АЛЕ́ША (Юрый Карлавіч) (3.3.1899, г. Кіраваград, Украіна — 10.5.1960),

рус. пісьменнік. У 1916—18 вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Аўтар рамана «Зайздрасць» (1927), рамана-казкі «Тры таўстуны» (1928; аднайм. фільм, 1967), кнігі апавяданняў «Вішнёвая костачка» (1931), мемуарна-дзённікавых запісаў «Ні дня без радка» (выд. 1961). Пісаў вершы, нарысы, кінасцэнарыі і інш. Інсцэніраваў для тэатра раман Ф.​Дастаеўскага «Ідыёт».

Тв.:

Избр. М., 1983;

Бел. пер. — Зайздрасць. Мн., 1931.

Ю.К.Алеша.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАШЫ́ДЗЕ (Васіль) (Васо) Аляксеевіч (4.12.1854, г. Душэты — 9.10.1926),

грузінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Рэспублікі (1922). З 1879 у Тыфліскай драм. трупе. Адзін з заснавальнікаў рэаліст. груз. акцёрскай школы. Стварыў яркія характарныя і камед. вобразы ў нац. і класічным рэпертуары: Карапет («Скупы» Г.​Эрыставі), Акоп («Ханума» А.​Цагарэлі), Хлестакоў, Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Шмага («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага) і інш. Заснавальнік і рэдактар першага ў Грузіі тэатр. час. «Тэатры» (з 1885).

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХО́Д,

1) манеўр войск з мэтай глыбокага пранікнення ў размяшчэнне праціўніка і нанясення яму ўдараў з флангаў і тылу або акружэння яго. Ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні з войскамі, што дзейнічаюць з фронту, пры наяўнасці адкрытых флангаў або прамежкаў у баявых парадках праціўніка. У ВМФ робіцца для нанясення ўдару па гал. аб’екце праціўніка без агнявога сутыкнення з сіламі яго прыкрыцця.

2) Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком.

т. 1, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДХО́ДНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальнай колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТЫЯКАЎЛЁЗЫ,

гельмінтозныя хваробы свойскіх і дзікіх траваедных жывёл, якія выклікаюцца нематодамі з роду Dictyocaulus. Вельмі пашыраны сярод авечак, коз і буйн. раг. жывёлы.

Развіццё гельмінта без удзелу прамежкавага гаспадара. Хварэе пераважна маладняк ва ўзросце да году. Жывёлы заражаюцца праз ваду і корм (пераважна ўлетку на пашы), інвазаваныя лічынкамі нематод. Першыя выпадкі захворвання адзначаюцца ў чэрв.—ліпені, максімальны пік інвазіі прыпадае на жнівень. Хвароба выяўляецца бранхітамі і запаленнем лёгкіх, анеміяй, знясіленнем.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЙР-ЭЛЬ-БА́ХРЫ,

мясцовасць на зах. беразе Ніла ў Верхнім Егіпце насупраць г. Фівы, дзе паміж скаламі ўзведзены 2 пахавальныя храмы. Храм Ментухатэпа I, цара XI дынастыі (2050 да н.э.), складаўся з камернай грабніцы і піраміды, размяшчаўся ў дакладна спланаваным ансамблі з каланад і тэрас. Храм царыцы Хатшэпсут, XVIII дынастыі (1480 да н.э.) аналагічнай планіроўкі, але без піраміды; знакаміты сваімі рэльефамі, адзін з якіх выяўляе гандл. экспедыцыю ў Пунт.

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРКУЛЕ́С (Dynastes hercules),

насякомае сям. пласцініставусых жукоў. Пашыраны ў тропіках Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.

Даўж. самца да 15,5 см, самкі 8—9 см. Самец бліскучы, чорны, надкрылы аліўкава-зялёныя з чорнымі плямамі; самка — аднакаляровая, матава-чорная. У самца 2 рагі: адзін на лбе, доўгі, тоўсты, вышчарблены; другі — на пярэдняспінцы, больш доўгі (амаль напалавіну даўжэйшы за цела). Самка без рагоў (прыклад палавога дымарфізму). Лічынкі развіваюцца ў гнілой драўніне.

Самец геркулеса.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РГЕЛЬ (Мікалай Сяргеевіч) (н. 1.8.1946, в. Цімошкава Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік. Брат С.С.Гіргеля. Скончыў графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). З 1976 мастак БелТА, з 1991 у газ. «Рэспубліка». Працуе ў жанры карыкатуры, плаката, шаржа. Аўтар зб-каў карыкатур «Сярдзіты аловак» (1978), «Замалёўкі без лакіроўкі» (1989), шаржаў на дзеячаў культуры, навукі, палітыкаў. Малюнкам Гіргеля ўласцівы праблематычнасць (пластычны малюнак), сатыр. вастрыня.

Г.​А.​Фатыхава.

М.Гіргель. Экалогія. 1989.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах,

узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 10​6; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́СЫЛКА,

1) у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. выдаленне асобы па судзе або ў адм. парадку са сталіцы, пэўных губерняў ці гарадоў з правам або без права выбару месца жыхарства па-за дадзенай мясцовасцю.

2) Мера крымінальнага пакарання (асноўнага або дадатковага), якая паводле заканадаўства СССР і Рэспублікі Беларусь заключалася ў выдаленні асуджанага з месца яго жыхарства і забароне пражываць у пэўных мясцовасцях. На Беларусі адменена ў 1994.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)