МАРО́ЗАЎ Мікалай Аляксандравіч (7.7.1854, в. Барок Някоўзскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 30.7.1946),
дзеяч рас.рэв. руху, вучоны. Ганаровы акад.АНСССР (1932). З 1874 у маскоўскім гуртку чайкоўцаў, удзельнічаў у «хаджэнні ў народ». У 1875 арыштаваны і асуджаны па «працэсе 193-х». У 1878 уступіў у арг-цыю «Зямля і воля», з 1879 — чл. Выканкома «Народнай волі». У 1881 зноў арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пасля вызвалення ў 1905 займаўся навук.-пед. дзейнасцю. У 1918—46 дырэктар Прыродазнаўча-навук. ін-та імя Лесгафта. Працы па хіміі (прадказаў існаванне інертных элементаў, выказаў пацверджаныя пазней меркаванні аб складанай будове атама і магчымасці атрымання атамнай энергіі), матэматыцы, астраноміі, метэаралогіі, гісторыі рэлігіі і культуры. Аўтар успамінаў і вершаў.
Тв.:
[Вершы] // Муза в храме науки: Сб. стихотворений. 2 изд. М., 1988.
Літ.:
Н.А.Морозов ученый-энциклопедист. М., 1982;
Озеров В.С. Н.А.Морозов. Л., 1966;
Твардовская В.А. Н.А.Морозов в русском освободительном движении. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГАмеханічнай сістэмы,
стан механічнай сістэмы (цвёрдага цела), што знаходзіцца пад дзеяннем сіл, пры якім усе яе пункты з’яўляюцца нерухомымі адносна выбранай сістэмы адліку. Р. мае месца, калі ўсе сілы, што дзейнічаюць на сістэму, ураўнаважаны — раўнадзейная сістэмы сіл і сума момантаў сіл, што дзейнічаюць на цела, раўняюцца нулю.
Бывае ўстойлівая, няўстойлівая і нейтральная. Устойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма зноў вяртаецца ў яго, дакладней пачынае рабіць малыя ваганні адносна стану Р. Няўстойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма ўсё больш і больш ад яго аддаляецца. Пры н е й тральнай Р. цела пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану працягвае заставацца ў Р. ў новым становішчы (напр., шар на гарыз. плоскасці або цвёрдае цела, замацаванае на восі вярчэння, што праходзіць праз цэнтр цяжару). Р. вадкасцей і газаў вывучаецца ў гідрастатыцыіаэрастатыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ушача. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Полацка, 127 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Ветрына, на аўтадарозе Ушачы—Полацк. 575 ж., 237 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Упамінаецца ў 1552 як сяло «Вороноч» Полацкага ваяв.ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—83 пабудаваны замак. З 2-й пал. 16 ст. мястэчка (потым зноў сяло). З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Лепельскага пав. Віцебскай губ. У пач. 20 ст. каля 300 ж. З 1919 у Полацкім пав., з 1923 у Акцябрскай вол. З 1924 і з 1935 цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1931 і з 1962 — Полацкага р-наў. У Вял.Айч. вайну ў лют. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі ў Варонічах 68 двароў і 500 чал. У 1970 — 551 жыхар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1500—03,
вайна за аб’яднанне ўсх.слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. Фармальнай прычынай для вайны сталі ганенні ў ВКЛ на праваслаўных і новы пераход парубежных князёў пад уладу Масквы. Адна група рус. войск заняла гарады Бранск, Старадуб, Гомель, Рыльск іінш., другая накіравалася да Смаленска. Конны корпус ВКЛ у бітве на Вядрошы 1500 быў амаль цалкам разбіты. У маі 1501 рус. войскі рушылі далей, а ў чэрв. на паўд. землі ВКЛ напалі крымскія татары. Іван III накіраваў ва ўсх. Беларусь аб’яднаныя сілы, якія пад Мсціславам разбілі войскі ВКЛ. Летам 1502 маскоўскае войска зноў асадзіла Смаленск, але вымушана было адступіць. Яно заняло Оршу, мсціслаўскія воласці, землі на Віцебшчыне і Полаччыне. 4.3.1503 у Маскву прыбыло пасольства ВКЛ; былі падрыхтаваны «перамірчыя граматы», якія абвяшчалі 6-гадовае перамір’е і вызначылі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вял. тэрыторыі з гарадамі Белая, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Масальск, Мцэнск, Невель, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Чарнігаў іінш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АКАДЭ́МІЯ (БСГА). Засн. паводле ўказа Сената ад 24.4.1836, адкрыта ў 1840 у маёнтку Горы-Горкі (каля Горак Магілёўскай губ.) пад наз. Горы-Горацкая земляробчая школа, з 1848 — Горы-Горацкі земляробчы інстытут. У 1925 да яго далучаны Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і створана Бел.с.-г. акадэмія. У 1931 акадэмія падзелена на 11 галіновых ін-таў. У 1933 яны зноў аб’яднаны ў адну ВНУ — Беларускі с.-г.ін-т (у Горках). У 1948 перайменаваны ў БСГА. У 1994/95 навуч.г. ф-ты: агранамічны, зоаінжынерны, землеўпарадкавання, механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі і воднай гаспадаркі, эканамічны, бухгалтарскага ўліку, павышэння кваліфікацыі. Створаны новыя кірункі навук. даследаванняў: біятэхналогія ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, с.-г. экалогія. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1947, дактарантура з 1990. Мае н.-д. лабараторыі, выліч. цэнтр, доследную станцыю, кансультацыйныя пункты, друкарню, конна-спарт. школу.
Адзін з навучальных карпусоў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАРЭ́Т (у свеце Раманаў Фёдар Мікітавіч; каля 1555—22.10.1633),
патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі (1608—10, 1619—33), бацька цара Міхаіла Фёдаравіча — першага з дынастыі Раманавых. Баярын (з 1587), прыбліжаны цара Фёдара Іванавіча [1584—98], якому даводзіўся стрыечным братам. Пасля яго смерці няўдала прэтэндаваў на царскі прастол, узначальваў апазіцыю да новага цара Барыса Гадунова, за што ў 1601 пастрыжаны ў манахі пад імем Ф. і сасланы на Поўнач. У 1605 Ілжэдзмітрый I вярнуў яго і прызначыў мітрапалітам растоўскім. У 1608 Ілжэдзмітрый II абвясціў Ф. патрыярхам у процівагу Гермагену. У 1610 удзельнічаў у звяржэнні цара Васіля Іванавіча Шуйскага, дзейнасці «Сямібаяршчыны», узначальваў «вял. пасольства» да караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, каб зацвердзіць заключаны ў жн. 1610 у Маскве дагавор аб прызнанні рас. царом сына Жыгімонта Уладзіслава (гл.Уладзіслаў IV). За адмову санкцыянаваць канчатковыя ўмовы дагавора Ф. арыштаваны і да 1619 быў у палоне. Пасля вяртання ў Маскву зноў патрыярх і фактычны правіцель Расіі з тытулам «вял. гасудар».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1534—37,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы, за землі, страчаныя ў час папярэдніх войнаў. У жн. 1534 корпус на чале з І.Вішнявецкім накіраваны на Смаленск, а корпус А.Неміровіча — у Северскую зямлю. Першы не здолеў авалодаць горадам, другі заняў толькі Радагошч. Зімой маскоўскае войска папаліла і зруйнавала на Беларусі неўмацаваныя гарадкі, але пад вясну вярнулася дадому. У 1535 паспалітае рушэнне ВКЛ злучылася з польскім войскам і накіравалася ў Северскую зямлю, дзе заняло Гомель, Почап, Радагошч, Старадуб. У чэрв. 1535 маскоўскія войскі зноў напалі на ВКЛ, спалілі Крычаў, Дуброўну, Оршу. Неўзабаве войскі ВКЛ адступілі з Северскай зямлі, пакінуўшы за сабой толькі Гомель. У канцы зімы 1536 невял. сілы ВКЛ спрабавалі захапіць Себеж. Летам 1536 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні ў бел. Падняпроўі, але былі разбіты пад Крычавам. У лют. 1537 дасягнута пагадненне: Гомель застаўся ў ВКЛ, Себеж і Завалочча перададзены Маскоўскай дзяржаве, астатнія межы засталіся нязменныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРЫДО́З,
інвазійная хвароба свіней і чалавека, якая выклікаецца аскарыдамі. Пашкоджваецца тонкі кішэчнік (дарослыя паразіты) і парэнхіматозныя органы (лічынкі). Лічынкі ў кішэчніку выходзяць з яец аскарыдаў, якія заглынаюцца з вонкавага асяроддзя, з крывёй заносяцца ў печань, потым у лёгкія, ротавую поласць ізноў у кішэчнік. Праз 1,5—2 мес яны развіваюцца ў дарослых паразітаў.
У жывёл часцей хварэе маладняк да 6—7 месячнага ўзросту. Павышаецца т-ра цела, пагаршаецца апетыт, пачашчаецца дыханне, паяўляюцца кашаль, ірвота, панос, часам — сутаргі, на скуры можа быць высыпка. У чалавека адрозніваюць 2 стадыі: раннюю — міграцыйную і познюю — кішачную. Першая часцей праходзіць бессімптомна. Пры другой (кішачнай) адзначаюцца моташнасць, недамаганне, болі ў страўніку, слінацячэнне, пагаршэнне апетыту, галаўны боль, галавакружэнне, павышаная стамляльнасць. Пры множнай інвазіі дзеці ў сне скрыгочуць зубамі; у іх можа ўзнікаць бранхіт, астматычнае ўдушша, малакроўе, нервовасць, рассеянасць. Магчымы ўскладненні: гнойны халецыстыт, абсцэс печані, перытаніт, сепсіс, панкрэатыт, апендыцыт; закупорка клубком аскарыдаў прасвету кішэчніка можа выклікаць непраходнасць кішэчніка. Лячэнне праводзіць урач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАНГРЭ́С (ІНК),
самая буйная паліт. партыя ў Індыі. Засн. ў 1885 прадстаўнікамі ліберальных бурж.-памешчыцкіх колаў і заможнай інтэлігенцыі. Напачатку выступала як лаяльная апазіцыя англ.калан. рэжыму. У 1920-я г. пад кіраўніцтвам М.К.Гандзіі Дж.Нэру ўзначаліла нац.-вызв. рух у краіне, ператварылася ў арганізацыйна аформленую масавую партыю з шырокай сац. базай (аснова праграмы — прынцыпы гандзізму). Пасля дасягнення Індыяй незалежнасці ў 1947—77 кіруючая партыя. У 1980—89 і 1991—96 зноў на чале ўлады пад назвай ІНК (I) (ад імя лідэра І.Гандзі) і фарміраваў аднапарт. ўрады. У канцы 1980-х — пач. 1990-х г. страціў большасць у парламенце, але заставаўся самай уплывовай партыяй краіны (да 1991 лідэр Р.Гандзі, пазней Н.П.В.Раа). Арганізаваны паводле адм. прынцыпу. Кіруючыя органы; з’езд, Усеінд. к-т, рабочы к-т. Старшыня партыі (з 1998) — С.Гандзі.
Літ.:
Чичеров А.И. Джавахарлал Неру и независимая Индия: (Очерки общественного развития страны в 50—70-е гг.). М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФАЕ́Т (La Fayette, Lafayette) Мары Жазеф Мацье (Motier) дэ (6.9.1757, замак Шаваньяк, Францыя — 20.5.1834), французскі паліт. дзеяч, военачальнік. Ген.-маёр арміі ЗША (1780). На вайск. службе з 1771. З 1777 удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83, вызначыўся ў вырашальных баях каля Йорктаўна (1781). З 1789 дэп.Генеральных штатаў ад дваран. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 да 1792 адзін з яе лідэраў, адзін з ініцыятараў і аўтараў Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна, з 14.7.1789 камандзір Нац. гвардыі. Выступаў за канстытуцыйную манархію, супраць радыкалізму якабінцаў. Пасля няўдалай спробы захаваць франц. манархію ў жн. 1792 намагаўся эмігрыраваць у Нідэрланды, аднак трапіў у аўстр.і прускі палон. Вызвалены ў 1797, вярнуўся ў Францыю ў 1800. Пасля 1815 адзін з лідэраў ліберальнай апазіцыі, чл. палаты дэпутатаў (з 1818). У час рэвалюцыі 1830 зноў камандаваў парыжскай Нац. гвардыяй, садзейнічаў узвядзенню на прастол Луі Філіпа. Падтрымліваў польск. эмігрантаў і польскі нац.-вызв. рух, адзін з заснавальнікаў Амерыканска-польскага к-та па аказанні дапамогі паўстанню 1830—31.