ПІ́ХТА (Abies),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.

Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.

А.​Дз.​Антанюк.

Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРА́МНАЕ КІРАВА́ННЕ,

кіраванне рэжымам работы аб’екта па загадзя зададзенай праграме, пры якім аб’ект праходзіць пэўную паслядоўнасць станаў у адпаведнасці з алгарытмам. Напр., рэалізацыя П.к. лятальным апаратам забяспечвае патрэбную траекторыю яго руху.

Сістэма П.к. мае праграмнае прыстасаванне і сістэму сачэння, якая ўзнаўляе праграму і пераўтварае яе ў кіравальныя сігналы. Адрозніваюць сістэмы П.к. з неперарыўным (аналагавым) запісам праграмы (у выглядзе капіраў, кулачкоў, шаблонаў і інш.) і з дыскрэтным запісам (перфакарты, перфастужкі, магнітныя стужкі і інш. запамінальныя прыстасаванні). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы з разамкнёным ланцугом уздзеяння і з адваротнай сувяззю (замкнёныя), якія функцыянуюць з адаптацыяй і аптымізацыяй, сістэмы прамога П.к. (з непасрэднай сувяззю ЭВМ і аб’екта) і высокім узроўнем аптымальнасці кіравання і саманавучання. Пашырана ў кіраванні тэхнал. працэсамі (змяненне фіз. і хім. параметраў, т-ры, ціску, канцэнтрацыі і інш.) і абсталяваннем (рух машын, механізмаў, трансп. сродкаў, металарэзных станкоў), у энергетыцы пры вывадзе на аптымальны рэжым работы розных агрэгатаў. На базе П.к. распрацаваны шматаперацыйныя станкі, робататэхн. комплексы машын і абсталявання з убудаванымі мікрапрацэсарнымі сродкамі і на іх аснове гібкія аўтаматызаваныя вытворчасці.

Літ.:

Ратмиров В.А. Управление станками гибких производственных систем. М., 1987;

Ильин О.П., Козловский К.И., Петренко Ю.Н. Системы программного управления производственными установками и робототехническими комплексами. Мн., 1988.

М.​А.​Ярмаш, М.​Л.​Савік.

т. 12, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКА́ТКА металаў,

спосаб апрацоўкі металаў ціскам паміж вярчальнымі валкамі пракатнага стана з мэтай атрымання вырабаў пэўнага сячэння. П. атрымліваюць розныя віды пракату: пруткі і палосы рознага папярочнага сячэння, трубы, колы, кольцы і інш.

Адрозніваюць П. гарачую, цёплую і халодную. Вядомы 3 асн. віды: падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і папярочна-вінтавая (касая). Пры падоўжнай П. метал дэфармуецца паміж паралельна размешчанымі валкамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. Пры гэтым метал зацягваецца ў міжвалковую прастору сілай трэння і пластычна дэфармуецца (вышыня сячэння вырабу пры праходжанні паміж валкамі змяншаецца, даўжыня павялічваецца). Такім спосабам вырабляюць сартавы і ліставы пракат, раскочваюцца загатоўкі ў гатовыя трубы. Папярочнай і папярочна-вінтавой П. робяць толькі дэталі форм вярчэння. Пры гэтым вырабу, што апрацоўваецца папярочнай П., надаецца вярчальны рух і апрацоўка адбываецца ў папярочным напрамку. Такой П. атрымліваюць шасцерні, кольцы, вырабы з перыяд. профілем. Пры папярочна-вінтавой П. выраб мае яшчэ і паступальны рух уздоўж яго восі. Гэты спосаб выкарыстоўваюць у вытв-сці труб, шароў і інш. цел вярчэння. Бесперапыннасць П. забяспечвае высокую прадукцыйнасць. У індустр. краінах П. апрацоўваюць больш як ​3/4 усёй выплаўленай сталі.

Літ.:

Машины и агрегаты металлургических заводов. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—88;

Поперечно-клиновая прокатка в машиностроении. М., 1982.

В.​І.​Шагун.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),

сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.

У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш. вузлоў ЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш. Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн. ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ДЭФЕ́КТЫ,

дэфекты структуры, якія ўтвараюцца пры апрамяненні цвёрдых цел іанізавальным выпрамяненнем (радыяцыяй). Адрозніваюць абарачальныя Рд. — назіраюцца ў працэсе апрамянення і знікаюць пасля спынення ўздзеяння радыяцыі, і астаткавыя — назапашваюцца ў працэсе апрамянення і захоўваюцца пасля яго. Паводле саставу бываюць уласныя і дамешкавыя (у іх склад уваходзяць атамы легіравальнай дамешкі), паводле памераў — кропкавыя і працяглыя (вобласці назапашвання ўласных і/ці дамешкавых дэфектаў).

Энергія, якая перадаецца пры апрамяненні цвёрдаму целу (мішэні), можа прывесці да разрыву міжатамных сувязей з утварэннем першасных Р.д. — пары міжвузельны атам — вакансія (гл. Вакансія ў фізіцы). Жорсткае эл.-магн. выпрамяненне (ультрафіялетавае выпрамяненне, рэнтгенаўскае выпрамяненне, гама-выпрамяненне) непасрэдна ўзбуджае электронную сістэму цвёрдага цела, а потым уключаюцца механізмы зрушэння атамаў са становішчаў устойлівай раўнавагі. Утварэнне Р.д. пры перадачы энергіі выпрамянення электронам рэчыва мае месца ў асноўным у дыэлектрыках і паўправадніках. Калі энергія зрушанага ў міжвузелле атама мішэні значна перавышае парогавую энергію ўтварэння Р.д., то такі атам можа пры руху ўтвараць пары міжвузельны атам — вакансія. Магчыма таксама ўтварэнне Р.д. у выніку перадачы часткі энергіі ядзерных рэакцый атаму мішэні. Колькасць і структуру Р.д. можна змяніць награваннем мішэні (тэрмічны адпал дэфектаў). Утварэнне Р.д. у спалучэнні з інш. знешнімі ўздзеяннямі (мех. нагрузкі, эл. і магн. палі, асвятленне) дае магчымасць мэтанакіравана мадыфікаваць уласцівасці матэрыялаў.

Літ.:

Гл. пры арт. Радыяцыйная фізіка.

М.​А.​Паклонскі.

т. 13, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНІ́НА,

адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш. Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькі млн. км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга рэнесансу ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1617 з цэглы па фундацыі Л.​Сапегі на месцы драўлянага храма, закладзенага ў 1596 Язлавецкімі. У 1768 прыбудаваны капліцы св. Крыжа, у 1787 — св. Варвары. У 1779 касцёл рэканструяваны ў стылі ранняга класіцызму (арх. Я.​С.​Бекер): звонку прыбудаваны зах. партал і паўн. сакрысція, унутры сцены апрацаваны пілястрамі і карнізамі дарычнага ордэра, адноўлены хоры, бакавыя алтары, амбон і інш. Рамантаваўся ў 1850 і 1894. Храм 1-нефавы, з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе, арыентаваны на З. Па баках нефа знаходзяцца капліцы, прэсбітэрыя — сакрысціі. Сцены нефа звонку ўмацаваны контрфорсамі, паміж імі — аконныя праёмы з арачнымі завяршэннямі. Вежа (3 васьмерыкі на чацверыку) накрыта стромкім шатром, мае 3 уваходы. Маст. афармленне храма вырашана ў стылях позняга барока і ракако. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны арх. пластыкай, скульптурай і жывапісам. У апсідзе 4-калонны гал. алтар з раскрапаваным лучковым франтонам, які ўпрыгожваюць скульптуры анёлаў, ляпны арнамент і герб 2 жонак Сапегі. Абапал калон — драўляныя паліхромныя выявы святых Пятра і Паўла. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка 18 ст. Стукавая і драўляная скульптура работы І.​Прукнера (1789), М. і К. Роўбваў. Захаваліся кандэлябры, абразы 18 ст., габеленавыя і шаўковыя арнаты.

В.​В.​Калнін.

Ружанскі Троіцкі касцёл.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУНЬ»,

бел. самадз. харэаграфічны ансамбль. Створаны ў 1983 пры Доме культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага адкрытага акц. т-ва «Магатэкс», з 1989 народны. Заснавальнік і маст. кіраўнік, пастаноўшчык танцаў — В.​Папоў. Складаецца з танц. (40 удзельнікаў) і інстр. (10 чал.; існуе з 1988) груп. Мае самабытныя нар. інструменты: ліру, гудок, кмен, жалейкі і інш. У рэпертуары сцэн. варыянты танцаў, засн. на самабытных узорах фальклору розных рэгіёнаў Беларусі. Захоўвае лепшыя традыцыі бел. танц. культуры, даследуе і апрацоўвае рэгіянальны і старадаўні харэагр. і муз. фальклор. Пастаноўка танцаў ажыццяўляецца на матэрыяле даследчыкаў фальклору і сабранага ў экспедыцыях Паповым. Сярод танцаў «Варатынская кадрыля», «Падушачка», «Таўкачыкі», карагоды «Званочкі», «Ляляшы» і інш. Творчасці калектыву прысвечаны дакумент. фільм Магілёўскага тэлебачання «Танцуе «Рунь». Ансамбль — лаўрэат і дыпламант больш як 30 рэсп. і міжнар. конкурсаў і фестываляў, у т. л. ў Францыі (г. Пуацье, 1990), Вялікабрытаніі (г. Сідмут, г. Білінгем, 1991), Італіі (г. Гарыцыя, 1992, Гран-пры), Германіі (г. Марбург, 1996), Іспаніі (г. Барселона, 2000), Беларусі: 1-га Рэсп. фестывалю бел. нар. танца (г. Гродна, 1990), Рэсп. фестывалю бел. нар. танца «Пярэзвы» (г. Бабруйск, 1992), 1-га Міжнар. фестывалю харэагр. мастацтва «Сожскі карагод» (г. Гомель, 1997), 1-га фестывалю нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня» (Мінск, 1998). Пры ансамблі працуе харэагр. студыя «Зярнятка» (кіраўнік Т.​Папова).

А.​А.​Скарына.

Харэаграфічны ансамбль «Рунь».

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГЕНЕРА́ЦЫЯ (ад позналац. regeneratio аднаўленне, вяртанне) у біялогіі, аднаўленне арганізмам страчаных або пашкоджаных органаў і тканак (уласна Р.), а таксама аднаўленне цэлага арганізма з яго частак (саматычны эмбрыягенез, вегетатыўнае размнажэнне). Здольнасць да Р. — універсальная ўласцівасць жывога. Бывае ў натуральных умовах і выклікаецца эксперыментальна. Аснова — заканамернасці, характэрныя для нармальнага развіцця. У жывёл і чалавека адрозніваюць рэпаратыўную Р. (утварэнне новых структур узамен страчаных ці тых, што загінулі ў выніку пашкоджання) і фізіял. Р (утварэнне новых структур узамен страчаных у працэсе нармальнай жыццядзейнасці). Найб. пашыраная фізіял. Р., напр., цыклічнае аднаўленне клетак крыві, некат. эпітэліяльных тканак у арганізме млекакормячых жывёл. У шэрагу ніжэйшых беспазваночных магчыма Р. цэлага арганізма з невял. кавалачка цела; у земнаводных — цэлых канечнасцей, хваста, розных ч. вока, унутр. органаў і тканак; у млекакормячых і чалавека магчыма Р. толькі асобных тканак. Да Р. блізкія інш. ўзнаўленчыя працэсы — рубцаванне ран, новаўтварэнні тканак (гіперплазія, гіпертрафія). У раслін адбываецца на месцы страчанай ч. цела (напр., рана на галінцы пакрываецца калусам) ці на інш. месцах (напр., замест адрэзанага верхавінкавага парастка развіваюцца бакавыя парасткі). Як біял. прыстасаванне Р. забяспечвае зарастанне ран, аднаўленне страчаных органаў, вегетатыўнае размнажэнне. Мае значэнне для раслінаводства, пладаводства, садаводства, лесаводства і інш.

Літ.:

Мэттсон П. Регенерация — настоящее и будущее: Пер. с англ. М., 1982;

Карлсон Б.М. Регенерация. М., 1986.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)