ПЕНТАПЛА́СТ,

прынятая ў СССР гандл. назва полі-3,3-біс-(хлорметыл) аксетану; сінтэтычны тэрмапластычны лінейны палімер, [CH2C(CH2Cl)2CH2O]. Сінтэзаваны ў 1951 у Вялікабрытаніі. Прамысл. вытв-сць пачата ў 1959 у ЗША, дзе яго выпускаюць пад назвай пентон.

Бясколернае рогападобнае рэчыва, мал. м. (100—250) 10​3, шчыльн. 1400 кг/м³, tпл 180 °C (раскладаецца пры 285 °C). Раствараецца ў цыклагексаноне, хлорбензоле пры t > 100 °C. Паводле трываласных паказчыкаў блізкі да поліпрапілену. Устойлівы да ўздзеяння мінер. кіслот, шчолачаў, масел, нітрабензолу, раскладаецца моцнымі акісляльнікамі (напр., олеумам). У вырабы перапрацоўваюць ліццём пад ціскам, экструзіяй, вакуум- і механапнеўмафармаваннем. мех. апрацоўкай. Выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для вырабу прэцызійных дэталяў і дэталяў вузлоў трэння), для футроўкі хім. абсталявання.

т. 12, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВАЛО́ЦКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (псеўд. Антон, Тарас, Янка; 1903, в. Яглевічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. —6.11.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1927). З 1923 сакратар Косаўскага райкома, чл. Баранавіцкага, сакратар Брэсцкага, Пінскага акр. к-таў КПЗБ. З 1928 член ЦК КПЗБ. Неаднойчы быў арыштаваны. На «працэсе 75-і» (1929) выступіў з прамовай у абарону палітыкі і тактыкі КПЗБ, засуджаны на 15 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у СССР. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў сувязі з «пасламі ад КПЗБ» у польскім сейме П.​Валошыным, С.​Рак-Міхайлоўскім, Б.​Тарашкевічам і расстраляны. Рэабілітаваны ў канцы 1980-х г.

В.​П.​Ласковіч.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ ПО́ЛЬСКАЯ ПЯХО́ТНАЯ ДЫВІ́ЗІЯ ІМЯ́ Т.КАСЦЮ́ШКІ, Першая Варшаўская пяхотная дывізія імя Т.​Касцюшкі. Сфарміравана па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў у СССР у маі 1943 на тэр. Сав. Саюза (в. Сяльцы, каля г. Разань, Расія) і з яго дапамогай. Першы бой дывізія на чале з ген. З.Берлінгам правяла разам з сав. войскамі 12—13.10.1943 каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. З сак. 1944 у складзе 1-й Польскай арміі, якая 21.7.1944 аб’яднана з Арміяй Людовай у Войска Польскае. Назву «Варшаўская» атрымала за ўдзел у вызваленні сталіцы Польшчы. У гонар першага сумеснага бою часцей Чырв. Арміі і гэтай дывізіі ў в. Леніна адкрыты Музей савецка-польскай баявой садружнасці.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НТАЛЬ (Станіслаў Францавіч) (10.4.1894, г. Білгорай Люблінскага ваяв., Польшча — 10.12.1937),

удзельнік грамадз. вайны на Беларусі, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1935). З 1915 у арміі. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. У 1918—20 у Чырв. Арміі, удзельнік баёў на Зах. фронце, камісар па польскіх справах Зах. вобл. З 1920 у органах дзярж. бяспекі: з 1921 нам. старшыні ЧК БССР, у 1923—24 старшыня ДПУ БССР, потым у АДПУ СССР. Канд. у чл. ЦБ КП(б)Б у 1923—24. Канд. у чл. ў 1922—24 і чл. ЦВК БССР у 1924. 19.7.1937 арыштаваны, 9.12.1937 неабгрунтавана прыгавораны да расстрэлу за прыналежнасць да т.зв. «Польскай арганізацыі вайсковай». Рэабілітаваны 7.3.1956.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ВАННЕ Ў ЛА́СТАХ,

від падводнага плавання з аквалангам, плаванне ў ластах, ныранне ў ластах у даўжыню; від падводнага спорту. Спаборніцтвы па плаванні з аквалангам праводзяцца на дыстанцыях 100, 400 і 800 м; па плаванні ў ластах — на 100, 200, 400, 800 і 1500 м і на марафонскія дыстанцыі 8000 м для мужчын і 6000 м для жанчын; па ныранні ў ластах — на 50 м, эстафеты 4 × 100 і 4 × 200 м. Сярод бел. спартсменаў найбольш значных вынікаў дасягалі І.Бурая, Л.Говарава, Т.Назарава, В.​Зборшчык — чэмпіёнка СССР (1976, 1977), А.​Аляшкевіч — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997), бронз. прызёр чэмпіянату свету (1998), А.​Ашэйчык і С.​Карунец — абс. чэмпіёны Беларусі (2000).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЖЫЯЛКО́ЎСКІ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 2.3.1930, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),

бел. і рас. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі. Д-р тэхн. н., праф. (1984). Герой Сац. Працы (1983). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1953). З 1959 на Мінскім з-дзе выліч. машын, гал. канструктар ЭВМ «Мінск-2», «Мінск-23», «Мінск-32», ЕС-1020. З 1971 у Маскоўскім н.-д. цэнтры электронна-выліч. тэхнікі. Дзярж. прэмія СССР 1970.

Тв.:

Электронная вычислительная машина «Минск-32» М., 1972 (разам з В.​Я.​Пыхціным, Г.​Дз.​Смірновым);

Электронная вычислительная машина ЕС-1020. М., 1975 (у сааўт.);

Технические и программные средства Единой системы ЭВМ (ЕС ЭВМ-2). М., 1980 (разам з Ю.​С.​Ломавым).

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАНКАРЭ́ ((Poincaré) Раймон) (20.8.1860, г. Бар-ле-Дзюк, Францыя — 15.10.1934),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Вучыўся ў Парыжскім ун-це. У 1887—1903 дэп. парламента, у 1903—13 і з 1920 сенатар. З 1893 неаднаразова займаў міністэрскія пасады. У 1912—13, 1922—24 і 1926—29 прэм’ер-міністр, у 1913—20 прэзідэнт Францыі. Праводзіў мілітарысцкую палітыку (празванне «П.-вайна»), Мацуючы франка-рас. саюз супраць Германіі, у 1912 і 1914 наведаў Пецярбург. У 1918—20 адзін з арганізатараў антысав. інтэрвенцыі, стваральнікаў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Дамагаўся ваен. і эканам. гегемоніі Францыі ў Еўропе. З 2-й пал. 1920-х г. стаў на шлях збліжэння з Германіяй, каб выкарыстаць яе ў барацьбе супраць СССР. Аўтар мемуараў.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ І АРТЫЛЕ́РЫЯ,

род войск ва ўзбр. сілах шэрагу краін СНД, у т. л. Беларусі; уваходзіць у склад сухапутных войск. У СССР створаны ў пач. 1960-х г. на аснове аб’яднання артылерыі і ракетных часцей сухапутных войск (гл. Ракетныя войскі). Здольныя знішчаць сродкі ядз. нападзення, авіяцыю на аэрадромах і аб’екты ППА; паражаць пункты кіравання войскамі, склады, вузлы камунікацый і інш., выкарыстоўваюцца таксама для паражэння караблёў праціўніка, марскіх дэсантаў і ваенна-марскіх баз. Ва Узбр. Сілах Беларусі складаюцца з падраздзяленняў, часцей і злучэнняў, якія ўваходзяць у склад аператыўных аб’яднанняў, агульнавайск. злучэнняў і рэзерву вярх. галоўнакамандавання. На ўзбраенні маюць ракетныя комплексы высокаманеўраныя скарастрэльныя артыл. сістэмы і інш.

С.​У.​Кіслы, С.​А.​Фамін.

т. 13, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНЕ́НКА (Пракоп) (Пётр) Логвінавіч (25.2.1897, хутар Раманенкі Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.3.1949),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933), Генштаба (1948). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік войнаў: 1-й сусв., грамадз. 1918—20, у Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., Бранскім, Паўд.-Зах., 1-м Бел. франтах: камандуючы арміямі, нам. камандуючага фронтам. У час вызвалення Беларусі камандуючы 48-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943, Бабруйскай аперацыі 1944, Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1945—47 камандуючы Усх.-Сібірскай ваен. акругай. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1946.

П.Л.Раманенка.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТШТЭ́ЙН (Фёдар Аронавіч) (26.2.1871, г. Каўнас, Літва — 30.8.1953),

савецкі гісторык, дыпламат. Акад. АН СССР (1939). У 1890—1920 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. З 1895 чл. англ. С.-д. федэрацыі, з 1911 адзін з лідэраў левага крыла Брыт. сацыяліст. партыі. Удзельнічаў у стварэнні кампартыі Вялікабрытаніі (1920). У 1920—23 паўнамоцны прадстаўнік РСФСР у Іране. У 1922—26 правадз. чл. Сацыялістычнай (з 1924 — Камуніст.) акадэміі. У 1923—30 адказны рэд. час. «Международная жизнь». У 1924—25 дырэктар Ін-та сусв. гаспадаркі і сусв. палітыкі. У 1927—45 чл. гал. рэдакцыі Вял. Сав. Энцыклапедыі. Працы па гісторыі рабочага руху, каланіяльнай палітыкі і міжнар. адносін: «З гісторыі пруска-германскай імперыі» (1948), «Захоп і закабаленне Егіпта» (2-е выд. 1959).

т. 13, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)