МА́ЛЬДЗІС Адам Восіпавіч (н. 7.8.1932, в. Расолы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.літ.-знавец, крытык, празаік, публіцыст. Д-рфілал.н. (1987), праф. (1990). Заслужаны дзеяч польскай культуры (1982). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у друку, з 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі. З 1991 у Нац.навук.-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны (у 1991—98 дырэктар). Друкуецца з 1954. Даследуе гісторыю бел. культуры і л-ры 17—19 ст., бел.-польскія і бел.-літоўскія літ. ўзаемасувязі. Адзін з аўтараў кніг «Садружнасць літаратур» (1968), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Шляхі вялі праз Беларусь» (1980, з В.Грыцкевічам), «Перазовы сяброўскіх галасоў» (1988, з А.Лапінскене). Складальнік зб-каў «Зямля навагрудская, краю мой родны...» А.Міцкевіча (1969) і «Творы» Я.Дылы (1981). Падрыхтаваў для выдання рукапіс перакладу Б.Тарашкевіча на бел. мову паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (1981). Аўтар гіст. аповесці «Восень пасярод вясны» (1984). З 1987 старшыня камісіі «Вяртанне» Бел. фонду культуры, з 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў, з 1996 кіраўнік аддзела культуралогіі Міжнар.АН Еўразіі. Рэдактар біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95) і час. «Кантакты і дыялогі» (з 1996). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Творчае пабрацімства. Мн., 1966;
Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.Мн., 1972;
Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
Астравеччына, край дарагі... Мн., 1977;
На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.Мн., 1982;
3 літаратуразнаўчых вандраванняў. Мн., 1987;
Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў. Мн., 1988;
Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн.,1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,
від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.
Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКІ ПАЎСТА́ННЕ 1594—96,
антыфеадальнае казацка-сял. паўстанне на Украіне і Беларусі пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Восенню 1595 Налівайка ўзначаліў антыфеад. рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гар. нізоў казакі захапілі г. Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў на Падоллі і Валыні. Супраць Налівайкі быў пасланы 7-тысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р.Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, Налівайка накіраваў паўстанцаў у Беларусь. Казакі занялі г. Петрыкаў, 6.11.1595 — г. Слуцк. Адзін з раз’ездаў Налівайкі быў разбіты 25 ліст. каля г. Капыль войскамі К.Радзівіла. 27 ліст. казакі пакінулі Слуцк і рушылі ў напрамку на Бабруйск, але, не дайшоўшы да яго, павярнулі на Магілёў і 13 снеж. штурмам авалодалі ім. 25 снеж. да Магілёва падышло ўрадавае 18-тысячнае войска на чале з рэчыцкім старостам М.Буйвідам. Налівайка і 2 тыс. яго казакоў занялі пазіцыю за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, агарадзіўшыся вазамі. Бітва на працягу дня не прынесла поспеху ні аднаму з бакоў. З прыцемкамі казакі пачалі адыход у напрамку Быхаў—Рагачоў—Рэчыца—Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, яны захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На ПдУ Беларусі дзейнічала частка рэестравых казакоў пад кіраўніцтвам М.Шавулы, якая падтрымала Налівайку. Да вясны 1596 Налівайка з атрадам адышоў на Валынь, Шавула — ад Прапойска праз Быхаў на Чарнігаўшчыну. 2.4.1596 каля Белай Царквы атрады Шавулы і Налівайкі злучыліся і рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу. Урадавае войска на чале з гетманам С.Жалкеўскім адрэзала шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца каля мяст. Лубны. Аблога іх табара працягвалася амаль 2 тыдні. У лагеры абвастрыліся супярэчнасці паміж рэестравымі і нерэестравымі казакамі. Частка казацкай старшыны, спадзеючыся на каралеўскую амністыю, 7.7.1596 захапіла Налівайку, Шавулу і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх Жалкеўскаму. Паўстанне было задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЕ МО́РА,
ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Еўропы. Размешчана паміж а-вамі Вялікабрытанія, Аркнейскімі, Шэтландскімі на З, п-вамі Скандынаўскім і Ютландскім на У. Абмывае берагі Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Даніі і Нарвегіі. Злучаецца на Пн з Нарвежскім, на У з Балтыйскім морамі пралівамі Скагерак, Катэгат, Эрэсун, Вял. і Мал. Бельт, на ПдЗ з Атлантычным ак. пралівамі Па-дэ-Кале і Ла-Манш. Пл. 565 тыс.км². Рэльеф дна моцна расчлянёны. Больш за 2/3 дна мора на глыбіні да 100 м. У паўд.ч. шматлікія водмелі (напр., Догер-банка з найменшай глыб. 13 м). Найб.глыб. 725 м. Паўн.-ўсх. берагі фіёрдавыя, са шматлікімі дробнымі астравамі, паўд.-ўсх. — выраўнаваныя, нізкія, пясчаныя, паўд. — лагунныя, месцамі трапляюцца ваты, зах. — бухтавыя, месцамі з эстуарыямі (р. Тэмза), усх. бераг Нідэрландаў акаймаваны дамбамі ў сувязі з частымі навадненнямі. Каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа ланцуг Фрызскіх а-воў, на Пн ад іх в-аў Гельгаланд. Упадаюць рэкі Эльба, Везер, Тэмза, Рэйн, Маас, Глома, Утра, Шэльда і інш. Клімат умераны марскі. Сярэдняя т-ра вады зімой 2—5 °C, летам 12—17 °C. Салёнасць 31—35‰. Ільды трапляюцца каля берагоў са снеж. па сакавік. Прылівы паўсутачныя, у розных раёнах ад 0,1 да 7,6 м. Сукупны ўплыў прыліваў і вятроў прыводзіць да навадненняў на берагах. Багатая фауна (120 відаў рыб). Адзін з буйнейшых раёнаў рыбалоўства (селядзец, траска, тунцовыя, камбалавыя і інш.). Промысел амараў, вустрыц, мідый. Здабыча нафты і прыроднага газу (найб. радовішчы Брэнт, Статфіёрд, Гронінген і інш.; гл.Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць). Праз П.м. праходзяць гал. знешнегандлёвыя шляхі і грузапатокі краін Зах. Еўропы. Гал. парты: Ротэрдам (1-е месца ў свеце па грузаабароце), Амстэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Лондан, Імінгем, Хал (Вялікабрытанія), Гамбург, Брэмен, Вільгельмсгафен (Германія), Гётэбарг (Швецыя), Осла, Берген (Нарвегія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,
штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс.км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.
Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд., Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх.ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш. П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.
Літ.:
Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;
Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;
Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1930 на базе філіяла Усесаюзнага ін-та эканам. даследаванняў. З 1965 НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР, з 1983 Навук.-даследчы эканам.ін-т Дзяржплана БССР. У 1988 да ін-та далучаны НДІ аўтаматызаваных сістэм планавання і кіравання нар. гаспадаркай Дзяржэканамплана БССР, у 1994 — НДІ цэн Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь. З 1994 сучасная назва З’яўляецца галаўной н.-д. арг-цыяй па распрацоўцы дзярж. прагнозаў і праграм сац.-эканам. развіцця Беларусі, ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва распрацоўкай прагнозаў сац.-эканам. развіцця па нар.-гасп. комплексах, галінах эканомікі і адм.-тэр. адзінках. У складзе ін-та 45 навук. падраздзяленняў, навук.-інфарм.цэнтр. Аспірантура (з 1965), савет па абароне канд. дысертацый.
Асн. кірункі даследаванняў: макраэканам. аналіз і падрыхтоўка прапаноў па вырашэнні задач сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь; распрацоўка рэсп. праграм фарміравання і развіцця рыначных адносін; праблемы навук.-інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця; эканоміка-матэм. мадэліраванне і інфарматызацыя н.-д. работ; сац.-эканам. праблемы рэгіянальнага развіцця; аналіз праблем сац. развіцця і сац. абароны насельніцтва; вывучэнне праблем сусветнай эканомікі і міжнар.эканам. сувязей. Ін-там распрацаваны: асн. кірункі сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010; праграма сац.-эканам. развіцця Беларусі на 2001—05; нац. стратэгія ўстойлівага сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 і інш. Друкуе штомесяц бюлетэнь «Беларуская эканоміка; аналіз, прагноз, рэгуляванне». Выдадзены працы: «Прагназіраванне сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь: пытанні тэорыі і методыкі» (2001), «Праблемы развіцця нацыянальнай эканомікі Беларусі: тэарэтычныя і практычныя аспекты», «Праблемы прагназіравання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця», «Антыінфляцыйная палітыка: шляхі рэалізацыі» (усе 2002) і інш. Усяго з 1963 выйшла ў свет больш за 300 падрыхтаваных ін-там навук.зб.-каў, манаграфій і метадалагічных распрацовак, прысвечаных актуальным эканам. праблемам. У ін-це працавалі чл.-кар.Нац.АН Беларусі Ф.А.Дронаў, Ю.К.Казлоў, В.Ф.Мядзведзеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАГЕАГРАФІЯ
Зоагеаграфічныя даследаванні на Беларусі пачаліся ў канцы 18 ст. з выяўлення відавой структуры фауны (экспедыцыя І.І.Ляпёхіна і інш.). У 19 ст. фауна Беларусі становіцца аб’ектам самаст. даследаванняў: працы А.М.Нікольскага аб птушках Палесся, К.Э.Ліндэмана аб насякомых наваколля г. Горкі і інш. У 1902 М.М.Арнольд стварыў першы на Беларусі каталог насякомых Магілёўскай губерні. З 1920-х А.У.Фядзюшын і У.В.Станчынскі аналізавалі пашырэнне і шляхі фарміравання фауны пазваночных. У пасляваенны час створаны буйныя зводкі па млекакормячых (І.М.Сяржанін, 1961), птушках (А.У.Фядзюшын, М.С.Долбік, 1967), рыбах (П.І.Жукаў, 1965), амфібіях і рэптыліях (М.М.Пікулік, 1996). Этап інвентарызацыі фауны беспазваночных, асабліва насякомых, які пачаўся ў 19 ст.; працягваецца і ў наш час. Зроблены зводкі па лускакрылых (В.І.Мержаеўская, А.М.Літвінава, Р.У.Малчанава, 1976), жуках (А.Р.Александровіч, І.К.Лапацін, А.Дз.Пісаненка, 1996), паўцвердакрылых (А.А.Лукашук, 1997), лістаедах (І.К.Лапацін, 1986). Створаны абагульняльныя працы па глебавай фауне (Э.І.Хацько, 1993) і фауне розных атрадаў насякомых (А.М.Цярошкін, Т.П.Смірнова, В.В.Бліноў, С.У.Буга, У.У.Піскуноў, А.Л.Несцерава, Т.Р.Іанісіяні і інш.). Упершыню створаны каталог калаўротак (Г.А.Галкоўская). Гісторыю фарміравання фауны ў пасляледавіковы перыяд вывучаюць У.І.Назараў, А.Р.Александровіч, С.У.Буга. У наш час у зоагеаграфіі ўзмоцнены экалагічны кірунак, большая ўвага аддаецца пытанням уздзеяння на фауну гаспадарчай дзейнасці чалавека, складаюцца схемы зоагеаграфічнага раянавання, абгрунтоўваюцца рацыянальныя спосабы выкарыстання і аховы жывёльнага свету ў рэгіёнах. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел. геолагаразведачным НДІ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГА́КАЎ Міхаіл Афанасьевіч (15.5.1891, Кіеў — 10.3.1940),
рускі пісьменнік. Скончыў мед.ф-т Кіеўскага ун-та (1916). Працаваў земскім доктарам у Смаленскай губ. У 1919 пачаў прафесійна займацца л-рай. Супрацоўнічаў у газ. «Гудок» (1922—26). У 1925—26 апубл. «Запіскі маладога ўрача». Першы зб.сатыр. апавяданняў «Д’ябаліяда» (1925) выклікаў спрэчкі ў друку. У рамане «Белая гвардыя» (1925—27), п’есах «Дні Турбіных» (напісана па матывах гэтага рамана, паст. 1926), «Бег» (1926—28, паст. 1957) настроі старой рус. інтэлігенцыі, еднасць яе з народам, роздум пра шляхі і выбар, думкі пра «белы рух» і лёс Расіі. У камедыях «Зойчына кватэра» (паст. 1926) і «Барвовы востраў» (паст. 1928) высмейвае быт і норавы нэпманскага асяроддзя, парадзіруе звычкі абмежаванага тэатр. свету. Літ. крытыка канца 1920-х г. адмоўна ацэньвала творчасць Булгакава, яго творы не друкаваліся, п’есы былі зняты са сцэны. З пач. 1930-х г. працаваў рэжысёрам-асістэнтам МХАТа, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» Гогаля (1932). У сатыр.-фантастычных аповесцях «Фатальныя яйкі» (1925) і «Сабачае сэрца» (1925, апубл. 1987) сцвярджэнне этычнай адказнасці інтэлігенцыі за вынікі сацыяльнага эксперыменту. «Майстар і Маргарыта» (1929—40, апубл. 1966—67) своеасаблівая форма філас. рамана, дзе сумешчаны гісторыка-легендарны, сучасна-бытавы і містыка-фантастычны планы дзеяння. У ім складанасць жыцця, вечная барацьба сіл стварэння і разбурэння. У гіст. драмах «Кабала святош» («Мальер», 1930—36, паст. 1943) і «Апошнія дні» («Пушкін», 1934—35, паст. 1943), у біяграфічнай аповесці «Жыццё спадара Мальера» (1932—33, апубл. 1962) паказвае несумяшчальнасць сапраўднага мастацтва з дэспатызмам манархіі. Незакончаны «Тэатральны раман» («Запіскі нябожчыка», 1936—37, апубл. 1965) — іранічная перыфраза гісторыі МХАТа 1920-х г., ён спалучае ў сабе споведзь і сатыру. Булгакаў — майстар дасканалай тэхнікі, імклівага сюжэта, валодаў жывой, гнуткаю мовай. Раман «Майстар і Маргарыта» на бел. мову пераклаў (1994) А.Жук.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. Мн., 1989—90;
Записки на манжетах. М., 1988.
Літ.:
Творчество Михаила Булгакова: Исслед. и материалы... Кн. 1—2. СПб., 1991—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАСХО́ВІШЧА,
штучны вадаём для збору і назапашвання вады. Звычайна вадасховішчы ствараюцца ў далінах рэк вышэй ад водападпорнага збудавання. Пад В. выкарыстоўваюцца таксама азёры, узровень якіх падымаюць плацінай на рацэ, якая пачынаецца з возера. Наліўныя вадасховішчы ў лагчынах, ярах і кар’ерах запаўняюцца вадой пры дапамозе падвадных каналаў і труб помпавымі станцыямі. Бываюць вадасховішчы ў марскіх залівах, адгароджаных дамбай. Аб’ём вады ў вадасховішчы звычайна больш за 1 млн.м³, пл. больш за 1 км² (меншыя вадасховішчы часцей наз.сажалкамі). Вадасховішчы выкарыстоўваюць для рэгулявання сцёку рэк, водазабеспячэння, рэкрэацыі, патрэб рыбаводства, лясной гаспадаркі, прам-сці, энергетыкі, воднага транспарту, у экалагічных мэтах. Адрозніваюць вадасховішчы шматгадовага, сезоннага (пераважаюць на Беларусі), тыднёвага і сутачнага рэгулявання сцёку. Вадасховішчы робяць уплыў на навакольнае асяроддзе, мяняюць гідралагічны рэжым вадацёкаў і вадаёмаў, узровень грунтавых водаў, расліннасць, мікраклімат і клімат у паласе ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У выніку буд-ва вадасховішчаў затапляюцца і падтапляюцца значныя плошчы зямель, існуе небяспека аварый і катастроф (нават антрапагенных землетрасенняў) пры прарыве вады праз плаціну ці дамбу. Патрабуецца пастаянны нагляд за берагамі і катлавінай вадасховішча, правядзенне работ супраць заглейвання, абмялення, зарастання воднай расліннасцю, замору рыбы і інш.
Першыя вадасховішчы ўзніклі да н.э. ў Стараж. Егіпце, на Б. Усходзе, у Кітаі, Японіі, Індыі і інш. краінах Усх. і Паўд. Азіі пераважна для арашэння. Самыя буйныя вадасховішчы створаны ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Паводле аб’ёму вады найб.Брацкае вадасховішча ў Азіі (каля 169 км³), па плошчы — Вольта ў Афрыцы (8480 км²). На Беларусі ў пач. 19 ст. невялікія вадасховішчы ўваходзілі ў воднатрансп. шляхі, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Інтэнсіўнае буд-ва іх пачалося ў 1950-я г., пабудавана 145 вадасховішчаў агульным аб’ёмам вады 3,1 км³ і пл. воднага люстра 814 км² (1995). Найб.Вілейскае вадасховішча і Заслаўскае вадасховішча, якія ўваходзяць у Вілейска-Мінскую водную сістэму.
Літ.:
Авакян А.Б., Салтанкин В.П., Шарапов В.А. Водохранилища. М., 1987.
В.В.Дрозд.
Да арт. Вадасховішча. Возера-вадасховішча Люнерзе ў басейне р. Іль (Аўстрыя).Да арт. Вадасховішча. Заслаўскае вадасховішча — адно з найбольшых у Беларусі.
Дагавор Хея — Бюно-Варыльі 1903 (падпісаны 18 ліст. ў Вашынгтоне) гарантаваў незалежнасць Панамскай Рэспублікі (абвешчана 3.11.1903), а Панама здавала ў арэнду ЗША «на неабмежаваны час» частку сваёй тэр. шырынёй 16,1 км для будаўніцтва і эксплуатацыі міжакіянскага канала і саступала ім усе суверэнныя правы над зонай Панамскага канала. ЗША атрымала таксама права манапольна эксплуатаваць усе шляхі зносін праз тэр. Панамы паміж Ціхім ак. і Карыбскім м., выкарыстоўваць свае ваен. і паліцэйскія сілы для падтрымання парадку і абароны канала. За гэта ЗША павінны былі выплаціць Панаме 10 млн.дол. адначасова і выплачваць па 250 тыс.дол. штогод праз 9 гадоў пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
Дагавор 1936 (падпісаны 2 сак. ў Вашынгтоне) адмяняў артыкулы дагавора 1903 пра гарантыі ЗША падтрымліваць незалежнасць Панамы і парадак у яе гарадах Панама і Калон. ЗША адмовіліся (фармальна) ад права карыстацца тэр. за межамі канала. Штогадовыя выплаты Панаме павялічваліся да 430 тыс.дол.
Дагавор Рэмона—Эйзенхаўэра 1955 (падпісаны 25 студз. разам з «Мемарандумам аб узгодненых рашэннях», які рэгуляваў заробак мясц. служачых кампаніі Панамскага канала), адмяняў манапольнае права ЗША будаваць чыгункі і шашэйныя дарогі на Панамскім перашыйку, ураўнаваў у зарплаце панамцаў з амерыканцамі, павялічваў штогадовыя выплаты да 1930 тыс.дол. Панаме вярталася частка зямлі, раней набытая ў яе кампаніяй канала.
Дагавор аб Панамскім канале і Дагавор аб пастаянным нейтралітэце і функцыянаванні Панамскага канала 1977 (падпісаны 7 вер. ў Вашынгтоне прэзідэнтам ЗША Дж.Картэрам і кіраўніком урада Панамы А.Тарыхасам) прадугледжвалі канчатковую перадачу канала пад кантроль Панамы 1.1.2000, ліквідацыю зоны канала і вывад амер. войскаў з размешчаных у ёй ваен. базаў, павелічэнне штогадовых выплат да 10 млн.дол. і інш. Панама абвяшчае канал пастаянна нейтральным і разам з ЗША адказвае за «захаванне рэжыму нейтралітэту». Ваен. і дапаможныя судны абедзвюх дзяржаў маюць права на «хуткі транзіт праз канал». Абодва дагаворы ўхвалены на плебісцыце ў Панаме, які адбыўся 23.10.1977. З 1982 Панама пачала ажыццяўляць цывільнае кіраванне і паліцэйскую ўладу ў зоне канала.