птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі выпадкова залётны від. Жыве ў старых лісцевых і мяшаных лясах, якія чаргуюцца з адкрытымі мясцінамі. Занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Вял. арол, даўж. цела 72—84 см, размах крылаў каля 2 м, маса 2,5—3 кг. Самкі большыя за самцоў. Дарослыя птушкі цёмна-бурай афарбоўкі, галава вохрыстая або белаватая, на плячах белыя плямы. Дзюба масіўная, моцная. Гнёзды з тоўстых галін на верхавінах высокіх дрэў. Нясе 2 (радзей 3) белыя яйцы. Корміцца пераважна дробнымі млекакормячымі, птушкамі, мярцвячынай. Карысны для сельскай і лясной гаспадаркі (знішчае шкодных грызуноў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНАЯ САВА́ (Asio flammeus),
птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд. Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.
Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБУДУ́Р (Borobudur),
будыйскае свяцілішча, помнік інданезійскай архітэктуры і культуры сярэднявечча. На Пд в-ва Ява. Пабудаваны ў канцы 8 — пач. 9 ст. з каменных блокаў (андэзіту) на схілах узгорка ў выглядзе ступеньчатай 10-яруснай піраміды (выш. 31,5 м, даўж. ў аснове 123 м): дарога працэсій, 5 ніжніх квадратных і 3 верхнія круглыя тэрасы (са шматлікімі звонападобнымі ступамі — сховішчамі рэліквій), увянчаныя вял. ступай. У нішах тэрас і ажурных верхніх ступах — 504 статуі Буды і 1460 рэльефаў на тэмы з жыцця Буды. Барабудур з яго багаццем кампазіц. аспектаў, арх. гармоніяй скульпт. элементаў і арнаментальнага дэкору быў задуманы як грандыёзны сімвал Сусвету.
Літ.:
Forman B. Borobudur: Das buddistische Heiligtum. Prag, 1980.
адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Баранавіцкай вобласці ў Вял.Айч. вайну. Вучыўся ў Вышэйшай школе партарганізатараў пры ЦКВКП(б) (1939—40). У 1940—41 сакратар Баранавіцкага абкома КП(б)Б. З жн. 1943 сакратар Баранавіцкага падп. абкома КП(б)Б, у кастр. 1943 — сак. 1944 камандзір Баранавіцкага партыз. злучэння Паўд. зоны. З ліп. 1944 сакратар Баранавіцкага, 1-ы сакратар Бабруйскага, потым Гродзенскага абкомаў КПБ. У 1958—74 старшыня Камісіі сав. кантролю, потым дзярж. кантролю СМБССР. Чл.ЦККПБ у 1949—52, 1954—66. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—59, Вярх. Савета СССР у 1954—62.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАЙ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЙ АКАДЭ́МІІ.
Размешчаны ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. Ствараўся паступова з 1847 пры Горы-Горацкай земляробчай школе (з 1848 — ін-це). Пасля закрыцця ін-та ў 1863 сад занядбаны. Аднаўленне пачалося ў 1920 з аднаўленнем Горы-Горацкага земляробчага ін-та (1919). У садзе было каля 300 відаў дрэўных раслін. У аддзеле сістэматыкі амаль 400 відаў травяністых раслін. У Вял.Айч. вайну большая ч. калекцыі загінула. Аднаўляецца з 1950. Пл. каля 25 га. Рэстаўрыраваны аддзел сістэматыкі травяністых раслін (450 відаў). Створаны новыя бат. экспазіцыі. База для падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Рэліктавае дрэва гінкга двухлопасцевае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛАЎ (Уладзімір Восіпавіч) (н. 3.7.1926, в. Кірылаўка Маскоўскай вобл.),
рускі пісьменнік. Удзельнік Вял.Айч. вайны. Першая аповесць «Іван» (1958; фільм «Іванава дзяцінства», 1962). Аўтар кароткіх апавяданняў-прытчаў «Першае каханне», «Сэрца майго боль», «Могілкі пад Беластокам» і інш., аповесці «Зося» (1965, аднайм. фільм 1967). У рамане «У жніўні сорак чацвёртага...» (другая назва — «Момант ісціны», 1974) паказаў работу сав.ваен. контрразведчыкаў, будзённы прафесіяналізм якіх узняты да ўзроўню гераічнага подзвігу. Простая і лаканічная мова Багамолава ўзмацняе псіхал. напружанасць і амаль дакумент. дакладнасць падзей, што апісваюцца. На бел. мову яго творы перакладалі А.Жук, У.Паўлаў.
Тв.:
Роман;
Повести;
Рассказы. М., 1986;
Бел.пер. — Зося // Далягляды. Мн., 1981;
Момант ісціны (У жніўні сорак чацвёртага...). Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Вячаслаў Васілевіч) (1878, Віцебская губ. — 1941 ?),
бел. царкоўны і грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію. З 1907 інспектар Віленскай духоўнай семінарыі, потым яе рэктар. У 1917 дэлегат на Вял.царк. сабор у Маскве. У Віленскай бел. гімназіі выкладаў Закон Божы. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў «Беларускага праваслаўнага аб’яднання». У 1922 абраны ў сенат Польскай Рэспублікі, уваходзіў у Бел. пасольскі клуб. У 1920—30-я г. член Бел.нац.к-та ў Вільні. Выступаў супраць аўтакефаліі бел. праваслаўнай царквы. Самадзейны кампазітар, аўтар бел. рамансаў. Зняволены польск. ўладамі ў Бяроза-Картузскі канцлагер. У вер. 1939 вызвалены Чырв. Арміяй, друкаваўся ў «Віленскай праўдзе». У кастр. 1939 арыштаваны органамі НКУСБССР. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСУ́МСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава на тэр.паўн. Эфіопіі з цэнтрам у г.Аксум. Першыя звесткі пра Аксумскае царства адносяцца да 1 ст.н.э. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах з Індыі і Усх. Афрыкі ў Міжземнамор’е спрыяла эканам. і культ. росквіту Аксумскага царства. З канца 3 ст. дасягнула вял. магутнасці. У час праўлення цара Эзана (пач. 4 ст.) заваявана Нубія, ішла барацьба (4—6 ст.) з Хім’ярыцкім царствам за панаванне ў Паўд. Аравіі. У 4 ст. ў Аксумскае царства пранікла хрысціянства, якое ў барацьбе з іудзействам замацавала візант. ўплыў. Пасля захопу персамі Паўд. Аравіі (6 ст.) і арабамі Егіпта (7 ст.) пачаўся эканам. і паліт. заняпад, паступова Аксумскае царства распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ ПАЎДНЁВАЙ І ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І, «Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею»,
шматтомны збор дакументаў па паліт., царк. і сац.-эканам. гісторыі Украіны і Беларусі з 1361 да 1678 (т. 1—15. Спб., 1861—92). Складальнікі-рэдактары М.І.Кастамараў і Г.Ф.Карпаў. Змешчаны дакументы пераважна на старабел. і стараўкр. мовах, якія асвятляюць сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ, гісторыю праваслаўнай і уніяцкай царквы, дзейнасць брацтваў, сял.-казацкія паўстанні (у т. л. С.Налівайкі), войны сярэдзіны 17 ст. Сярод дакументаў прывілеі вял. князёў на землі, сялян, корчмы, мыта, кірмашы, на магдэбургскае права гарадам, адм. пасады, судовыя дакументы і інш.