КІ́ШКА (Ян Станіслававіч) (каля 1540—26.7.1592),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Базелі (1563), з 1564 у Цюрыху, Рыме, Неапалі, Балонні. З 1569 крайчы ВКЛ, з 1579 падчашы ВКЛ і староста жмудскі, з 1588 кашталян віленскі, з 1589 ваявода брэсцкі, дзяржаўца быстрыцкі і цівун эйрагольскі. У 1580 у час Лівонскай вайны 1558—83 удзельнічаў у паходзе Стафана Баторыя на Вялікія Лукі. У сваіх маёнтках пашыраў арыянства. Заснаваў арыянскую акадэмію ў Іўі, друкарню ў Венграве (1570), Лоскую друкарню. На арыянскіх сінодах у Лоску (1578, 1581), Любчы (1582) выступіў супраць леварадыкальнай плыні ў арыянскім руху. На сейме 1589 выступіў у абарону верацярпімасці. Аўтар некалькіх рэліг. трактатаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)