ПО́ЛІНГ, Паўлінг (Pauling) Лайнус Карл (н. 28.2.1901, г. Портленд, штат Арэгон, ЗША — 19.8.1994), амерыканскі фізік і хімік, грамадскі дзеяч. Чл.Нац.АН ЗША (1933), Амер.АН мастацтваў і навук (1944). Замежны чл.АНСССР (1958). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т у Пасадэне (1925; д-р філасофіі), дзе і працаваў ў 1927—64 (з 1931 праф.). У 1969—74 у Станфардскім ун-це. З 1975 у Ін-це навукі і медыцыны. Навук. працы па тэорыі хім. сувязей, даследаванні структуры малекул, біяхіміі, імунахіміі, малекулярнай генетыцы. Распрацаваў квантава-механічны метад разліку структуры малекул — метад валентных сувязей (1931, адначасова з амер. фізікахімікам Дж.К.Слейтэрам), на аснове якога стварыў новую тэорыю будовы хім. злучэнняў — тэорыю рэзанансу (1931—33). Увёў паняцце электраадмоўнасці, прапанаваў спосаб яе колькаснага вызначэння (1932) і шкалу адносных лікавых значэнняў электраадмоўнасцей хім. элементаў. Заклаў асновы структурнага аналізу бялкоў (1946—50, разам з Дж.Д.Берналам, У.Л.Брэгам), выказаў думку пра спіральную будову поліпептыднага ланцуга ў бялках. Адзін з ініцыятараў Пагуашскага руху. Нобелеўская прэмія 1954, Нобелеўская прэмія міру 1962, Міжнар. Ленінская прэмія 1970.
Тв.:
Рус.пер. — Природа химической связи. М., Л., 1947;
Общая химия. М., 1974;
Химия. М., 1978 (разам з П.Полінгам).
Літ.:
Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 315.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАТЫ́П (ад грэч. prototypon правобраз),
рэальная асоба, якая паслужыла асновай для стварэння літ. вобраза, персанажа. Арыентаванасць на П., характар яго выкарыстання залежаць ад кірунку, жанру і творчай індывідуальнасці пісьменніка. Наяўнасць П. з’яўляецца істотнай рысай рэалістычнай творчасці з яе жыццепадабенствам, псіхалагізмам, быт. каларытам, у адрозненне ад л-р і стыляў з высокай ступенню нарматыўнасці і дэманстратыўнай умоўнасцю (класіцызм, барока, сентыменталізм). Паказваючы рэальную асобу, пісьменнік не капіруе характар і жыццё П., а адбірае патрэбнае яму. Зварот да П. найб. характэрны ў аўтабіягр. творах (трылогія Л.Талстога «Дзяцінства», «Гады падлетка», «Юнацтва», паэма Я.Коласа «Новая зямля») і ў лірыцы, дзе ў якасці П. лірычнага героя выступае сам аўтар. У літ. персанажа можа быць некалькі П (вобраз Грушніцкага ў рамане М.Лермантава «Герой нашага часу»), у некалькіх літ. персанажаў можа быць адзін П. (П. для вобразаў Садовіча ў рамане Я.Коласа «На ростанях», Баса-Грэнкі ў п’есе Я.Коласа «Забастоўшчыкі», Сташынскага ў рамане А.Фадзеева «Разгром» паслужыў А.Сянкевіч). Але часцей аўтар, ствараючы вобраз, асноўваецца на адной рэальнай асобе. якую ўспрымае як блізкі да маст. завершанасці тып (П. для вобраза дзеда Талаша ў аповесці Я.Коласа «Дрыгва» паслужыў В.І.Талаш, для вобраза Чубара ў рамане І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» М.Сяднёў).
Літ.:
Атрашкевіч В.І. Ад прататыпа да вобраза. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШЧО́ЛКА (Аляксандр Раманавіч) (1869, в. Чарсцвяды Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1943),
бел. пісьменнік, этнограф, фалькларыст. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1890), юрыд.ф-т Юр’еўскага (Тартускага) ун-та (1907). Настаўнічаў, працаваў адвакатам. Друкаваўся з 1898 у «Витебских губернских ведомостях», пазней у газ. «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш. Пісаў на бел. і рус. мовах. Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў («Нарысы з жыцця беларускай вёскі», 1899; «Беларускія апавяданні», 1901; і інш.), дзе паказаў жыццё і побыт бел. сялян канца 19 ст. Для літ. дзейнасці П. характэрны маралізатарства, натуралізм, супярэчлівасць і неакрэсленасць аўтарскай пазіцыі (цыкл нарысаў «Пісьмы з вёскі», 1907). У этнагр. нарысах апісваў звычаі, абрады і побыт Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Талака», «Беларускія святы»), У Полацку стварыў хор, які выконваў бел.нар. песні, у Вільні арганізаваў вечар бел.нар. музыкі. Пад яго рэдакцыяй у Віцебску выдадзена паэма «Тарас на Парнасе» (3-е выд., 1910).
Тв.:
Пилипово веселье: (Бел. очерк). Витебск, 1901;
Очерки и рассказы из белорусской жизни. Вып. 2. Витебск, 1903;
Очерки и рассказы из жизни белорусской деревни. 2 изд. Вильна, 1906;
Очерки и рассказы из жизни Белоруссии. Сб. 2. 2 изд. Витебск, 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Мацей) (10.11.1749—2.9.1800),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.
Тв.:
Бел.пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;
Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЛО́ННЫХ ДА́ХАВЫХ І ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці па вытворчасці ўсіх відаў мяккіх дахавых (руберойду, пергаміну, толю і інш.) і гідраізаляцыйных матэрыялаў.
На Беларусі руберойд і пергамін пачалі вырабляць з 1961 на Мінскім камбінаце буд. матэрыялаў (з 1994 адкрытае акц.т-ва«Керамін»), дзе пабудаваны спец. цэх на адну тэхнал. лінію магутнасцю 21 млн.м² за год. У 1973 завершана буд-ваАсіповіцкага кардонна-руберойдавага завода (з 1994 акц.т-ва «Дах») магутнасцю 50 тыс.т дахавага кардону і 125 млн.м² мяккага крыцця за год. Тэхнал. абсталяванне для вырабу кардону пастаўлена фірмай «Фампа» (Польшча), усё астатняе абсталяванне — айч. прам-сцю. Для вырабу кардону выкарыстоўваюць рыззё, макулатуру, драўніну. Адкрытае акц.т-ва «Дах» — прадпрыемства з поўным закончаным тэхнал. цыклам вытв-сці мяккіх дахавых матэрыялаў. На ім асвоены выпуск новых відаў дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў на аснове бітумнага і бітумна-палімернага кампанентаў (біпалікрын і бікрын) з палепшанымі трываласнымі і эксплуатацыйнымі паказчыкамі. У якасці асновы гэтых матэрыялаў выкарыстоўваюць новыя імпартныя і айч. поліэфірныя і шкляныя палотны, тканіны. Вытв-сць гідрашклоізолу ў Рэспубліцы Беларусь наладжана ў адкрытым акц. т-ве «Гідрашклоізол» (пас. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1994 уведзена тэхнал. лінія магутнасцю 3 млн.м² за год. Выпушчана 1,45 млн.м² гідрашклоізолу (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ПРУ́СКА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1806—07,
вайна паміж 4-й кааліцыяй (склалася ў вер. 1806 з Вялікабрытаніі, Расіі, Прусіі, Саксоніі, Швецыі) і Францыяй (гл.Напалеонаўскія войны). У адказ на ультыматум Прусіі аб адводзе франц. войск за Рэйн армія Напалеона I імгненна ўварвалася ў Саксонію і Прусію. 14 кастр. ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 пруска-саксонскія войскі разбіты. 24 кастр.франц. войскі занялі сталіцу Прусіі Берлін, дзе 21 ліст. Напалеон падпісаў дэкрэт аб кантынентальнай блакадзе Вялікабрытаніі. Потым Напалеон накіраваў свае войскі супраць рас. арміі (3 корпусы, каля 160 тыс.чал., галоўнакамандуючы фельдмаршал М.Ф.Каменскі), якая да гэтага часу сканцэнтравалася ў раёне Пултуск—Астралэнка—Брэст-Літоўск. 28 ліст. французы занялі Варшаву. Паражэнне корпуса маршала Ж.Лана 26 снеж. каля Пултуска прымусіла Напалеона часова прыпыніць наступленне. 1 лют. ён накіраваў свае гал. сілы у напрамку Кёнігсберга, каб абысці левы фланг рас. арміі і потым акружыць яе. 7—8 лют. каля Пройсіш-Эйлаў адбылася бітва, якая сарвала першапачатковыя планы Напалеона. 14 чэрв.франц. войскі перамаглі рас. армію (галоўнакамандуючы з 13 студз.ген. Л.Л.Бенігсен) у бітве пры Фрыдландзе. Гэта прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць 7 ліп. з Напалеонам Тыльзіцкі мір 1807. 9 ліп. мірны дагавор з Францыяй падпісала і Прусія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РННА),
вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР і рус. эмігрантаў, створанае ў пач. 1942 пры групе ням. армій «Цэнтр» у Вял.Айч. вайну. Паводле ням. дакументаў, мела таксама назвы «рускі батальён спец. прызначэння», «падраздзяленне абвера 203», «злучэнне «Граўкопф». Кіраўнік б. эмігрант інж. С.Н.Іваноў. Асн. задачы — барацьба з партызанамі, падрыхтоўка разведчыкаў і дыверсантаў. Камплектаванне РННА вялося ў лагерах ваеннапалонных у Барысаве, Смаленску, Рослаўлі, Вязьме. Дыслацыравалася ў г.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., дзе размяшчаліся вучэбныя лагеры «Масква», «Урал» і «Кіеў». Асобны стралк. батальён, навучанне асабовага складу якога вялося па статутах Чырв. Арміі, быў сфарміраваны ў Шклове (лагер «Волма»). Пасля няўдалых антыпартыз. аперацый восенню 1942 РННА узначалілі б.сав.палк. В.І.Баярскі і брыгадны камісар Г.Н.Жылянкоў (будучы паплечнік ген. А.А.Уласава). Яны імкнуліся стварыць К-т вызвалення Радзімы і Рус.нар. армію. Аднак гітлераўцы на базе РННА арганізавалі т.зв. «брыгаду Баярскага» ў складзе 5 некамплектных усх. батальёнаў і дапаможных структур (усяго каля 4 тыс. байцоў). Пасля цяжкіх паражэнняў пад Вял. Лукамі (Расія) і ад бел. партызан (Мінская вобл.) перафарміравана ў 700-ы ўсх. полк асобага прызначэння. Пасля таго, як да партызан перайшло 130 «народнаармейцаў», злучэнне расфарміравана ў канцы 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫВЕ́РА ((Rivera) Дыега) (8.12.1886, г. Гуанахуата, Мексіка — 25.11.1957),
мексіканскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў нац. школы манум. жывапісу. Вучыўся ў АМ у Мехіка (1896—1902) і ў Мадрыдзе (1907). З 1909 працаваў у Парыжы, дзе зазнаў уплыў кубізму, у 1920—21 у Італіі вывучаў насценныя размалёўкі, у 1930—34 і ў 1940 у ЗША. У эпічных манум.-агітацыйных размалёўках спалучаў традыцыі італьян. Адраджэння і мастацтва стараж. Мексікі, адлюстроўваў вобразы нац. гісторыі, рэвалюцыі і барацьбы супраць дыктатуры. Творы вызначаюцца публіцыстычнасцю, філасофска-апавядальным пачаткам, сімвалічнасцю выяў, пластычнай магутнасцю фігур, плоскаснасцю кампазіцыі, арнаментальным рытмам ліній і колеравых плям: энкаўстыка ў Нац. падрыхтоўчай школе ў Мехіка (1922—23), фрэскі ў мін-вах асветы (1923—29) і аховы здароўя (1929—30), Нац. палацы (1929—50-я г.), атэлі «Прада» (1947—48) у Мехіка, Нац.с.-г. школе ў Чапінга (1926—27), палацы Картэса ў г. Куэрнавака (1929—30), Ін-це мастацтваў у Дэтройце (ЗША, 1932—33) і інш. У позніх работах спалучаў жывапіс з мазаікай і рэльефам, насычанасць матываў падпарадкоўвалася агульнай дэкар. задуме: аздабленне т-ра «Інсурхентэс» (1951—53), Алімпійскага стадыёна (1952—53) у Мехіка, водаразмеркавальнай камеры р. Лерма (1951—53).
Я.Ф.Шунейка.
Д.Рывера. Чалавек на раздарожжы. Размалёўка Нацыянальнага палаца ў Мехіка. 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й (Алесь) (сапр.Радзюк Альфрэд Васілевіч; 1.5.1922, в. Крысава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.1.1978),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы (1938—40). Працаваў у газ. «Чырвоная Лагойшчына». У Вял.Айч. вайну вярстальшчык «Менскай газэты», сакратар час. «Новы шлях» (Рыга). З 1944 за мяжой; у 1945—49 у г. Зальцбург (Аўстрыя), з 1949 у Аўстраліі, дзе працаваў на фабрыцы. Друкаваўся з 1937. Аўтар зб-каў паэзіі «Мае песні» (1944), «Сіла гневу» (1948), паэм «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943), «Звіняць званы святой Сафіі» (1946), «Домік у Менску» (1948), «Сын» (1949), у якіх раскрываюцца тэмы радзімы, яе гісторыі і прыроды, жыцця народа, кахання. У некат. творах уплыў М.Багдановіча. Пісаў апавяданні, фельетоны, вершы для дзяцей, вянкі санетаў, трыялеты, санеты, актавы, рандо, александрыны і інш. цвёрдыя строфы. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А Міцкевіча, Р.М.Рыльке, Т.Шаўчэнкі і інш.
Тв.:
Нятускная краса. Ню-Ёрк;
Мельбурн, 1982;
У кн.: Туга па Радзіме. Мн. 1992.
Літ.:
Грамадчанка Т. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...»: Алесь Салавей, 1922—1978 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Булгакаў В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі // Крыніца. 1997. № 6;
Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛІВЕН ((Sullivan) Луіс Генры) (3.9.1856, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 14.4.1924),
амерыканскі архітэктар; адзін з пачынальнікаў рацыяналізму, лідэр т.зв. чыкагскай школы. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це ў Кеймбрыджы (1872), наведваў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1874). Зазнаў уплыў Г.Х.Рычардсана. У 1875—95 працаваў у Чыкага з інж. Д.Адлерам: будынак Аўдыторыума (1886—89) — самая вял. ў ЗША тэатр. зала, заключаная ў абалонку з 10-павярховых карпусоў гасцініцы і офісных памяшканняў, і інш. Распрацаваў новы тып вышыннага будынка, дзе раскрыў спецыфічныя маст.-вобразныя якасці небаскроба з метал. каркаса і ячэйкавай структурай. Выкарыстоўваў верт. цягі, спалучаў строгія плоскасці са складаным крывалінейным арнаментам з чыгуну ў духу стылю мадэрн: Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе (1890—91), Гаранты-білдынг у Буфала (1894—95), будынак фірмы «Карсан-Піры-Скот» у Чыкага (1899—1900). Уласную тэорыю рацыяналізму найб. поўна выклаў у арт. «Вышынны канторскі будынак з мастацкага пункту гледжання» (1896). Стварыў канцэпцыю арган. архітэктуры, пазней развітой яго вучнем Ф.Л.Райтам. Творчасць С. паўплывала на развіццё еўрап. функцыяналізму 1920-х г. Аўтар шэрагу літ. прац, у т. л.кн. «Гутаркі ў дзіцячым садзе» (1901—02).
Тв.:
Рус.пер. — [Избр. отрывки] // Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972.
І.М.Скварцова.
Л.Салівен. Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе. 1890—91.