ПУХА́ЕЎ (Аляксандр Спірыдонавіч) (н. 1.9.1926, с. Схліт Карніскага р-на, Паўд. Асеція),

асецінскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Тбіліскі ун-т (1953). Друкуецца з 1946. Першая кніга вершаў «Сябры свету» (1956). Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Лірыка» (1958), «Вершы» (1961), «Месяцавыя ночы» (1965), «Усмешка гор» (1968), «Дарога і песня» (1972), «Летнія дажджы» (1974), «Дабрыня» (1978), «Памяць» (1981), «Жаданні» (1984) і інш. Паэзія П. прасякнута тонкім лірызмам, любоўю да Радзімы, свайго народа, яго мовы і гісторыі. Шмат вершаў і паэму «Песня пра Брэсцкую крэпасць» прысвяціў Беларусі. Складальнік і адзін з перакладчыкаў на асецінскую мову бел. твораў («Маленькая анталогія беларускай паэзіі», 1976; «Анталогія беларускага нарыса», 1990). Пераклаў на асецінскую мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Асіпенкі, Р.​Барадуліна, М.​Калачынскага, К.​Кірэенкі, Г.​Кляўко, К.​Крапівы, П.​Панчанкі, Ю.​Свіркі, В.​Тараса; перакладчык кнігі выбранай лірыкі Я.​Купалы «Летняя раса» (1982) і інш. На бел. мову творы П. пераклалі Калачынскі, Кляўко, А.​Салтук, Свірка, У.​Папковіч.

А.С.Пухаеў.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Удальрык Крыштоф) (28.1.1712, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 21.7.1770),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, польскі і бел. паэт, гісторык. Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. У 1734—62 канюшы ВКЛ, у 1762 вял. пісар ВКЛ, у 1739—46 староста мінскі; пасол на сеймы 1730, 1733, 1736, 1746, 1764, 1767. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1743), ген.-лейтэнант (1748). У 1749 узначальваў паход супраць укр. гайдамакаў, які апісаў у надрукаваным «Дыярыушы». Аўтар твораў «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Універсальная гісторыя» (у 1758 надрук. першыя 14 арк.), «Крытыкі свету, або Сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе», гісторыі роду Радзівілаў, панегірыкаў, элегій, од. Выдаў кн. «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў» (1741), тэхн. трактаты, некат. вершаваныя творы. Перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П.​Карнеля, Ж.​Расіна. Спрабаваў увесці ў спектаклі прыдворных т-раў бел. мову. Па-беларуску гаворыць адзін з персанажаў пераробкі Р. твора Э.​Бурселя «Камедыя Эзопа» (захаваліся 5 радкоў яго ўступнага маналога).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЯВО́ДКА, Ваявудка (Wojewódka) Бярнард (?, Кракаў — 26?.7.1554), польскі матэматык, друкар і перакладчык. Аўтар кн. «Алгарытм — навука лічбы» (Кракаў, 1553). У 1553 пераехаў з Кракава ў Брэст, дзе ўзначаліў адну з Брэсцкіх друкарняў. Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам (Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса), адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху. Верагодна, удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання Брэсцкай бібліі (1563).

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙКО́ (Баляслаў) (1877, Свянцянскі павет Віленскай губ. — 1939),

жывапісец. Вучыўся ў Віленскай рысавальнай школе, у Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Пасля 1902 жыў у Парыжы. Меў персанальныя выстаўкі ў Парыжы і Ніццы. Працаваў у жанры пейзажа і нацюрморта. У пейзажах адлюстроўваў мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю А.​Міцкевіча: «Від на Свіцязь», «Туганавічы». Творы Буйко зберагаюцца ў музеях Вільнюса, Варшавы, прыватных зборах.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЁР (франц. valeur літар. каштоўнасць),

у жывапісе і графіцы абазначэнне сілы колеравага тону, багацця ў ім градацый святла і ценю. Ад дакладнай перадачы гэтых адценняў, суадносін і пераходаў тонаў залежыць праўдзівасць і паўната адлюстравання рэчаіснасці. Выкарыстанне сістэмы валёра дае магчымасць больш тонка і багата паказваць прадметы ў святлопаветраным асяроддзі (творы жывапісцаў-каларыстаў Д.Веласкеса, Я.Вермера, І.Левітана, В.Сурыкава, В.​Бялыніцкага-Бірулі, І.​Хруцкага і інш.).

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІГУ́РСКАЯ (Галіна Васілеўна) (28.6.1909, с. Юлінцы Вінніцкай вобл., Украіна — 1.8.1990),

украінская перакладчыца, літ.-знавец. Скончыла ін-т педагогаў для дашкольнікаў пры Кіеўскім ун-це (1936). Даследавала ўкр.-бел. літ. і культ. ўзаемасувязі. Пераклала на ўкр. мову асобныя творы Я.​Коласа, П.​Броўкі, М.​Гарэцкага, У.​Карпава, І.​Шамякіна, М.​Лынькова, В.​Быкава, І.​Мележа, Я.​Брыля, п’есы К.​Крапівы, В.​Вольскага і інш.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ (Зіновій Майсеевіч) (15.10.1899, г. Карукаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 13.10.1984),

савецкі скульптар-партрэтыст. Нар. мастак СССР (1980). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў Маскоўскім Вхутэмасе-Вхутэіне (1922—28). Творы вылучаюцца майстэрскай мадэліроўкай, выкарыстаннем магчымасцей фактуры матэрыялаў («П.​І.​Чайкоўскі», 1947, Дзярж. прэмія СССР 1948; «М.​М.​Громаў», 1970, «С.​П.​Каралёў», 1981, і інш.).

З.Віленскі. П.​І.​Чайкоўскі. 1947.

т. 4, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬВЕ́Н ((Alfven) Хуга) (1.5.1872, Стакгольм — 8.5.1960),

шведскі кампазітар, дырыжор, скрыпач. У 1890—97 саліст Каралеўскага сімф. аркестра ў Стакгольме, у 1910—39 кіраўнік муз. аддзялення ун-та ў Упсале. Упершыню ў свецкай сімф. музыцы выкарыстаў нац. фальклор. Сярод тв.: балеты «Горны кароль» (1923), «Блудны сын» (1957); 12 кантат; 5 сімфоній; 3 рапсодыі для арк.; камерныя творы; хары; музыка да кінафільмаў.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́МАЎ (Іван Акімавіч) (2.6.1754, С.​Пецярбург — 27.5.1814),

рускі жывапісец, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73) у А.П.Ласенкі. У 1779—1800 выкладчык, дырэктар Пецярбургскай АМ. Творы: «Вялікі князь Святаслаў, які цалуе маці і дзяцей сваіх пасля вяртання з Дуная ў Кіеў» (1773), «Геркулес на раздарожжы» (1801).

Тв.:

Краткое историческое известие о некоторых Российских художниках // Северный вестн. 1804. Ч. 1. № 3.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯБХА́ТА (476, Кусумапур, паблізу сучаснага горада Пата, Індыя — каля 550),

індыйскі астраном і матэматык. У творы «Арыябхатыям» выклаў некаторыя матэматычныя звесткі, неабходныя для астранамічных вылічэнняў: здабыванне квадратнага і кубічнага каранёў, найпрасцейшыя задачы на складанне і рашэнне ўраўненняў, правілы падсумавання радоў, табліцу сінусаў, прыбліжанае значэнне ліку π = 3,1416 і інш. Увёў запіс лікаў пры дапамозе літар санскрыту.

Літ.:

Володарский А.И. Ариабхата. М., 1977.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)