МЫ́ШАЧНАЕ СКАРАЧЭ́ННЕ,

укарачэнне ці напружанне мышцаў у адказ на раздражненне, выкліканае разрадам рухальных нейронаў. Змены даўжыні міяфібрылаў у саркамеры (асн. структурная адзінка міяфібрылаў) адбываюцца шляхам слізгання актынавых нітак уздоўж міязінавых, а самі ніткі пры гэтым не ўкарочваюцца. Кожны саркамер здольны памяншацца на 20% сваёй даўжыні. На М.с. траціцца энергія, якая папаўняецца ў працэсах дыхання і гліколізу. Адрозніваюць М.с. ізаметрычнае (з ростам напружання мышца развівае намаганне без змены сваёй даўжыні) і ізатанічнае (мышца ўкарочваецца і патаўшчаецца, а напружанне яе амаль не мяняецца). Напр., пры перамяшчэнні грузу мышца скарачаецца спачатку ізаметрычна, а потым ізатанічна. Час адзінкавага скарачэння для розных тыпаў мышцаў — 5—200 мілісекунд.

Літ.:

Бэгшоу К. Мышечное сокращение: Пер. с англ. М., 1985;

Основы физиологии человека. Т. 1. СПб., 1994.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Мышачнае скарачэнне: саркамер расслабленага (1) і скарочанага (2) мышачнага валакна.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ТЭРМІ́НАЛАГІЧНАЯ КАМІ́СІЯ,

навукова-даследчая ўстанова пры Наркамасветы Беларусі ў 1921—22. Створана паводле пастановы ЦВК БССР у лют. 1921 (зацверджана СНК БССР 10.2.1921) у складзе гуманітарнай (літ.-маст.), прыродазнаўчай і матэм. секцый. Старшыня С.​М.​Некрашэвіч; заг. гуманітарнай секцыі Я.​Купала (люты—жн. 1921).

Займалася апрацоўкай і складаннем бел. тэрміналогіі. Адбылося каля 70 пасяджэнняў, распрацавана амаль 3 тыс. тэрмінаў па граматыцы, логіцы, алгебры, арыфметыцы, геаметрыі, заалогіі і інш. Тэрміны ў выглядзе спец. падборак друкаваліся ў час. «Вестник Народного комиссариата просвещения». Пры выпрацоўцы тэрміналогіі камісія арыентавалася на слоўнік жывой бел. мовы і ўтварала неалагізмы паводле правіл бел. мовы, часам выкарыстоўвала запазычанні з рус., польск. і лац. моў. Большасць распрацаваных тэрмінаў захоўваецца ў сучаснай бел. мове. Камісія падрыхтавала і выдала некалькі падручнікаў для пач. і сярэдніх школ. На яе базе 30.1.1922 засн. Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).

А.​І.​Жураўскі.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СТАР ІСКАНДЭ́Р,

рускі пісьменнік 15 ст. Верагодны аўтар «Аповесці пра ўзяцце Царграда туркамі ў 1453 г.». У пасляслоўі аднаго са спісаў «Аповесці» ёсць імя аўтара — Н.І. Пра сябе ён паведамляе, што ў маладосці трапіў у палон да туркаў, прыняў іслам, удзельнічаў у многіх паходах. Ён запісваў усё бачанае у час аблогі і ўзяцця Канстанцінопаля султанам Мехмедам II, а таксама сабраў звесткі пра абарону горада. У «Аповесці» выкладзена гісторыя Канстанцінопаля ад часоў яго заснавання, асабліва падрабязна расказваецца пра аблогу візант. сталіцы туркамі і яе ўзяцце. Аўтар імкнецца паказаць непазбежнасць гібелі Канстанцінопаля, які ўвязнуў у граху, і адначасова ўслаўляе мужнасць яго абаронцаў. Твор спалучае шмат сапраўдных звестак і сюжэтны вымысел і ўяўляе сабой адзіны тэкст, які вызначаецца высокім літ. майстэрствам. На думку большасці даследчыкаў, «Аповесць» — пазнейшая апрацоўка запісаў Н.І.

Літ.:

Древнерусская литература: Источниковедение. Л., 1984. С. 84—96.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́СКЕ ((Noske) Густаў) (9.7.1868, г. Брандэнбург, Германія — 30.11.1946),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1886 член С.-д. партыі Германіі, у 1893—1918 рэдагаваў шэраг с.-д. газет. У 1906—18 дэп. рэйхстага, дзе лічыўся спецыялістам па ваен., марскіх і калан. пытаннях. У Лістападаўскую рэвалюцыю 1918 губернатар г. Кіль, потым чл. Савета нар. упаўнаважаных, адказны за армію і флот (снеж. 1918 — люты 1919); кіраваў задушэннем паўстання «Спартака саюза» ў Берліне (студз. 1919) і ліквідацыяй Брэменскай сав. рэспублікі. У лют. 1919 — сак. 1920 міністр рэйхсвера, за пасіўнасць у час Капаўскага путчу 1920 членамі сваёй партыі змушаны пайсці ў адстаўку. У 1920—33 обер-прэзідэнт прускай прав. Гановер. У 1939 і 1944 зняволены нацыстамі. Аўтар твораў «Якім я стаў» (1919), «Ад Кіля да Капа. Да гісторыі германскай рэвалюцыі» (1920), «Перажытае з узвышэння і падзення дэмакратыі» (1947) і інш.

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НЮ́РНБЕРГ»

(«Nürnberg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан у Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл. 22—28.11.1942 у Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі: закончыць агульны план (уключаў таксама карныя аперацыі «Трохвугольнік», «Карлсбад», «Клетка малпы» і інш.) ліквідацыі партыз. руху на тэр. т.зв. генеральнай акругі Беларусь. Праводзілася сіламі матарызаванай брыгады СС, 14-га, 16-га паліцэйскіх і падраздзяленнямі 75-га стралк. палкоў, матарызаваных узводаў жандармерыі пад кіраўніцтвам нач. паліцыі бяспекі і СД «Остланд» обергрупенфюрэраў СС Екельна і ген. паліцыі Бах-Зелеўскага. За час аперацыі карнікі не змаглі акружыць і знішчыць партызан, але загубілі каля 3 тыс. мясц. жыхароў (без спаленых у хатах), спалілі з жыхарамі 12 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Бялкова, Ігнацэва, Падрэзаўшчына, Станіславова, Строна, Сялібка Шаркаўшчынскага р-на.

У.​С.​Пасэ.

Царква Фраўэнкірхе ў Нюрнбергу. 1352—61.

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОЛД ВІК»

(Old Vic Theatre),

найбуйнейшы драм. т-р у Лондане. Адкрыты 11.5.1818 як т-р тыпу мюзік-хола пад назвай «Кобург тыэтр», з 1833 — Т-р Вікторыі (у народзе фамільярна наз. «Old Vic» — «Старая Вік»). У 1880 у т-ры размясціўся цэнтр оперы і драмы — Каралеўская зала Вікторыі. З канца 1890-х г. вядучы т-р Вялікабрытаніі. Ставіліся пераважна п’есы класічнай англ. і сусветнай драматургіі. З 1914 спецыялізуецца на пастаноўцы п’ес У.​Шэкспіра. У розны час кіраўнікамі т-ра былі Л.​Бейліс, Т.​Гатры, Л.​Аліўе (сумесна з Р.​Рычардсанам і Дж.​Барэлам), Х.​Хант, М.​Бентал, М.​Эліят і інш.; выступалі акцёры Дж.​Гілгуд, Аліўе, А.​Гінес, Ч.​Лотан, Рычардсан, М.​Рэдгрэйв, С.​Торндайк, П.​Эшкрафт і інш. У 1963—76 у памяшканні т-ра выступаў Нац. т-р Вялікабрытаніі.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЛІК (Піліп Сцяпанавіч) (22.10.1672, в. Касута Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 25.5.1742),

украінскі дзярж. дзеяч. З бел. шляхецкага роду герба «Навіна». Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме. Служыў у ген. вайск. канцылярыі Левабярэжнай Украіны, у 1702—08 ген. пісар. Атрымаў у пасаг значныя маёнткі на Палтаўшчыне. У час Паўночнай вайны 1700—21 прыхільнік швед. пратэктарату над Украінай. У 1708 разам з гетманам І.Мазепам і часткай казацкай старшыны перайшоў на бок шведаў. Пасля Палтаўскай бітвы 1709 разам з Мазепам і швед. каралём Карлам XII уцёк у тур. ўладанні. Там у 1710 пасля смерці Мазепы абвешчаны яго прыхільнікамі ўкр. гетманам. У 1711 удзельнічаў у паходзе крымскіх татар на Украіну. У 1714—20 жыў у Швецыі, потым у Германіі, Польшчы, Францыі. Падбіваў многія дзяржавы на інтэрвенцыю супраць Расіі. Аўтар мемуараў. Імя О. згадваецца ва ўкр. нар. думах.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 11, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ДЗІН (Міхаіл Пятровіч) (23.11.1800, Масква — 20.12.1875),

расійскі гісторык, публіцыст і пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Маскоўскі ун-т (1821), у 1826—44 праф. у ім. Выдаваў час. «Московский вестник» (1827—30), «Москвитянин» (1841—56). Даследаваў стараж. і слав. гісторыю з пазіцый нарманскай тэорыі і адначасовага прызнання самабытнасці рас. гісторыі. Прыхільнік афіц. кірунку, прапаведаваў «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць», з 1860-х г.панславізм. Высветліў крыніцы «Аповесці мінулых гадоў». Асн. творы: «Даследаванні, заўвагі і лекцыі аб рускай гісторыі» (т. 1—7, 1846—57), «Даследаванне Нестаравага летапісу» (1836), «Пасольская метрыка княства Літоўскага» (1843), «Польскае пытанне» (1867). Прыхільнік бел. гісторыка З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, часткова апублікаваў складзены ім атлас стараж. гарадзішчаў Беларусі. Сабраў вял. б-ку рукапісаў і старадрукаваных кніг, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. У л-ры ліберальна-дваранскі пісьменнік. Аўтар быт. «Аповесцей» (ч. 1—3, 1832), гіст. драмы «Марфа Пасадніца» (1830) і інш.

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ВАЎ ПРАСВЯТО́Й БАГАРО́ДЗІЦЫ НА НЕ́РЛІ ЦАРКВА́ помнік архітэктуры 12 ст. каля г.п. Багалюбава Уладзімірскай вобл.

(Расія),

у пойме р. Нерль. Належыць да Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства. Пабудавана ў 1165 кн. Андрэем Багалюбскім у памяць пра памерлага сына. 1-купальны 4-стаўповы крыжова-купальнага тыпу храм вылучаецца выключнай гармоніяй крыху выцягнутых па вертыкалі прапорцый, вытанчанасцю пластычнай апрацоўкі (ступеньчатыя лапаткі, перспектыўныя парталы, каменныя рэльефы). Фасады расчлянёны складанымі пучковымі пілястрамі з тонкімі паўкалонкамі. У верхняй іх частцы — разныя выявы цара Давіда, жаночых галоў, ільвоў, грыфонаў. Па верхняй частцы барабана праходзіць дэкар. пояс (арачкі, выкружкі, парэбрык, трохвугольнікі). Цыбулепадобны купал устаноўлены замест першапачатковага шлемападобнага. Да 1672 мелася вежа з ходам на хоры. Помнік значна скажоны ў час рамонту 1877 (знішчаны галерэі, што прымыкалі да яго з трох бакоў, фрэскі). Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Пакроваў Прасвятой Багародзіцы на Нерлі царква.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я ХРАМАСО́МЫ,

храмасомы, якія вызначаюць адрозненне карыятыпаў асобін розных полаў у раздзельнаполых арганізмаў. Гомагаметны пол мае 2 аднолькавыя храмасомы (X-храмасомы). Гетэрагаметны пол мае адну X-храмасому (тып ХО, характэрны для клапоў, конікаў) або пару розных П.х. — X і Y (тып XY, характэрны для млекакормячых і чалавека) — і адносіцца пераважна да мужчынскага полу. Апладненне яйцаклеткі сперматазоідам, што нясе X-храмасому, прыводзіць да ўтварэння XX-зіготы, з якой развіваецца жан. асобіна; апладненне сперматазоідам, што не мае X-храмасомы, прыводзіць да паяўлення мужчынскай асобіны. У П.х. знаходзяцца таксама гены, якія вызначаюць не толькі палавыя, але і інш. прыкметы арганізма (т.зв. счэпленыя з полам). У параўнанні з X-храмасомай Y-храмасома часта мае менш генаў, шмат структурнага гетэрахрамаціну і меншая па велічыні. Неразыходжанне П.х. у аднаго з бацькоў у час утварэння палавых клетак прыводзіць да парушэнняў развіцця арганізма.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)