шляхецкі род герба «Магіла» ў ВКЛ. Паходзяць ад смаленскага баярына Міцькі Быхаўца, сыны якога ў пач. 16 ст. замест страчаных зямель на Смаленшчыне атрымалі ад вял.кн. Жыгімонта I Старога маёнткі ў Дарсунішскай вол. і Трокскім пав.Найб. вядомыя Быхаўцы:
Людвік, ксёндз-бернардзінец, аўтар твораў рэліг.-павучальнага характару. Сакратар Літоўскай правінцыі бернардзінцаў, да 1747 прэзідэнт у Нясвіжскім канвенце ордэна, назіральнік ордэна францысканцаў у Віцебскім ваяв. (1760). Юзаф Уладзіслаў (1778—5.7.1845), філосаф. Скончыў Гал. школу ВКЛ у 1794, вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, Кёнігсберга. Вучань і перакладчык І.Канта. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў на баку Францыі. Ян (каля 1732—?), дэп. Трыбунала ВКЛ (1797—1802), у 1802—32 суддзя слонімскіх земскага і межавога судоў. Юзаф, падстолі ваўкавыскі (1780), крайчы ВКЛ (1793). Адам Ян Віктар (23.12.1796—?), чл. ваўкавыскага апеляцыйнага суда. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы. Аляксандр, старшыня ваўкавыскага апеляцыйнага суда. У 1820-я г. ў яго б-цы захоўвалася Хроніка Быхаўца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ (сапр.Маліноўскі) Аляксандр Аляксандравіч
(22.8.1873, г. Саколка Беластоцкага ваяв., Польшча — 7.4.1928),
расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, паліт. дзеяч. Скончыў мед.ф-т Харкаўскага ун-та (1899). Чл.РСДРП у 1896—1909. Адзін з лідэраў адзавістаў. З 1917 выкладаў эканоміку ў Маскоўскім ун-це, з 1918 ідэолаг Пралеткульта. Дырэктар (з 1926) заснаванага ім першага ў свеце Ін-та пералівання крыві. Стварыў суб’ектыўна-ідэалаг.філас. сістэму эмпірыяманізму. Распрацоўваў навуку аб агульных прынцыпах арганізацыі — тэкталогію, у якой выказаў шэраг ідэй, што пазней развіты ў агульнай тэорыі сістэм, кібернетыцы і канцэпцыях навук. арганізацыі працы. Аўтар утапічных раманаў «Чырвоная зорка» (1908) і «Інжынер Мэні» (1912). Памёр у выніку пастаўленага на сабе доследу.
Тв.:
Эмпириомонизм. Кн. 1—3. М.; СПб., 1904—06;
Революция и философия. СПб., 1905;
Философия живого опыта. СПб., 1913;
Всеобшая организационная наука: (Тектология). Ч. 1—2. М., 1913—17;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЧ (Говараў, Нікіфараў) Аляксандр Іванавіч (1783, г. Трубчэўск, Расія — 9.9.1848), расійскі філосаф, эстэтык, псіхолаг. Скончыў Пецярбургскі пед.ін-т (1808), вучыўся ў Германіі (1808—13). Выкладаў у Царскасельскім ліцэі і Пед. ін-це (з 1819 ун-т). Абвінавачаны ў бязбожжы і амаль што ў рэв. прапагандзе, у 1837 звольнены з работы. Імкнуўся стварыць арыгінальную антрапал. канцэпцыю «чалавеказнаўства». Лічыў, што філасофія і нават багаслоўе патрабуюць антрапалагічнага абгрунтавання. У сваіх працах падкрэсліваў аб’ектыўную абумоўленасць мыслення, ролю пачуццяў у працэсе пазнання, стадыяльнасць яго развіцця (гіпотэза — паняцце — ідэя), сувязь мыслення з фізіялогіяй, абгрунтаваў антрапал. філасофію гісторыі, што ўключала і сац. утопію. Выступаў супраць матэрыялізму, але высока ацэньваў метадалогію доследных навук. Яго «Лексікон філасофскіх прадметаў» (т. 1, 1845) — адзін з першых у Расіі даведнікаў па філасофіі. Галіч прапагандаваў эстэтыку рамантызму, вызначаў яе як «філасофію прыгожага» («Спроба навукі прыгожага», 1825). У псіхалогіі спрабаваў спалучаць ідэаліст. і прыродазнаўча-навук. трактоўкі душэўнага жыцця («Карціна чалавека...», 1834).
Тв.:
История философских систем. Кн. 1—2. СПб., 1818—19.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮРКГЕ́ЙМ ((Durkheim) Эміль) (15.4.1858, г. Эпіналь, Францыя — 15.11.1917),
французскі філосаф і сацыёлаг, заснавальнік франц. сацыялагічнай школы. Праф. сацыялогіі і педагогікі ў Бардо (з 1896) і Сарбоне (з 1902). Грамадства разглядаў як асобую рэальнасць, аснову якой складаюць сац. факты, якія існуюць незалежна ад індывідаў і здольныя аказваць на іх прымусовы націск. Сац. факты Дз. падзяляў на марфалагічныя (складаюць матэрыяльны субстрат грамадства — шчыльнасць насельніцтва, развіццё шляхоў зносін і інш.) і духоўныя (утвараюць у сукупнасці калектыўную або агульную свядомасць). Кожнае грамадства мае розную ступень сац. салідарнасці, згуртаванасці. Грамадскае развіццё — пераход ад «механічнай» салідарнасці, заснаванай на падабенстве індывідаў і функцый, якія яны выконваюць, да «арганічнай», якая грунтуецца на падзеле працы. Антыпод сац. салідарнасці — анамія. Сацыялогія Дз. — першы разгорнуты варыянт структурна-функцыян. падыходу пры вывучэнні грамадства. які атрымаў класічнае адлюстраванне ў працах Т.Парсанса і Р.Мертана.
Тв.:
Рус.пер. — О разделении общественного труда: Метод социологии. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭАНТАЛО́ГІЯ медыцынская, сукупнасць маральных норм прафесійных паводзін мед. работнікаў.
Тэрмін прапанаваў у пач. 19 ст.англ.філосаф Дж.Бентам для абазначэння тэорыі маральнасці. Асновы Д. вядомы яшчэ ў медыцыне стараж. свету. У кожную гіст. эпоху ў адпаведнасці з пануючай у грамадстве мараллю прынцыпы Д. мелі характэрныя асаблівасці, але заставаліся непарушнымі агульначалавечыя, пазакласавыя этычныя нормы мед. прафесіі — аблягчыць пакуты і дапамагчы хвораму чалавеку. Асабліва важная роля ў вызначэнні маральных пачаткаў мед. Дзейнасці належыць Гіпакрату. Дэанталагічныя прынцыпы, выказаныя ў яго «Клятве», актуальныя і цяпер.
Д. фарміруе прынцыпы паводзін мед. персаналу, накіраваныя на стварэнне максімальна спрыяльных умоў для эфектыўнага лячэння хворых. Яна ўключае ў сябе розныя аспекты працы ўрача — ад этычных, маральных прынцыпаў да прававых пытанняў у канфліктных сітуацыях. У сферу Д. ўваходзяць пытанні, звязаныя з лячэбнай тактыкай, узаемаадносінамі ўрача з хворым, яго сваякамі, з паняццем урачэбнай тайны, калегіяльнасцю, памылкамі і адказнасцю ўрачоў, паводзінамі ўрача ў быце і інш. Д. стала абавязковай састаўной часткай падрыхтоўкі і выхавання мед. персаналу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭІ́ЗМ (ад лац. deus Бог),
рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога Бог з’яўляецца толькі першастваральнікам свету, які ў далейшым развіваецца па сваіх уласных законах. Д. адрозніваюць ад тэізму (прызнае боскую наканаванасць і пастаянную сувязь чалавека і Бога), пантэізму (атаясамлівае Бога і сусветнае цэлае) і атэізму (адмаўляе існаванне Бога наогул). Пачынальнік Д. англ.філосаф 17 ст. Э.Чэрберы, які развіваў ідэі натуральнай рэлігіі, або рэлігіі розуму. Найб. росквіту Д. дасягнуў у Вялікабрытаніі ў 1-й пал. 18 ст. (Дж.Толанд, Дж.А.Колінз, А.Шэфтсберы і інш.). Ідэі Д. праводзілі Вальтэр, Ж.Ж.Русо (Францыя), Г.Лейбніц, Г.Лесінг, І.Кант (Германія), Т.Джэферсан (ЗША), І.П.Пнін, А.С.Лубкін, А.М.Радзішчаў (Расія). У Беларусі элементы Д. характэрны для светапогляду філосафа і паэта 17 ст. Я.Белабоцкага, прадстаўніка ранняга Асветніцтва К.Нарбута. На пазіцыях Д. стаялі бел. асветнік І.Страйноўскі, праф.Гал. школы ВКЛ К.Багуслаўскі і інш. Д. садзейнічаў развіццю вальнадумства, з’яўляўся формай барацьбы з тэалогіяй і містыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБШЭ́ВІЧ ((Dobszewicz) Бенядзікт) (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),
філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.Гасендзі, Р.Дэкарта, І.Кеплера, І.Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЕН (Сяргей Іосіфавіч) (28.8.1887, Масква — 2.7.1950),
расійскі філосаф і педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т, вучыўся ў Гайдэльбергскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1909 уваходзіў у «гайдэльбергскую філас. садружнасць» (аб’ядноўвала ням. і рус. філосафаў-неакантыянцаў), удзельнічаў у выданні ў Лейпцыгу зб. «Пра месію». Адзін з рэдактараў філас.час. «Логос» (1910—13, Масква; 1914, Пецярбург). У 1914—17 працаваў у Пецярбургскім, у 1917—21 — у Томскім ун-тах. Выкладаў у Берліне і Празе (1923—35), шэрагу навуч. устаноў у Варшаве (1935—45), з 1945 праф. педагогікі ун-та ў Лодзі. Значны яго ўклад у развіццё філас. антрапалогіі, якую лічыў «прыкладной філасофіяй»; яе асновай лічыў вучэнне пра асобу, што ствараецца шляхам далучэння да звышасобасных каштоўнасцей. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Ф.М.Дастаеўскага, У.С.Салаўёва.
Тв.:
Основы педагогики. Введение в прикладную философию. Берлин, 1923;
Монизм и плюрализм в систематике понятий // Труды Русского Народного университета в Праге. 1928. Т. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́МШЫ ((Gramsci) Антоніо) (23.1.1891, г. Алес, вобл. Сардзінія, Італія — 27.4.1937),
італьянскі паліт. дзеяч, філосаф, гісторык. Вучыўся ў Турынскім ун-це (1911—14). У 1913—21 чл.Італьянскай сацыялістычнай партыі, адзін з кіраўнікоў яе левага крыла. З 1919 выдаваў час. «L’Ordine Nuovo» («Новы лад»), які заснаваў разам з У.Тэрачыні і П.Тальяці. Адзін з заснавальнікаў (1921) і ген. сакратар (з 1924) Італьян.Камуніст. партыі. У 1922—23 удзельнічаў у працы Камуністычнага інтэрнацыянала. Дэп. парламента (1924—26). Выступаў за паліт. саюз з інш. партыямі — праціўнікамі фашызму. У 1926 арыштаваны, у чэрв. 1928 асуджаны на 20 гадоў зняволення (пазней тэрмін скарочаны). У зняволенні напісаў «Турэмныя сшыткі», у якіх даследаваў сац.-паліт. гісторыю Рысарджымента, марксізм як светапогляд і вучэнне, тэорыю прыродазнаўства, крытыкаваў погляды на культуру Б.Крочэ і інш. Фашызм вызначаў як «несанкцыянаванае законам насілле з боку капіталіст. класа».
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения. М., 1980.
Літ.:
Григорьева И.В. Исторические взгляды Антонио Грамши. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН РУШД, Ібн Рошд Абу-ль-Валід Мухамед ібн Ахмед (латынізаванае Авероэс; Averroes; 1126, г. Кордава, Іспанія — 10.12.1198), арабскі філосаф, вучоны-энцыклапедыст, урач; прадстаўнік усх. арыстоцелізму. Жыў і працаваў у Андалусіі і Марока. Большасць яго прац — каментарыі да твораў Арыстоцеля. У сваёй філас. канцэпцыі зыходзіў з прызнання нястворанасці і незнішчальнасці першаматэрыі і руху. Прызнаваў быццё Бога, якое не папярэднічае быццю матэрыі, а «сувечна» яму, і што Бог з’яўляецца «першарухавіком». Сцвярджаў, што матэрыяльны свет бясконцы ў часе, хоць і абмежаваны ў прасторы. Абвяргаў бяссмерце індывід. душы і замагільнае жыццё, але прызнаваў бяссмерце ўсеагульнага інтэлекту. Абгрунтаваў ідэю пра разыходжанне філас. і рэліг. вывадаў, якая паслужыла асновай дзвюх ісцін тэорыі. У сацыялогіі быў прыхільнікам справядлівага грамадскага ладу. Творчасць І.Р. паўплывала на развіццё еўрап. сярэдневяковай філасофіі 13—16 ст.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М. 1961.