ГІДРАЛО́ГІЯ РЭК, патамалогія,

раздзел гідралогіі сушы, які вывучае заканамернасці фарміравання рэк і працэсы, што ў іх адбываюцца, у цеснай узаемасувязі з фіз.-геагр. ўмовамі і гасп. дзейнасцю чалавека. Уключае гідраграфію рэк, вучэнні аб сцёку і рэчышчавых працэсах. Асн. кірунак — вывучэнне гідралагічнага рэжыму. На Беларусі першыя звесткі па гідралогіі рэк адносяцца да 11—12 ст. Перыядычныя назіранні за крыгаломам і замярзаннем рэк вядуцца з пач. 19 ст. З 1876 вядуцца пастаянныя назіранні за рэжымам рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна і Прыпяць, з 1877 — Нёман, з 1896 — Сож на гідралагічных пастах. Рэгулярнаму вывучэнню гідралогіі рэк спрыялі работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873). У 1930 арганізавана гідраметэаралагічная служба Беларусі, з 1931 складаюцца гідралагічныя прагнозы, з 1936 выдаюцца гідралагічныя штогоднікі, з 1940 водны кадастр. Даследаванні вядуцца ў Гідраметцэнтры Беларусі. Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, «Белмеліявадгасе», БДУ і інш.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 5, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з кастр. 1941 да вер. 1943 на тэр. Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. Складалася з Клімавіцкай (кіраўнік В.​С.​Даніленка), Круглянскай (А.​Л.​Траццякоў) груп, 6 падгруп (А.​А.​Гардзіевіч, К.​С.​Капаева, Л.​Н.​Раханскі, М.​І.​Сталяроў, Р.​К.​Чаркасава, Г.​М.​Яйцава); налічвала 42 чал. Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, вялі агітац. работу сярод насельніцтва, ваеннапалонных, у гарнізонах вайск. падраздзяленняў праціўніка. У 1942 наладзілі сувязь з 2-й Клятнянскай і 5-й Воргаўскай партыз. брыгадамі Смаленскай вобл., 45-м атрадам «За Радзіму» Магілёўскай вобл., перадавалі ім звесткі пра рух паяздоў па чыг. Крычаў—Унеча, перадыслакацыю вайск. часцей ворага, падрыхтоўку карных аперацый, бланкі пропускаў, пашпартоў, медыкаменты, зброю і інш. Разам з партызанамі правялі аперацыю па захопе рэзідэнта герм. разведкі. За час вайны загінула 18 падпольшчыкаў.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДКІЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

назва групы хім. элементаў (больш за 50), што выкарыстоўваюцца ў невял. колькасці, або адносна новыя ў тэхніцы. У прыродзе даволі малапашыраныя (элементы з кларкамі, ніжэйшымі за 0,01% па масе).

Звычайна не ўтвараюць буйных радовішчаў сваіх мінералаў. Агульная колькасць Рэ. у зямной кары 0,53% па масе, 0,41% прыпадае на тытан, які традыцыйна адносяць да Р.э., хоць яго прыродныя запасы значныя і здабываецца ён у вялікай колькасці. Паводле асаблівасцей геахіміі і тэхналогіі вылучэння і раздзялення падзяляюць на групы: лёгкія Р.э. — літый, цэзій, берылій, стронцый; рэдказямельныя элементы; рассеяныя элементы; тугаплаўкія Р э. — цырконій, ніобій, тантал, малібдэн і інш.; плацінавыя металы; радыеактыўныя элементы (уран, торый і інш.), інертныя газы. З павелічэннем аб’ёму вытв-сці многіх з гэтых элементаў тэрмін «Р.э.» становіцца ўсё больш умоўным.

Літ.:

Химия и технология редких и рассеянных элементов. Ч. І—3. 2 изд. М., 1976.

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),

у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл. Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст. царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст. за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоў Атона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДПРЫМА́ЛЬНІЦКІ ДАХО́Д,

плата, якую атрымлівае прадпрымальнік за свае арганізатарскія здольнасці па аб’яднанні і выкарыстанні эканам. рэсурсаў (звычайна капіталу), гасп. ініцыятывы (інавацыі), магчымыя рызыкі страт. Утвараецца з часткі прыбытку, што застаецца ў распараджэнні прадпрымальніка пасля выплаты працэнтаў за капітал, узяты ў пазыку. Частку атрыманага прыбытку ён аддае ўласніку капіталу (крэдытору) у выглядзе пазыковага працэнта. У выніку прыбытак ад выкарыстання капіталу распадаецца на 2 часткі: працэнт і П.д. Такі падзел прыбытку спачатку распаўсюджваецца на пазыковы капітал, а з развіццём рыначных адносін — і на ўласны капітал. У эканам. тэорыі П.д. падзяляюць на нармальны і эканам. прыбытак. Да нармальнага адносяць т.зв. гарантаваны даход прадпрымальніка (заработную плату), да эканам. прыбытку — плату за рызыку, інавацыі, манапольную ўладу. Велічыня П.д. вагаецца часцей за кошт эканам. прыбытку. У рыначных умовах, калі пераважае акцыянерная форма ўласнасці, асн. формай П.д. можа быць дывідэнд.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭ́НТ (ад лац. pro centum за сто),

сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10​−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.

Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз t гадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)​t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.

т. 13, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,

узнагароджанне ў грашовай ці натуральнай форме, якое выплачваецца работніку за працу, выкананую ў справаздачны перыяд. Уключае: заработную плату, выплаты і дапамогі з фондаў сац. страхавання (пенсіённага, занятасці, сац. абароны насельніцтва і інш.); сац. дапамогі, што выплачваюцца непасрэдна прадпрыемствамі і арг-цыямі (даплаты да пенсій, выплаты ў сувязі з вытв. траўмай ці гібеллю на вытв-сці); дапамогі па беспрацоўі; пенсіі ваеннаслужачым. Узровень аплаты працы вызначаецца па суме ўсіх гэтых налічэнняў без выліку падаткаў і інш. утрыманняў у адпаведнасці з заканадаўствам.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАВАКЗА́Л,

комплекс збудаванняў у складзе аэрапорта для абслугоўвання пасажыраў і правядзення багажных аперацый. Адрозніваюць аэравакзалы па відах зносін (міжнар. і ўнутр. ліній), а таксама па прапускной здольнасці (ад 50—400 да 2500 пасажыраў за гадзіну). Аэравакзал уключае: прывакзальную плошчу, перон са стаянкамі самалётаў, гасцініцу і інш. У вял. гарадах з мэтай разгрузкі будуюць гарадскія аэравакзалы, якія звязаны з аэрапортам грамадскім або службовым транспартам. На Беларусі аэравакзалы ёсць ва ўсіх абл. цэнтрах. Самы вялікі — у міжнар. аэрапорце «Мінск-2».

Аэравакзал «Мінск-2».

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАЕ́ВІЧ-КУН ((Andrejević-Kun) Джорджа) (31.3.1904, г. Вроцлаў — 17.1.1964),

сербскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Бялградзе (1920—25), Венецыі, Рыме і Парыжы. Заснавальнік сац.-крытычнага кірунку ў сербскім мастацтве 1930-х г. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39, у 1941—45 — нац.-вызв. барацьбы ў Югаславіі. Аўтар станковых кампазіцый «Маці» (1937), «Калона» (1946), «У Парыжы» (1950), цыкла гравюр па дрэве «Крывавае золата» (1934), «За свабоду» (1937) і інш.

Дж.Андраевіч-Кун. Пахаванне. З цыкла гравюр па дрэве «Крывавае золата». 1934.

т. 1, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,

заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.​Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)