карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн.мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс.км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд.т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае полеТураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНЯЯ́РКА,
машына для скошвання с.г. культур і транспартавання скошанай масы ў малацільны апарат камбайна (пры прамым камбайнаванні) або ўкладкі яе на поле ў валкі ці ў рассціл (пры раздзельнай уборцы). Асн. рабочыя органы — рэжучы апарат, матавіла, шнэк, транспарцёр.
Шнэкавыя Ж. (хедэры) бываюць навясныя (на збожжаўборачныя камбайны) або прычапныя да трактара; валковыя (платформавыя) — самаходныя ці ў агрэгаце з трактарамі, самаходнымі шасі, камбайнамі. Валковыя Ж. паводле размяшчэння рэжучага апарата падзяляюцца на франтальныя і бакавыя, паводле спосабу фармавання валкоў — на адна-, двух- і трохпаточныя (фармуюць валок рэзальным апаратам або яшчэ з дапамогай 1 ці 2 транспарцёраў). Ж. бываюць універсальныя і спецыяльныя (для ўборкі пэўных культур). Напр., зернебабовая Ж. — навясная на камбайны машына для скошвання і ўкладкі ў валкі зернебабовых культур (у т. л. зялёнага гарошку, іх сумесей) і палеглай збажыны. Мае пальцавы рэжучы апарат са сцёблападымальнікам, універсальнае эксцэнтрыкавае матавіла, раменна-планкавы транспарцёр, платформу, механізм прывода і інш. Шырыня захопу Ж. ад 3,5 да 17 м, прадукцыйнасць ад 1,2 да 8 га/гадз.
Жняяркі: 1 — навясная з універсальным матавілам для раздзельнай уборкі збожжа; 2 — збожжавая прычапная да трактароў; 3 — зернебабовая; 4 — канапляная жняярка-снопавязалка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШПРАВО́ДНАСЦЬ,
з’ява скачкападобнага знікнення эл. супраціўлення ў некаторых праводзячых матэрыялах пры ахаладжэнні іх ніжэй за т.зв. крытычную тэмпературу. Адкрыта нідэрл. фізікам Г.Камерлінг-Онесам (1911).
Крытычныя т-ры Tk традыцыйных звышправаднікоў знаходзяцца ў інтэрвале 0,1—23 К. Вынікам адсутнасці супраціўлення з’яўляецца існаванне незатухальных токаў: у замкнутым току, наведзеным у кольцы са звышправадніка, доўгі час адсутнічаюць прыкметы затухання. З. суправаджаецца ідэальным дыямагнетызмам: магн.поле не пранікае ў тоўшчу звышправадніка, калі напружанасць поля не перавышае некаторае крытычнае значэнне (эфект Майснера). Адваротны пераход са звышправоднага стану ў нармальны (з канечным значэннем эл. супраціўлення) адбываецца пры павелічэнні т-ры або пры накладанні магутнага магн. поля. З. абумоўлена звышцякучасцю электронаў праводнасці, якая ўзнікае пры нізкіх т-рах дзякуючы ўтварэнню звязаных пар электронаў з процілеглымі спінамі — купераўскіх пар. Такія пары маюць нулявы спін і падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна статыстыцы. Пры T<Tk адбываецца т.зв. бозе-кандэнсацыя купераўскіх пар. Гл. таксама Высокатэмпературная звышправоднасць, Купера эфект.
Літ.:
Буккель В. Сверхпроводимость: Пер. с нем. М., 1975;
Вонсовский С.В., Изюмов Ю.А., Курмаев Э.З. Сверхпроводимость переходных металлов, их сплавов и соединений. М., 1977;
Дмитренко И.М. В мире сверхпроводимости. Киев, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫ ЗА́ПІС,
спосаб запісу інфармацыі, пры якім эл. сігналы, што нясуць інфармацыю, пераўтвараюцца ў прасторавыя змены астаткавай намагнічанасці магн. пакрыцця носьбіта інфармацыі. Пры М.з. выкарыстоўваюць магнітныя стужкі, магнітныя дыскі, магнітныя барабаны. Ужываюць для запісу гуку (у магнітафонах, дыктафонах), відарысу і яго гукавога суправаджэння (у відэамагнітафонах), запісу тэлевізійных сігналаў, сігналаў вымярэння, кіравання, вылічэння і інш. (у запамінальных прыстасаваннях).
Сістэма М.з. звычайна ўключае канал запісу (узмацняльнік эл. сігналаў, запісвальная магнітная галоўка), носьбіт даных, канал узнаўлення (узнаўляльная магн. галоўка, узмацняльнік эл. сігналаў), механізм перамяшчэння носьбіта і галовах. Пры запісе эл. сігналы ўзмацняюцца, пераўтвараюцца запісвальнай магн. галоўкай у пераменнае магн.поле рассеяння, якое ўздзейнічае на магн. пакрыццё носьбіта, што рухаецца адносна галоўкі, і намагнічваннем яго асобных участкаў стварае дарожку запісу. Пры ўзнаўленні носьбіт рухаецца адносна ўзнаўляльнай магн. галоўкі, яго астаткавы магн. паток наводзіць у абмотцы галоўкі эрс — сігналы, што ўтрымліваюць запісаную інфармацыю. Перавагі М.з. — імгненная гатоўнасць да работы, магчымасць шматразовага выкарыстання носьбіта.
Схема магнітнага запісу: 1 — узмацняльнік сігналаў, што запісваюцца; 2, 4, 5 — магнітныя галоўкі запісу, сцірання і ўзнаўлення; 3 — крыніца падмагнічвальных сігналаў; 6 — узмацняльнік сігналаў, што ўзнаўляюцца (счытваюцца); 7 — носьбіт запісу (магнітная стужка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́Ў,
аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.
Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам.аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл.Прасвятленне оптыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,
адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.
Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.
На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі.
Літ.:
Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ.Л., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТО́МЕТР (ад магніт + ...метр),
прылада для вымярэння параметраў магн. поля і яго напружанасці, напрамку, градыента і інш. М. наз. таксама вымяральныя блокі ўстановак для вызначэння магн. параметраў матэрыялаў. Паводле прынцыпу дзеяння М. падзяляюцца на магнітастатычныя, электрамагн., індукцыйныя, квантавыя, у т. л. звышправодныя; паводле прызначэння — на палямеры, вымяральнікі магн. індукцыі, градыентаметры, інклінатары, флюксметры.
Магнітастатычныя М. заснаваны на ўзаемадзеянні пастаяннага магніта (магн. стрэлкі) са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; эл.-магн. — на параўнанні магн. поля, якое даследуецца, з магн. полем эл. току ў шпулі; індукцыйныя — на з’яве электрамагнітнай індукцыі (на ўзнікненні эрс у вымяральнай шпулі пры зменах магн. патоку, што яе пранізвае); квантавыя — на выкарыстанні фіз. з’яў, што адбываюцца пры ўзаемадзеянні магн. момантаў ансамбляў мікрачасціц рэчыва са знешнім магн. полем, якое вымяраецца; звышправодныя — на Джозефсана эфекце. З дапамогай М. вымяраюць магнітнае пале Зямлі і інш. планет, вывучаюць магн. анамаліі, шукаюць карысныя выкапні, вызначаюць уласцівасці магн. матэрыялаў і г.д.
Літ.:
Средства измерений параметров магнитного поля. Л., 1979;
Бондаренко С.И., Шеремет В.И. Применение сверхпроводимости в магнитных измерениях. Л., 1982.
Схема магнітометра — цесламера з аптычнай напампоўкай: 1 — камера з рабочым рэчывам; 2 — паляроід; 3 — крыніца выпрамянення з зададзеным спектральным саставам; 4 — генератар узбуджэння; 5 — фотадэтэктар; 6 — узмацняльнік; 7 — сінхронны дэтэктар; 8 — мадуляцыйны генератар; 9 — высокачастотны генератар; 10 — частатамер; B — магнітнае поле, што вымяраецца; Rac — рэзістар у ланцугу адваротнай сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАЗА́ПІС,
запіс гукавых ваганняў на гуканосьбіце для наступнага ўзнаўлення. Гуказапісвальны элемент (разец, светлавы прамень, магн.поле ці інш.) пакідае след гукавога вагання (гукавую дарожку, ці фанаграму) на рухомым гуканосьбіце. У залежнасці ад колькасці каналаў запісу—узнаўлення адрозніваюць гуказапіс мона- (1 канал), стэрэа- (2 каналы), квадра- (4 каналы) і поліфанічны (больш за 4 каналы). Найб. пашыраны мех., фатагр. (аптычныя) і магн. метады гуказапісу, якія выкарыстоўваюцца ў вытв-сці грампласцінак, гукавым кіно, пры стварэнні радыё- і тэлевізійных праграм і інш.
Для мех. гуказапісу выкарыстоўваюць эл.-акустычны (найб. пашыраны) ці акустычны спосаб. Пры акустычным спосабе гукавыя ваганні непасрэдна ўздзейнічаюць на гуказапісвальны элемент (напр., іголку фанографа), які стварае гукавую канаўку, пры эл.-акустычным — гукавыя ваганні пераўтвараюцца мікрафонам у эл. і пасля ўзмацнення ўздзейнічаюць на запісвальны элемент. Пры фатагр. гуказапісе гукавыя ваганні пераўтвараюцца ў светлавыя і фіксуюцца на святлоадчувальнай плёнцы (гл.Гукавое кіно), кампакт-дыску і інш., пры магн. гуказапісе зменьваецца намагнічанасць дарожкі запісу на магнітных дроце, стужцы, дыску і інш.Гл. таксама Дыктафон, Магнітафон, Магнітарадыёла, Магнітола.
У муз. мастацтве гуказапіс адкрыў новыя магчымасці і зрабіў вял. ўплыў на ўсе сферы музыкі 20 ст. Ён ператварыў музыку ў прадмет масавай вытворчасці, вылучыў гукарэжысуру як новую разнавіднасць муз. творчай працы і прывёў да істотных змен у кампазіцыі, выканальніцтве (гл.Электронная музыка) і ўспрыманні музыкі.
Літ.:
Синклер Я. Введение в цифровую звукотехнику: Пер. с англ.М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАГІДРАДЫНАМІ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР, МГД-генератар,
электрычная ўстаноўка, якая непасрэдна пераўтварае энергію рабочага цела ў электрычную. Прынцып дзеяння заключаецца ў тым, што пры руху рабочага цела — электраправоднага асяроддзя (вадкага або газападобнага электраліту, вадкага металу, іанізаваных газаў — плазмы) упоперак магн. поля ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў рабочым целе індуцыруецца эл. ток, які адводзіцца ў эл. ланцуг. Ідэя М.г. выказана М.Фарадэем у 1831, прынцыпы пабудовы сфармуляваны ў 1907—22, практычная рэалізацыя пачалася ў канцы 1950-х г. з развіццём магнітнай гідрадынамікі і фізікі плазмы. Найб. значныя распрацоўкі МГД-генератараў і МГД-электрастанцый выкананы ў Ін-це высокіх т-рРас.АН.
М.г. складаецца з канала (з саплом, рабочай ч., дыфузарам), у якім фарміруецца паток плазмы, індуктара, што стварае стацыянарнае або пераменнае — бягучае магн.поле, і сістэмы зняцця энергіі з дапамогай электродаў (кандукцыйныя М.г.) або індуктыўнай сувязі патоку з ланцугом нагрузкі (індукцыйныя М.г.). Плазмай з’яўляюцца прадукты згарання прыродных або спец. паліваў з дабаўкамі злучэнняў шчолачных металаў (павялічваюць эл. праводнасць плазмы). Адрозніваюць М.г. імпульсныя (даюць імпульсы току працягласцю да некалькіх мікрасекунд), кароткачасовага дзеяння і тыя, што працуюць працягла. Могуць выкарыстоўвацца на эл. станцыях (у т. л. на АЭС), ва ўстаноўках для пакрыцця пікавых нагрузак і рэзервовых, для сілкавання суднаў, лятальных апаратаў і інш.
У.Л.Драгун.
Схема дыскавага холаўскага магнітагідрадынамічнага генератара: 1 — абмотка індуктара; 2 — канал генератара; 3 — падвод рабочага цела; 4, 5 — выхадны і ўваходны холаўскія электроды; R — супраціўленне нагрузкі; u — скорасць; B — магнітная індукцыя; Iф — фарадэеўская кампанента току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКУ́РЫЙ,
першая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак .
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 57,91 млн.км. Арбіта вельмі выцягнутая: адлегласць у перыгеліі 46 млн.км, у афеліі 70 млн.км (эксцэнтрысітэт 0,206). Перыяд абарачэння вакол Сонца 87,97 зямных сутак. вакол восі — 58,65 зямных сутак (2/3 перыяду арбітальнага абарачэння). Сонечныя суткі на М. роўныя 176 зямным суткам. Сярэдняя скорасць руху па арбіце 47,9 км/с. Нахіл плоскасці экватара да плоскасці арбіты невялікі (~3°), таму сезонныя змены на М. практычна адсутнічаюць. Дыяметр М. 4879,4 км, маса 3,303∙1023кг (0,055 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 5420 кг/м³.
Т-ра паверхні ў поўдзень 430 °C, ноччу да -173 °C. Атмасфера ў асноўным вадародна-геліевая, вельмі разрэджаная (ціск на паверхні ~0,2 нПа). Паверхня М. нагадвае паверхню Месяца (шмат кратэраў), існуюць характэрныя для М. ўтварэнні — эскарпы, або абрывы. Сярэдняя адбівальная здольнасць паверхні М. ў адносінах да сонечнага выпрамянення нізкая (6%). Бляск мяняецца ад -1 да 1/3 зорнай велічыні. У М. назіраюцца фазы, аналагічныя фазам Месяца. Спадарожнікі адсутнічаюць. Магнітнае поле прыблізна ў 100 разоў меншае, чым у Зямлі. Аптычныя назіранні М. ўскладняюцца блізкасцю да Сонца (найб. вуглавая адлегласць для зямнога назіральніка 28°). Даследаванні М. праводзяцца радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. Найб грунтоўныя і дакладныя звесткі атрыманы пры дапамозе касм. апарата «Марынер-10» (гл.«Марынер»).
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Меркурый (мазаіка з фатаграфій, зробленых пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Марынер-10»; 1974, ЗША).