востраў на Пд Японіі. Пл.каля 42 тыс.км². Нас. 13,3 млн.чал. (1992). Абмываецца на У Ціхім ак., на ПнУ — Унутр. Японскім м., на З — Усх.-Кітайскім м.Усх. бераг прамалінейны, астатнія моцна парэзаныя бухтамі, залівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1788 м (вулкан Кудзю). На З і ПнЗ нізінныя алювіяльныя раўніны. Горы складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, вулканічных парод; узгоркі і нізіны з пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы каменнага вугалю. Актыўна дзеючыя вулканы (Аса, Кірысіма і інш.). Шмат гарачых крыніц. Частыя землетрасенні (найб. моцныя ў 1909, 1961, 1968). Клімат субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў гарах у студз.каля 0 °C, на прыбярэжных раўнінах 10 °C, у ліп. адпаведна 15 і 28 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Тайфуны. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння. Вечназялёныя і лістападныя лясы, лугі. Вырошчваюць рыс, збожжавыя, цукр. трыснёг, цытрусавыя, тытунь. Гарады: Кітакюсю, Фукуока, Кагосіма, Кумамота, Нагасакі. Нац. паркі: Асо, Кірысіма—Яку, Сайкай і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗІ (Cygnus),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Афрыкі і Антарктыды На Беларусі 3 віды: Л.-шыпун (C. olor), Л.-клікун (C. cygnus) і Л. малы, або тундравы (C. bewickii). Жывуць на прэсных вадаёмах. Л.-шыпуна і Л. чорнага (C. atratus) гадуюць як дэкар. птушак. Л.-шыпун занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Л.-шыпун даўж. да 1,8 м, масай да 13 кг; дзюба чырв., з чорным нарастам. Л.-клікун даўж. да 1,6 м, масай да 12 кг; дзюба лімонна-жоўтая з чорным, без нарасту. Л. малы даўж. да 1,2 м, масай да 7 кг; дзюба чорная з жоўтымі плямамі па баках каля асновы. Апярэнне гэтых відаў белае. Добра плаваюць, ныраць не могуць з-за пнеўматызацыі шкілета. Кормяцца раслінамі і дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Гняздуюцца каля вады Нясуць 3—5 (зрэдку да 12) яец. На Беларусі паляванне на Л. забаронена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд. — снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЭНДОРФ ((Ludendorff) Эрых) (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каляг. Познань, Польшча — 20.12.1937),
германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2-ю рас. армію ген. А.В.Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 калячыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял.Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс.чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г. Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Утвораны 2.8.1773 у складзе Магілёўскай правінцыі, з 2.4.1777 — у Магілёўскай, з 23.12.1796 да 27.2.1802 — у Беларускай (з далучэннем часткі Копыскага пав.), з 1807 — у Магілёўскай губ. (з аднаўленнем межаў 1777). З 1861 М.п. падзяляўся на 13 валасцей: Бялыніцкую, Вяйнянскую, Вендаражскую, Княжыцкую, Круглянскую, Нежкаўскую, Палыкавіцкую, Паўлавіцкую, Таўпечыцкую, Царковішчанскую, Цяцерынскую, Чарнаруцкую, Шклоўскую; меў 10 мястэчак: Буйнічы, Бялынічы, Галоўчын, Друцк, Княжыцы, Круглае, Круча, Цяцерын, Шапялевічы, Шклоў. Пл.каля 3425 км² (каля 300 тыс. дзесяцін). Нас. 120,5 тыс.чал. (1885). З 6.10.1919 па 10.8.1920 у М.п. уваходзілі Брадзецкая і Пагосцкая воласці Ігуменскага пав., з 4.5.1922 — Галянёўская, Радамская, Сухарэўская, Чавуская і Чэрнеўская воласці скасаванага Чавускага пав., з 27.6.1922 — Нічыпаравіцкая вол. Горацкага пав., з 14.2.1923 — Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская і Старабыхаўская воласці скасаванага Быхаўскага пав., 9.5.1923 — Даўгамохская воласць Чэрыкаўскага пав. Пасля ўзбуйнення валасцей у 1923 замест 24 іх засталося 15. 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэрыторыя падзелена паміж Аршанскай, Калінінскай і Магілёўскай акругамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
рака на ПнЗ Канады. Даўж. ўласна М. каля 1770 км, разам з р.Піс (ад вытокаў р. Фінлі) 4250 км. Пл. басейна (уключае сістэму рэк Нявольніцкая, Піс і Атабаска, якія належаць бас.Вял. Нявольніцкага воз.) 1804 тыс.км². Пачынаецца з Вял. Нявольніцкага воз., цячэ па нізіне Макензі, упадае ў м. Бофарта Паўн. Ледавітага ак., утварае дэльту (пл.каля 12 тыс.км²). Даліна М. складзена з тоўшчаў алювіяльных і водна-ледавіковых адкладаў, моцна забалочаная, укрытая яловымі лясамі. Гал. прытокі: Ліярд, Арктык-Рэд-Рывер, Піл (злева), Вял. Мядзведжая (справа). Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняя паводка. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні расход вады 11 тыс. м3/с.Даўж. суднаходных шляхоў усёй сістэмы 2200 км (ад Уотэруэйса на р. Атабаска да порта Тактаяктук на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.). Найб. населеныя пункты: Аклавік, Інувік, Норман-Уэлс, Форт-Норман, Форт-Провідэнс. Адкрыта і ўпершыню пройдзена ад вытокаў да вусця А.Макензі ў 1789, названа ў яго гонар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́КЕШ,
горад у Марока, у перадгор’ях Высокага Атласа. Адм. ц. правінцыі Маракеш. Каля 1,5 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр паўд.ч. краіны. Прам-сць: харч., хім., тэкст., швейная, дрэваапр., цэментная. Саматужная вытв-сць (дываны, саф’ян). Зімовы курорт. Цэнтр турызму. Ун-т. Музеі мараканскага мастацтва, гем і керамікі. Арх. помнікі 11—12 ст. Помнікі медыны (купальны павільён Куба эль-Баадыйн, мячэць Кутубія, вароты Баб-Агвенау) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; шматлікія ансамблі 14—16 ст., палацы.
Засн. ў 1070 (паводле інш. звестак, у 1060 ці 1062) Альмаравідамі. У канцы 12 ст. буйны гандл. цэнтр з насельніцтвам каля 100 тыс.чал. Пры Альмаравідах, Альмахадах і Саадзідах (1554—1659) М. — сталіца Зах. Магрыба; у час феад. міжусобіц — рэзідэнцыя правіцеляў Паўд. Марока. У 1515 партугальцы беспаспяхова спрабавалі захапіць М. У час франц. пратэктарату над Марока (1912—56) паліт. і эканам. значэнне горада зменшылася. Пасля абвяшчэння незалежнасці Марока (1956) адм. цэнтр аднайм. правінцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭНАДАРА́Н, Інстытут старажытных рукапісаў «Матэнадаран» імя Месропа Маштоца,
найбуйнейшае ў свеце сховішча старажытнаарм. рукапісаў і н.-д.ін-т у Ерэване. Створаны на базе нацыяналізаванай у 1920 калекцыі рукапісаў Эчміядзінскага манастыра. У яго фондах каля 13 тыс.стараж.-арм. манускрыптаў, больш за 100 тыс.стараж. архіўных дакументаў, каля 2000 рукапісаў на араб., перс. і інш. мовах. У М. зберагаюцца рукапісы 5—18 ст., унікальная калекцыя першадрукаваных і стараж.-арм. кніг 16—18 ст., творы стараж. і сярэдневяковых арм. гісторыкаў, пісьменнікаў, філосафаў, матэматыкаў, географаў, урачоў; пераклады прац стараж.-грэч., сірыйскіх, араб. і лац. вучоных, у т. л. шэраг твораў, якія захаваліся толькі ў стараж.-арм. перакладах 5—7 ст. («Хроніка» Яўсея Кесарыйскага, 7 філас. трактатаў Філона Яўрэя і інш.). Шмат рукапісаў маюць вял. мастацкую каштоўнасць (напр., «Лазараўскае евангелле», 887, «Эчміядзінскае евангелле», 989, «Евангелле Мугні», 11 ст.). У М. вядзецца н.-д. работа, у яго музеі экспануюцца лепшыя ўзоры стараж.-арм. пісьменства і мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАЛІТЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ, мегаліты (ад мега... + lithos камень),
старажытныя збудаванні з вял. неапрацаваных або груба апрацаваных камянёў. Да такіх збудаванняў належаць дальмены, кромлехі, менгіры, пахавальныя і крапасныя цыклапічныя пабудовы. Пашыраны па ўсім свеце (за выключэннем Аўстраліі), пераважна ў прыморскіх рэгіёнах. На тэр. Еўропы самыя стараж. М.з. вядомы з эпохі энеаліту, значна пашырыліся ў бронзавым веку. Найб. вядомы на атлантычным узбярэжжы Зах. Еўропы, у Міжземнамор’і, на Каўказе. Сусветна вядомым М.з. з’яўляецца Стонхендж у Англіі, які, на думку многіх даследчыкаў, быў стараж. астранамічнай абсерваторыяй. На Беларусі да М.з. можна аднесці нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каляв. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., куды з даўніх часоў прыносяць ахвяраванні мясц. жыхары. Помнікамі рытуальна-астранамічнага прызначэння, верагодна, можна лічыць вял. валуны на беразе воз. Янова каляв. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., складзеныя ў выглядзе квадрата 15 × 15 м, адкрытага з аднаго боку (гл.арт.Камяні).
Э.М.Зайкоўскі.
Да арт.Мегалітычныя збудаванні. Стонхендж. Цэнтральная частка пабудовы.