нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10−10с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).
Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ+, Σ°, Σ−), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАМЕРЫ́ДЫ (Glomeridae),
сямейства двухпарнаногіх мнаганожак. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў зонах умеранага клімату. Трапляюцца ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах у глебе, лясным подсціле, трухлявых дрэвах, пад імхом. Найб. вядомыя: гламерыс шасціпалосы (Glomeris hexasticha), G. stellifera, G. ornata. На Беларусі 1 від — гламерыс звязаны (Glomeris connexa); трапляецца ў паўд. і зах.ч., занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 25 мм, цела кароткае і шырокае, укрытае 12 шчыткамі з 17—19 парамі ног. Здольны пры небяспецы скручвацца ў шар. Раздзельнаполыя. Яйцы (па 1—2) адкладваюць у трэшчыны кары дрэў або глебы. Развіццё працягваецца больш за 3 гады, за гэты час адбываецца 9 лінек, якія бываюць і ў дарослым стане. Жывуць 6—7 гадоў. Кормяцца апалым лісцем, гнілой драўнінай, аленевым памётам. Карысныя, абагачаюць глебу гумусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на высокім правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе ручая Гомій (Гамяюк). Замак меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сцены-гародні з баявой галерэяй. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі (1535, 1575, 1581, 1633, 1648, 1649). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у жн. 1654 быў узяты рус. войскам. Паводле звестак за 1666, ён яшчэ захоўваў сваю магутнасць. У 1737 кн. М.Чартарыйскі пабудаваў новы моцны дубовы замак з вежамі і сценамі, які існаваў яшчэ ў апошняй чвэрці 18 ст. Пасля далучэння Гомеля да Рас. імперыі вежы і сцены замка разабраны, валы скапаны. У 1785 паводле плана Б.Растрэлі тут пачалося буд-ва існуючага і цяпер мураванага Гомельскага палаца.
эра тэктагенезу, які адбываўся ад сярэдзіны дэвону да сярэдзіны трыясу на ўсіх мацерыках зямнога шара. Выявілася ва ўтварэнні астраўных дуг, у вулканізме, намнажэнні магутных тоўшчаў граўвакавага флішу, утварэнні складкавых гор (герцынід, варыцыд), фарміраванні структур новага тыпу — краявых і перыклінальных прагінаў і запаўненні іх маласавымі фармацыямі (гл.Маласы). Герцынская складкавасць мела некалькі фаз: акадскур, брэтонскую, судэцкую, астурыйскую, заальскую. На большай ч. абласцей герцынская складкавасць ў пермскім перыядзе сфарміраваўся платформавы рэжым. У Паўд. Еўропе, на Алтаі і ў Мангола-Ахоцкай сістэме гораўтварэнне завяршылася ў раннім трыясе. У час герцынскай складкавасці ўзніклі складкавыя структуры Урала, Мугаджараў, Цянь-Шаня, Цэнтр. Казахстана, Зах. і Цэнтр. Еўропы (паўд. Англія, Французскае плато, Вагезы, Шварцвальд, Ардэны, Рэйнскія Сланцавыя горы, Багемскі масіў, Судэты), Паўн. Амерыкі (Апалачы, Канадскі архіпелаг), Паўд. Амерыкі (Анды), Усх. Аўстраліі, Паўн. Афрыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕФЕ́СТ,
у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог агню і кавальскага рамяства. Сын Зеўса і Геры. Яго ўяўлялі шыракаплечым, кульгавым і выродлівым, у адзенні рамесніка, з молатам ці клешчамі. Паводле адных міфаў, Зеўс скінуў Гефеста з Алімпа за тое, што ён заступіўся за Геру у час яе спрэчкі з Зеўсам, паводле другіх — Гера пасля родаў скінула з Алімпа выродлівага Гефеста. Яго выратавалі жыхары в-ва Лемнас, дзе засн.г. Гефестый, на в-ве Самас былі гарады Гефестопаль і Гефестыён. Гефест па загадзе Зеўса стварыў першую жанчыну, багіню Зямлі Пандору, прыкаваў да скалы Праметэя. Міф пра Гефеста — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (рэльефы, вазапіс, карціны П.П.Рубенса, Ф.Парміджаніна, Д.Веласкеса, Я.Пальмы Малодшага, А. ван Дэйка і інш.). У рым. міфалогіі Гефесту адпавядае Вулкан.
Л.М.Драбовіч.
Гефест і Фетыда з даспехамі Ахіла. Фрагмент размалёўкі кіліка. Каля 490 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАВІ́НЫ (Oxycoccus),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 4 віды. Пашыраны ў халодных і ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды: Ж. балотныя (O. palustris) і драбнаплодныя (O. microcarpus). Растуць пераважна на сфагнавых балотах, нярэдка ўтвараюць зараснікі. У шэрагу раёнаў Беларусі створаны спецыялізаваныя заказнікі-журавіннікі. У культуры вырошчваюць Ж. буйнаплодныя (O. macrocarpus), інтрадукаваныя з Паўн. Амерыкі.
Шматгадовазялёныя паўкусты і кусцікі 3 тонкім, доўгім (даўж. больш за 1 м), разгалінаваным сцяблом. якое сцелецца, і дробным чаргаваным суцэльным скурыстым лісцем. Кветкі двухполыя, дробныя, ружовыя, на доўгіх кветаножках, па 1—6 у парасонападобных суквеццях. Плод — цёмна-чырв. ягада. Ягады маюць лімонную, бензойную і інш. к-ты, пекціны, гліказід вакцыніін, вітаміны C і P. Захоўваюцца доўгі час, шырока выкарыстоўваюцца ў харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці. Лек., харч., кармавыя, вітамінаносныя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДРА́ДА ДЗЯРЖА́ВЕ,
асабліва небяспечнае дзярж. злачынства. Паводле КК Рэспублікі Беларусь — дзеянне, наўмысна ўчыненае грамадзянінам рэспублікі на шкоду яе знешняй бяспекі, суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Выяўляецца ў выдачы дзярж. або ваен. тайны замежнай дзяржаве. шпіянажы, пераходзе на бок ворага ў час вайны або ўзбр. канфлікту, аказанні замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзенні дзейнасці супраць сваёй дзяржавы шляхам учынення асабліва небяспечных дзярж. злачынстваў па заданні органаў або прадстаўнікоў замежнай дзяржавы. Крымін. адказнасць за З.дз. настае з 18-гадовага ўзросту, у якасці пакарання можа быць прызначана пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або смяротная кара. Вызваляецца ад крымін. адказнасці асоба, завербаваная замежнай разведкай для правядзення варожай дзейнасці супраць сваёй дзяржавы, калі яна ў выкананне атрыманага злачыннага задання ніякіх дзеянняў не зрабіла і добраахвотна заявіла органам улады пра сваю сувязь з замежнай разведкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛА́НДЫЯ (Zeeland),
гістарычная правінцыя на ПдЗ Нідэрландаў, размешчаная пераважна на а-вах у дэльце р. Шэльда. У сярэдневякоўі Паўн. З. належала Галандыі, Сярэдняя з 12 ст. — сумеснае ўладанне Галандыі і Фландрыі пад сюзерэнітэтам Фландрыі. Паводле Парыжскага дагавора 1323 Фландрыя адмовілася да сваіх правоў на Сярэднюю З., валодала яе кантынент. часткай. У 1428—33 уладанне герцагаў Бургундскіх, з 1477 (1482) — Габсбургаў. У пач. 16 ст. правінцыя з уласным саслоўным прадстаўніцтвам і штатгальтэрам у складзе Нідэрландаў, з 1556 пад уладай Іспаніі. Развіваліся суднабудаўнічая прам-сць, рыбалоўны промысел, марскі гандаль. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. арэна антыісп. барацьбы, у 1572 аддзялілася ад Іспаніі. Пасля Утрэхцкай уніі 1579 у складзе рэспублікі Злучаных правінцый. У 1795—1806 уваходзіла ў Батаўскую рэспубліку, у 1806—10 — у каралеўства Луі Банапарта, у 1810—14 — у Франц. імперыю. З 1814 правінцыя Каралеўства Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ РУХ,
ліберальна-апазіц. грамадская і паліт. дзейнасць земскіх гласных і земскай інтэлігенцыі ў Расіі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Быў накіраваны на расшырэнне правоў земстваў. Выяўляўся ў падачы земскіх адрасоў і хадайніцтваў на імя імператара, правядзенні нелегальных сходаў і з’ездаў, выданні за мяжой брашур і артыкулаў, стварэнні нелегальных паліт. арг-цый. У 1880—82 выдавалася газ. «Земство». Створаны земскія аб’яднанні «Гутарка» (1899), «Саюз вызвалення» (вер. 1903), «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (ліст. 1903). Асн. дзеячы: І.І.Петрункевіч, У.А.Бобрынскі, П.Дз. і П.Дз.Далгарукавы, П.А.Гейдэн, У.Л.Вярнадскі, Ю.А.Навасільцаў і інш. Са стварэннем у пач. Рэвалюцыі 1905—07 паліт. партый кадэтаў і акцябрыстаў З.р. пайшоў на спад. У час 1-й сусв. вайны выявіўся ў стварэнні Земскага саюза (1914) для дапамогі ўраду ў арганізацыі забеспячэння арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНО́БІЯ (Септымія) (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),
правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.