(Амбарцум) Іванавіч (31.5.1892, Ерэван — 27.5.1965),
акцёр і рэжысёр кіно, сцэнарыст. Нар.арт. Арменіі (1935). Адзін з заснавальнікаў кінамастацтва Арменіі, Грузіі, Азербайджана. Лепшыя фільмы — гістарычныя і экранізацыя твораў арм. класікі: «Намус» (1925), «Дом на вулкане» (1928), «Севіль» (1929), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Давід-Бек» (1944), «Насрэдзін у Хаджэнце» (1959, з Э.Карамянам). Яго фільмы вылучаліся тэмпераментам, нац. каларытам. Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў. Яго імя прысвоена кінастудыі «Арменфільм».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШКАРО́Ў (Барыс Якаўлевіч) (29.10.1905, г. Смаленск, Расія — 23.2.1974),
бел.акцёр, рэжысёр, педагог. Засл. дз. культуры Беларусі (1968). Скончыў Дзярж.эксперым. майстэрні пры Маскоўскім камерным т-ры (1929). Працаваў акцёрам у маскоўскіх т-рах, у 1944—47 у Дзярж.рус.драм. т-ры БССР. Выступаў пераважна ў ролях класічнага рэпертуару. З 1947 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў на радыё, тэлебачанні як сцэнарыст і рэжысёр, выступаў з артыкуламі па пытаннях тэатр. мастацтва і драматургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯ́НАЎ ((Огнянов) Сава Петраў) (24.5.1876, г. Канстанца, Румынія — 22.3.1933),
балгарскі акцёр. На сцэне з 1902. З 1904 у Нар. т-ры (Сафія). У 1911—12 вывучаў мастацтва Маскоўскага маст.т-ра. Сярод роляў: Дынка («Вампір» А.Страшымірава), Рад Лупу, цар Іван Асен («Над безданню», «Барыслаў» І.Вазава), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), доктар Ранк («Нора» Г.Ібсена), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу) і інш. Здымаўся ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКО́ЎСКІ (Дака) (7.8.1919, с. Тырнак Врачанскай акругі, Балгарыя — 28.1.1962),
балгарскі кінарэжысёр. Засл. арт. Балгарыі (1963, пасмяротна). У 1938—41 акцёр у т-рах Сафіі і Скопле. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1952). Дэбютаваў фільмам «Пад прыгнётам» (паводле І.Вазава, 1952; Дзімітроўская прэмія 1953). Яго творчасці характэрна распрацоўка гераічных характараў і значных тэм: «Беспакойны шлях» (1955, Дзімітроўская прэмія 1959), «Тайная вячэра седмакоў» (1957; у сав. пракаце «Закон дазваляе»), «Стубленскія ліпы» (1960) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РКАЎ (Васіл) (15.5.1870, г. Карлава, Балгарыя — 28.11.1931),
балгарскі акцёр, прадстаўнік рамантызму. У 1892—1926 у т-ры «Сляза і смех» у Сафіі (з 1904 Нар.т-р). Адзін з першых праф. акцёраў Балгарыі. Выконваў пераважна ролі рамант. герояў: Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Фердынанд («Каварства і любоў» І.Ф.Шылера), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога); а таксама ролі ў нац. спектаклях: Хрыстафораў («Ля падножжа Віташы» П.Яварава), Іванка («Іванка» В.Друмева), Барыслаў («Барыслаў» І.Вазава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РБУК (Генадзь Міхайлавіч) (н. 24.7.1934, в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел.акцёр. Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1962 — у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхал. спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Найб. яркія характары стварыў у нац. рэпертуары: Васіль (спектакль і тэлевізійная паст. «Людзі на балоце» паводле І.Мележа, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М.Чарота і Далецкіх), Клёпкін, Прокусаў («Пагарэльцы», «Верачка» А.Макаёнка), Андрэй Буслай («Парог» А.Дударава). Імкненнем да арыгінальнай інтэрпрэтацыі пазначаны ролі Гарбука ў класічным і сучасным рэпертуары: Акцёр («На дне» М.Горкага), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Добчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), Бярозкін («Залатая карэта» Л.Лявонава), Кэлін («Святая святых» І.Друцэ) і інш. Здымаецца ў тэлевізійных пастаноўках («Трэцяе пакаленне», «Трывожнае шчасце», «Завеі, снежань», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні») і ў кіно («Людзі на балоце», Дзярж. прэмія СССР 1984, «Подых навальніцы», «Белыя Росы», «Чорны замак Альшанскі») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ (Арцямоўскі) Сямён Сцяпанавіч
(16.2.1813, г. Гарадзішча, Украіна — 17.4.1873),
украінскі і рускі спявак (барытон), кампазітар, драм.акцёр, драматург. Вучыўся ў кіеўскіх духоўным вучылішчы (1824—30) і духоўнай семінарыі (1835—38), удасканальваў майстэрства ў Прыдворнай пеўчай капэле (Пецярбург) пад кіраўніцтвам М.Глінкі. У 1842—64 саліст імператарскай оперы ў Пецярбургу (перыядычна выступаў у спектаклях італьян. оперы і драматычных). У 1864—65 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Валодаў моцным прыгожым голасам і драм. талентам. Выканаў больш за 50 оперных партый, у т. л. Руслан («Руслан і Людміла» Глінкі), Мазета («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Антоніо, лорд Генрых Эштан («Лінда ды Шамуні» і «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці). Яго творчасць як кампазітара прасякнута ўкр. нац.-песенным каларытам. Аўтар 1-й укр. оперы «Запарожац за Дунаем» на ўласнае лібрэта (паст. 1863; партыя Карася), тэкстаў і музыкі вадэвіля «Ноч на Івана Купалу» (1852), вак.-харэаграфічнага дывертысмента «Украінскае вяселле» (1851; партыя запарожца-бандурыста), драмы «Караблеразбуральнікі» (1853), рамансаў, песень, у т. л. «Стаіць явар над вадою», прысвечанай яго сябру Т.Шаўчэнку. Як драм.акцёр выступаў у п’есах І.Катлярэўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Антонавіч) (16.1. 1901, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 23.2.1954),
бел. рэжысёр і акцёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1918—20 акцёр Першага т-вабел. драмы і камедыі. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа (у 1931—33 маст. кіраўнік студыі пры т-ры), у 1934—41 рэжысёр т-раў на Украіне. Сярод роляў у т-ры Я.Коласа: Адольф, («Цар Максімілян»), Галадуха («Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра), фон Штубе («Разлом» Б.Лаўранёва), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна). Стварыў яркія спектаклі па п’есах бел. аўтараў: «Качагары» І.Гурскага (1931), «Заложнікі» А.Кучара (1944), «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1950). Пастаноўкі вызначаліся яскравай сцэн. формай, індывідуалізацыяй вобраза ў масавых сцэнах, лаканізмам выразных сродкаў: «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (сурэжысёр, 1933), «Нашэсце» Л.Лявонава (1943), «Тэатр Клары Гасуль» П.Мерымэ (1944), «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага (1950), «Васа Жалязнова» М.Горкага (1953), «Гаіці» У.Дзюбуа (1954). У БДТ-3 паставіў спектакль «Дыктатура» І.Мікітэнкі (1930), у т-ры імя Я.Купалы — «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1951).
Літ.:
Скібнеўскі А. Мікола Міцкевіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Міхаіл Уладзіміравіч) (н. 23.12.1937, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),
бел.акцёр. Нар.арг. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960). З 1960 працуе ў Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Творчую манеру вызначаюць дакладнасць распрацоўкі характару, музыкальнасць, пластычнасць, яркая тэатральнасць і імправізацыйнасць. Лепшыя вобразы стварыў у бел. рэпертуары: Ваня («Дзеці аднаго дома» І.Шамякіна), Марат Казей («Марат Казей» В.Зуба), Яўмень («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Пан («На ўсіх адна бяда» П.Макаля), дзед Астап («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Мікіта Драніца («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава; Нац.акад.т-р імя Я.Купалы) і інш. Стварыў каларытныя вобразы Скіда і блазна Фесты («Два веронцы» і «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Старога («Пушкінскія казкі» паводле А.Пушкіна), Артамон («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога) і інш. Паставіў спектакль «Царэўна-жаба» Н.Гернет (1979, разам з В.Маршаком). Зняўся ў бел. фільмах «Нашы суседзі», «Чырвонае лісце», «Гарачая душа», «Пра Чырвоную Шапачку», «Рэха ў пушчы», «Трэцяга не дадзена», «Зорны хлопчык», «Купальская ноч», «Хлеб пахне порахам», «Людзі на балоце», «Полымя» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАНТЭ́ ((Volonté) Джан Марыя) (н. 9.4.1933, г. Мілан, Італія),
італьянскі акцёр. Скончыў Нац. акадэмію тэатр. мастацтва (1957). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1951. З 1960 у кіно. Здымаецца ў вострасацыяльных («Чалавек, якога трэба знішчыць», «Тэрарыст»), прыгодніцкіх («За некалькі лішніх долараў», «Хто ведае?» — у сав. пракаце «Залатая куля»), палітычных («Кожнаму сваё», «Бандыты ў Мілане», «Следства па справе грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі» — у сав. пракаце «Справа грамадзяніна па-за ўсякімі падазрэннямі», «Сака і Ванцэці», «Джардана Бруна») і інш. фільмах.