КЛІ́МАВІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Будынак цагляны, складаецца з крыжовага ў плане асн. аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам чацвярык з вял. светлавым васьмігранным барабанам з купалам. Бабінец завершаны 3-яруснай вежай-званіцай (2 чацверыкі і васьмярык з гранёным купалам). Купал і званіца ўвянчаны галоўкамі. У дэкоры выкарыстаны плоскія нішы, сухарыкі, раскрапоўкі ў выглядзе трохвугольных франтонаў, двухколерная тынкоўка.

Т.​В.​Габрусь.

Клімавіцкая царква.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1520—66 у Падляшскім ваяв. ВКЛ, да 1795 у Брэсцкім ваяв. Рэчы Паспалітай. З 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Рас. імперыі, з 1921 у Палескім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССРснеж. 1939 у Брэсцкай вобл.). Цэнтр — г. Кобрын. Пл. 14583,59 га, нас. 124 118 чал., 31 воласць, 475 нас. пунктаў (1886). У студз. 1940 павет скасаваны, яго тэр. ўвайшла ў склад Кобрынскага раёна і суседніх з ім раёнаў.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 8, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАТЦАЎ (Алег Мікалаевіч) (н. 17.8.1922, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),

расійскі геадэзіст і астраном. Правадз. чл. Астранома-геадэзічнага т-ва Рас. АН (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў землеўпарадкавання (1954). У 1962—84 у Ленінградскім планетарыі. Ініцыятар стварэння касм. мемарыяла герояў Вял. Айч. вайны, імёнамі якіх названы малыя планеты. Яго імем названа малая планета Алегія.

Тв.:

Звезды Пулкова: Очерки о Пулковской обсерватории и астрономах-пулковцах. Л., 1989;

Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Вел. отеч. войны. СПб., 1995 (разам з М.​Ю.​Дахіе).

А.​І.​Болсун.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РШЫКАЎ (Уладзімір Фёдаравіч) (1858—1920),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадзянскіх інжынераў (1886). У 1895—1902 віцебскі губ. архітэктар, у 1902—17 губ. інжынер Віцебска, адначасова ў 1895—1917 Полацкі епархіяльны архітэктар. Паводле праектаў К. і пад яго кіраўніцтвам пабудаваны Крыжаўзвіжанская царква (1897) у Полацку, жаночая Марыінская гімназія (1902) у Віцебску. Вёў рэканструкцыю будынкаў духоўнай кансісторыі (1900), буд-ва пазямельна-сялянскага банка (1912—15, аўтар інж. К.​Тарасаў) у Віцебску. Праектаваў і ажыццяўляў буд-ва цэркваў, царк.-прыходскіх школ, жылых дамоў у вёсках Віцебшчыны.

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАДЗЕ́Ж у крымінальным праве,

тайнае выкраданне чужой маёмасці, адно са злачынстваў супраць уласнасці. Яго кваліфікуючыя прыкметы: паўторнасць, учыненне К. па папярэдняй змове групай асоб або з пранікненнем у жыллё, памяшканне ці інш. сховішча, з нанясеннем значнай страты пацярпеламу. Да асабліва кваліфікуючых відаў адносіцца К., учынены ў буйных памерах або арганізаванай групай, або асабліва небяспечным рэцыдывістам. Караецца папраўчымі работамі, штрафам або пазбаўленнем волі на пэўныя тэрміны, а пры абцяжваючых адказнасць акалічнасцях — пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 8, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЛЬ ((Kráľ) Янка) (24.4.1822, г. Ліптаўскі-Мікулаш, Славакія — 23.5.1876),

славацкі паэт-рамантык. Па адукацыі юрыст. Удзельнік нац.-вызв. руху 1840-х г. Прыхільнік ідэі яднання слав. народаў. Аўтар антыфеад. («Выпадкі з Яношыкам», 1843—44), філас.-лірычнага («Драма свету», 1844—45) цыклаў вершаў, рамант. паэмы «Сын стэпу» (1846—47), шэрагу балад, дум, перайманняў нар. песень. Паэзія К. адметная выкарыстаннем рамант. гіпербалы, алегорыі, сімвалаў. Большасць яго твораў апублікавана ў 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Моя песня. М., 1957;

У кн.: Словацкая поэзия XIX—XX вв. М., 1964.

А.​У.​Вострыкава.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМЯ́НІЦКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ.

Існаваў у 1617—1832 у в. Крамяніца Зэльвенскага р-на. Засн. віцебскім кашталянам М.​Вольскім і яго жонкай Барбарай. Кляштар валодаў фальваркам Вольгаўшчына з в. Марцінавічы (50 валок зямлі), 15 маргамі сенажаці і полем вакол кляштара (1,5 валокі). Сын Вольскага Казімір, дваранін каралеўскі, працягваў будаўніцтва і даў кляштару в. Кватары. Пры кляштары існавалі шпіталь, Ружанцавае брацтва, б-ка (у 1783 мела 1055 кніг). Пасля скасавання кляштара касцёл застаўся парафіяльным (гл. Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл), жылыя будынкі разабраны ў 1940-я г.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 8, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́НГЭ ((Creanga) Іон) (1.3.1837, Хумулешты, Румынія — 31.12.1889),

румынскі і малд. пісьменнік. Скончыў духоўную семінарыю ў Ясах (1858), пед. курсы (1865). Настаўнічаў. Быў дыяканам (у 1872 пазбаўлены царк. сану). Друкаваўся з 1875. Аўтар цыкла казак і апавяданняў (1875—77), адметных глыбока рэалістычным адлюстраваннем сац. кантрастаў і супярэчнасцей тагачаснага грамадства, яркімі нар. вобразамі. Найб. значны твор — аўтабіягр. аповесць «Успаміны дзяцінства» (1880—83) пра малд. вёску сярэдзіны 19 ст., духоўны свет селяніна, яго мары і спадзяванні. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.​Казбярук.

Тв.:

Рус. пер. — Сказки;

Воспоминания детства;

Рассказы. Кишинев, 1971.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНІ́ЦЫН (Пётр Кузьміч) (? — 15.7.1770),

рускі мараплавец, даследчык Алеуцкіх а-воў. Капітан 1-га рангу. У 1764—69 узначаліў экспедыцыю, якая ў 1768 выйшла з вусця р. Камчатка, даследавала а-вы Умнак, Уналашка, Унімак, зах. ч. ўзбярэжжа п-ва Аляска. У 1769 экспедыцыя вярнулася на Камчатку. На аснове матэрыялаў экспедыцыі ў 1777 складзена карта Алеуцкіх а-воў. Яго імем названы праліў паміж а-вамі Анекатан і Харымкатан (Курыльскія а-вы), вулкан і мыс на в-ве Анекатан і а-вы ў групе Лісіных (Алеуцкія а-вы).

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),

адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)