ДЭ́ВІСАН ((Davisson) Клінтан Джозеф) (22.10.1881, г. Блумінгтан, штат Ілінойс, ЗША — 1.2.1958),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Чыкагскі (1908) і Прынстанскі (1911) ун-ты. З 1911 у Тэхнал. ін-це Карнегі, з 1917 у Лабараторыях Бэл-Тэлефон, у 1946—54 візіт-праф. Віргінскага ун-та. Навук. працы па электроніцы, цеплавым выпрамяненні, фізіцы крышталёў і квантавай фізіцы. Незалежна ад Дж.​П.​Томсана адкрыў разам з амер. фізікам Л.​Джэрмерам (1927) дыфракцыю электронаў на крышталях нікелю, што стала эксперыментальным пацвярджэннем хвалевых уласцівасцей мікрааб’ектаў. Нобелеўская прэмія 1937.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 403—404.

К.Дэвісан.

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-КАНА́ДСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

у Канадзе (прав. Брыт. Калумбія, Альберта, Саскачэван, Паўн.-Зах. тэр. і тэр. Юкан) і часткова ў межах ЗША (штат Мантана). Пл. 1,2 млн. км² (з іх у ЗША 36 тыс. км²). Прамысл. распрацоўка нафты з 1924. Нафтаносныя паклады сярэдняга дэвону — верхняга мелу. Адкрыта больш за 310 радовішчаў нафты і 600 газу. Гал. радовішчы: Пембіна, Суон-Хілс, Рэдуатэр (нафта), Кросфілд (газ). Пачатковыя запасы 2,4 млрд. т нафты і 4,3 трлн. м³ газу. Запасы бітумаў (радовішчы Атабаска) каля 40 млрд. т. Усе радовішчы звязаны разгалінаванай сеткай трубаправодаў з заводамі па перапрацоўцы і рынкамі збыту.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСЕ́МІЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Yosemite National Park),

у ЗША (штат Каліфорнія), у гарах Сьера-Невада. Пл. 304 тыс. га. Першы ў ЗША ахоўны ландшафт (з 1864), нац. парк з 1890. Маляўнічыя зах. схілы хр. Сьера-Невада з гранітнымі пікамі і купаламі (выш. да 3997 м — г. Лаел), горнымі азёрамі і вадаспадамі (у т. л. Іасеміцкі вадаспад у аднайм. даліне), даліна р. Іасеміты-Крык. Хвойныя лясы, гаі гіганцкай секвоі, альпійскія лугі. У фауне 78 відаў млекакормячых, у т. л. мядзведзь-барыбал, чарнахвосты алень; каля 200 відаў птушак. Турызм. Парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІЛО́ВІЧ (Сяргей) (4.11.1929, в. Таргуны Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 29 10.1993),

бел. грамадскі дзеяч у эміграцыі. У 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З канца 1940-х г. у ЗША (штат Агайо). Чл. Згуртавання бел. моладзі, Кліўлендскага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1951 прыхода Жыровіцкай Божай Маці Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (БАПЦ) у Кліўлендзе. Ініцыятар стварэння бел. грамадска-культ. цэнтра «Полацак», к-та па аказанні дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі пры прыходзе БАПЦ у Кліўлендзе. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (Мінск, ліп. 1993).

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БІ ((Libby) Уілард Фрэнк) (17.12.1908, г. Гранд-Валі, штат Каларада, ЗША — 9.9.1980),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1931), дзе і працаваў. З 1940 у Калумбійскім ун-це (з 1943 праф.), з 1945 у Ін-це ядз. даследаванняў (г. Чыкага), з 1959 у Каліфарнійскім ун-це (г. Лос-Анджэлес), у 196276 дырэктар Ін-та геафізікі і фізікі планет. Асн. навук. працы па радыяхіміі, ядз. хіміі, касмахіміі. Удзельнічаў у распрацоўцы газадыфузійнага спосабу абагачэння прыроднага урану ізатопам ​235U. Распрацаваў метад радыевугляроднага датавання (вызначэння ўзросту) у археалогіі, геалогіі, геафізіцы (1947). Нобелеўская прэмія 1960.

У.Лібі.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-КА́ЛЕРС ((McCullers) Карсан) (19.2.1917, г. Калумбус, штат Джорджыя, 31ÍIA — 29.9.1967),

амерыканская пісьменніца. Першы раман «Сэрца — адзінокі паляўнічы» (1940, экранізацыя 1968). У рамане «Госць на вяселлі» (1946), аповесцях «Адлюстраванні ў залатым воку» (1941, экранізацыя 1967), «Балада пра сумнае кафэ» (1951), «Гадзіннік без стрэлак» (1961) тэма адзіноты асобы ў бездухоўным грамадстве, сац. і антырасісцкія матывы. Аўтар эсэ, апавяданняў, п’ес. На бел. мову яе аповесці пераклаў У.​Шчасны.

Тв.:

Бел. пер. — Балада пра сумнае кафэ. Мн., 1988;

Рус. пер. — Часы без стрелок. М., 1966;

Сердце — одинокий охотник. М., 1969.

Літ.:

Хмельницкая Т. Пересечение судеб // Новый мир. 1970. № 5.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХНЮ́К (дзявочае Каліноўская) Людміла Антонаўна

(н. 2.3.1932, г. Гродна),

мастачка, грамадскі дзеяч бел. эміграцыі. Падчарка пісьменніка Я.​Золака, жонка мастака А.Махнюка. У 1944 разам з маці выехала ў Германію, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, маляванню — у М.​Кругловіча. З 1952 жыве ў ЗША. З 1973 удзельнічае ў маст. выстаўках у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). Малюе акварэллю і алеем у манеры, блізкай да імпрэсіянізму, пераважна бел. краявіды, нацюрморты з кветкамі, партрэты: «Зіма» (1978), «Раніца» (1987), «Калыска ў кветках» (1991). Працуе ў б-цы. Клапоціцца пра развіццё бел. скаўтынгу.

В.​А.​Трыгубовіч, А.​С.​Ляднёва.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТЧЭЛ ((Mitchell) Маргарэт.) (8.11.1900, г. Атланта, штат Джорджыя, ЗША — 16.8.1949),

амерыканская пісьменніца; прадстаўнік т.зв. паўднёвай школы сучаснага амер. рамана. Па адукацыі журналіст. Аўтар гіст. рамана «Знесеныя ветрам» (1936, экранізацыя 1939) пра жыццё амер. Поўдня ў час грамадз. вайны 1861—65 і ў перыяд рэканструкцыі. У рамане крытычна асэнсоўваецца «паўднёвы міф» пра веліч плантатарскага Поўдня, пра высакароднасць і вытанчанасць паўд. джэнтльменаў, пра еднасць белых і чорных. Пасмяротна апублікавана кн. «Лісты Маргарэт Мітчэл пра «Знесеныя ветрам», 1936—1949» (1976).

Тв.:

Рус. пер. — Унесенные ветром Мн., 1991.

Літ.:

Писатели США. М., 1990.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТЧЭЛ ((Mitchell) Эдгар) (н. 17.9.1930, г. Херфард, штат Тэхас, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р н. па аэранаўтыцы і астранаўтыцы. Капітан 1-га рангу ВМС (з 1972 у адстаўцы). Скончыў Тэхнал. ін-т у Пітсбургу (1952), вышэйшую школу ВМФ (1961), Масачусецкі тэхнал. ін-т (1964). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 31.1—9.2.1971 з А.Шэпардам і С.Русам здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-14». Прабыў на Месяцы 33,5 гадз, у т. л. двойчы выходзіў на яго паверхню (агульны час 9,4 гадз). У космасе правёў 9 сутак.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНДЖА́Б, Панджаб,

штат на ПнЗ Індыі, у паўн.-ўсх. частцы прыроднай і гіст. вобласці Пенджаб. Пл. 50,4 тыс. км². Нас. каля 25 млн. чал. (2000). Адм. ц. — г. Чандыгарх, найб. гарады і эканам. цэнтры Амрытсар і Лудхіяна. Найб. развіта арашальнае земляробства. Асн. культуры: пшаніца, бавоўнік, цукр. трыснёг, рыс, бабовыя, ячмень, кукуруза, бульба, чай. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак і коз. Прам-сць: тэкст. (баваўняная, шарсцяная, шаўковая), харч. (цукр., чаеапрацоўчая), маш.-буд. (вытв-сць с.-г. інвентару), хімічная. Гідраэнергетычны комплекс Бхакра-Нангал. Саматужныя рамёствы: вытв-сць тканін, коўдраў, абутку, дываноў, вырабаў з металу, слановай косці, скуры. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 12, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)