АМБРЫКА́НА-ПАНА́МСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1903, 1936, 1955, 1977 аб канале.

Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн. дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс. дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс. дол.

Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс. дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.

Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн. дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭНЕРГЕ́ТЫКА (ад гідра... + энергетыка),

галіна энергетыкі, звязаная з выкарыстаннем мех. энергіі воднага патоку пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі. Аснова гідраэнергетыкі — гідраэнергетычныя рэсурсы, якія адносяцца да ўзнаўляльных. Электраэнергія выпрацоўваецца на гідраўлічных электрастанцыях (ГЭС), акумулятыўных і прыліўных ГЭС. Гідраэнергетыка значна менш за інш. віды энергетыкі забруджвае навакольнае асяроддзе, аднак гідратэхн. збудаванні, асабліва плаціны, нярэдка выклікаюць парушэнне экалагічнай раўнавагі.

Са старажытнасці чалавек выкарыстоўвае энергію цякучай вады для прывядзення ў рух вадзянога кола на млынах — першых гідрасілавых установак, якія захаваліся да нашых дзён. Да вынаходства паравой машыны вадзяное кола было асн. рухавіком у вытв-сці на металургічных, лесапільных, ткацкіх і інш. прадпрыемствах. Новае значэнне набыла гідраэнергетыка ў 1-й пал. 19 ст., калі былі вынайдзены гідраўлічная турбіна, электрамашына і спосабы перадачы эл. энергіі на вял. адлегласці. У канцы 19 ст. пачалося асваенне гідраэнергіі на ГЭС у ЗША, Расіі, Германіі, гідраэнергетыка аформілася ў самаст. галіну энергетыкі. У 1913 устаноўленая магутнасць усіх ГЭС Расіі (іх было 78) не перавышала 35 МВт; у ЗША працавала ГЭС Адамс на Ніягарскім вадаспадзе магутнасцю 37 МВт. У 1-й пал. 20 ст. доля гідраэнергетыкі ў сусв. выпрацоўцы электраэнергіі хутка расла, але з 1960 пачала сістэматычна скарачацца.

У 1994 у свеце выпрацавана 12,1 трлн. кВт·гадз электраэнергіі, з іх 17% на ГЭС. У некат. краінах доля воднай энергіі ў выпрацоўцы электраэнергіі можа быць значнай. Паводле некаторых даных яна можа быць большай за 90% у Парагваі, Нарвегіі, Гане, Бразіліі і інш. Сярод краін СНД адносна высокую долю ГЭС у вытв-сці электраэнергіі маюць Таджыкістан (97%) і Кіргізія (91%). На Беларусі гідраэнергетыка дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі (1995). Устаноўленая магутнасць 11 буйных ГЭС у сярэдзіне 1970-х г. дасягала 10 МВт, аднак з развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы частка іх закансервавана і перастала дзейнічаць. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт), Лукомская на р. Лукомка (500 кВт). Устаноўленая магутнасць 9 дзеючых ГЭС 6,8 МВт, яны выпрацоўваюць 20 млн. кВт·гадз электраэнергіі (1995).

В.М.Сасноўскі.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКУРЭ́НЦЫЯ (позналац. concurrentia сутыкацца, спаборнічаць),

эканам. барацьба паміж вытворцамі (прадаўцамі) тавараў, а ў агульным выпадку — паміж любымі эканам., рыначнымі суб’ектамі; саперніцтва за долю рынку і прыбытку. К. — гэта цывілізаваная легалізаваная форма барацьбы за існаванне і адзін з найб. дзейсных механізмаў адбору і рэгулявання рыначнай эканомікі. К. і інтэграцыя ствараюць дыялектычнае адзінства, пастаянна дапаўняюць адна адну і процістаяць адна адной. Можа быць унутрыгаліновая (прадметная, міжфірменная) і міжгаліновая. Унутрыгаліновая К. вядзецца паміж аналагічнымі таварамі, якія задавальняюць адну і тую ж патрэбу, але адрозніваюцца цаной, якасцю, асартыментам. Пры міжгаліновай К. ў барацьбу ўключаюцца суб’екты рынку і тавары розных галін, якія задавальняюць патрэбы рознымі спосабамі (напр., тавары для спорту, турызму, адпачынку). У гэтым выпадку барацьба ідзе за плацежаздольны попыт насельніцтва. Такі від К. наз. таксама функцыянальным. Цэнавая К. прадугледжвае продаж тавараў або прапанову паслуг па больш нізкіх цэнах, чым іншыя канкурэнты. Няцэнавая К. — прапанова тавараў больш высокай якасці, больш шырокага асартыменту. Асаблівае значэнне маюць эканамічнасць і эстэт. паказчыкі прадукцыі, яе бяспечнасць. У залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў рынку адрозніваюць К. дасканалую (чыстую, ідэальную, сустракаецца рэдка), і недасканалую. Дасканалая К. вядзецца з мноствам падобнага, узаемазамяняльнага тавару, прычым ні адна асобная група не можа ўплываць на кошт і маштабы продажу тавараў. Манапалістычная К. вядзецца з вял. колькасцю прадаўцоў і пакупнікоў пры значнай разнастайнасці тавараў (прадаюцца па розных цэнах); алігапалістычная К.з невял. колькасцю буйных прадаўцоў, здольных уплываць на цэны тавараў. Пра недасканалую К. або неканкурэнтны рынак размова ідзе тады, калі пакупнікі або прадаўцы маюць магчымасць уздзейнічаць на рыначную цану. Ва ўмовах жорсткай канкурэнтнай барацьбы мае месца н я добрасумленная К., якая выяўляецца ў парушэнні прынятых на рынку правіл і норм, у дэзінфармацыі пра годнасць тавару, выкарыстанні чужога таварнага знака, фірменнай назвы, маркіроўкі, у тайных змовах на таргах і інш. К. выступае абавязковай умовай дынамічнага і эфектыўнага развіцця міжнар. гасп. сувязей, паскарэння эканам. інтэграцыі. У сучасных інтэграцыйных працэсах высокая канкурэнтная здольнасць прадукцыі з’яўляецца фактарам эканам. незалежнасці і бяспекі краіны, забяспечвае станоўчую дынаміку экспарту, садзейнічае поспеху ў саперніцтве з замежнымі таварамі на знешнім рынку, а таксама росту эканам. патэнцыялу дзяржавы.

В.В.Старыкаў, М.Р.Лобач, Г.Ч.Лянькевіч.

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎ,

горад у Беларусі, цэнтр Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.; прыстань на р. Дняпро. За 51 км ад Магілёва. Чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, аўтадарогамі злучаны з Магілёвам, Рагачовам і з аўтамагістралямі Магілёў—Гомель і Магілёў—Бабруйск. 20,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы харч. (Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод), лёгкай, металаапр. прам-сці, сац.-быт. абслугоўвання. Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Упершыню згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у 1430. Узнік на месцы ўмацаванага гарадзішча. У 15—17 ст. належаў кн. Дз.С.Друцкаму-Зубравіцкаму, Гаштольдам, Жыгімонту І Старому, Хадкевічам, Сапегам. У канцы 16 ст. тут распачата буд-ва гар. умацаванняў і замка, засн. касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61. У Паўночную вайну 1700—21 Быхаў — важны стратэгічны пункт, адбыліся Быхава аблога 1702 і Быхава абарона 1707. У 1755 у Быхаве 2522 ж. У 1772—96 і 1802—1923 цэнтр Быхаўскага павета Магілёўскай губ. У 1781 зацверджаны герб горада: на чырв. полі 2 скрыжаваныя чыгунныя гарматы. У 1796—1802 заштатны горад Беларускай губ. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1897 у Быхаве каля 6,4 тыс. ж. З 1924 цэнтр раёна. У 1939 — 11 тыс. ж. З 5.7.1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Быхаве і раёне 9158 чал. У 1970 — 17,4 тыс. ж. Першыя абарончыя збудаванні Быхава ўзніклі ў 14 ст., у пач. 17 ст. горад ператвораны ў магутную крэпасць. У сістэму яе ўмацаванняў увайшоў Быхаўскі замак, што стаў кампазіцыйным цэнтрам паселішча. Паводле генплана 1778 стараж. ўмацаваная ч. горада з замкам і гандл. плошчай перад ім захавана як цэнтр. планіровачнае ядро, вакол якога з Пн і Пд створаны новыя рэгулярныя раёны з сеткай амаль прамавугольных кварталаў. Помнікі архітэктуры — Быхаўская сінагога і Быхаўская Троіцкая царква. Брацкая магіла барацьбітоў за сав. ўладу, сав. воінаў і партызан.

В.Л.Насевіч, В.М.Удальцоў (гісторыя).

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЕРАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні (пераважна ў клетках) каштоўных пушных звяроў для атрымання шкурак (пушніны). Узнікла ў канцы 19 ст. ў Канадзе, дзе Ч.Долтан першым пачаў прамысл. клетачнае развядзенне дзікіх серабрыста-чорных лісоў. Клетачная З. ў ЗША і скандынаўскіх краінах пачала спецыялізавацца на развядзенні норкі. У Расіі першыя зверагадоўчыя гаспадаркі створаны ў 1928—29, гадуюць норак, пясцоў і інш. З. найб. развіта ў Расіі, ЗША, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Канадзе, дзе ў суровых зімовых умовах футра звяроў набывае лепшую якасць. Аб’екты З.: норка, блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, нутрыя, собаль; асвойваецца развядзенне рачнога бабра, янотападобнага сабакі, тхара, каляровых лісоў, андатры і інш. На Беларусі першая зверагадоўчая гаспадарка створана ў 1939, прамысл. З. развіваецца з 1950-х г. На пач. 1997 г. вырошчваннем пушнінна-футравых жывёл займаліся каля 60 калгасаў і саўгасаў, 7 гаспадарак Белкаапсаюза і некалькі зверагаспадарак акцыянернага тыпу. Невял. колькасць (пераважна нутрыі) вырошчваюць аматары ў асабістых гаспадарках. З. Беларусі спецыялізуецца пераважна на гадоўлі норак (214 тыс. гал. на пач. 1997, больш за 90% пагалоўя пушных звяроў гаспадарак): цёмна-карычневых, пастэльных, серабрыста-блакітных, тапазавых, жамчужных, белых. Гадуюць таксама нарвежскіх вуалевых пясцоў, серабрыста-чорных лісоў, нутрый, шыншыл, янотаў, андатраў і інш. Найб. пашыраная клетачная форма З., існуе таксама паўвольнае развядзенне асобных відаў (нутрыя). Кормяць звяроў мяса-рыбнай сумессю (60—70% ад каларыйнасці рацыёну) з дабаўкай зерневых кармоў, малочнага і рыбнага тлушчу, агародніны. Селекцыйная работа накіравана на паляпшэнне якасці апушэння, колеру і структуры футра (гушчыня, даўжыня, мяккасць), павелічэнне памераў, павышэнне плоднасці і жыццяздольнасці звяроў. Удз. вага пушніны, якую дае З. (у вартасным выражэнні), складае больш за 95% усяго аб’ёму нарыхтовак пушніны ў рэспубліцы. Найб. гаспадарка — зверасаўгас «Беларускі» Вілейскага р-на, Баранавіцкая, Маладзечанская, Пінская зверагаспадаркі.

Н.І.Жураўская.

Да арт. Зверагадоўля. Пушныя звяры: 1 — норка амерыканская; 2 — ліс серабрыста-чорны; 3 — нутрыя.

т. 7, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРШ-СА́БЛІН (сапр. Саблін) Уладзімір Уладзіміравіч

(29.3.1900, Масква — 6.7.1974),

бел. кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў бел. маст. кінематаграфіі. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1935). Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1969). З 1923 працаваў у т-рах Расіі, здымаўся ў кіно, быў асістэнтам рэж. Ю.Тарыча. З 1926 у бел. кінематографе. У 1945—60 і 1969—74 маст. кіраўнік кінастудыі «Беларусьфільм», у 1957—74 першы сакратар Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «У агні народжаная» (1929). Пастаноўшчык першага гукавога фільма ў бел. ігравым кіно «Першы ўзвод» («Заходні фронт», 1933), прысвечанага падзеям 1-й сусв. вайны. Фільм «Залатыя агні» (1935) пра будаўнікоў першай на Беларусі электрастанцыі вызначаўся падзелам герояў на свядомых і несвядомых, увядзеннем у сюжэт характэрнай для тагачаснай драматургіі лініі шкодніцтва. У кінааповесці «Дачка Радзімы» (1937), лірычных камедыях «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940) ідэалізацыя сав. рэчаіснасці. У гады Вял. Айч. вайны паставіў «Беларускія навелы» (з Тарычам, 1942), кінаканцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (з М.Садковічам, 1944). Да сучаснасці звяртаўся ў фільмах «Новы дом» (1947), «Пяюць жаваранкі» (з К.Саннікавым, 1953) і «Хто смяецца апошнім» (1955) па п’есах К.Крапівы, «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956), але глыбокага асэнсавання закранутых праблем не дасягнуў. Асн. кірунак кінатворчасці К.-С. — паказ героікі барацьбы за ідэалы рэвалюцыі: «Вогненныя гады» (1939), «Канстанцін Заслонаў» (з А.Файнцымерам, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Чырвонае лісце» (1958), «Масква—Генуя» (з А.Спешневым, П.Армандам, 1964; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970). Паставіў дылогію «Першыя выпрабаванні» (1960—61) паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», многія калізіі, сюжэтныя лініі якой увасоблены з уласцівай рэжысёру кінематаграфічнай выразнасцю. Для творчасці К.-С. характэрны яснасць грамадзянскай пазіцыі, рэв. пафас, выразнасць вобразаў гал. герояў.

Літ.:

Бондарева Е.Л. В кадре и за кадром. Мн., 1973;

Яе ж. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980.

Е.Л.Бондарава.

У.У.Корш-Саблін.

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАСІ́Я (Nikosia),

Леўкасія, горад, сталіца Рэспублікі Кіпр. Знаходзіцца ў цэнтр. ч. в-ва Кіпр. Больш за 200 тыс. ж. (1998). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., тытунёвая, харч., гарбарна-абутковая. дрэва- і металаапрацоўчая. Ганчарнае рамяство. Цэнтр турызму.

Засн. ў 7 ст. да н.э. (наз. Ледра, Леўкатэон, з 13 ст. н.э. Н.). У 58 да н.э. заваявана рымлянамі; уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым Візантыі. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 1191 заваявана англ. каралём Рычардам 1 Львінае Сэрца (3-і крыжовы паход). У 1192—1485 сталіца Кіпрскага каралеўства крыжаносцаў. З 1485 належала Венецыі, у 1571 заваявана Асманскай імперыяй. У час Грэчаскай нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29 туркі арганізавалі ў Н. разню хрысціянскага насельніцтва. З 1878 сталіца брыт. калоніі Кіпр. З 1960 сталіца незалежнай Рэспублікі Кіпр. З 1974 (тур. ўварванне на Кіпр) застаецца пад міжнар. кантролем міратворчых сіл ААН, якія ахоўваюць мяжу паміж Кіпрскай рэспублікай і Тур. Рэспублікай Паўн. Кіпра. Н. — цэнтр архіепіскапства кіпрскай аўтакефальнай правасл. царквы.

Стары горад, абкружаны венецыянскай крапасной сцяной (1567, арх. Ф.Барбара, паводле чарцяжоў Дж.Саварньяна), захаваў планіроўку 16 ст.: скучаная забудова, вузкія вуліцы з малапавярховымі будынкамі. З 250 сярэдневяковых пабудоў найб. значныя: гатычныя сабор св. Сафіі (цяпер мячэць Селіміе; з 1209, усх. частка — 1217—51. зах. 1319—26), касцёлы Маці Божай (1300) і аўгусцінцаў (цяпер мячэць Амерые; каля 1330), ансамбль рынку Бедэстан (перабудаваны ў 16 ст.); «Вароты Фамагусты» (16 ст.), сабор св. Іаана (перабудаваны ў 1665, цыкл размалёвак, каля 1730). Па-за межамі Старога горада — новыя сучасныя кварталы. Вылучаецца архіепіскапскі палац (1956—59, арх. Н.Русас).Музеі: Кіпра, нар. мастацтва, абразоў, лапідарый (фрагменты сярэдневяковых пабудоў).

Літ.:

Коровина А.К., Сидорова Н.А. Города Кипра. М., 1973.

Да арт. Нікасія. Кафедральны сабор святой Сафіі (цяпер мячэць Селіміе). 1209—1326.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́С (Хаджа Ахмад) (7.6.1914, г. Паніпат, Індыя — 1987),

індыйскі кінарэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік. Скончыў Алігархскі мусульманскі ун-т. Удзельнік стварэння Асацыяцыі нар. т-раў Індыі (1943). Пастаноўшчык маст. фільмаў «Незвычайнае здарэнне», «Іншаземец» (з рэж. В.Проніным, у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), «Дзве кроплі вады» і інш. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Бессмяротная гісторыя доктара Котніса», «Бадзяга», «Пан 420» (абодва ў сааўт.), сац. раманаў «Заўтра належыць нам» (1945), «Крывавы шлях» (1980) і інш.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся ў Вял. Айч. вайну паміж партыз. атрадам імя Шчорса (камандзір П.В.Пранягін і ням.-фаш. захопнікамі 13.9.1942 у раёне Агінскага канала. Атрад з баямі выйшаў 10—13.9.1942 да 10-га шлюза, захопленага карнікамі (каля 100 гітлераўцаў), частка атрада перайшла ўброд р. Шчара і ўдарыла ў фланг праціўніка, асн. сілы партызан атакавалі ворага і ў выніку 5-гадзіннага бою знішчылі больш за 60 гітлераўцаў, захапілі зброю, боепрыпасы.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАЗВЯ́ЗНАЯ ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы,

адкрытая ці замкнутая вобласць, у якой любы замкнуты контур можна неперарыўна сцягнуць у пункт, не выходзячы за мяжу вобласці. Для любой замкнутай неперарыўнай крывой, якая належыць адназвязнай вобласці, частка плоскасці, якая абмежавана гэтай крывой, належыць вобласці. Адназвязнай вобласцю з’яўляецца, напр., інтэрвал, сегмент, круг, шар (адкрытыя ці замкнутыя). Мяжа адназвязнай вобласці складаецца з аднаго кавалка. Напр., мяжа круга (адназвязная вобласць) — акружнасць. Гл. таксама Мнагазвязная вобласць.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)