КЛАВЕСІ́Н (франц. clavecin ад позналац. clavicymbalum ад лац. clavis ключ + cymbalum цымбалы), чэмбала,
струнны шчыпковы клавішны муз.інструмент. Бліскучы, адрывісты, хутка затухаючы гук здабываюць плектрам з птушынага пяра ці скуры, які пры націсканні клавішы чапляецца за струну. Дынаміка і тэмбр змяняюцца пры пераходзе з адной ручной клавіятуры (мануала) на другую і пераключэнні рэгістраў. Разнавіднасці К. (клавічэмбала, унісон, спінет, вёрджынел, клавіцытэрыум і інш.) адрозніваюцца крылападобнай ці прамавугольнай формай корпуса ў залежнасці ад гарыз. ці верт. размяшчэння струн, памерамі, колькасцю мануалаў (1—3) і рэгістраў, дыяпазонам (4—5 актаў).
Канструкцыя К. распрацоўвалася з 14 ст. Росквіту клавесіннае мастацтва дасягнула ў 2-й пал. 17—18 ст. ў Італіі і асабліва ў Францыі ў т. зв. галантным стылі (ракако). У канцы 18 ст. яно заняпала ў сувязі з развіццём фп. музыкі. Аднавілася ў 20 ст. з адраджэннем цікавасці да старадаўняй музыкі.
На Беларусі К. вядомы з канца 16 ст.Найб. пашыраны ў 2-й пал. 18 ст., у т. л. ў капэлах Нясвіжа, Гродна, Дзярэчына, Шклова. Сярод выканаўцаў на К. Я.Баэрт, Ф.Яжомбек, Я.Д.Голанд, Я.Л.Дусек, К.Абатэ, Ю.Віткоўскі, Л.Сітанскі, Э.Ванжура, клавесініст-віртуоз Я.М.Шоль (Нясвіж, Слуцк). У 1-й пал. 19 ст. К. вырабляліся ў Мінску на ф-цы муз. інструментаў І.Фотха. К. ўведзены ў склад Дзярж. камернага аркестра Беларусі, ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле». Тэмбр К. імітуецца на электраарганах і сінтэзатарах.
Літ.:
Зимин П. История фортепиано и его предшественников. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НС (франц. balance літар. вагі) у эканоміцы, сістэма паказчыкаў, якая характарызуе пэўную з’яву праз супастаўленне асобных яе частак (бакоў), якія павінны ўраўнаважваць адна адну. Дае магчымасць скаардынаваць патрэбнасці і рэсурсы, сувымяраць затраты і вынікі вытв.-гасп. дзейнасці на асобных прадпрыемствах, у галінах эканомікі ці маштабе ўсёй нар. гаспадаркі, у межах пэўных рэгіёнаў ці ўсёй краіны. Як правіла, баланс складаецца з 2 частак: 1-я характарызуе ўтварэнне рэсурсаў па крыніцах паступлення, 2-я — іх размеркаванне па кірунках выкарыстання.
Асобныя віды ці элементы балансу выкарыстоўваліся ў эканам. практыцы здаўна. У 18 ст. шатландскі эканаміст Дж.Сцюарт увёў тэрмін «плацежны баланс». На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША прапанавана методыка яго складання, стандартызаваная Лігай Нацый і Міжнар. валютным фондам для ўсіх краін свету. Пазней сістэма балансу і балансавы метад распрацаваны ў СССР і выкарыстоўваліся ў сацыяліст. краінах, у т. л. на Беларусі, як найважнейшы інструмент планавай эканомікі. У краінах з развітой рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца міжнар. сістэма нацыянальных рахункаў, але не выключаецца і магчымасць выкарыстання балансу. Напрыклад, у 1930-я г. В.Лявонцьеў з дапамогай міжгаліновага балансу вывучаў структуру амер. эканомікі. Гэты метад атрымаў назву «затраты—выпуск».
Самы пашыраны — бухгалтарскі баланс, які з’яўляецца асн. дакументам бухгалтарскай справаздачнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён складаецца ў форме 2 табліц — актыву (адлюстроўвае склад, размяшчэнне і выкарыстанне гасп. сродкаў) і пасіву (крыніцы ўтварэння гэтых сродкаў і іх мэтавае прызначэнне). Астатнія балансы падзяляюцца на матэрыяльныя, вартасныя і балансы нар. гаспадаркі (з яго састаўнымі часткамі). Матэрыяльныя балансы адлюстроўваюць вытв-сць і выкарыстанне відаў прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, наяўнасць і выкарыстанне вытв. магутнасцяў, абсталявання, асн. фондаў і інш.; распрацоўваюцца ў фіз. адзінках, умоўна-натуральным і вартасным выражэнні. З матэрыяльных балансаў найб. пашыраныя: паліўна-энергетычны (характарызуе наяўнасць, размеркаванне і выкарыстанне паліва і энергіі); вытворчых магутнасцяў [паказвае наяўныя магутнасці на пач. і канец пэўнага перыяду, іх рух (прырост, выбыццё), ступень выкарыстання ў выпуску канкрэтных відаў прамысл. прадукцыі]; машын і абсталявання (адлюстроўвае іх наяўныя рэсурсы і размеркаванне па відах выкарыстання); асноўных фондаў (характарызуе іх узнаўленне ў маштабе нар. гаспадаркі, галіны эканомікі, а таксама па формах уласнасці). Да матэрыяльных балансаў адносяць таксама балансы зямельных угоддзяў, с.-г. прадукцыі, кармоў і інш.Вартасныя балансы адлюстроўваюць утварэнне даходаў з усіх крыніц паступлення і іх размеркаванне па кірунках выкарыстання. З вартасных балансаў найб. пашыраны: баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва па краіне, яе асобных рэгіёнах, па сац. групах для разліку рэальных даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, попыту і прапаноў на тавары, рэгулявання грашовага абарачэння і эмісіі грошай; баланс фінансавых рэсурсаў — прагнозна-аналітычны дакумент, паказчыкі якога з’яўляюцца асновай для распрацоўкі дзярж. бюджэту, абгрунтавання падатковай, цанавой і крэдытнай палітыкі краіны; плацежны баланс адлюстроўвае знешнеэканам. аперацыі краіны за пэўны перыяд (ён актыўны, калі сума грашовых паступленняў перавышае суму расходаў і плацяжоў, і пасіўны, калі сума расходаў і плацяжоў большая за суму паступленняў); гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту тавараў у краіне, аснова плацежнага балансу. Сярод працоўных балансаў асн. з’яўляецца баланс працоўных рэсурсаў, які складаецца па краіне, абласцях і раёнах, уключае звесткі пра наяўныя рэсурсы і пра іх выкарыстанне па сферах, галінах і відах занятасці.
З 1926 у СССР, у т. л.БССР, распрацоўваўся баланс народнай гаспадаркі для характарыстыкі працэсу грамадскага ўзнаўлення, яго маштабаў, тэмпаў, прапорцый, стану і тэндэнцый развіцця ўнутр.эканам. сувязяў. Ён складаўся з 4 асн. раздзелаў: баланс сукупнага грамадскага прадукту, нац. даходу, працоўных рэсурсаў і зводнай табліцы, якая абагульняла ўсе раздзелы і адлюстроўвала збалансаванасць асн. элементаў нар. гаспадаркі. Аднак сістэма разлікаў, асабліва валавога прадукту і нац. даходу, істотна адрознівалася ад міжнар. практыкі і скажала рэальны стан эканомікі. Таму з 1995 баланс нар. гаспадаркі Беларусі не распрацоўваецца. Спынена і распрацоўка балансу грамадскага прадукту (адлюстроўваў агульны аб’ём вытв-сці прадукцыі, яе матэрыяльна-рэчыўную, галіновую і сац. структуру), балансу нацыянальнага даходу (паказваў яго вытв-сць, размеркаванне і выкарыстанне) і міжгаліновага балансу (інструментэканам. аналізу і ўстанаўлення прапорцый у працэсе расшыранага ўзнаўлення ў маштабе галін нар. гаспадаркі). Гэтыя балансы трансфармуюцца з улікам стандартаў міжнар. сістэмы нац. рахункаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ І ПРЫЛА́ДЫ,
оптыка-механічная і электронная апаратура для астранамічных назіранняў і апрацоўкі іх даных. Дапамагаюць вызначаць становішча касм. целаў на нябеснай сферы, іх памеры, скорасць, напрамак руху ў прасторы, хім. састаў і фіз. стан. Складаюць асн. тэхнічную базу астранамічных абсерваторый, выкарыстоўваюцца ў навуч. і пазнавальных мэтах. Падзяляюцца на назіральныя прылады (тэлескопы), святлопрыёмную і аналізоўную апаратуру, прылады для рэгістрацыі часу, спектраў і гэтак далей Каб пазбегнуць шкодных і скажальных уздзеянняў атмасферы Зямлі, астр. інструменты падымаюць на розныя вышыні з дапамогай аэрастатаў, самалётаў, геафіз. ракет, штучных спадарожнікаў Зямлі і аўтам. міжпланетных станцый.
Найбольш стараж.астр. інструменты — вугламерныя, складаюцца з адліковага круга (або яго часткі) і візірнага прыстасавання без аптычнай сістэмы (гноман, армілярная сфера і інш.). Для большай дакладнасці вымярэнняў павялічваліся памеры адліковых кругоў, напрыклад, у пач. 15 ст. Улугбек пабудаваў пад Самаркандам секстант з радыусам круга 40 м. З 17 ст. ў вугламерных інструментах пры візіраванні карыстаюцца зрокавымі трубамі, вуглы павароту якіх вызначаюцца па дакладна падзеленых кругах (універсальны інструмент, вертыкальны круг, мерыдыянальны круг і інш.). Пачатак тэлескапічнай астраноміі звязаны з імем Г.Галілея, які з дапамогай падзорнай трубы зрабіў важныя астр. адкрыцці і растлумачыў іх. Выпрамяненне касм. целаў у радыёдыяпазоне даследуецца радыётэлескопамі. Захаванне дакладнага часу і выдача неабходных сігналаў часу ажыццяўляюцца з дапамогай астр. гадзіннікаў, хранометраў і хранографаў. Для апрацоўкі вынікаў назірання выкарыстоўваюцца ЭВМ. Да дэманстрацыйных прылад адносяць тэлурыі (мадэлі Сонечнай сістэмы) і планетарыі, якія даюць магчымасць на ўнутр. паверхні сферычнага купала наглядна дэманстраваць астр. з’явы.
Літ.:
Курс астрофизики и звездной астрономии. Т. 1. М., 1973;
Мартынов Д.Я. Курс практической астрофизики. М., 1967.
М.М.Міхельсон.
Астранамічныя інструменты і прылады: 1 — вялікі азімутальны тэлескоп з дыяметрам люстэрка 6 м; 2 — антэна радыётэлескопа дыяметрам 22 м; 3 — цэласная ўстаноўка гарызантальнага сонечнага тэлескопа; 4 — вялікі вертыкальны круг; 5 — падвойны астрограф Тэпфера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВОН,
найстаражытнейшы самагучальны ўдарны інструмент. Вядомы ў многіх народаў свету (узоры стараж. бронзавых З. выяўлены на тэр. краін Паўд.-Усх. Азіі, Д.Усходу). Мае форму пустацелай, нібы зрэзанай знізу грушы. Дэталі: галава (асн. частка), палі (пашырэнне ўнізе), язык (біла; метал. булавападобная дэталь усярэдзіне, якая пры разгойдванні б’е аб З.), вушы (дугі, за якія яго падвешваюць). У залежнасці ад прызначэння З. робяць розных памераў і з розных матэрыялаў (пераважна з бронзы), што разам з інш. фактарамі (якасцю ліцця, настройкай) абумоўлівае моц, вышыню і тэмбр гучання.
У краінах хрысц. Еўропы пашыраны з 7 ст.Царк. званы ўстанаўліваюць на спец. збудаваннях — званіцах, а таксама на вежавых гадзінніках, гар. ратушах, уязных брамах. Як сігнальныя інструменты адыгрывалі вял. грамадска-быт. ролю: склікалі на сходы (вечавы З.), апавяшчалі аб нечаканых здарэннях (набатны, асадны З.), адбівалі час, паведамлялі пра пачатак царк. службы, былі неад’емнай прыналежнасцю свят («красны звон»), вянчальнага ці пахавальнага абрадаў; шырока выкарыстоўваліся на чыгунцы. Зняцце З. з гар. ратушы было выключнай з’явай, знакам пакарання горада, пазбаўлення права на самакіраванне. У правасл. царкве З. развіліся ў самабытнае мастацтва.
На Беларусі вядомы з 11 ст. («Слова пра паход Ігаравы»), З 14 ст. пашыраны З. візантыйска-рус. (разгойдваецца язык пры замацаваным корпусе) і зах.-еўрап. (разгойдваецца корпус) тыпаў. З. невял. памераў адлівалі мясц. майстры-канвісары (Віцебск, Дзісна, Крычаў і інш.). У 2-й пал. 17—18 ст. існавалі цэхі канвісараў у Магілёве, адліўшчыкі З. працавалі ў Слуцку, Клецку, Капылі, Нясвіжы. З 16—18 ст. захаваліся Моладаўскі звон, Дзісенскі звон, Крычаўскі звон. Выкарыстоўваюцца таксама ў сучасным манум. мастацтве (гл. ў арт.Урочышча Гай, Хатынь).
Літ.:
Оловянишников Н.И. История колоколов и колокололитейное искусство. 2 изд. М., 1912;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЕ́РСТВА,
адзін з відаў дрэваапрацоўчых рамёстваў, вытворчасць сталярных вырабаў у многіх народаў свету. Спалучалася з цяслярствам (дойлідствам). Аднак характар працы, складанасць рамеснай тэхнікі, разнастайная наменклатура вырабаў вылучылі С. ў самаст. рамяство. С. было звязана з апрацоўкай малагабарытных форм (гл.Сталярныя работы) і выкарыстоўвалася на завяршальнай стадыі будаўніцтва (аздабленне жылля і культавых пабудоў, асада вокнаў і дзвярэй, выраб абсталявання і прадметаў інтэр’ера — аконных рам, дзвярэй, мэблі, іканастасаў, хатняга начыння і інш.). С. грунтавалася на трывалых вытв. традыцыях, дасканалым веданні тэхнал. якасцей мясц. драўніны, патрабавала рознабаковых навыкаў і валодання тыпалагічна разнастайнымі дрэваапрацоўчымі інструментамі і прыстасаваннямі (гл.Сталярна-цяслярскі інструмент). На Беларусі неабходным прыстасаваннем майстра-сталяра быў варштат, які ставілі ў сенцах, адрыне або пад павеццю. Спец. памяшканне, абсталяванае пад майстэрню, часцей сустракалася ў гар. або местачковых сталяроў. Амаль у кожным панскім маёнтку былі майстэрні для аднаго або некалькіх сталяроў, якія былі прыпісаны да чэлядзі і часта працавалі на правах прыгонных майстроў. Нягледзячы на спецыялізацыю, што больш выразна назіралася ў гарадах і мястэчках, С. звычайна спалучалася і з інш. дрэваапрацоўчымі рамёствамі і з земляробствам. Многія сяляне, што валодалі сталярскімі навыкамі і вялі сваю гаспадарку, у парадку адбывання паншчыннай павіннасці прымалі ўдзел у будаўніцтве панскіх маёнткаў, цэркваў, мастоў і інш. С. насіла прыкметны сезонны (у асн. асенне-зімовы) характар. Майстры-сталяры працавалі звычайна ў адзіночку, некат. мелі вучняў ці падсобных работнікаў, якія працавалі па найме. У сярэдневякоўі важную ролю ў арганізацыі С. адыгрывалі цэхі. З ажыўленнем таварна-гандл. адносін і развіццём капіталіст. ўкладу адбываліся змены ў сац. структуры і характары С., якое з надомнага станавілася асобнай галіною вытворчасці. Нар. рамёствы паслужылі вытокамі развіцця сучасных галін дрэваапр. прам-сці — мэблевай, домабуд., лесапільнай, тарнай. Нягледзячы на агульнае скарачэнне, С. развіваецца ў выглядзе асобнага промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКАБУДАЎНІ́ЧАЯ І ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
адна з найважнейшых галін прамысловасці, якая займаецца станкабудаваннем і вытворчасцю інструментаў. Спецыялізуецца на выпуску металарэзных станкоў, дрэварэзальных станкоў, аўтаматычных ліній для машынабудавання і металаапрацоўкі, абсталявання для кавальска-прэсавай вытворчасці, металарэзнага інструменту, дрэварэзальнага інструменту, кавальскага інструменту, аснасткі тэхналагічнай, абсталявання для ліцейнай вытворчасці, гідраапаратуры і інш.
На Беларусі развіваецца з 1920-х г. Найбуйнейшыя з прадпрыемстваў станкабудавання: Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Мінскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Мінскі завод аўтаматычных ліній, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна, Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод заточных станкоў, Аршанскі станкабудаўнічы завод, Гомельскі завод станочных вузлоў, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній. Заводы інстр. прам-сці: Мінскі інструментальны завод, Кобрынскі інструментальны завод «Сітама» (у складзе Бел.інстр.ВА), Аршанскі інструментальны завод, Мінскі з-д спецінструменту і тэхнал. аснасткі; міжгаліновых вытв-сцей: Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», Гомельскі завод «Гідрапрывод», Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання. Працуюць таксама Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Баранавіцкі завод станкапрылад, Пінскае дзяржаўнае прадпрыемства «Кавліцмаш» (выпускае ліцейнае і кавальска-прэсавае абсталяванне). Акрамя спецыялізаваных станкабудаваннем займаюцца інш. прадпрыемствы. Інструмент выпускаюць у сваіх інстр. цэхах большасць машына- і прыладабуд. з-даў. Металарэзнае абсталяванне, якое цяпер ствараецца, паводле прадукцыйнасці, дакладнасці, ступені аўтаматызацыі, сервісу і інш. паказчыкаў адпавядае ўзроўню замежных узораў. У апошнія гады створана аснова для пераходу на блочна-модульны прынцып праектавання і вытв-сці станкоў розных тэхнал. груп. Забяспечваецца павышэнне прадукцыйнасці, дакладнасці і гібкасці асн. груп металарэзнага абсталявання, ствараюцца новыя канструкцыі дапаможнага (магн. пліты, маніпулятары, спец. накапляльнікі) і кантрольна-вымяральнага абсталявання. 63 вытворцы розных форм уласнасці выпускаюць больш за 6300 тыпапамераў металарэзнага інструменту і звыш 2600 тыпапамераў абразіўнага (у т. л. на аснове звышцвёрдых матэрыялаў), што складае 58% інструментальнага сектара (29% прыпадае на вытв-сць штампаў і прыстасаванняў, 13% — на вытв-сць сродкаў вымярэння). Асн. кірункам дзейнасці інструментальнай падгаліны з’яўляецца павелічэнне ўзроўню імпартазамяшчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАГУКАВА́Я АПРАЦО́ЎКА,
апрацоўка матэрыялаў, вырабаў або рэчываў уздзеяннем ультрагуку (звычайна з частатой 15—50 кГц). Выконваецца з дапамогай электраакустычных (пераважна магнітастрыкцыйных і п’езаэл.) выпраменьвальнікаў (гл.Электраакустычныя пераўтваральнікі), апаратаў у выглядзе свісткоў і сірэн.
У.а. цвёрдых матэрыялаў уключае ультрагукавую зварку металаў, пластмас і сінт. тканін; абразіўна-імпульсную апрацоўку крохкіх матэрыялаў; У.а. металаў ціскам (штампоўка, валачэнне, прасаванне, коўка і інш.); размерную апрацоўку дэталей на ультрагукавых станках; луджэнне і пайку металаў; рэзанне металаў, керамікі, шкла і інш.; ачыстку дэталей і матэрыялаў, зняцце задзірын і інш. У.а. выкарыстоўваюць таксама для дыспергавання цвёрдых парашкападобных матэрыялаў, эмульгавання вадкасцей, якія не змешваюцца, атрымання аэразоляў, полімерызацыі (або дэструкцыі) высокамалекулярных злучэнняў, дэгазацыі расплаваў металаў і інш. вадкасцей, для экстрагавання, хемасорбцыі, дыфузіі, разбурэння біял. аб’ектаў (напр., мікраарганізмаў). У.а. падвяргаюць сыпкія, порыстыя і інш. матэрыялы пры іх сушцы, розныя газы пры ачыстцы ад цвёрдых часцінак і аэразоляў. У.а. часта выкарыстоўваецца ў спалучэнні з інш. відамі апрацоўкі для паскарэння або актывізацыі многіх тэхнал. працэсаў (хім. або электрахім. траўлення і асаджэння матэрыялаў, насычэння порыста-капілярных матэрыялаў і інш.). Гл. таксама Электрахімічная апрацоўка.
Літ.:
Вероман В.Ю., Аренков А.Б. Ультразвуковая обработка материалов Л., 1971;
Ультразвуковая технология. М., 1974;
Попилов Л.Я. Электрофизическая и электрохимическая обработка материалов: Справ. 2 изд. М., 1982;
Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Прокатка и волочение с ультразвуком. Мн., 1970;
Іх жа. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;
Клубович В.В., Тявловский М.Д., Ланин В.Л. Ультразвуковая пайка в радио- и приборостроении. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПКА (стараслав. скрыпіца ад скрыпець, рыпець),
4-струнны смычковы муз.інструмент. Найб. высокі па тэсітуры сярод скрыпічных інструментаў, да якіх адносяцца таксама альт і віяланчэль. Агульная даўжыня С. каля 600 мм. Яе авальны корпус з выразамі па баках («талія») складаецца з 2 злёгку выпуклых драўляных пласцін — дэк, замацаваных абечкам. Дыяпазон больш за 4 актавы (g—c5). Гук здабываецца смыкам, зрэдку шчыпком (pizzicato); ужываюцца і флажалеты (вылучэнне асобных абертонаў лёгкім дакрананнем пальца ў месцы парцыяльнага падзелу струны). Існуюць прыёмы змены тэмбру. С. мае выразны маляўнічы гук, багатыя тэхн. магчымасці, з’яўляецца асновай сімфанічнага аркестра, многіх відаў камерных ансамбляў, адзін з самых папулярных сольных інструментаў.
Як прафес.муз.інструмент выкарыстоўваецца з канца 15 ст. Да гэтага часу ў Польшчы закончыўся працэс фарміравання т.зв. «перадкласічнага» тыпу С. На працягу 15—16 ст. з улікам нар. вопыту па вырабе С. і ўдасканалення іх майстрамі Італіі, Польшчы і Францыі выпрацавана класічная С. У 16—18 ст. у розных краінах Еўропы склаліся буйныя школы майстроў па вырабе С.: Дж.П.Маджыні, А. і Н. Амаці, Дж.Гварнеры дэль Джэзу, А.Страдывары, Дж.Б.Гваданьіні, А.Гальяна ў Італіі; М.Гробліч, Б.Данкварт у Польшчы; Я.Штайнер, сям’я Клоц у Германіі і інш. Канструкцыя С. канчаткова акрэслілася ў творчасці італьян. майстроў. Сярод найб. вядомых майстроў 19 ст.: Ж.Б.Вільём у Францыі, браты Хіл у Вялікабрытаніі, І.А.Батаў у Расіі. У 20 ст. вылучаюцца інструменты рас. скрыпічных майстроў Я.Ф.Вітачака, Г.А.Марозава, Ц.П.Падгорнага, М.М.Фралова, Д.П.Тамашова і інш. У 17—18 ст. склаліся скрыпічныя жанры, у т. л. сольныя саната і канцэрт. Сольнае скрыпічнае выканальніцтва паўплывала на фарміраванне нац. школ: італьян. (А.Вівальдзі, Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Тарціні, Г.Пуньяні), франц. (Ж.Б.Люлі, Ж.М.Леклер, П.Гавінье, Дж.Б.Віёці), польскай (А.Яжэмбскі, Ф.Дураноўскі, Ф.Яневіч), чэшскай (Ф.Бенда, Я.Стаміц, П. і А. Враніцкія), ням. (І.Вальтэр, І.Вестгоф), аўстр. (Г.І.Ф.Бібер, К.Дзітэрсдорф). У 19 ст.вял. ролю ў развіцці скрыпічнага выканальніцтва адыграла творчасць італьянца Н.Паганіні. Сярод вядомых рас. скрыпачоў 20 ст. Л.Коган, Д.Ойстрах, В.Клімаў, В.Траццякоў і інш.
На Беларусі (паводле даследаванняў В.Грыгор’ева) ужо ў 14 ст. былі пашыраны 3-струнныя смычковыя інструменты пад назвай «скрыпіца», «скрыпель», настроеныя па квінтах, з многімі прыкметамі С. Першыя ўпамінанні С. ў бел. пісьмовых помніках — найб. раннія ў Еўропе. Сярод бел. майстроў 19 ст. па вырабе С.: Сянкевіч з Рэчыцы, З.Навіцкі з Мінска; у 20 ст. — А.Чайкоў, У.Крайко і інш.Прафес. скрыпічнае выканальніцтва на Беларусі вядома з 18 ст.: Л.Сітанскі (Гродна), Ф.Стамплоўскі (Слонім), Я.Ценціловіч і Мацей з Карэліч (Нясвіж). Сярод бел. скрыпачоў 19 — пач. 20 ст.: І.Дабравольскі, М.Ельскі, К.Кжыжаноўскі, Н.Рубінштэйн, Я.Чыжэўскі, Б.Юзафовіч, у 20 ст. — А.Амітон, С.Асновіч, М.Браценнікаў, А.Бяссмертны, Л.Гарэлік, Ю.Гершовіч, Г.Клачко, А.Крамароў, В.Сарока і інш. Сярод лепшых твораў бел. кампазітараў для С. канцэрты Г.Гарэлавай, П.Падкавырава, Дз.Смольскага, Р.Суруса, санаты А.Багатырова, Э.Тырманд, мініяцюры Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, У.Дарохіна, М.Чуркіна і інш. У нар. побыце С. цесна звязана з традыц. земляробчымі і сямейнымі абрадамі, ігрышчамі, вечарынкамі, бяседамі, паказамі нар.т-ра батлейка. С. — адзін з найб. любімых інструментаў беларусаў, пра яе складзены казкі, легенды, загадкі, песні. Выкарыстоўваюцца С. фабрычныя і самаробныя. Нар. тэхніка ігры на С. мае асаблівасці, абумоўленыя спосабам трымання інструмента і вядзення смычка, выкарыстаннем пераважна 3 струн. Сярод скрыпічных майстроў 20 ст.: І.Дударэвіч (г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), У.Жукоўскі (в. Пухавічы Мінскай вобл.), В.Шышко (в. Бершты Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.) і інш.; нар. скрыпачоў — П.Жаканаў (в. Вярбоўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.), В.Малыш (пас. Забіяка Гомельскага р-на), М.Семянчук (в. Гарадзец Столінскага р-на Брэсцкай вобл.), П.Тупіцын (в. Кашаны Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.), М.Тысевіч (в. Аброва Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), М.Шкадун (в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і інш.
Літ.:
Витачек Е.Ф. Очерки по истории изготовления смычковых инструментов. 2 изд. М 1964;
Ямпольский И. Русское скрипичное искусство. Т. 1. М.; Л., 1951;
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАГУКАВА́Я ТЭ́ХНІКА,
тэхніка, звязаная з генерыраваннем і выкарыстаннем ультрагуку. Пашырана ў машынабудаванні (прылады і прыстасаванні ультрагукавой апрацоўкі матэрыялаў, ультрагукавой дэфектаскапіі, ультрагукавой зваркі), вытв-сці аптычных прылад, радыёэлектроніцы, металургіі, хіміі, медыцыне і інш.
Да У.т., звязанай з генерыраваннем ультрагукавых ваганняў, адносяцца магнітастрыкцыйныя і п’езаэлектрычныя пераўтваральнікі, інш.акустычныя выпрамяняльнікі, акустычныя канцэнтратары, ультрагукавыя кантрольна-вымяральныя прылады (мікраскопы, расхадамеры, вісказіметры, дэфектаскопы, гідралакатары, рэхалоты, аптычныя мадулятары, узроўнямеры, таўшчынямеры, устройствы гукабачання і інш.). Выкарыстоўваюцца таксама ультрагукавыя сродкі, прызначаныя для апрацоўкі і аналізу эл. сігналаў, кіравання імі (акустааптычныя і акустаэлектронныя прылады). Атрымалі пашырэнне сродкі У.т. тэхнал. прызначэння: ультрагукавыя станкі (для чыставой апрацоўкі і даводкі дэталей з матэрыялаў высокай цвёрдасці; у іх ультрагукавыя ваганні надаюцца інструменту і праз часцінкі абразіўнай сумесі перадаюцца матэрыялу); ультрагукавыя паяльнікі (іх рабочая частка вагаецца з ультрагукавой частатой), зварачныя прыстасаванні і інш. З дапамогай магутнага ультрагуку паскараецца шэраг працэсаў цепла- і масаабмену ў металургіі; ультрагукавая кавітацыя выкарыстоўваецца для ачысткі дробных (у гадзіннікавай вытв-сці, прыладабудаванні, электроннай тэхніцы) і буйных вытв. дэталей (трансфарматарнага жалеза, пракату і інш.). Ультрагук дазваляе апрацоўваць дэталі крохкія і складанай канфігурацыі. У многіх хіміка-тэхнал. працэсах ультрагук непасрэдна дзейнічае на рэчыва (полімерызацыя, акісленне, аднаўленне і інш.). З дапамогай У.т. атрымліваюць высокадысперсныя суспензіі, эмульсіі, робяць каагуляцыю аэра- і гідразоляў, дыспергаванне цвёрдых і вадкіх рэчываў. Шырока выкарыстоўваецца ультрагукавая мед. апаратура: прылады і прыстасаванні для дыягностыкі, тэрапеўтычнага і хірургічнага лячэння. У біялогіі прылады У.т. выкарыстоўваюцца для лакальнага награвання тканак, што павышае інтэнсіўнасць працэсаў абмену рэчываў.
На Беларусі даследаванні ў галіне У.т. і тэхналогіі вядуцца з 1960-х г. у ін-тах Нац.АН Беларусі (фізіка-тэхн., прыкладной фізікі, тэхн. акустыкі, электронікі), Бел.нац.тэхн. ун-це і інш.
Літ.:
Северденко В.П., Клубович В.В. Применение ультразвука в промышленности. Мн., 1967;
Физика и техника мощного ультразвука. Т. 1—3. М., 1967—69;
Хорбенко И.Г. Ультразвук в машиностроении. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СС (ням. SS, скарачэнне ад Schutzstaffeln ахоўныя атрады),
прывілеяваная ваенізаваная арг-цыяНацыянал-сацыялісцкай партыі, асн.інструмент яе тэрарыст. палітыкі; адна з гал. апор нацысцкага рэжыму ў Германіі. Папярэднікамі СС былі чл.штурмавых атрадаў (СА), сфарміраваных у маі 1923 як «эскорт фюрэра» (пазней «штурмавая група Гітлера»). Уласна СС створана ў ліст. 1925 і ў 1926 падпарадкавана кіраўніцтву легалізаваных СА. З 1929 кіраўніком (рэйхсфюрэрам) СС быў І.Гімлер. Колькасць членаў СС з 280 чал. у 1929 да моманту прыходу нацыстаў да ўлады (студз. 1933) павялічылася да 52 тыс.чал. Разам з СА ахоўныя атрады ўдзельнічалі ў пагромах антыфаш. арг-цый Германіі і інш.Самаст. арг-цыяй СС сталі пасля расправы гітлераўцаў (у ноч на 30.6.1934) з апазіц. лідэрамі СА. У 1934 з агульнага складу СС вылучаны часці «Мёртвая галава» і часці спец. прызначэння, якія ў 1939 перайменаваны ў войскі СС. У 2-ю сусв. вайну колькасць войск СС вырасла з 4 палкоў (18 тыс.чал.) у 1939 да 38 дывізій, у т. л. 8 танк. і 8 матарызаваных (каля 950 тыс.чал.) у снеж. 1944. Састаўной часткай СС была «служба бяспекі» — СД. У 1939 у выніку аб’яднання гестапа і СД у сістэме СС створана Гал. імперскае ўпраўленне бяспекі (РСХА). У 1943 рэйхсфюрэр СС, які стаў міністрам унутр. спраў, сканцэнтраваў усю паўнату ўлады над фарміраваннямі карнага апарату ў Германіі і на акупіраваных тэрыторыях. Службы і фарміраванні СС выконвалі карныя функцыі з выключнай жорсткасцю і фанатызмам. На акупіраванай тэр. Беларусі палітыку генацыду і «выпаленай зямлі» СС ажыццяўляла сіламі 1-й матарызаванай і 1-й кав. брыгад (усяго 9390 чал., 1941). З асабовага складу часцей СС і СД, а таксама з па-антысавецку настроеных элементаў і крымінальнікаў фарміраваліся мабільныя групы і каманды (у т. л. батальён О.Дырлевангера) для знішчэння ваеннапалонных, насельніцтва, для рабавання і вывазу захопленай маёмасці. СС былі падпарадкаваны 5 асобных паліцэйскіх палкоў і 19 батальёнаў, жандармерыя і інш. Кіраўнікамі СС і паліцыі ў ген. акрузе Беларусь былі брыгадэнфюрэры К.Цэнер, К. фон Готберг, а таксама вышэйшы кіраўнік СС і паліцыі Расіі «Цэнтр» обергрупенфюрэр Э. фон дэм Бах-Зелеўскі. Пад іх кіраўніцтвам войскі СС разам з часцямі і падраздзяленнямі вермахта і паліцыі правялі вял. колькасць карных аперацый і акцый, знішчылі сотні тысяч жыхароў акупіраваных тэр. і палонных ваеннаслужачых. У 1945 СС абвешчана па-за законам, паводле прыгавору Міжнар.ваен. трыбунала 1946 (гл.Нюрнбергскі працэс) прызнана злачыннай арг-цыяй герм. фашызму.
Літ.:
СС Адольфа Гитлера: Пер. с англ.М., 1997;
Уильямсон Г. СС — инструмент террора: Пер. с англ. Смоленск, 1999;
СС в действии: Док. о преступлениях СС: Пер. с нем. М., 2000.