род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Больш за 150 (па інш. звестках каля 30) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн.Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: майскі (D. majalis), мяса-чырвоны (D. incarnata), плямісты (D. maculata), Фукса (D fuchsii). Трапляюцца ў вільготных лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 60 см. Клубні сціснутыя, пальчатараздзельныя (адсюль назва). Сцёблы прамыя, шчыльныя. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, зялёнае або з цёмнымі буравата-чырв. плямамі. Кветкі няправільныя, жоўтыя, пурпуровыя, ружовыя, фіялетава-чырв. ў коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́ШКІ (Cercopithecus),
род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 23 віды. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жывуць у трапічных лясах, трымаюцца пераважна на дрэвах, групамі.
Даўж. цела да 87 см, хваста да 100 см; маса да 9 кг. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое і мяккае. Афарбоўка ад аліўкавай да зялёнай, можа быць шараватая або амаль чорная. Галава акруглая, тваравы аддзел укарочаны, нос не выдаецца. Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Першы палец задняй канечнасці проціпастаўлены астатнім. Кормяцца лісцем, кветкамі, пладамі, дробнымі жывёламі. Нараджаюць 1, зрэжу 2 дзіцяняці. Утрымліваюцца ў няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДАЎКА́ЗЧЫКАВЫЯ, медаведы (Indicatoridae),
птушкі сям. дзятлападобных. 4 роды, 14 відаў. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары (9 відаў), у Гімалаях і Паўд.-Усх. Азіі Жывуць на дрэвах, у лясах і саваннах. Медаўказчык жаўтаногі (Melignomon eisentrauti) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 20 см. Апярэнне шаравата-бурае або аліўкавае. Крылы вострыя. Дзюба ў адных тоўстая, тупая, у другіх тонкая, вострая. Кормяцца насякомымі, воскам. Паблізу ад пчаліных гнёздаў узнімаюць крык (адсюль назва), што прыцягвае ўвагу медаеда або чалавека. Карыстаюцца рэшткамі воску разбуранага гнязда. Гнездавыя паразіты. Яйцы падкладваюць у гнёзды інш. птушак; птушаняты М. забіваюць птушанят гаспадароў гнязда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛЯ́РЫІ,
лічынкі паразітычных круглых чарвей падкл. філярыін. Больш за 600 відаў. Жывуць у крывяносных і лімфатычных сасудах, галаўным і спінным мозгу, інш. тканках дэфінітыўнага гаспадара. Калі насякомыя — прамежкавыя гаспадары — (камары родаў Aedes, Culex, Mansonia і інш., мошкі роду Simulium) смокчуць кроў, М. пранікаюць у іх кішэчнік, потым у поласць цела, дзе і адбываецца развіццё. Дасягнуўшы інвазійнай стадыі, М. трапляюць у арганізм дэфінітыўнага гаспадара і дасягаюць палавой спеласці. Гельмінтозы людзей, выкліканыя М. вухерэрыя Банкрафта (Wuchereria bancrofti), анхацэрка вольвулюс (Onchocerca volvulus) і бругія малайская (Brugia malayi), найб. небяспечныя; пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы, на астравах Ціхага ак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУТНЯ́К, кохія (Kochia),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, на Пд Еўропы, у Азіі, Афрыцы і на ЗПаўн. Амерыкі ў стэпах, пустынях і паўпустынях, часта на засоленых глебах. На Беларусі 3 віды П.: венікавы (K. scoparia), Сіверса (K. sieversiana), шарсцістакветны (K. laniflora). Трапляюцца на пустках, засмечаных месцах, уздоўж дарог. У культуры вырошчваецца разнавіднасць K. scoparia var. trichophylla, летні кіпарыс, з дробным лісцем.
Аднагадовыя травы ці паўхмызнякі. Сцёблы галінастыя, апушаныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, вузкаланцэтнае. пераважна апушанае. Кветкі дробныя, сабраныя ў суквецце-клубочак. Плод — арэх. Кармавыя, тэхн., дэкар.лек., харч. расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАЖУ́НІ (Calopterygidae),
сямейства стракоз падатр. раўнакрылых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.Афрыцы. Трапляюцца па берагах рэк і ручаёў. На Беларусі 2 віды: П. бліскучая (Calopteryx splendens) і П.-дзяўчына (C. virgo).
Размах крылаў да 35 мм. Афарбоўка залаціста-зялёная або сіняя. Ротавыя органы грызучыя. Драпежнікі; дарослыя ловяць насякомых на ляту, лічынкі кормяцца дробнымі воднымі беспазваночнымі. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Лічынкі маюць 3 шчэлепы на канцы брушка, развіваюцца ў праточных вадаёмах з глеістым дном і зараснікамі водных раслін. Корм для рыб і каляводных птушак.
А.Дз.Пісаненка.
Прыгажуні: 1 — бліскучая; 2 — прыгажуня-дзяўчына (а — самка; б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУПО́К, антэміс (Anthemis),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі найб. вядомы 4 віды П.: палявы (A. arvensis), рускі (A. ruthenica), сабачы, або сабачы рамонак (A. cotula), фарбавальны (A. tinctoria). Трапляюцца на сухадольных лугах, палях, агародах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусцікі. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя, голыя ці апушаныя. Лісце перыстарассечанае, радзей лінейнае. Суквецці — адзіночныя шматкветкавыя кошыкі. Краявыя язычковыя кветкі з белым, жоўтым, залаціста-жоўтым, зрэдку ружовым адгінам. Плод — сямянка. Кветкі П. фарбавальнага прыдатныя для афарбоўкі тканін, маюць інсектыцыдныя ўласцівасці. Дэкар., лек., фарбавальныя, інсектыцыдныя, меданосныя расліны. Некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1974,
«рэвалюцыя гваздзікоў», ваенны пераварот, які заклаў асновы для стварэння сучаснага грамадска-паліт. ладу Партугаліі. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва сац.-эканам. і паліт. наступствамі дыктатуры А.Салазара (прэм’ер-міністр да 1968), якія не пераадолеў і ўрад яго пераемніка М.Каэтану: 20—30% гадавая інфляцыя, беднасць, агр. перанаселенасць, непісьменнасць каля 40% дарослых, выдаткаванне 40—50% дзярж. бюджэту на ўзбр. сілы і калан. войны ў Афрыцы—Анголе (з 1961), Гвінеі-Бісау (з 1963) і Мазамбіку (з 1964), самавольства ўлад, цэнзура і інш. Падрыхтавана Рухам капітанаў (з сак. 1974 Рух узброеных сіл; РУС). 25.4.1974 часці РУС занялі гарады Порту і Лісабон. У цэнтры Лісабона яны акружылі казармы Нац. гвардыі, дзе схаваліся Каэтану і яго міністры. У канцы дня яны здаліся і перадалі ўладу ген. А. ды Спіналу (з 15 мая прэзідэнт Партугаліі), які ўзначаліў Ваен. савет (7 чал.) і Савет нац. выратавання (СНВ). 25—26 крас. супраціўляліся толькі работнікі службы бяспекі. У першыя дні рэвалюцыі амнісціраваны паліт. вязні, ліквідаваны паліцэйскія органы ранейшай улады. У ходзе паліт. барацьбы, у т. л. няўдалых путчаў прыхільнікаў Спіналы, прэзідэнтам краіны 30 вер. стаў ген. Ф. да Кошта Гомеш. З мая 1974 да вер. 1975 змяніліся 6 часовых урадаў; у лют. 1975 абвешчана, што Партугалія зрабіла «сацыяліст. выбар», былі нацыяналізаваны банкі, палавіна прам-сці. На дэмакр. выбарах ва Устаноўчы сход 25.4.1975 перамаглі Партуг.сацыяліст. партыя і Нар.-дэмакр. партыя, у ліп. праведзена агр. рэформа. З ліп. 1974 Партугалія спыніла і сваю калан. палітыку ў Афрыцы.
Літ.:
Цоппи В.А. Португальская революция: пути и пробл. М., 1979;
Суханов В.И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́Л-МАГІ́ЛЬНІК (Aquila heliaca),
птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Паўн.-Зах.Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі выпадкова залётны від. Жыве ў старых лісцевых і мяшаных лясах, якія чаргуюцца з адкрытымі мясцінамі. Занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Вял. арол, даўж. цела 72—84 см, размах крылаў каля 2 м, маса 2,5—3 кг. Самкі большыя за самцоў. Дарослыя птушкі цёмна-бурай афарбоўкі, галава вохрыстая або белаватая, на плячах белыя плямы. Дзюба масіўная, моцная. Гнёзды з тоўстых галін на верхавінах высокіх дрэў. Нясе 2 (радзей 3) белыя яйцы. Корміцца пераважна дробнымі млекакормячымі, птушкамі, мярцвячынай. Карысны для сельскай і лясной гаспадаркі (знішчае шкодных грызуноў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЁЛ (Equus asinus),
млекакормячае роду коней атр. няпарнакапытных. Сустракаецца ва Усх.Афрыцы (Самалі, Эфіопія). Жыве ў пустынях і стэпах. 2 падвіды: асёл самалійскі (Equus asinus somalicus) і асёл нубійскі (Equus asinus africanus).
Выш. ў карку 1,1—1,4 м. Афарбоўка пясчана-шэрая з 2 цёмнымі палосамі, адна з якіх праходзіць уздоўж хрыбта і перасякаецца з другой на лапатках. Грыва невялікая, даходзіць толькі да вушэй. Хвост тонкі з кутасом доўгіх валасоў. Вушы 25—35 см. Трымаецца невял. табунамі. Корм раслінны. Прыручаны 5—6 тыс.г. назад у Егіпце і Эфіопіі. Ад дзікага асла паходзяць многія свойскія пароды, якія выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Пад пагрозай знікнення, у Чырв. кнізе МСАП.