СІТАПАДО́БНЫЯ ТРУ́БКІ,

праводныя элементы лубу. (флаэмы) голанасенных і кветкавых раслін. Утвараюцца з пракамбію і камбію. У кветкавых раслін С.т. — аднарадныя цяжы злучаных канцамі цыліндрычных жывых бяз’ядзерных клетак. Іх характэрная асаблівасць — папярочныя перагародкі паміж клеткамі-членікамі, якія маюць шматлікія навылётныя адтуліны (перфарацыі), што нагадваюць сіта (адсюль назва). Праз іх па ўсёй сістэме С.т. злучаецца пратаплазма клетак і праходзяць растворы, багатыя арган. рэчывамі. Да С.т. прымыкаюць функцыянальна і генетычна звязаныя з імі жывыя суправаджальныя клеткі. У голанасенных раслін перфарацыі рассеяны на бакавых сценках моцна выцягнутых і звостраных на канцах клетак-членікаў, якія пазбаўлены суправаджальных клетак і маюць ядры. У большасці раслін С.т. функцыянуюць 1 год, у вінаграду — 2, ліпы — некалькі, некат. пальм — дзесяткі гадоў.

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ ВЯЛІ́КІХ ПАЎША́Р’ЯЎ галаўнога мозга,

верхні слой шэрага рэчыва на бакавой і медыяльнай паверхні і на аснове паўшар’яў галаўнога мозга чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл; найвышэйшы аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы. Складаецца з нерв. клетак (нейронаў, каля 10 млрд.), іх адросткаў (нерв. валокнаў) і прамежкавай тканкі (нейрагліі). Таўшчыня кары на розных участках паўшар’яў ад 1,3 да 5 мм; плошча паверхні ў чалавека да 0,22 м².

На паверхні кары — барозны і звіліны. Асн. 3 баразны: цэнтр., латэральная і цемянна-патылічная. Барозны падзяляюць паўшар’і на лобную, цемянную, сківічную і патылічную долі; вылучаюць таксама 5-ю астраўковую долю. Нерв. клеткі кары маюць розную форму (зорчатыя, верацёнападобныя, павукападобныя, гарызантальныя, пірамідныя), велічыню (шыр. 5—50 мкм, даўж. 10—130 мкм), колькасць і даўжыню адросткаў; на розных яе ўзроўнях групуюцца ў пласцінкі або слаі. Найб. тыповыя гіганцкія пірамідныя клеткі (клеткі Беца), размешчаныя ў 5-м слоі пярэдняй цэнтр. звіліны. Ад кожнага цела гэтых клетак адыходзяць кароткія адросткі — дэндрыты і адзін доўгі нейрыт (аксон), які дае пачатак рухальным праводным шляхам. Адросткі нерв. клетак ідуць у глыбіню мозга і ўтвараюць яго нервова-валакністы кампанент — белае рэчыва, валокны якога па даўжыні, сувязях і функцыі падзяляюцца на злучальныя (асацыяцыйныя. звязваюць асобныя ўчасткі кары аднаго паўшар’я), спаечныя (камісуральныя, аб’ядноўваюць кару розных паўшар’яў), праекцыйныя (правадніковыя, звязваюць кару паўшар’яў з ядрамі ніжэйшых аддзелаў цэнтр. нерв. сістэм — з падкоркавымі ядрамі, ствалавой ч. галаўнога мозга і ядрамі спіннога мозга). Самая стараж. ч. кары — палеакортэкс, складаецца з адной пласцінкі клетак, займае 0,6% ад пл. кары; уласна старая кара, або архікортэкс — з 2—3 слаёў (2,2% ад пл. кары), новая кара ці неакортэкс — з 6 пласцінак (95,6% плошчы). Паміж новай і старой карой ёсць прамежкавая, або мезакортэкс, з 4—5 пласцінак (1,6% плошчы). У залежнасці ад будовы нерв. клетак, іх прасторавых суадносін і лакалізацыі функцый у кары паўшар’яў вылучаны 52 палі — мазгавыя цэнтры (коркавыя ядры), месцы вышэйшага аналізу і сінтэзу нерв. імпульсаў. У архітэктоніку (слаістую будову) таксама ўключаюць міэла-, ангія- і гліяархітэктоніку. Лакалізацыя функцый (прывязка да палёў) адносная, чым тлумачыцца магчымасць частковай кампенсацыі страчаных функцый. Пры парушэннях участкаў кары сімптомы раздражнення яе аддзелаў выяўляюцца прыпадкамі: лакалізаванымі сутаргавымі (маторнымі), бяссутаргавымі (сенсорнымі, вегетатыўна-вісцэральнымі, з псіхапаталаг. выявамі) ці паліморфнымі. Сімптомы выпадзення (выключэнне функцый) аддзелаў кары могуць суправаджацца парэзамі (паралічамі), расстройствамі органаў пачуццяў, мовы, псіхікі. Дыфузнае пашкоджанне кары ў дародавы або ранні дзіцячы перыяд прыводзіць да затрымкі псіхамоўнага развіцця ці алігафрэніі, у больш позні час — да дэменцыі (прыдуркаватасці).

Літ.:

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;

Шаде Дж., Форд Д. Основы неврологии: Пер. с англ. М., 1976.

Г.​Г.​Шанько.

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРЗА́ННЕ РАСЛІ́Н,

гібель раслін або адміранне іх частак у выніку ўтварэння лёду ў тканках пад дзеяннем нізкіх тэмператур. Вада ў раслінных клетках і міжклетніках пачынае замярзаць пры т-ры ніжэй за -1 °C, што паступова прыводзіць да гібелі клеткі. Ступень пашкоджання пасеваў залежыць ад віду, сорту і фізіял. стану раслін. Сярод азімых найб. устойлівае да нізкіх т-р жыта. На Беларусі вымярзанне раслін назіраецца ў маласнежныя зімы пры т-ры паветра ніжэй за -22 °C. У асабліва халодныя зімы вымярзаюць азімыя збожжавыя культуры, пладовыя дрэвы і кусты. Бульба, памідоры, фасоля, агуркі, гарбузы вымярзаюць пры т-ры -2 °C. Лёгка вымярзае большасць інтрадукаваных раслін. Каб папярэдзіць вымярзанне пасеваў, выводзяць марозаўстойлівыя сарты, выкарыстоўваюць правільную агратэхніку, рэгулююць водны і паветраны рэжым глебы на меліяраваных аб’ектах.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),

род дыятомавых водарасцей сям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).

Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.

Т.​М.​Міхеева.

Гамфацымбела выгнутая.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́СТА-ГЕМАТЫ́ЧНЫ БАР’Е́Р,

комплекс структур і фізіял. механізмаў, якія рэгулююць абменныя працэсы паміж крывёй і тканкамі, забяспечваюць адноснае пастаянства саставу, фізіка-хім. уласцівасцей непасрэднага пажыўнага асяроддзя органа і клеткі. Тэрмін увёў сав. фізіёлаг Л.​С.​Штэрн у 1929. Структурная аснова гіста-гематычнага бар’ера — сценка капіляраў, элементаў злучальнай тканкі і інш. спец. тканкавых элементаў. Гіста-гематычны бар’ер органа вызначае яго функцыян. стан, здольнасць процістаяць шкодным уплывам, перашкаджае пераходу чужародных рэчываў з крыві ў тканкі (ахоўная функцыя), рэгулюе паступленне да клетак з крыві рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці органаў і тканак, вывядзенне прадуктаў абмену. Функцыі гіста-гематычнага бар’ера мяняюцца ў залежнасці ад узросту, нерв. і гарманальных уплываў і інш. Гл. таксама Бар’ерная функцыя, Гемата-энцэфалічны бар’ер.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЖДЖЫ,

група аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, у якіх адсутнічае сапраўдны міцэлій. Вядома каля 500 відаў, што належаць да 3 класаў — аскаміцэты, базідыяльныя грыбы і недасканалыя грыбы (дэйтэраміцэты). Пашыраны ў глебе, прадуктах, у раслін, жывёл і чалавека. Клеткі Д. шарападобнай, авальнай або цыліндрычнай формы, бясколерныя ці пігментаваныя, нерухомыя, даўж. 5—10 мкм і больш. Размнажаюцца пераважна пачкаваннем, некат. віды — дзяленнем. Д. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у глебе, фарміраванні яе структуры і ўрадлівасці. Многія выклікаюць спіртавое браджэнне. Багатыя бялком, вітамінамі групы B. Выкарыстоўваюцца ў вінаробстве, піваварэнні, хлебапячэнні, сельскай гаспадарцы (гл. Дрожджы кармавыя, Дражджавая вытворчасць) і інш.; піўныя Д. — у медыцыне пры гіпавітамінозе B1, парушэннях абмену рэчываў, фурункулёзе і інш. Патагенныя формы Д. выклікаюць хваробы чалавека і жывёл — бластамікозы, кандыдамікозы.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСФУ́НКЦЫЯ (ад дыс... + функцыя),

парушэнне функцыі сістэмы, органа або тканкі арганізма, якое выражаецца неадэкватнасцю рэакцыі на ўздзеянне раздражняльнікаў. Аснова Д. — парушэнні абмену рэчываў і энергіі, якія выяўляюцца на ўзроўні клеткі, тканкі, органа. сістэмы або цэласнага арганізма і выражаюцца ў зменах росту, размнажэння, развіцця, харчавання, дыхання, руху. Праяўляецца ў форме дыстрафій, звязаных з назапашваннем у клетках і тканках змененых прадуктаў абмену, дысплазій і дыстапій — змен развіцця або стану органаў у выніку дысэмбрыягенезу, дыскінезій — расстройстваў каардынаваных рухальных актаў, дыспепсій — расстройстваў стрававання. Прыклады асобных форм Д.: дысгенезія ганад, дысбазія (расстройства хады), дысгідроз (расстройства потавыдзялення), дыскальцынацыя эмалі, дыскапатыі (пашкоджанне міжпазваночных дыскаў), дысфагія (расстройства глытання), дысфазія (парушэнне мовы), дысфанія (расстройства голасаўтварэння), дысменарэя (расстройства менструальнага цыкла), дысфарыя (расстройства настрою), дыссалюцыі (расстройства псіхічнай дзейнасці) і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНАПАТАЛО́ГІЯ,

навука пра імуналагічныя хваробы; раздзел імуналогіі; адзін з кірункаў паталогіі. Таксама паталагічныя змены ў арганізме, абумоўленыя парушэннямі імунітэту. Суправаджаюцца імунадэфіцытам — паніжэннем ахоўных магчымасцей арганізма пад уплывам антыгенаў. Бываюць пры марфал. і функцыян. зменах у сістэме неспецыфічнага і спецыфічнага імунітэту, закранаюць генет., сістэмныя, клетачныя, малекулярныя і інш. механізмы рэагавання арганізма на чужародныя субстанцыі. Аснову для развіцця імунадэфіцыту складаюць разбалансаванасць сістэмы кіравання імунітэтам, уздзеянне на яго клеткі вірусаў, бактэрый, хім. (у т. л. лек.) рэчываў, прадуктаў дысметабалізму і інш. Імунадэфіцыт бывае прыроджаны, або першасны (генет. абумоўлены), другасны, або набыты, транзіторны (пераходны). Прыкметы І. залежаць ад прычыны ўзнікнення, закранаюць гумаральную, марфал. і інш. сферы. Найб. небяспечныя віды І. — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД), асобныя аўтаімунныя хваробы, алергічныя хваробы.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТНА-ШЧО́ЛАЧНАЯ РАЎНАВА́ГА,

адноснае пастаянства вадароднага паказчыка (pH) унутр. асяроддзя арганізма. У жывёл рэгулюецца фізіка-хім. (буферныя сістэмы крыві і тканак) і фізіял. (дыханне, выдзяленне) механізмамі. Абумоўлівае нармальны ход працэсаў жыццядзейнасці (гл. Гамеастаз). У норме pH крыві чалавека 7,37—7,45, тканкавых вадкасцей 7,1—7,4. Памяншэнне pH крыві ніжэй за 7 (ацыдоз) ці павелічэнне больш за 7,8 (алкалоз) прыводзяць да смерці. У раслін рэгуляцыя К.-ш. р. ажыццяўляецца функцыянаваннем пратоннай помпы, што выпампоўвае з клеткі лішак H​+-іонаў праз плазмалему з затратай энергіі АТФ, а таксама балансам карбаксіліруючых (падкісляючых) і дэкарбаксіліруючых (падшчалочваючых) ферментаў і сістэмай буфераў (арган. кіслоты, бялкі, карбанаты, фасфаты). pH цытаплазмы 6—7,5; pH вакуолі 5—6.

Літ.:

Робинсон Дж. Р. Основы регуляции кислотно-щелочного равновесия: Пер. с англ. М., 1969.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ТАЧНАЙ ПРАНІКА́ЛЬНАСЦІ ТЭО́РЫІ,

вызначэнне спосабаў і магчымасцей узаемадзеянняў клетак паміж сабой і з вонкавым асяроддзем. Існуюць 2 асн. К.п.т.: мембранная і фазавая. Мембранная тлумачыць пранікненне рэчываў праз клетачную мембрану на аснове эл.-хім. градыента рэчываў, якія ўтвараюць або не ўтвараюць злучэнні з пэўнымі рэчывамі (пераносчыкамі) самой мембраны. Недахоп гэтай тэорыі ў тым, што яна грунтуецца толькі на фіз.-хім. тлумачэнні працэсаў. Фазавая (сарбцыённая) тэорыя разглядае пранікальнасць клетачных мембран на аснове растваральнасці рэчываў у цытаплазме (іншай, чым у вадзе); такая ўласцівасць вызначаецца каацэрватнай сістэмай цытаплазмы. Важнай акалічнасцю з’яўляецца і магчымасць цытаплазмы хімічна звязваць і адсарбіраваць розныя рэчывы. Гэта тэорыя ўлічвае ўласцівасці ўсяго змесціва клеткі, але ігнаруе ўласцівасці мембраны. Вырашэнне праблемы верагодна ў збліжэнні абедзвюх тэорый. Клетачная пранікальнасць вызначае з’явы пінацытозу і фагацытозу.

т. 8, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)