыроды» (1966), «Гіпербалы» (1972; Дзярж. прэмія СССР 1974), «Вузел бур» (1979), «Залаты запас» (1981) і інш. тэмы натхнёнага служэння мастацтву, прыгажосці, роздум пра час і сэнс жыцця. Аўтар зб-каў нарысаў «Грубы корм» (1930), перакладаў «Паэты розных краін» (1964), кн. пра паэзію «Паветраныя фрэгаты» (1974), успамінаў «Знак бясконцасці» (1980) і інш. Творчасці М. ўласцівы складана-асацыятыўнае мысленне, міфалагізм, майстэрства гукапісу. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Э.Агняцвет, А.Каско.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1976—77;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990.
Літ.:
Дементьев В. Леонид Мартынов: Поэт и время. 2 изд. М., 1986;
Художественная индивидуальность писателя и литературный процесс: (Творчество Л.Мартынова). Омск, 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЦА (Nice),
горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Прыморскія Альпы і гал. горад гіст. вобласці Ніца. Каля 450 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м.Міжнар. аэрапорт. Кліматычны курорт на Блакітным беразе Міжземнага м.; адзін з найб. вядомых сусветных курортаў. Клімат субтрапічны. Лечаць хваробы лёгкіх, верхніх дыхальных шляхоў, функцыян. расстройствы нерв. сістэмы, малакроўе і інш. Мае шмат пансіянатаў, санаторыяў, адзін з найбуйнейшых пляжаў на Міжземнамор’і. Прам-сць: харч., тэкст., швейная, парфумерная, мэблевая, эл.-тэхн.; выраб сувеніраў. Кветкаводства і гандаль кветкамі. Кінастудыя. Ун-т. Музеі: археал., натуральнай гісторыі, выяўл. мастацтваў, А.Матыса і інш. Сабор, цэрквы і палацы 17—18 ст.
Засн. ў 300 да н.э. факейцамі з Масаліі (цяпер г. Марсель) як грэч. калонія Нікая. З 3 ст.н.э. сядзіба епіскапа. З 5 ст. падвяргалася нападам германцаў, пазней — сарацынаў. У сярэднявеччы ў саюзе з Пізай абаранялася ад дамаганняў Генуі. У 13—14 ст. пад уладай графаў Праванса. У 1388 падпарадкавана графамі Савоі, якія пабудавалі тут крэпасць і ператварылі горад у гандл.цэнтр. У 1543 пасля аблогі абрабавана аб’яднанымі франка-тур. войскамі ў час вайны Францыска I з Карлам V.
У 1626 атрымала значныя прывілеі. Пры Людовіку XIV неаднаразова акупіравана французамі, канчаткова занята імі ў 1792. У 1814 вернута Сардзініі. У 1860 далучана да Францыі. У Н. нарадзіўся Дж.Гарыбальдзі, пахаваны А.І.Герцэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЬЗЕНЬ (Plzeń),
горад на З Чэхіі, на р. Бераўнка. Адм. ц.Зах.-Чэшскай вобл. Каля 200 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, вытв-сць абсталявання для АЭС, эл.-тэхн., лакаматыва- і вагонабудаванне, харчасмакавая (у асн. піваварная), папяровая, керамічная, шкляная, гарбарная. Маст. галерэя. Музеі і тэатры. Арх. помнікі 14—18 ст.: касцёл св. Барталамея (14—15), будынкі ў стылях позняга рэнесансу і барока, ратуша ў стылі рэнесансу, касцёл св. Ганны ў стылі барока.
Гарадзішча на месцы сучаснага П. існавала яшчэ ў 10 ст. У 12 ст. існавалі аднайм. мястэчка і крэпасць, паблізу якіх каля 1292 кароль Вацлаў II засн. новы П. У час гусіцкіх войнаў адзін з асн. цэнтраў гусітаў. У 1420 гусіты пакінулі горад. Пазней П. 4 разы адбіваў напады гусіцкіх атрадаў і не прызнаў іх караля І.Подзебрада. Пасля 1420 апора каталіцызму. У 1547 П. падтрымаў Габсбургаў, стаў 2-м пасля Прагі каралеўскім горадам. Моцна пацярпеў у час 30-гадовай вайны 1618—48. З канца 17 ст. адзін з цэнтраў чэш.нац. культуры (у 1648 тут засн. друкарня). У 19 ст. важны прамысл. цэнтр (у 1842 пабудаваны сусветна вядомы піваварны з-д). У 1920—30-я г. адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1939—45). У маі 1945 вызвалены амер. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́РА,
горад, цэнтр Самарскай вобл. Расіі. 1156 тыс.ж. (2000). Порт на р. Волга, пры ўпадзенні ў яе р. Самара. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (вытв-сць авіякасм. тэхнікі, самалётаў, нафтавага абсталявання, матора-, станка-, прыладабудавання, радыёэлектронікі, тэлевізараў; з-ды падшыпнікавы, аўтатрактарнага электраабсталявання, аэрадромнага абсталявання, эл.-тэхн. і інш., нафтаперапр. і нафтахім., хім., металургічная, харчасмакавая (мяса- і тлушчакамбінаты, шакаладная ф-ка), лёгкая. Метрапалітэн (з 1987). ГРЭС. 10 ВНУ, у т. л.ун-т. 4 тэатры, у т. л. оперы і балета.
Цырк. Філармонія. 5 музеяў, у т. л. краязн. і мастацкі.
Засн. ў 1586 як драўляная вартавая крэпасць Рас дзяржавы ў новадалучаных землях Паволжа. С. — адзін з цэнтраў нар. рухаў пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна (1670—71) і Е.І.Пугачова (1773—75). З 1708 у складзе Казанскай, з 1718 — Астраханскай губ. З 1780 павятовы горад Сімбірскага намесніцтва, з 1796 — Сімбірскай губ., з 1851 губернскі горад. У 1877 праз С. прайшла Арэнбургская чыгунка. У пач. 20 ст. (разам з Ніжнім Ноўгарадам і Саратавам) буйнейшы цэнтр па перапрацоўцы збожжа ў Расіі. З 1928 — цэнтр Сярэдняволжскай вобл., перайменаванай у Сярэдняволжскі край (1929), Куйбышаўскі край (1935). У 1935—91 наз. Куйбышаў. У Вял.Айч. вайну сюды былі эвакуіраваны ўрадавыя ўстановы з Масквы, пасольствы і прадстаўніцтвы замежных дзяржаў, прамысл. прадпрыемствы, у т. л. з Беларусі.