ПЕДЫКУЛЁЗ (ад лац. pediculus вош),

паразітарнае захворванне скуры чалавека, якое выклікаюць укусы вошай. Пашыраны сярод насельніцтва з дрэннымі сан.-гігіенічнымі ўмовамі, нізкім культ. узроўнем, бывае таксама ў час войнаў і прыродных бедстваў. На чалавеку паразітуюць галаўная, плацяная, лабковая вошы. Пры П. валасістай ч. галавы — моцны сверб, ад якога пры расчосах утвараюцца гнойныя пашкоджанні скуры, экзэма, часам павялічваюцца шыйныя, патылічныя, завушныя лімфатычныя вузлы. Плацяныя Адзежныя вошы, якія жывуць і адкладваюць яйцы ў складках адзення (на скуру пераходзяць для смактання крыві), пашкоджваюць скуру ў месцах, дзе адзенне шчыльна прылягае да цела (у падпахавых упадзінах, на спіне і інш.). Лабковымі вошамі заражаюцца пры палавых зносінах, праз пасцельную бялізну. Лячэнне тэрапеўт., санапрацоўка.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)