ЛІ́ДСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 16—20 ст. у ВКЛ, Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г. Ліда. Папярэднікам Л.п. было Лідскае намесніцтва, вядомае з 1382. З 1413 уваходзіла ў Віленскае ваяв., часам Лідскае намесніцтва называлі паветам. Пасля адм. рэформы 1565—66 да Лідскага намесніцтва далучаны суседнія Васілішскае і Эйшышкскае намесніцтвы (са складу Трокскага ваяв.), а іх агульная тэр. ўтварыла ўласна Л.п. з фіксаванымі межамі. Л.п. увайшоў у Віленскае ваяв., меў павятовую харугву чырв. колеру з выявай «Пагоні». Пасля далучэння да Рас. імперыі ў 1794 уключаны ў Віленскае, у 1795 — у Слонімскае намесніцтвы, у 1796 — у Літоўскую, у 1801 — у Віленскую губ. Межы павета пры гэтым практычна не мяняліся. Пасля рэформы 1861 падзелены на 24 воласці: Аляксандраўскую, Арлянскую, Астрынскую, Беліцкую, Беняконскую, Васілішскую, Вялікамажэйкаўскую (скасавана ў пач. 20 ст.), Ганчарскую, Дакудаўскую, Дубіцкую, Жалудскую, Жырмунскую, Забалацкую, Каняўскую, Лебядскую, Лідскую, Ляцкую, Мытлянскую, Пакроўскую, Радунскую, Ражанкаўскую, Тарноўскую, Шчучынскую, Эйшышкскую. Тэр. больш за 4,9 тыс. кв. вёрст. У 1864 нас. каля 110 тыс. ж., у т. л. больш за 75 тыс. католікаў, каля 30 тыс. праваслаўных, каля 6 тыс іудзеяў, 31 касцёл, 19 цэркваў, 18 яўр. малітоўных дамоў; 15 мястэчак, 15 сёл, 866 вёсак, 876 інш. паселішчаў (калоній, фальваркаў, аколіц, хутароў і інш.). У 1910 дзейнічалі 244 ф-кі і з-ды з 2160 рабочымі. У 1913—252,5 тыс. ж. З 2.2.1919 у складзе ЛітБел, неўзабаве заняты польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. Пазней Дубіцкая, Ляцкая і Пакроўская вол. перайменаваны адпаведна ў Навадворскую, Дамброўскую і Сабакінцкую гміны. З 1939 Л.п. у БССР, яго паўн. частка (Каняўская і Эйшышкская вол.) адышла да Літвы, а астатняя тэр. 2.12.1939 уключана ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 Л.п. скасаваны.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАЗДАБЫ́ЧА,

працэсы здабычы нафты з нетраў і падрыхтоўкі яе да перапрацоўкі. Ажыццяўляецца праз буравыя свідравіны за кошт прыроднай энергіі пласта (унутрыпластавога ціску) і энергіі, што пэўным чынам падаецца ў свідравіну. Спосаб Н., пры якім выкарыстоўваецца энергія пласта, наз. фантанным, а спосабы, калі нафта падымаецца на паверхню за кошт энергіі, што падводзіцца звонку, наз. механізаванымі (іх разнавіднасці — кампрэсарны і помпавы спосабы).

Пры кампрэсарным, або газліфтным (гл. Газліфт). метадзе Н. ў свідравіну запампоўваюць газ, які змешваецца з нафтай і зніжае яе шчыльнасць. Дзякуючы гэтаму забойны ціск становіцца ніжэй за пластавы, а перапад ціскаў выклікае рух вадкасці з пласта да паверхні зямлі. Пры помпавым спосабе на пэўную глыбіню апускаюць штангавыя свідравінныя помпы, што прыводзяцца ў дзеянне ад станкоў-качалак (спосаб выкарыстоўваецца на большасці нафтавых радовішчаў свету), або бясштангавыя, пераважна цэнтрабежныя электрапомпы, да якіх праз свідравіны падводзяць эл. энергію. Найб. эфектыўным метадам павелічэння адбору нафты з пласта з’яўляецца падтрыманне пластавога ціску запампоўкай вады (або газу) у нафтавы пласт. Аднак метады воднага ўздзеяння на пласты не забяспечваюць поўнага здабывання геал. запасаў нафты: у нетрах яе застаецца больш палавіны, а на радовішчах вязкіх нафтаў — 85% разведаных запасаў. Для павышэння каэф. нафтааддачы (адносіны колькасці здабытай нафты да першапачатковага яе запасу ў пакладзе) выкарыстоўваюць розныя фіз. і хім. метады выціскання нафты з пласта. Напр., пры запампоўванні ў нафтавы пласт вады з дабаўкай паверхнева-актыўных рэчываў паніжаецца паверхневае нацяжэнне на мяжы нафта—вада, павялічваецца рухомасць нафты і паляпшаецца яе выцясненне вадой. Для павелічэння эфектыўнасці распрацоўкі радовішчаў з нафтамі павышанай вязкасці ўжываюць цеплавыя метады ўздзеяння на паклад: запампоўка ў пласты гарачай вады, пары і ўнутрыпластавое гарэнне. Для інтэнсіфікацыі Н. побач з уздзеяннем непасрэдна на паклад выкарыстоўваюць розныя хім., фіз. і цеплавыя спосабы ўздзеяння на прызабойную зону з мэтай паляпшэння фільтрацыйных уласцівасцей нафтавага пласта. Здабытая з нетраў нафта змяшчае спадарожны газ (50—100 м³/т), ваду (200—300 кг/т), мінер. солі (да 10—15 кг/т), мех. дамешкі. Перад транспарціроўкай і падачай на перапрацоўку газы, мех. дамешкі, асн. ч. вады і солей выдаляюць з нафты.

На Беларусі Н. пачалася ў 1964 (Рэчыцкае радовішча нафты). Пры распрацоўцы нафтавых радовішчаў шырока выкарыстоўваецца падтрыманне пластавога ціску, асн. спосаб Н. — помпавы. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць.

Літ.:

Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;

Тсхнология и техника добычи нефти. М., 1986.

В.А.Вядзернікаў.

Схема нафтаздабычы глыбінна-помпавым спосабам: 1 — станцыя кіравання электрапрыводам; 2 — лябёдка для апускання кабелю ў свідравіну; 3 — помпава-кампрэсарная труба; 4 — апускная цэнтрабежная помпа; 5 — электрарухавік.
Да арт. Нафтаздабыча. Схема павелічэння адбору нафты з пласта: 1 — унутрыконтурным завадненнем; 2 — законтурным завадненнем.

т. 11, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЦТВА,

1) галіна матэрыяльнай вытв-сці па стварэнні, рэканструкцыі, расшырэнні будынкаў і збудаванняў, якія забяспечваюць вытв. дзейнасць людзей і іх матэрыяльна-культ. патрэбы.

2) Працэс збудавання аб’екта, будоўля.

3) Аб’ект разам з адведзенай тэр. для выканання буд.-мантажных работ. Вылучаюць жыллёва-камунальнае будаўніцтва, прамысловае будаўніцтва, сельскагаспадарчае будаўніцтва, транспартнае будаўніцтва, энергетычнае будаўніцтва, гідратэхнічнае будаўніцтва і інш. Прадукцыя будаўніцтва — завершаныя і падрыхтаваныя да эксплуатацыі прамысл. і с.-г. прадпр., інж. і трансп. камунікацыі, жылыя дамы, грамадскія і інш. будынкі. Як галіна эканомікі будаўніцтва — аснова памнажэння нацыянальнага багацця. Высокія тэмпы капітальнага будаўніцтва забяспечваюць абнаўленне буд. прадукцыі, вызначаюць тэмпы інтэнсіфікацыі ўсяго нар.-гасп. комплексу краіны. Ажыццяўляецца будаўніцтва на аснове праектавання і выдзеленых інвестыцый. Для выканання будаўнічых работ створаны агульнабуд. і спецыялізаваныя арг-цыі, фірмы, якія вядуць будаўніцтва падрадным (на аснове дагавораў з падрадчыкамі) і гасп. (сіламі ўласніка аб’екта) спосабамі. Будаўнічыя матэрыялы і будаўнічыя канструкцыі для будаўніцтва пастаўляе будаўнічых матэрыялаў прамысловасць, будаўнічыя машыны і абсталяванне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне. На аснове ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы будаўніцтва ўдасканальваецца тэхналогія буд. работ, пашыраецца зборнае будаўніцтва, у т. л. аб’ёмна-блочнае, што павышае тэмпы будаўніцтва і ўзровень індустрыялізацыі.

Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і інш. краінах, дзе на долю будаўніцтва прыпадае 8—16% валавога ўнутр. прадукту і 4—9% агульнай колькасці работнікаў, занятых у вытв-сці. Там пераважаюць дробныя і сярэднія фірмы: у ЗША больш за 80% буд. фірмаў маюць да 5 работнікаў кожная, у Францыі больш за 90% такіх фірмаў маюць да 10 чал., у Германіі малыя буд. фірмы (да 100 чал.) выконваюць да 65% аб’ёму буд. работ. Аднак вырашальную ролю ў Б. адыгрываюць буйныя фірмы, што дамінуюць у якасці падрадчыкаў на міжнар. рынку, асабліва ў краінах Б. Усходу, Лац. Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На стан будаўніцтва істотна ўплываюць асацыяцыі і аб’яднанні, якія распрацоўваюць і выдаюць нарматыўныя дакументы, прапагандуюць перадавы вопыт, арганізуюць павышэнне кваліфікацыі буд. кадраў, выдаюць спец. часопісы і інш. Кіраванне буд. галіной ажыццяўляецца на аснове буд. кодэксаў. У Японіі дзейнічае Мін-ва будаўніцтва, у Канадзе — Федэральнае мін-ва дзярж. будаўніцтва, у Вялікабрытаніі — Мін-ва будаўніцтва і грамадскіх работ, у ЗША — Мін-ва жыллёвага будаўніцтва і гар. развіцця.

У дарэв. Беларусі будаўніцтва вялі пераважна прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, рабочыя-сезоннікі, найчасцей уручную. Аднак тут пракладзена густая сетка чыгунак, уведзена ў дзеянне шмат прамысл. прадпрыемстваў, выкананы значны аб’ём меліярац. работ. Гэтаму спрыяла адносна развітая прам-сць буд. матэрыялаў. З 1920-х г., асабліва з ажыццяўленнем індустрыялізацыі, будаўніцтва набыло шырокі размах. У 1940 у сістэме трэста Белдзяржбуд дзейнічала 120 пярвічных буд. арг-цый, у т. л. 30 спецыялізаваных, якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. За 1919—40 пабудавана і капітальна адрамантавана больш за 1800 прамысл. прадпрыемстваў, 316 МТС, больш за 12 млн. м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, шмат школ, мед. устаноў, грамадскіх будынкаў і інш. У Вял. Айч. вайну асн. фондам Беларусі прычынены вял. страты. Аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі абумовілі істотнае павелічэнне маштабаў буд. работ: у 1944—50 капіталаўкладанні ў 1,4 раза перавысілі іх аб’ём за перадваенны перыяд. Усяго ў 1945—95 адноўлена і пабудавана больш за 880 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. Мінскі трактарны, Мінскі і Беларускі аўтазаводы, Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапр. з-ды, ВА «Беларуськалій», Бел. металургічны з і інш. гіганты індустрыі; адноўлена і пабудавана 182,8 млн. м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, вял. колькасць аўтадарог і чыгунак, меліярац. збудаванняў. Маштабныя буд. работы выкананы па мінімізацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы. На сучасным этапе будаўніцтва ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, канцэрнаў «Мінскбуд», «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд», «Палессевадбуд» і інш. У іх складзе каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, якія аб’ядноўваюць 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994) Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых буд. прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці, у т. л. прыватныя. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12%. Створана развітая сетка праектна-вышукальных работ, наладжана вытв-сць буд. матэрыялаў і машын.

Літ.:

Лисичкин В.А., Ковальский М.И. Организация управления строительством в капиталистических странах. М., 1987;

Рекитар Я.А. Материальная база капитального строительства: (экон. пробл. и тенденции развития). М., 1988;

Инвестиционный комплекс и проблемы его развития в условиях перехода к рыночной экономике: Сб. науч. тр. Мн., 1994.

К.І.Губінскі, Л.І.Тулупава.

т. 3, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 3 МАЯ 1791 (Ustawa tządowa),

асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты 3.5.1791 на Чатырохгадовым сейме ў Варшаве. Абвяшчала суверэннасць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідавала падзел яе на Карону і ВКЛ. Але кароль захаваў і тытул вял. кн. літоўскага. У веданні ВКЛ захавалася судаводства, свой скарб, роўнае прадстаўніцтва ў сейме і яго камісіях. Месцам правядзення сеймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз у 3 гады ў Гродне. Канстытуцыя абвясціла нязменнасць кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі. Грамадзянскія свабоды пашыраліся на прывілеяваныя станы шляхты, духавенства, чыноўнікаў. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзярж. юрысдыкцыі, у ліку якіх асабістая недатыкальнасць, права набыцця зямлі, шляхецтва, заняцця адм.-судовых і царк. пасад. Дэкларавала апеку права і ўрада над феад.-залежнымі сялянамі. Абвяшчала свабоду веравызнанняў з захаваннем дзяржаўнасці за каталіцтвам. Епіскапы пераведзены на дзярж. ўтрыманне. Заканадаўчая ўлада аддадзена 2-палатнаму сейму (палата дэпутатаў і сенат), выканаўчая — каралю і радзе з 6 міністраў, падсправаздачных сейму. Міністраў назначаў кароль. Палата дэпутатаў складалася з 204 паслоў (з іх 24 з дарадчым голасам прадстаўлялі гарады), выбраных на 2 гады на мясц. сейміках. Выбарчы голас атрымалі асобы шляхецкага стану з 19 гадоў, якія мелі гадавы даход больш за 100 злотых і былі запісаны ў земскія кнігі. Сенат складаўся з 132 саноўнікаў, у т. л. караля. Ён быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы, але меў права адкладальнага вета. Ліквідавана права ліберум вета (liberam veto), усе пастановы сейма павінны былі прымацца большасцю галасоў, уведзена спадчыннасць трона. Выканаўчай адміністрацыяй на мясц. узроўні былі парадкавыя камісіі, якія выбіраліся мясц. сеймікамі. Земскія і гродскія суды аб’ядноўваліся ў зямянскія суды, Пажыццёвасць пасад скасоўвалася і змянялася іх выбарнасцю. Канстытуцыя абвяшчалася нязменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі канстытуцыйны сейм. Была першай у Еўропе і другой у свеце (пасля ЗША) Канстытуцыяй, зафіксаванай пісьмова. Скасавана Гродзенскім сеймам 1793 у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Літ.:

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Łojek J. Upadek Konstytucji 3 maja. Wrocław, 1976;

Skowronek J. Wielka chwila narodowych dziejów: Konstytucja 3 maja i reformy Sejmu Cztemletniego. Warszawa, 1991.

Я.К.Анішчанка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАЦЭМЕ́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

танкасценныя будаўнічыя канструкцыі з дробназярністага бетону, арміраванага частымі тканымі ці зварнымі сеткамі з тонкага дроту. Армацэментавыя канструкцыі лёгкія, трывалыя, воданепранікальныя, адрозніваюцца дысперсным размеркаваннем трэшчын і замаруджаным іх раскрыццём. Выкарыстоўваюцца як апорныя і агараджальныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, пры буд-ве рэзервуараў, вадаводаў, невял. суднаў, водаахоўных элементаў метрапалітэна і г.д.

Адрозніваюць армацэментавыя канструкцыі з дысперсным арміраваннем (да 4 тонкіх сетак з дроту дыям. 0,7—1 мм на 1 см таўшчыні канструкцыі) і камбінаваным (2 тонкія сеткі і 1 каркасная з дроту дыям. 3—4 мм). Іх робяць пераважна ў выглядзе тонкіх (10—30 мм) прасторавых канструкцый складкаватага і хвалепадобнага профіляў пралётам да 75 м. Канструкцыі пралётам да 18 м складаюцца з аднаго элемента, больш за 18 мз некалькіх. Армацэментавыя канструкцыі вырабляюцца ў спец. матрыцах ці напырскваннем бетоннай сумесі.

Армацэментавыя канструкцыі: а — панэль хвалепадобнага профілю; б — зборна-маналітная абалонка з армацэментавых элементаў (крыты рынак «Камароўскі» ў Мінску).

т. 1, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на р. Ушача. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Полацка, 127 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Ветрына, на аўтадарозе Ушачы—Полацк. 575 ж., 237 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Упамінаецца ў 1552 як сяло «Вороноч» Полацкага ваяв. ВКЛ. У час Лівонскай вайны 1558—83 пабудаваны замак. З 2-й пал. 16 ст. мястэчка (потым зноў сяло). З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Лепельскага пав. Віцебскай губ. У пач. 20 ст. каля 300 ж. З 1919 у Полацкім пав., з 1923 у Акцябрскай вол. З 1924 і з 1935 цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1931 і з 1962 — Полацкага р-наў. У Вял. Айч. вайну ў лют. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі ў Варонічах 68 двароў і 500 чал. У 1970 — 551 жыхар.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧЫ,

горад у Беларусі, у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыг. вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. 5,1 тыс. ж. (1995). Харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сць. Брацкія магілы падпольшчыкаў, сав. воінаў і партызан, могілкі ахвяр фашызму.

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 16 ст., у 18 ст. вёска. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1825 пабудавана Мікалаеўская царква, у 1866 адкрыта нар. вучылішча, у 1878 заснавана метэастанцыя. У сувязі з пракладкай чыгункі сталі значным гандл. цэнтрам. У 1897 — 1724 ж., 298 двароў. З 1919 у Гомельскай губ. У 1926—27 і 1937—59 цэнтр Васілевіцкага раёна. З 25.8.1941 да 18.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў Васілевічах і раёне загубілі 1880 чал. Дзейнічала Васілевіцкае патрыятычнае падполле. З 29.4.1950 гар. пасёлак, з 19.11.1971 горад. У 1959 — 6,4 тыс. ж., у 1970 — 6,9 тыс. жыхароў.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ ПАСО́ЛЬСТВА,

дыпламатычная місія Расіі ў краіны Зах. Еўропы ў 1697—98. Мела на мэце ўмацаванне і пашырэнне саюзу Расіі з еўрап. дзяржавамі для барацьбы супраць Турцыі за паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., запрашэнне на рус. службу спецыялістаў, заказ і закуп ваен. матэрыялаў і ўзбраення. Афіцыйна ўзначальвалася «вялікімі пасламі» Ф.Я.Лефортам, Ф.А.Галавіным, П.Б.Вазніцыным, фактычна — Пятром І (знаходзіўся ў яго складзе пад імем Пятра Міхайлавіча). У Курляндыі Пётр І вёў перагаворы з герцагам, у Кёнігсбергу заключыў саюз з брандэнбургскім курфюрстам, у Галандыі Вялікае пасольства абмежавалася закупкай амуніцыі і наймам спецыялістаў. Пётр І з часткай пасольства на 3 мес. выязджаў у Англію, дзе вёў перагаворы з англ. каралём Вільгельмам III, знаёміўся з суднабудаваннем і артыл. справай. Вялікае пасольства вяло безвыніковыя перагаворы ў Вене, каб папярэдзіць заключэнне сепаратнага міру Аўстрыі з Турцыяй. Па дарозе ў Расію Пётр І правёў з польск. каралём Аўгустам II перагаворы, якія заклалі аснову будучага саюзу супраць Швецыі.

Літ.:

Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990. С. 67—119.

т. 4, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛАШ-АКСАМІ́ТАВА (Леаніла Апанасаўна) (н. 1.6.1927, в. Несцераўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1967). Скончыла БДУ (1952). З 1952 працавала ў Ін-це л-ры і Цэнтр. навук. б-цы АН Беларусі, БДУ, у 1968—90 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор, гісторыю бел. фалькларыстыкі, бел. вяселле на агульнаслав. фоне. Адзін з аўтараў манаграфій «Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму» (1989, з ГА.Каханоўскім і К.А.Цвіркам), «З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага» (1991, з А.С.Аксамітавым). Укладальнік кн. «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), а таксама зб. «Украінскія народныя песні ў запісах Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага» (Кіеў, 1974, з А.Дэем). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у шматтомным навук. выданні «Беларуская народная творчасць».

Тв.:

Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму. Мн., 1973 (разам з В.К.Бандарчыкам);

Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага. Мн., 1993 (разам з А.С.Аксамітавым).

І.У.Саламевіч.

т. 10, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́ШЫЧЫ,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад Карэліч, 209 км ад Гродна, 48 км ад чыг. станцыі Наваельня. 471 ж., 194 двары (1999).

Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло ў Навагрудскім пав., належала Свірылю. З 1530 уласнасць кн. Ф.Чартарыйскага, з 1532 — татарскага кн. Ахмета Улана, які заснаваў тут мястэчка. У 18 ст. ўладальнікамі М. былі Есьманты і Багдановічы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. М. — сяло і 3 фальваркі ў Навагрудскім пав. Мінскай губ. З 1921 у складзе Польшчы у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Валеўскага, з 25.11.1940 — Карэліцкага р-наў. У 1961—79 у Райцаўскім с/с. У 1972—415 ж., 112 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

В.У.Шаблюк, А.К.Брэган.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)