РАЖНО́ВА (Ніна Аляксандраўна) (н. 1.12.1919, г. Пенза, Расія),

бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1947). З 1947 педагог і канцэртмайстар муз. вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі, з 1950 канцэртмайстар Маскоўскага муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. У 1954—90 канцэртмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вяла канцэртную дзейнасць.

А.​Я.​Ракава.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЖА ў жывёл,

інфекцыйная прыроднаачаговая хвароба, якая выклікаецца бактэрыяй з роду эрызіпелотрыкс. Пашырана ўсюды, хварэюць на Р. найчасцей свінні, ягняты, коні, буйн. раг. жывёла, птушкі, таксама чалавек.

Прыкметы: павышэнне т-ры, адмова ад корму, прыгнечанасць, кан’юнктывіт, запаленне страўніка і кішэчніка, на скуры з’яўляюцца бардова-чырв. плямы. Пры хранічным цячэнні таксама ачагі некрозу, эндакардыт, артрыт, анемія.

т. 13, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСТ (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны),

спосаб апрацоўкі каменю або імітаванага пад камень абліцовачнага матэрыялу, пры якім кожны камень ці яго імітацыя вылучаюцца перыметральным кантам рознай формы. У залежнасці ад спосабу апрацоўкі выпуклай паверхні каменнага блока, абліцовачнай пліты або іх імітацыі ў тынкоўцы Р. бывае гладкі або фактурны. Выкарыстоўваецца для рустыкі сцен будынкаў.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́НДА (ад стараж.-ўсх.-слав. рыдэль — рыцар, целаахоўнік, збраяносец),

воін прыдворнай аховы пры вял., князях і царах (у Расіі ў 16—17 ст.). Назначаліся з юнакоў шляхецкага паходжання. Удзельнічалі ў ваен. паходах, святочных выездах манархаў; на ўрачыстых прыёмах стаялі ў парадным адзенні з двух бакоў трона з бердышамі на плячы. Пасада Р. адменена ў 1698.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КЦЫІ СУ́ВЯЗЕЙ,

сілы, з якімі целы, што рэалізуюць сувязі механічныя, дзейнічаюць на пункты мех. сістэмы, на якую гэтыя сувязі накладзены. Р.с. узнікаюць як сілы процідзеяння (гл. Ньютана законы механікі) пры наяўнасці сіл, што дзейнічаюць на сувязі. Напр., рэйкі — сувязі, якія абмяжоўваюць рух вагона; Р.с. з’яўляюцца сілы, з якімі рэйкі дзейнічаюць на колы вагона.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНАТУРА́ЦЫЯ (ад рэ... + лац. natura прыродныя ўласцівасці, сутнасць),

зваротны пераход малекулы біяпалімера з неактыўнага (дэнатураванага) стану ў біялагічна актыўны. Пры Р. праяўляецца здольнасць бялкоў да самаарганізацыі, шлях якой вызначаны паслядоўнасцю амінакіслот у поліпептыдным ланцугу, дэтэрмінаванай спадчыннай інфармацыяй. Здольнасць ДНК да Р. выкарыстоўваецца для. атрымання штучных гібрыдных малекул ДНК (т.зв. малекулярная гібрыдызацыя). Гл. таксама Дэнатурацыя.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПО́ЖНІКАЎ (Аляксандр Рыгоравіч) (15.10.1950, с. Багалюбава Холм-Жыркоўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне паталаг. анатоміі і суд. медыцыны. Праф. (1994). Скончыў Смаленскі мед. ін-т (1973). У 1982—96 у Віцебскім мед. ін-це (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па марфал. зменах у органах і тканках пры іх гніенні.

т. 14, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАМУ́ЗЫКА, колерамузыка,

розныя віды сінтэзу музыкі і святла (колеру, выявы, прасторава арганізаванага святла). Дасягненне вобразнага адзінства ў святломуз. сінтэзе стала магчымым пры засваенні прыёмаў слыхазрокавай поліфаніі. Першыя маст. эксперыменты — у пач. 20 ст.: сімф. паэма «Праметэй» А.​Скрабіна (1910), опера «Шчаслівая рука» А.​Шонберга (1913). Пашырылася з 1950-х г. у розных відах муз. шоу.

т. 14, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́НА,

багіня ў старажытнагрэчаскай міфалогіі, увасабленне Месяца. Лічылася дачкой тытанаў Гіперыёна і Тэі, сястрой бога сонца Геліяса і багіні ранішняй зары Эас. С. атаясамлівалі з Артэмідай, часам і з Гекатай, якая лічылася апякункай чарадзейства і варажбы; лічылася, што чараўніцкія маніпуляцыі найб. дзейсныя пры поўным ззянні Месяца — С. У рым. міфалогіі С. адпавядала Дыяна.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕНІ́Т (ад грэч. selēnē Месяц),

сацінавы шпат, мінерал, структурная разнавіднасць гіпсу. Тонкавалакністыя крышталі ўтвараюць субпаралельныя агрэгаты, якія запаўняюць трэшчыны ў мергелістых пясчаніках; валокны С. перпендыкулярныя сценкам трэшчын. Колер мядовы, ружова-жоўты, крэмавы, зменлівы ўздоўж валокнаў. Бляск шаўкавісты, узмацняецца пры паліроўцы, абумоўлівае з’яву светлавога «месяцавага» водбліску. Цв. 2. Вырабны камень. Буйное радовішча на Урале (Расія).

Селеніт.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)