САЛАВЕ́Й (Алесь) (сапр.Радзюк Альфрэд Васілевіч; 1.5.1922, в. Крысава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.1.1978),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы (1938—40). Працаваў у газ. «Чырвоная Лагойшчына». У Вял.Айч. вайну вярстальшчык «Менскай газэты», сакратар час. «Новы шлях» (Рыга). З 1944 за мяжой; у 1945—49 у г. Зальцбург (Аўстрыя), з 1949 у Аўстраліі, дзе працаваў на фабрыцы. Друкаваўся з 1937. Аўтар зб-каў паэзіі «Мае песні» (1944), «Сіла гневу» (1948), паэм «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943), «Звіняць званы святой Сафіі» (1946), «Домік у Менску» (1948), «Сын» (1949), у якіх раскрываюцца тэмы радзімы, яе гісторыі і прыроды, жыцця народа, кахання. У некат. творах уплыў М.Багдановіча. Пісаў апавяданні, фельетоны, вершы для дзяцей, вянкі санетаў, трыялеты, санеты, актавы, рандо, александрыны і інш. цвёрдыя строфы. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А Міцкевіча, Р.М.Рыльке, Т.Шаўчэнкі і інш.
Тв.:
Нятускная краса. Ню-Ёрк;
Мельбурн, 1982;
У кн.: Туга па Радзіме. Мн. 1992.
Літ.:
Грамадчанка Т. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...»: Алесь Салавей, 1922—1978 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Булгакаў В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі // Крыніца. 1997. № 6;
Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРУ́Х,
унутрана неабходнае самаадвольнае змяненне сістэмы ў выніку супярэчнасцей, апасродкаваных знешнімі ўмовамі і ўплывамі. Уласцівы аб’ектам усіх узроўняў пабудовы — ад мех., квантава-фіз. (змены ў субатамных, атамных і малекулярных сістэмах у выніку няўстойлівасці іх структур) і хім. (працэсы С. ў каталітычных сістэмах) да біял. і сац. ўзроўняў. На хім., біял. і сац. узроўнях С. выяўляецца ў адкрытых і цэласных сістэмах (арганізм, грамадства, біясфера); для іх характэрны вышэйшы тып С., якому ўласцівы пераход на больш высокую ступень арганізацыі — самаразвіццё. Прынцып С. разглядаўся яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі (Арыстоцель, Геракліт). Ідэю С. развіваў Г.Лейбніц, які выявіў дзейны пачатак у цялеснай субстанцыі. Вучэнне пра С. матэрыі прапанавалі франц. матэрыялісты (К.Гельвецый, П.Гольбах, Д.Дзідро). І.Ньютан і шэраг філосафаў-метафізікаў 18 ст. адмаўлялі магчымасць С. і сцвярджалі, што кожны рух мае знешнюю крыніцу (абсалютны першапачатак, Бог). Разгорнутую канцэпцыю С. і яго модусаў распрацаваў Г.Гегель, які разглядаў С. як формы самавыяўлення абсалютнай ідэі. Гл. таксама Рух, Развіццё, Самаарганізацыя, Сінергетыка.
Літ.:
Свидерский В.И. Противоречивость движения и ее проявления. Л., 1959;
Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;
Солопов Е.Ф. Движение и развитие. Л., 1974;
Самоорганизация: кооперативные процессы в природе и обществе. Ч. 1—2. М., 1990;
Концепция самоорганизации в исторической ретроспективе. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ А́ЎСТРЫІ (СДПА; Sozialdemokratische Partei Österreichs),
адна з гал.паліт. партый краіны (належыць да левага кірунку). Засн. на мяжы 1888—89 як С.-д. рабочая партыя Аўстрыі. З 1896 прадстаўлена ў парламенце (з 1907 мела другую па колькасці фракцыю). З 1904 лідэры партыі Ф.Адлер, О.Баўэр, К.Рэнер і інш. распрацоўвалі канцэпцыю аўстрамарксізму (разнавіднасць рэфармізму). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) выступала за аншлюс, Рэнер узначальваў першы ўрад Аўстр. Рэспублікі. З 1920 у апазіцыі, процістаяла згортванню парламенцкай дэмакратыі ў краіне. Пасля паўстання свайго ваенізаванага Шуцбунда забаронена аўтарытарным урадам Э.Дольфуса (люты 1934). У крас. 1945 адноўлена як Сацыяліст. партыя Аўстрыі, з чэрв. 1991 сучасная назва. У 1945—66 удзельнічала ў фарміраванні ўрадаў вял. кааліцыі. Віцэ-канцлерамі Аўстрыі былі старшыні партыі А.Шэрф (1945—57) і Б.Пітэрман (1957—67). З 1966 партыя ў апазіцыі, пад старшынствам Б.Крайскага (1967—83) яна стала ў 1970 найб. моцнай паліт. сілай краіны. Федэральныя канцлеры Аўстрыі ад партыі — Крайскі (1970—83), Ф.Зінавац (1983—86), Ф.Враніцкі, (1986—97), В.Кліма (са студз. 1997). Найб. ўплыў партыя мае ў Вене, федэральных землях Карынтыя і Бургенланд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГАНІ́Я (ад грэч. syn разам + gonia вугал),
крышталеграфічная сістэма, сукупнасць крышталёў, элементарныя ячэйкі якіх характарызуюцца аднолькавымі сіметрыяй крышталёў і крышталеграфічнай сістэмай восей каардынат. Паводле суадносін паміж даўжынямі рэбраў (a, b, c) і вугламі (α, β, γ), ячэйкі адрозніваюць 7 С. (32 віды сіметрыі): кубічная (a=b=c, α=β=γ=90°), мае 5 відаў (груп, класаў) сіметрыі; тэтраганальная (а=b≠с, α=β=γ=90°), 7 відаў; гексаганальная (a=b≠c, α=β=90°, γ=120°), 7 відаў; трыганальная (a=b=c, α=β=γ≠90°), 5 відаў; рамбічная (a≠b≠c, α=β=γ=90°), 3 віды; манаклінная (a≠b≠c, α=γ=90°, β≠90°), 3 віды; трыклінная (a≠b≠c, α≠β≠γ≠90°), 2 віды сіметрыі. Часам вылучаюць 2 падсінганіі гексаганальнай С. — трыганальную і гексаганальную. С. групуюцца ў 3 катэгорыі: вышэйшая (кубічная), сярэдняя (тэтраганальная, гексаганальная, трыганальная) і ніжэйшая (рамбічная, манаклінная, трыклінная). Крышталі ніжэйшай катэгорыі найменш сіметрычныя, характарызуюцца некалькімі адзінкавымі напрамкамі (не менш за 3). сярэдняй — адным адзінкавым напрамкам, вышэйшай — найб. сіметрычныя, не маюць адзінкавых напрамкаў. З дапамогай С. вызначаюць мінералы і інш.крышт. рэчывы. Каля 38% мінералаў крышталізуюцца ў трыкліннай і манакліннай, 23% — у рамбічнай, 10% — у трыганальнай, 7,5% — у гексаганальнай, 9,5% — у тэтраганальнай, 12% — у кубічнай сінганіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА АДЗІ́НАКфізічных велічынь,
сукупнасць асноўных і вытворных адзінак некаторай сістэмы фізічных велічынь. За асн. (незалежныя) выбіраюцца адзінкі, якія лёгка ўзнаўляюцца ў выглядзе дакладных эталонаў (напр., метр, секунда). Вытворныя адзінкі вызначаюцца праз асн. з дапамогай матэм. суадносін, якія выражаюць фіз. законы ці паказваюць сувязь паміж фізічнымі велічынямі.
Звычайна выбіраецца паслядоўнасць суадносін, у якой кожны наступны выраз мае толькі адну новую фіз. велічыню. Гэта дазваляе вызначыць кожную вытворную адзінку праз сукупнасць раней вызначаных адзінак, а ў выніку — праз асн. адзінкі сістэмы. Першая С.э. — метрычная сістэма мер (асн. адзінкі метр і кілаграм), у сярэдзіне 19 ст. К.Ф.Гаўс і В.Э.Вебер стварылі адну з абсалютных сістэм адзінак (міліметр, міліграм, секунда), прынцып пабудовы якой увасоблены пры ўвядзенні СГС сістэмы адзінак. У 1901 італьян. вучоны Дж.Джорджы прапанаваў С.а. МКС (метр, кілаграм, секунда), якая разам з С.а. МКСА (1 м, 1 кг, 1 с, ампер) і МКСК (1 м, 1 кг, 1 с, кельвін) стала асновай для стварэння Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Гл. таксама Натуральная сістэма адзінак.
Літ.:
Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;
Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЯПЕ́ННЕ,
нясучая прасторавая канструкцыя для перакрыцця ці пакрыцця збудаванняў, якая мае крывалінейную паверхню. Можа быць з цэглы, прыроднага каменю, жалезабетону, дрэва. Пад нагрузкай працуе пераважна на сцісканне, перадае на апоры верт. і гарыз. намаганні. Бываюць рознай формы. Разнавіднасць С. — купал. У манум. архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. Цыліндрычныя С. з малымі пралётамі ўжыты ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Гродзенскай Барысаглебскай царкве і інш. У гатычных збудаваннях асобныя прасторавыя ячэйкі (травеі) паміж слупамі і сценамі перакрываліся крыжовымі і нервюрнымі С. (зорчатымі, сотавымі). З 2-й пал. 16 ст. пашырыліся цыліндрычныя С. з распалубкамі, якія перакрывалі вял. пралёты, часам былі аздоблены ляпнымі кесонамі ці размалёўкай (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Культавыя збудаванні ў стылі барока мелі звычайна цыліндрычныя С. з распалубкамі на падпружных арках у сярэднім нефе і крыжовыя С. ў бакавых. Над сяродкрыжжам рабілі купалы. У палацавым буд-ве ў перыяд барока і класіцызму шырока выкарыстоўваліся люстраныя С. У сучасным буд-ве адным з новых тыпаў пакрыцця з’яўляюцца жалезабетонныя танкасценныя С.-абалонкі рознай геам. формы (цырк у Гомелі, Камароўскі крыты рынак у Мінску і інш.).
Т.В.Габрусь.
Скляпенні: а — цыліндрычнае; б — самкнутае; в — люстраное; г — рабрыстае жалезабетоннае; д — скляпенні-абалонкі; е — бочкападобнае; ж — крыжовае; з — ветразевае.Цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі ў касцёле езуітаў у г. Нясвіж Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (зах.-слав. група); мова славакаў, дзярж. мова Славакіі (да 1992 разам з чэшскай мовайб. Чэхаславакіі). Пашырана ў ЗША, Венгрыі, Югаславіі, Канадзе, Румыніі, Чэхіі, Польшчы і інш.Мае 3 групы дыялектаў: зах.-славацкі, цэнтр.-славацкі і ўсх.-славацкі. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць кароткіх і доўгіх галосных, доўгія (за некалькімі выключэннямі) не бываюць у складах побач, кароткія галосныя чаргуюцца з доўгімі або дыфтонгамі, складаўтваральныя r, l бываюць кароткія і доўгія, v у закрытым складзе вымаўляецца як (ў), n, l, t, d перад e, і заўсёды мяккія, націск экспіраторны, на I-м складзе; у марфалогіі — страта вынікаў палаталізацыі заднеязычных у іменным скланенні (апрача назоўнага склону мн.л.), іменных форм прыметнікаў, аорыста, імперфекта; у лексіцы шмат запазычанняў з чэш., ням. і венг. моў.
Першы ўласна славацкі помнік «Острыгамскі рытуал» (1625) напісаны на цэнтр.-славацкім дыялекце. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Малько Р.Н. Географическая терминология чешского и словацкого языков (на общеславянском фоне). Мн., 1974;
Лучыц-Федарэц І.І. Аб напісанні чэшскіх і славацкіх уласных імён па-беларуску // Бел. лінгвістыка. Мн., 1985. Вып. 27;
Яго ж. Славацкае і беларускае дыялектнае словаўтварэнне // Словообразование и номинативная деривация в славянских языках. Гродно, 1986. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВІ́СТАЎ МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т (МКС),
выканаўчы орган міжнар. аб’яднання славістаў. Мае на мэце наладжванне міжнар. супрацоўніцтва славістаў для спрыяння развіццю навук пра слав. мовы і л-ры, вывучэнню гісторыі і культуры слав. народаў.
Засн. ў 1955 у г. Бялград на Міжнар. нарадзе славістаў. У складзе к-та 37 краін (2001): усе слав. краіны і некат. неслав., дзе вядзецца навук. праца ў галіне славяназнаўства (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Германія, Італія, ЗША, Францыя і інш.). Ад Беларусі ў к-т уваходзілі К.Крапіва, М.Р.Суднік, уваходзіць Г.А.Цыхун (гл. Славістаў беларускі камітэт). С.м.к. узначальвае старшыня, які выбіраецца на 5 гадоў ад краіны, дзе адбудзецца чарговы з’езд. Пры к-це дзейнічае 28 камісій (агульнаслав. лінгвістычнага атласа, выдавецка-тэксталагічная, лінгвістычнай бібліяграфіі, сацыялінгвістыкі, транскрыпцыйная, словаўтварэння, слав. фразеалогіі, слав.літ. моў, археалагічная, лексікалогіі і лексікаграфіі, слав. паэтыкі і стылістыкі, слоўніка стараслав. мовы і гісторыі славістыкі, слав. анамастыкі, грамат. будовы слав. моў і інш.), якія каардынуюць працу славістаў па сваім профілі ў міжнар. маштабе. Праз кожныя 5 гадоў С.м.к. склікае ў слав. краінах Міжнар. з’езды славістаў (адбылося 12 з’ездаў; апошні ў Польшчы, 1998). Паміж з’ездамі праходзяць пленарныя пасяджэнні, на якіх разглядаюцца навук. праблематыка чарговага з’езда, яго праграма, структура і колькасны склад, абмяркоўваецца дзейнасць навук. камісій, выданне прац з’езда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ФРАНЦУ́ЗСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Пакт 1932 аб ненападзе паміж СССР і Францыяй, падпісаны 29 ліст. ў Парыжы. Краіны пацвердзілі прынцып адмаўлення ад вайны як сродку вырашэння міжнар. спрэчак, абавязаліся не ваяваць адна супраць адной, не ўмешвацца ва ўнутр. справы адна адной, не перашкаджаць развіццю ўзаемнага гандлю. Тэрмін дзеяння пакта не быў вызначаны. Дагавор 1935 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 2 мая ў Парыжы на 5 гадоў. Урады абедзвюх дзяржаў абавязваліся пры пагрозе нападу на адзін з бакоў якой-н. еўрап. дзяржавы пачаць адразу кансультацыі, у выпадку нападу на СССР або Францыю адразу аказаць дапамогу і падтрымку. Пасля зрыву Маскоўскіх перагавораў 1939 дагавор фактычна страціў значэнне. Франка-савецкае камюніке 1942 аб адносінах урада СССР да руху «Змагарная Францыя» і «Французскага нацыянальнага камітэта», падпісана 28 верасня. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць памагчы руху Супраціўлення, прызнаў Французскі нац. камітэт кіраўнічым органам «Змагарнай Францыі» і адзіным органам, які мае права арганізоўваць удзел у вайне франц. грамадзян і тэрыторыі і прадстаўляць іх інтарэсы пры ўрадзе СССР. Дагавор 1944 аб саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны ў Маскве 10 снежня. СССР і Францыя абавязваліся: працягваць сумесную барацьбу да перамогі над фаш. Германіяй, не ўступаць з ёю ў сепаратныя перагаворы і не заключаць без узаемнай згоды перамір’я ці міру з гітлераўскім урадам; пасля вайны разам рабіць усе неабходныя захады для ліквідацыі любой інш. пагрозы з боку Германіі, не ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць дагаворных бакоў. Прыём у 1955 ФРГ у НАТО быў расцэнены сав. бокам як парушэнне Францыяй узятых на сябе абавязацельстваў, таму дагавор быў ануляваны Вярх. Саветам СССР у тым жа годзе. Савецка-французская дэкларацыя 1966, падпісана 30 чэрв. ў Маскве. Бакі выказалі жаданне развіваць узаемныя абмены і супрацоўніцтва, вырашылі прадаўжаць паміж сабой кансультацыі па еўрап. і інш.міжнар. праблемах. Дэкларацыя падкрэслівала значэнне падпісаных міжурадавых пагадненняў аб супрацоўніцтве ў галіне вывучэння і асваення касм. прасторы ў мірных мэтах і аб навук.-тэхн. і эканам. супрацоўніцтве. Савецка-французскі пратакол 1970, падпісаны 13 кастр. ў Маскве. Пацвердзіў палажэнні дэкларацыі 1966. Бакі дамовіліся ў выпадку, калі ўзнікнуць сітуацыі, якія пагражаюць парушыць мір або выклікаць міжнар. напружанасць, адразу ўступіць у кантакт адзін з адным, каб узгадніць пазіцыі, расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах. Савецка-французская дэкларацыя 1971, падпісана ў Парыжы 30 кастрычніка. Пацвердзіла пратакол 1970 і адзначыла, што супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй не накіравана супраць інтарэсаў якога-н. народа, а мае на мэце садзейнічаць аднаўленню міру ў раёнах канфліктаў, эканам. развіццю і паляпшэнню ўмоў жыцця народаў, рэгуляваць спрэчныя пытанні мірнымі сродкамі. Абмен пісьмамі аб папярэджанні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі. Адбыўся 16.7.1976 у Маскве. Краіны абавязаліся ажыццяўляць і ўдасканальваць арганізац. і тэхн. меры па прадухіленні выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядзернай зброі, якая знаходзіцца пад іх кантролем. Праграма далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж СССР і Францыяй на карысць разрадкі і міру, падпісана ў Маскве 8.4.1979, як выражэнне волі народаў абедзвюх краін да падтрымкі ўстойлівых дружалюбных адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ТАРСКАЯ ПРО́ЗА,
помнікі красамоўства, а таксама літаратурныя творы, напісаныя ў прамоўніцкім стылі. Найб. росквіту дасягнула ў Грэцыі (5—4 ст. да н. э.) і Рыме (1 ст. да н. э.), дзе выпрацавана тэорыя аратарскага мастацтва — рыторыка. Узоры класічнага красамоўства — прамовы Цыцэрона, буйнейшага тэарэтыка і практыка аратарскай прозы. У перыяд сярэднявечча мела пераважна царкоўна-рэліг. характар. Эпоха Адраджэння садзейнічала развіццю свецкай аратарскай прозы. На Беларусі першыя выдатныя прадстаўнікі царк. красамоўства Іларыён і Кірыла Тураўскі. Жанравую сувязь з аратарскай прозай мае«Слова пра паход Ігараў». У 16—17 ст. у перыяд рэліг. палемікі бытавалі «слова», прамова, казанне, пропаведзь. Развіццю аратарскай прозы садзейнічалі і арацыі. Выдатным прамоўцам быў грамадска-паліт. дзеяч і дыпламат Л.Сапега (прамова на Варшаўскім сейме 1588). Сярод прадстаўнікоў бел.царк. красамоўства вылучаліся Л.Карповіч, М.Сматрыцкі і Сімяон Полацкі. У 17—18 ст. на Беларусі з’явіліся гумарыстычна-парадыйныя і сатыр. творы, складзеныя ў прамоўніцкім стылі («Прамова Мялешкі», «Прамова русіна», Жыровіцкія арацыі і інш.). У стылі прамоў напісаны публіцыст. маналогі, «словы» да чытачоў К.Каліноўскага ў газ. «Мужыцкая праўда». У аратарскай прозе 20 ст. пакінуў след сваімі палкімі прамовамі ў польскім сейме Б.Тарашкевіч, які выступаў у абарону нац. і сац. правоў працоўных Зах. Беларусі. Цесна звязаныя з надзённымі праблемамі грамадскага жыцця творы аратарскай прозы — каштоўная крыніца ведаў пра культ. і гіст. мінулае краіны.