бел. жывапісцы, браты. Ураджэнцы маёнтка Уборкі Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.
Апалінар Гілярыевіч(30.1.1883—1900) (30.1.1833—1900), пейзажыст і партрэтыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—54), у 1855—60 удасканальваў майстэрства ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме і Парыжы. У 1860—80-я г. жыў у маёнтку Уборкі, зімой выязджаў у Пецярбург, дзе ў 1862—86 выкладаў у школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў. Яго творы адметныя жыццёвай праўдай, высокім майстэрствам, глыбокай народнасцю, паэтычна апяваюць прыгажосць бел. прыроды, нар. побыт: «Балота», «Пейзаж з ракой і дарогай», «Вечар», «Краявід у маёнтку Кушалёва-Безбародкі Краснаполіца», «Від дубровы каля Бабруйска», «Ліпы», «На радзіме», «Пінскія балоты», «Рака Бярэзіна», «Свіслач», «Час жніва» і інш. Каля 20 карцін мастака знаходзяцца ў Нац.маст. музеі Беларусі («Партрэт маці», «Жаночы партрэт каля мальберта», «Купальшчыцы», «Яўрэй, які моліцца», «Вечар у Мінскай губерні», «Старая моліцца», «Цвіце канюшына», «Кузня», «Жанчына з палітрай», «Магдаліна каецца», «Партрэт Ф.Л.Лагорыо», шмат бел. пейзажаў і інш.). Рабіў замалёўкі нар. тыпаў («Селянін» і інш.).
Іпаліт Гілярыевіч (1.7.1828—?), пейзажыст. Спец. адукацыю атрымаў у школе Машчынскага (Мінск). З 1855 наведваў заняткі Пецярбургскай АМ. З яго пейзажаў найб. вядомыя: «На берагах ракі Бярэзіны», «Від у ваколіцах Бабруйска» і інш. Карціна «Каля крыжа. Смерць паўстанца» зберагаецца ў Нац.маст. музеі Беларусі.
Гілярый Гілярыевіч, акварэліст 2-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Пецярбургу ў школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў (да 1868), потым у АМ (да 1873). Сярод пейзажаў: «Від шпіля Петрапаўлаўскага сабора», «Кветкі» і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. «Колькі праўды ў фарбах...» // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕНКА (Кастусь) (Канстанцін Ціханавіч; 12.12.1918, в. Гайшын Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 15.9.1988),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1940). Працаваў у час. «Беларусь» (1945—62), з 1962 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1972—86 — час. «Полымя». Друкаваўся з 1939. Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1972), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1979), «Дэкрэтам сэрца» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма «Алёнчына школа» (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972). На вершы К. напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш. Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1986—88.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 196—213;
Гурская А. Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАЕ МО́РА,
бяссцёкавае салёнае возера на мяжы Ізраіля і Іарданіі. Займае самую нізкую ч. самай глыбокай на сушы тэктанічнай катлавіны Гхор, узровень вады на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Складаецца з 2 катлавін — больш глыбокай паўн. і мелкай паўд., якая падзелена дамбамі на басейны для выпарэння вады і наступнай здабычы мінеральных солей. Пл. 940 км², даўж. 80 км, найб.шыр. 15 км. Найб. глыбіня 394 м. Становішча урэзу вады непастаяннае і вагаецца ў межах некалькіх метраў у залежнасці ад колькасці атм. ападкаў і адбору вады на арашэнне і водазабеспячэнне ў бас.р. Іардан — адзінай ракі, якая ўпадае ў М.м. Больш значныя ваганні ўзроўню назіраліся ў геал. мінулым: 23 тыс. гадоў назад узровень быў на 200 м вышэй, пазней апускаўся на 300 м ніжэй сучаснай адзнакі. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання, утварылася 1,5—2 млн. гадоў назад. Т-ра вады да глыб. 40 м зменьваецца па сезонах і складае 16 °C зімой і 36 °C летам, ніжэй пастаянная — 21 °C. Кліматычныя ўмовы (сухі пустынны клімат, т-ры паветра ад 14 °C у студз. да 30 °C і больш у ліп.) спрыяюць вял. выпарэнню і выклікаюць высокую салёнасць вады — 322 %°(у кожным літры вады М.м. 322 г солей). Элементны склад солей у 1 л вады: хлору — 212 г, магнію — 41 г, натрыю — 39 г, кальцыю — 17 г, калію — 7 г, брому — 5 г, інш. элементаў — 1 г. У водах М.м. растворана 44 млрд.т солей. Высокая мінералізацыя вады М.м. з’явілася прычынай адсутнасці ў возеры арган. жыцця (за выключэннем некаторых відаў анаэробных бактэрый). Берагі М.м. пустынныя, з рэдкімі аазісамі. На ўзбярэжжы бальнеалагічныя курорты. У паўд.ч. — здабыча мінер. солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,
суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс.км³атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс.км³), мінус сцёк (47 тыс.км³), расход — выпарэнне (63 тыс.км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс.км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс.км³атм. ападкаў і 47 тыс.км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс.км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.
В.В.Дрозд.
Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЦЬ,
рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 295 км. Пл. вадазбору 5020 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Раздольная Талачынскага р-на Віцебскай вобл., вусце на паўд. ускраіне г. Рагачоў. Агульная даўж. рачной сістэмы Д. 2000 км. Асн. прытокі: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза (злева), Аслік, Малыш, Даўжанка, Дабрыца (справа). Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзв., на астатнім працягу — ва ўсх.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны.
Даліна да ўпадзення р. Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная шыр. 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, выш. 8—30 м, да г.п. Бялынічы адкрыцця і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы сярэдне стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма ў асноўным двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжнім Чыгірынскім вадасх.), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай ч. роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі. лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі агульнай працягласцю каля 16 км, на астатнім працягу моцназвілістае, свабодна меандрыруе, ніжэй упадзення р. Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і залівамі. Шыр.ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя (выш. да 5 м), у вусцевай ч. спадзістыя (выш. да 1 м). Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое. Асаблівасць рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54% гадавога сцёку. Веснавы крыгаход каля 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасх. (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. У ніжнім цячэнні каля в. Чыгірынка Чыгірынская ГЭС. На Д. гарады Талачын і Рагачоў, г.п. Круглае і Бялынічы, зоны адпачынку Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НА,
рака ва Усх. Сібіры, у Іркуцкай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 4400 км, пл.бас. 2490 тыс. км². Пачынаецца на зах. схіле Байкальскага хр., за 21 км ад воз. Байкал, упадае ў м. Лапцевых. У верхнім цячэнні (да вусця р. Віцім) праразае Лена-Ангарскае плато, цячэ ў вузкай даліне (шыр. 1—10 км) са стромкімі схіламі, шмат парогаў і вадаспадаў. Пасля ўпадзення р. Кірэнга становіцца паўнаводнай суднаходнай ракой. У сярэднім цячэнні (паміж вусцямі Віціма і Алдана) даліна пашыраецца да 20—30 км, у рэчышчы шмат астравоў. Ніжэй прытока Алёкма 600 км цячэ ў вузкай (3—4 км) даліне, складзенай з вапнякоў, абрывы з якіх часам утвараюць мудрагелістыя формы (Ленскія слупы). За 100 км вышэй г. Якуцк шыр. даліны 25—30 км ніжэй выходзіць на Цэнтральнаякуцкую раўніну. У вусці ўтварае дэльту (пл. каля 30 тыс.км²), падзяляецца на пратокі, з якіх найб. Вялікая Трафімаўская і Быкаўская (злучае Л. з бухтай Тыксі). Гал. прытокі: Нюя, Вілюй (злева), Кірэнга, Віцім, Алёкма, Алдан (справа). Сярэдні расход вады каля с. Кюсюр 16 500 м³/с. Жыўленне пераважна снегавое і дажджавое. Характэрны высокае веснавое разводдзе, значныя дажджавыя паводкі, нізкая летняя межань. Л. штогод выносіць у мора каля 12 млн.т завіслых наносаў. Ледастаў у верхнім цячэнні з канца кастр. да сярэдзіны мая, у ніжнім — часам з канца вер. да пач.чэрв.; пры крыгаломе — заторы лёду; характэрны наледзі. Суднаходства ў разводдзе ад г.п. Качуг, рэгулярнае — ад Усць-Кута (Асятрова). Рыбалоўства пераважна ў нізоўі ракі. Прамысл. рыбы: муксун, сібірская рапушка, нельма, омуль, таймень. Гал. парты і прыстані: Булун, Жыганск, Якуцк, Алёкмінск, Ленск, Кірэнск, Асятрова, Пакроўск, Сангар. Асн. крыніцы забруджвання — прадпрыемствы золата і алмазаздабыўной прам-сці, горна-абагачальныя прадпрыемствы.
Літ.:
Мостахов С.Е. Река Лена. Якутск, 1972;
Колесов А.Н., Мостахов С.Е. По реке Лене: Путеводитель-справочник. Якутск, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
наступальная аперацыя сав. войск Зах. фронту 14 мая — 8 чэрв. ў савецка-польскую вайну 1920. Праводзілася ва ўмовах, калі польск. войскі ў ходзе красавіцкага наступлення прасунуліся на 200 км на Украіне і занялі Кіеў. На пачатак аперацыі ў склад Зах. фронту (камандуючы М.М.Тухачэўскі) уваходзілі: Паўн. група, 15-я і 16-я арміі, якія налічвалі 75 тыс. штыкоў, 5 тыс. шабляў, 459 гармат, 1935 кулямётаў, 10 бронепаяздоў, 15 бронеаўтамабіляў і 67 самалётаў. Польскія войскі Паўн.-Усх. фронту (камандуючы ген. С.Шаптыцкі) складаліся з 1-й і 4-й армій, мелі 52 тыс. штыкоў, 5,5 тыс. шабляў, 340 гармат, 1440 кулямётаў, 10 бронепаяздоў і 46 самалётаў. З-за цяжкага становішча, якое склалася ў выніку наступлення польскіх войск на Украіне, Зах. фронт пачаў М.а. без дастатковай падрыхтоўкі. 14 мая войскі 15-й арміі перайшлі ў наступленне на Віленскім напрамку, прарвалі абарону праціўніка і 16 мая выйшлі на рубеж Дзісна—Зябкі—воз. Шо — воз. Манец. Вылучаная 15 мая з 15-й арміі Паўд. група 16 мая выйшла на лінію Пышна—Лепель—Стайск. Войскі Паўн. групы фарсіравалі Зах. Дзвіну на ўчастку Полацк—Дзісна і занялі плацдарм на левым беразе ракі. З 14 па 18 мая войскі правага фланга і цэнтра прасунуліся ўглыб на 70—80 км, левага — на 50 км. Аднак наступленне не атрымала далейшага развіцця з-за адсутнасці рэзерваў. Польскае камандаванне перакінула з іншых участкаў фронту дадатковыя сілы і да 31 мая спыніла прасоўванне сав. войск. У выніку М.а. на Зах. фронце лінія фронту скарацілася на 60 км у раёне Лепеля, расшыраны Полацкі плацдарм на левым беразе Зах. Дзвіны. М.а. дапамагла Паўд.-Зах. фронту: адцягнула частку сіл з Кіеўскага напрамку, дала магчымасць падрыхтаваць контрнаступленне на Кіеў (пачалося 20 мая) і вызваліць яго (12 чэрв.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКО́НГ,
рака ў Кітаі, М’янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В’етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М’янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай. Даўж. каля 4500 км, пл. басейна 810 тыс.км². Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор’і (каля хр. Тангла, на выш. больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е (дзе наз. Ланьцанцзян), у зах. адгор’ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўд.-Кітайскае м. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта (пл. каля 70 тыс.км²), дзе вылучаюцца 2 гал. рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі. Гал. прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан (злева). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад’ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс.м³/с (у разводдзе да 30 тыс.м³/с, у межань да 1,5 тыс.м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку М. ў ніжнім цячэнні — воз. Танлесап, якое злучана з М. аднайм. прытокам. У вільготны сезон (чэрв.—ліст.) возера папаўняецца водамі М., у сухі (ліст.—чэрв.) — узровень вады ў М. ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дэльты на 80—100 м штогод. Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на р. Нгум (левы прыток М.). Рэкі і азёры бас. М. багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В’енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На М. — гарады Луангпрабанг, В’енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца 18—1-й пал. 19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк. Палац закладзены К.Радзівілам. Пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў стылі ампір на левым беразе р. Змейка, у 2-й пал. 19 ст. аднаўляўся А.С.Радзівілам. У 19 ст. ў палацы былі б-ка, архіў, калекцыі нумізматычная і твораў мастацтва. Значна пашкоджаны ў 1917 і асабліва ў 1943; адноўлены. Мураваны палац мае сім.-восевую 3-часткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе 2-павярховы ў плане набліжаны да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане 1-павярховыя павільёны. Да паўд.-зах. боку ў 2-й пал. 19 ст. прыбудаваны корпус зімовага саду (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтр. частка гал. фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана гермамі (на 2-м паверсе) і была завершана трохвугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся герб уладальнікаў Радзівілаў (належаў ім да 1939). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі. Парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі складаўся з 2 частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на 4 тэрасах, якія з невял. перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам — сонечны гадзіннік. Алея па падоўжнай восі ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі парк» са шпалерамі і баскетамі.
А.М.Кулагін.
Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Галоўны фасад палаца. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЯ,
рака ў Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 172 км. Пл. вадазбору 4910 км². Пачынаецца каля в. Ланенка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., вусце на ўсх. ускраіне г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Галыша, Бася, Раста (справа), Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Кашанка (злева). Даліна слабазвілістая, добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Схілы стромкія, часам абрывістыя, выш. ад 3 да 20 м, значна парэзаны ярамі, асабліва каля гарадоў Горкі і Слаўгарад. Ніжэй вусця р. Бася трапляюцца невял. тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, лугавая, шыр. 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця р. Быстрая пашыраецца да 3,8 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця р. Пнёўка (15 км) і ад паўд. ускраіны г. Горкі ўніз па цячэнню (4 км), на астатнім працягу звілістае або моцна звілістае, каля г. Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў. Шыр.ракі 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя, выш. 1—1,5 м, на асобных участках да 7 км. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 26,8 м³/с. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Веснавы ледаход 3—5 сут. Веснавое разводдзе доўжыцца каля 50 дзён. Найб. ўзровень разводдзя звычайна ў пач.крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем каля 3 м. Летне-асенняя межань (каля 5 мес) амаль кожны год 2—4 разы за сезон парушаецца дажджавымі паводкамі працягласцю 5—20 сут і выш. 0,5—1,5 м. П. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ гарады: Горкі (пры ўпадзенні р. Парасіца) і Слаўгарад (пры ўпадзенні П. ў р. Сож).