КА́РПАЎ (Уладзімір Барысавіч) (13.2.1912, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 6.8.1977),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Звязда», «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». Літ. дзейнасць пачаў у 1944 як крытык. Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952), «Крылаты ўзлёт» (1966). З 1949 выступаў як празаік. Творы прысвечаны барацьбе бел. партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць ням.-фаш. захопнікаў, жыццю рабочых і інтэлігенцыі: аповесць «Без нейтральнай паласы» (1949), раманы «За годам год» (1955—56), «Вясеннія ліўні» (1959—60), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1969). Аўтар кн. ўспамінаў і апавяданняў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Даследаваў творчасць К.Чорнага, М.Лынькова, К.Крапівы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1983—85.
Літ.:
Успаміны пра Уладзіміра Карпава. Мн., 1991;
Грамовіч І. Адчуваў пульс жыцця // Грамовіч І. У сховах памяці і сэрца. Мн., 1983;
Грахоўскі С. Недапіты бярозавік // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, кінетызм,
авангардысцкі кірунак у скульпт., пластыцы 20 ст., заснаваны на стварэнні эстэт. эфектаў праз наданне вярчальнага або паступальнага руху асобным часткам твора, выкарыстанне сродкаў оптыка-акустычнага ўздзеяння на гледача (светлавыя эфекты, стэрэагук і інш.) і магчымасці кінематаграфіі. Пачаў фарміравацца ў 1910—30-я г. ў творах мастакоў розных авангардысцкіх кірункаў, якія ў кінетычных прасторавых кампазіцыях спрабавалі пераадолець традыц. статычнасць скульптуры і актывізаваць яе ўзаемадзеянне з асяроддзем (веласіпеднае кола, прымацаванае да табурэткі М.Дзюшана, 1913; праект Вежы III Інтэрнацыянала У.Татліна, 1919—20; люміна-кінетычная машына-скульптура «Мадулятар прасторы і святла» Л.Мохай-Надзя, 1922—30; «мабілі» — падвясныя рухомыя канструкцыі з жалеза, алюмінію і дроту А.Колдэра, 1930-я г.). Канчаткова склалася ў канцы 1950-х г. у творчасці маст. аб’яднанняў «Група вывучэння візуальнага мастацтва» (Францыя), «Група Зэро» (Германія), «Група T», «Група N» (Італія) і інш. і асобных мастакоў: Н.Шофера, Ж.Тэнглі (Францыя), Б.Райлі, Л.Пунса (Англія—ЗША) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ЦІН (Герман Аляксандравіч) (25.1.1845, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 26.12.1918),
дзеяч рас.рэв. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1866). У студэнцкія гады далучыўся да народніцкага руху, чл. Ішуцінскага гуртка. Быў арыштаваны ў 1866 (вызвалены); у 1868 высланы ў г. Стаўрапаль. У пач. 1870 тайна выехаў у Парыж (дзе пачаў першы рус. пераклад «Капіталу» К.Маркса), потым у Лондан. З вер. 1870 чл.Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. У канцы 1870 выехаў у Сібір, каб вызваліць з ссылкі М.Г.Чарнышэўскага, але ў лют. 1871 арыштаваны ў Іркуцку, адкуль у 1873 уцёк у Парыж, Лондан; штогод тайна наведваў Расію. У 1879 арыштаваны ў Пецярбургу і сасланы ў Сярэднюю Азію, потым у Волагду, адкуль у 1883 уцёк за граніцу. З сак. 1884 зноў у Расіі, аднавіў дзейнасць «Народнай волі» і фактычна ўзначаліў яе. 18.10.1884 арыштаваны, у 1887 прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага пажыццёвым зняволеннем у Шлісельбургскай крэпасці. Вызвалены ў 1905, ад паліт. дзейнасці адышоў.
Літ.:
Сайкин О.А. Первый русский переводчик «Капитала». М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНАНІ́ТЫ,
прыхільнікі адной са старэйшых пратэстанцкіх цэркваў. Рух М. пачаў фарміравацца ў 1530-я г. ў Нідэрландах пад уплывам памяркоўных анабаптыстаў. Яго ўзначаліў каталіцкі святар Мена Сіманс (назва ад яго імя), аўтар асноватворнага для М. трактата «Асновы хрысціянскага вучэння» (1539). Каноны веравызнання М., канчаткова кадыфікаванага на Дарцкай канферэнцыі 1632, уключаюць (акрамя агульнапратэстанцкіх прынцыпаў выратавання і ўсеагульнага свяшчэнства): пакаянне ў грахах, свядомае хрышчэнне дарослых, прычашчэнне, царк. адлучэнне, адмову ад вайск. і дзярж. службы і інш., што прыводзіць іх да самаізаляцыі ад грамадства і дзяржавы; іх паводзіны характарызуюцца маралістычным рыгарызмам. Узмацненне ў Нідэрландах рэпрэсій супраць ератыкоў у 1540—50-я г. прымусіла многіх М. да эміграцыі. З 1683 цэнтрам дзейнасці М. стаў г. Джэрмантаўн (ЗША). Многія з іх эмігрыравалі ў Рэч Паспалітую, адкуль у 1789 пачалі перасяляцца ў Расію. У 1898 у ЗША створана Ген. канферэнцыя М., якіх цяпер у свеце каля 500 тыс. чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕСК,
у старажытнабеларускай міфалогіі злы волат-чараўнік. Паводле падання, ён выйшаў з лесу да безыменнай ракі і застаўся тут жыць. М. запрудзіў раку вялізнымі валунамі, пабудаваў з іх вадзяны млын і прымусіў навакольных жыхароў малоць збожжа толькі на гэтым млыне. Тых, хто адмовіўся, М. забіў, а ўсім астатнім пачаў малоць збожжа разам з камянямі і людскімі душамі. Тых, хто не мог заплаціць грошы за памол, ён пакідаў у сябе работнікамі. Калі работнікі гублялі сілы ад цяжкай працы, М. позіркам ператвараў іх у камяні. Разам з сябрамі і дружынай М. бязлітасна рабаваў наваколле. Людзі паклікалі на дапамогу добрага чараўніка. Той позіркам ператварыў М. ў малога хлопчыка, які знік назаўсёды, разбурыў млын і запруду. На месцы, дзе жыў М., узнікла паселішча (пазней горад) і ад імя гэтага волата атрымала назву Менеск, якая ў далейшым трансфармавалася ў Менск (сучасны Мінск).
Літ.:
Міншчына: Назвы насел. пунктаў паводле легендаў і паданняў. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЧУ́РЫН (Іван Уладзіміравіч) (27.10.1855, с. Мічураўка Пронскага р-на Разанскай вобл., Расія — 7.6.1935),
расійскі селекцыянер-практык і раслінавод. Ганаровы акад.АНСССР (1935), правадз.чл. УАСГНІЛ (1935). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1934). Скончыў павятовае вучылішча (1869). З 1875 пачаў працу па зборы калекцый раслін і вывядзенні новых сартоў пладовых і ягадных культур. Аўтар многіх сартоў, у т. л. яблыні Пепін шафранавы, Бельфлёр-кітайка, Славянка і інш., грушы Бэра зімовая Мічурына і інш. Распрацаваў метады селекцыі пладова-ягадных культур, у т. л. метад аддаленай гібрыдызацыі і інш. Атрымаў гібрыды яблыні і грушы, яблыні і рабіны, абрыкоса і слівы, айвы і яблыні, чаромхі і вішні, міндаля і персіка. Імя М. і яго праца былі выкарыстаны Т.Дз.Лысенкам для абгрунтавання і папулярызацыі свайго вучэння.
Тв.:
Соч.Т. 1-4. 2 изд. М., 1948;
Избр. произв. 2 изд. М., 1955.
Літ.:
И.В.Мичурин в воспоминаниях современников. Тамбов, 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЦЭ́СКІ [Palazzeschi; сапр.Джурлані
(Giurlani)] Альда (2.2.1885, г. Фларэнцыя, Італія — 17.8.1974),
італьянскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў як паэт зб-камі вершаў «Белыя коні» (1905) і «Ліхтар» (1907), у якіх уплыў футурызму. Першая кн. прозы «Адлюстраванні» (1908). Аўтар рамана-прытчы «Кодэкс Перла» (1911) пра крызіс чалавечых каштоўнасцей напярэдадні вайны, рамана «Піраміда» (1913—14, апубл. 1926), прасякнутага песімістычнымі поглядамі на свет, у якім парушыліся ўсе былыя ідэалы, кн. ўспамінаў дзяцінства «Эстампы дзевятнаццатага стагоддзя» (1932), рэаліст. рамана «Сёстры Матэрасі» (1934). Зб.апавяд. «Конкурс блазнаў» (1937) — своеасаблівая галерэя персанажаў, кожнаму з якіх давялося перажыць боль у жыцці. Тэма бацькоў і дзяцей у цэнтры раманаў «Браты Куколі» (1948) і «Рым» (1953). Іронія, фантаст. і псіхал. элементы, эксперыменты ў мове і ў распрацоўцы вобразаў уласцівы зб. паэзіі «Сэрца маё» (1968), зб-кам апавяд. «Жарты маладосці» (1956) і «Закончаны блазен» (1966), раманам «Дож» (1967), «Стэфаніна» (1969), «Гісторыя аднаго сяброўства» (1971) і інш.
(14.7.1454, г. Мантэпульчана, Італія — 29.9.1494),
італьянскі паэт; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў гуманіст. л-ры італьян. і еўрап. Адраджэння. Вывучаў у Фларэнцыі стараж. мовы, л-ру і філасофію. З 1480 праф. Фларэнційскага ун-та. Пісаў на італьян., лац. і стараж.-грэч. мовах. Літ. дзейнасць пачаў з перакладу на лац. мову 2—5-й песень «Іліяды» Гамера (1470—74) і эпіграм на грэч. мове (1471). Найб. значныя яго творы — паэма «Стансы на турнір» (1475—78) і вершаваная драма «Паданне пра Арфея» (паст. 1480), у якой расчараванні паэта ў мажлівасцях паэзіі і пэўны скептыцызм у адносінах да чалавека як гарманічнай істоты. Аўтар гіст. «Запісак пра змову Пацы» (1478), лекцый-уводзін для вывучэння ант. паэтаў «Лясы» (1482—86), шматлікіх од, элегій, эпіграм і каментарыяў на лац. мове. У светапоглядзе П. адлюстраваўся пераломны момант італьян. Адраджэння, якое ў яго творах атрымала найб. яскравую літ. форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ВІЧ (Альберт Францавіч) (11.11. 1875, Мінск — 17.3.1951),
бел. паэт-гумарыст, драматург. Скончыў 4-класнае гар. вучылішча ў Мінску (1894). Працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Жыў у Мінску. З 1932 у Маскве, на Урале, з 1945 у Курску. Займаўся жывапісам, вышываў дываны. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 19 ст., у бел. друку выступіў у 1907 (газ. «Наша ніва»), Друкаваўся ў альманаху «Маладая Беларусь», час. «Лучынка» і інш. Выдаў зб. вершаў «Снапок» (1910), драму «Васількі» (1919). У лірычных вершах гучалі патрыят. матывы. Творчасць П. цесна звязана з фальклорам. Найб. вядомымі і папулярнымі былі яго вершаваныя гумарыст. апавяданні, жартоўныя сцэнкі, пераказы бел.нар. анекдотаў («Пан і акуляры», «Ракі», «Шчодрая ахвяра», «Маладая гаспадынька» і інш.). Аўтар арт. «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», 1925), «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча на мінскай сцэне» (1929). На бел. мову перакладаў творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ КРАЙ,
афіцыйная назва ў 19 — пач. 20 ст.тэр. Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай (з 1842), Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Да 1840 гэтыя губерні падзяляліся на 2 групы — зах., ці беларускія (Віцебская, Магілёўская, Мінская), і паўн.-зах., ці літоўскія (Віленская, Гродзенская, Ковенская). 18.7.1840 Мікалай I выдаў указ, каб літоўскія і беларускія губ. «называлі ў далейшым кожную асобна». Аднак у справаводстве гэтыя 6 губерняў часта наз. П.-З.к. (у адрозненне ад Паўд.-Зах. краю — Кіеўскага ген.-губернатарства). У публіцыстыцы тэрмін «П.-З.к.» пачаў шырока ўжывацца пасля паўстання 1863—64. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.-З.к. называўся Паўн.-Зах. вобласцю. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 назва «П.-З.к.» перастала ўжывацца. На яго тэр. ўтвораны БССР, Літ. Рэспубліка, зах. частка краю (Заходняя Беларусь) адышла да Польшчы.
Літ.:
Рубинштейн С.Ф. Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г. Вильна, 1894;
Weeks T. Nation and State in late imperial Russia. Illinoys, 1996.