ПРАВАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць фізічнай асобы быць носьбітам грамадз. правоў і абавязкаў, прадугледжаных правам дадзенай краіны. Асн. прынцыпам, з якога зыходзіць права развітых краін, з’яўляецца прынцып роўнай грамадз. П. незалежна ад полу, маёмаснага становішча, расы, нацыянальнасці і да т.п. П. набываецца з нараджэннем і спыняецца са смерцю чалавека. Пры жыцці чалавека П. можа быць абмежавана судом (забарона на занятак якой-н. прафесіяй і да т.п.). У мінулым у многіх краінах прадугледжвалася магчымасць пазбаўлення чалавека грамадз. правоў (т.зв. грамадзянская смерць). З канца 20 ст. такое рашэнне судамі не дапускаецца.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЗНАНАЦІСКНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, у якой націскі падаюць на розныя склады сугучных слоў. Характэрная для фалькл. твораў:

Ехала Домначка да вянца́,
Ды забыла матаньцы кла́няцца

Р.р. выкарыстана М.​Танкам у вершы «Каб другі раз быў...», напісаным мужчынскімі рыфмамі. Дзякуючы нечаканаму пераходу націску з апошняга склада зарыфмаванага слова на трэці ад канца падкрэсліваецца само гэта слова, а разам з ім і гал. думка твора:

Больш бы я прайшоў
Сцежак і дарог,
І сваю любоў
Я мацней бярог,
Больш бы даражыў
Кожным днём сваі́м, —
Каб другі раз быў
Маладзю́сенькім!

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЦО́Ў (Аляксей Барысавіч) (6.5.1923, Мінск — 10.7.1963),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1954). Скончыў БДУ (1949). Працаваў выкладчыкам у Бабруйскім настаўніцкім ін-це, з 1954 выкладчык, заг. кафедры ў Брэсцкім пед. ін-це. Друкаваўся з 1949. Аўтар прац па гісторыі рус. драматургіі канца 19—пач. 20 ст., пра драм. творчасць У.​Неміровіча-Данчанкі, А.​Южына (Сумбатава), М.​Гарына-Міхайлоўскага, А.​Блока, Л.​Андрэева, А.​Купрына і інш.

Тв.:

Из истории русской драматургии конца XIX—начала XX в. Ч. 1—2. Мн., 1960—62;

Драматургия Александра Блока. Мн., 1968.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙМС (Reims),

горад на ПнУ Францыі, у гіст. вобласці Шампань. Засн. да н.э., быў паселішчам кельцкага племя рэмаў, потым цэнтрам рым. правінцыі Белгіка. З канца 5 ст. да 1825 — месца каранацыі франц. каралёў. Каля 200 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Каналам злучаны з рэкамі Марна і Эна. Цэнтр шарсцяной прам-сці і вытв-сці шампанскіх він. Развіта разнастайнае машынабудаванне. Ун-т (з 1548). Шматлікія арх. помнікі 2—4 ст., у т. л. стараж.-рым. арка Марса, і 11—18 ст., у т. л. Рэймскі сабор.

Рэймс. Гістарычны цэнтр.

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСЛО́ЎНАЯ МАНА́РХІЯ, саслоўна-прадстаўнічая манархія,

форма дзяржавы, пры якой улада манарха спалучалася з органамі саслоўнага прадстаўніцтва дваранства, духавенства і гараджан. Склалася ў большасці краін Еўропы ў 13—14 ст. у працэсе фарміравання агульнадзярж. саслоўяў і органаў саслоўнага прадстаўніцтва (парламент у Англіі, Ген. штаты ў Францыі, картэсы ў Іспаніі, Сейм у ВКЛ, Польшчы, Чэхіі і інш.). Саслоўнае прадстаўніцтва ў выглядзе Земскіх сабораў у 16—17 ст. існавала і ў Расіі. Звычайна С.м. гістарычна папярэднічала абсалютызму. У Рэчы Паспалітай (у складзе ВКЛ і Польшчы) абсалютызм не склаўся да канца яе існавання.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ШНЕВА,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад г. Валожын, 98 км ад Мінска, за 7 км ад чыг. ст. Багданаў, на аўтадарозе Валожын—Ашмяны. 537 ж., 211 двароў (1996).

З 14 ст. ў складзе Крэўскага княства. З 15 ст. ўласнасць Гедыголдавічаў, Гальшанскіх, Пацаў, Гаштольдаў, з канца 17 да канца 19 ст. — Храптовічаў. У 1583 мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. дзейнічала школа базыльян. У 1780—1870 у Вішневе працаваў Вішнеўскі металургічны завод. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1865 дзейнічалі шкляная гута, цагельна-ганчарны з-д, сукнавальня, спіртзавод, вадзяны млын, царк.-прыходская школа, нар. і яўр. вучылішчы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1919—20 і 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на. З чэрв. 1941 да 6.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 2060 жыхароў. У Вішнева жыў і памёр бел. асветнік С.Будны, жылі і пахаваны бел. паэтэса К.Буйло, мастак Ф.​Рушчыц.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Вішнеўскі касцёл Марыі і Казьмадзям’янская царква (1865).

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане I стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд. ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст. тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах. ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт. Румынія і Малдова (рэспубліка).

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МША (Андрэй) (каля 1550, в. Пенчын Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — пасля 1599),

бел. паэт. Заснавальнік панегірычнай паэзіі ў стараж. бел. л-ры. Паводле некат. звестак вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні. З 1572 служыў у кн. Радзівілаў. Удзельнік ваен. паходаў. З 1582 жыў у маёнтку Дзявенішкі Ашмянскага пав., пасля быў падстаростам у мяст. Біржы. У 1581 выдаў у Астрогу на Валыні вершаваную «Храналогію» (фактычна памесячны каляндар) на бел. мове. Аўтар панегірычных вершаў на гербы магнатаў А.​Валовіча (1585), Л.​Сапегі (1588), Ф.​Скуміна (1591), паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (Вільня, 1585). Паэма — значная з’ява ў бел. паэзіі канца 16 ст. Яна сведчыць пра ўменне Р. ствараць буйнамаштабныя, складаныя па кампазіцыі творы. Пераклаў з лац. на польскую мову і выдаў твор А.​Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... святой зямлі» (Вільня, 1595). На лац. мову вершы Р. пераклаў С.​Рысінскі (у «Дзвюх кнігах пісьмаў Саламона Пантэра» 1587).

Тв.:

У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры Мн., 1959. С. 327—330;

У кн.: Archiwum literackie. T. 16. Miscellanea staropolskie. 4. Wroclaw etc., 1972.

Літ.:

Порецкий Я. Неизвестные стихи Андрея Рымши // Нёман. 1969. № 2;

Кавалеў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мн., 1993;

Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki: W kręgu radziwiłłowskicgo mecenatu. Poznań, 1965. S. 9—22.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУ́НЬ,

рака ў Расійскай Федэрацыі і Кітаі, правая састаўляючая р. Амур. Па Аргуні праходзіць ч. граніцы Расіі з Кітаем. Даўж. 1620 км, пл. бас. 164 тыс. км² Пачынаецца ў гарах В.​Хінгана, у Кітаі, пад назвай Хайлар. Цячэ пераважна ў шырокай даліне, бліжэй да вусця даліна звужаецца. Жыўленне пераважна дажджавое. Сярэдні расход вады 340 м³/сек. Ледастаў з канца ліст. да пач. мая. У бас. Аргуні 1,8 тыс. азёраў агульнай пл. 50,9 км². Нерэгулярнае суднаходства ад с. Алочы (428 км). З 2-й пал. 17 ст. па Аргуні ішлі гандл. шляхі з Сібіры ў гарады Усх. Кітая.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РЫЯ (італьянскае aria),

сольная вакальная кампазіцыя з інструментальным суправаджэннем у оперы, араторыі, кантаце, з сярэдзіны 19 стагоддзя і ў аперэце; радзей самастойны твор. Часам арыяй называюць інструментальную п’есу пявучага характару. Тэрмін вядомы з 15 стагоддзя. Да сярэдзіны 17 стагоддзя акрэсліліся характэрныя для італьянскай опернай Арыі тыпы мелодыкі (бельканта, каларатура), форма, віды, вызначылася драматургічная функцыя арыі як лірычнага цэнтра. Найбольшай жанравай разнастайнасці дасягнула ў сярэдзіне 19 стагоддзя. У сувязі з імкненнем да драматургічнай цэласнасці оперы з канца 19 стагоддзя арыя траціць вядучае значэнне, часам ператвараецца ў сцэну ці маналог. Разнавіднасці арыі — арыета, арыёза, каваціна і інш.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)