горад, сталіца Рэспублікі Сінгапур, буйны эканам. цэнтр Паўд.-Усх. Азіі, каля Сінгапурскага праліва. Засн. ў канцы 13 ст., у 1365 быў разбураны ў выніку ваен. дзеянняў. У 1819 перайшоў да англічан. 3567 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Адзін з найбуйнейшых марскіх партоў свету (штогадовы грузаабарот больш за 400 млн.т). Міжнар. аэрапорт. Чыгункай і шашой звязаны з п-вам Малака. Міжнар. валютна-фін. цэнтр, буйны цэнтр гандлю сыравіннымі таварамі (натуральны каўчук, прадукты какосавай пальмы, драўніна, вострыя прыправы, фрукты, кава, волава). Важны цэнтр нафтаперапрацоўкі. Прам-сць: эл.-тэхн., хім., нафтахім., маш.-буд., суднабуд. і суднарамонт, гумавая, цэм., дрэваапр., харчовая; новыя галіны — радыёэлектронная, вытв-сцьтрансп. абсталявання, тэкстыльная і швейная, оптыка-механічная. Бункероўка суднаў. Ун-ты. Музеі. Бат. сад, марскі акварыум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА РАЎНКІЕ́РА,
экалагічная класіфікацыя раслін, заснаваная на месцазнаходжанні пупышак узнаўлення ў адносінах да паверхні глебы і наяўнасці адпаведных прыстасаванняў для перажывання неспрыяльнай пары года (зімы або засушлівага перыяду). Прапанавана дацкім эколагам і геабатанікам К.Раўнкіерам (1905, 1907). Адпаведна С.Р. адрозніваюць 6 груп жыццёвых форм раслін: эпіфіты — расліны, якія не маюць каранёў у глебе; фанерафіты — надземныя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на парастках, размешчаных вертыкальна; хамефіты — паверхневыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення размешчаны высока над зямлёй; гемікрыптафіты — расліны, што ўтвараюць дзірван, у якіх пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца на ўзроўні глебы ці пад яе паверхняй; крыптафіты — расліны, або іх часткі (клеткі), у якіх зімой пупышкі ўзнаўлення знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); тэрафіты — аднагадовыя расліны, у якіх жыццёвы цыкл заканчваецца за адзін вегетацыйны сезон (неспрыяльную пару года перажываюць у выглядзе насення).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́Я,
горад, сталіца Балгарыі. Знаходзіцца на З краіны, у Сафійскай катлавіне, каля падножжа гор Віташа і Люлін. Адм. ц. Сафійскай вобл.; з гарадамі Банкя, Нові-Іскыр і інш. ўтварае самаст.адм. адзінку — Вял. Сафію. 1192 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. У С. сканцэнтравана каля 1/6 агульнабалгарскай прамысл. вытв-сці. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная, станка- і прыладабудаўнічая, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання); каляровая і чорная металургія, хім., гумавая, цэлюлозна-папяровая, паліграф., харчасмакавая, лёгкая. Ун-т. Кансерваторыя. АН і НДІ; бібліятэкі. Музеі: Нац.маст. галерэя, Нар. археалагічны, этнагр., гісторыі С. і інш. Тэатры. Філармонія.
Засн. ў 1 ст. рымлянамі на месцы б. фракійскага паселішча пад назвай Сердзіка. У 3 ст.гал. горад (наз. Ульпія-Сердзіка) рым. правінцыі Дакія, потым адзін з гандл. цэнтраў Візант. імперыі. У 447 разбурана гунамі. Адноўлена пры Юсцініяне [527—565]. З 809 у складзе Першага (681—1018) і Другога (1187—1396) балг. царстваў пад назвай Срэдзец. У 1018—1194 пад уладай Візантыі. У 1078 у горадзе адбылося антывізант. паўстанне. У 1194 вызвалена ад візант. панавання. З канца 14 ст.наз. С. ад гал. царквы св. Сафіі. У 1382 захоплена туркамі, тут размяшчалася рэзідэнцыя румелійскага бейлербея. У 16—18 ст. С. — буйнейшы (пасля Канстанцінопаля) гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр Балканскага п-ва. У канцы 18 — пач. 19 ст.адзін з цэнтраў балг.нац.-вызв. руху. У 1878 вызвалены ад тур. панавання рус. войскамі. З 1879 сталіца Балгарыі. С. — адзін з цэнтраў Вераснёўскага народнага ўзброенага паўстання 1944.
Ад рым. часу захаваліся рэшткі крапасной сцяны, пабудова нявызначанага прызначэння (перабудавана ў 3—4 ст. у царкву св. Георгія, размалёўкі 12—14 ст.). У 6 ст. ўзведзена царква св. Сафіі, якая дала назву гораду. З канца 14 ст. С. развівалася ва ўсх. стылі (тур. мячэць Баня-пашы, 1576, і інш.). Інтэнсіўнае буд-ва пачалося ў канцы 19 ст. Планіроўка радыяльна-кальцавая (у цэнтры) і прамавугольная. У стылях мадэрн і неавізант. створаны пабудовы гар. цэнтра: храм-помнік Аляксандра Неўскага (1904—12, арх. А.Памяранцаў), Нар.т-р імя І.Вазава (1907, арх. Ф.Фельнер, Г.Гельмер), мінер. лазні (1907—10, арх. П.Момчылаў). Сярод помнікаў канструктывізму і неакласіцызму: атэль і канцэртная зала «Балгарыя» (1937, арх. С.Бялкоўскі, І.Данчаў), Балг.нац. банк (1938, арх. І.Васільёў, Дз.Цолаў). Паводле генпланаў 1945 і 1961 узведзены Дзярж.б-ка імя В.Каларава (1946—53), ансамбль цэнтра з сістэмай плошчаў, неакласіцыстычнымі будынкамі і маўзалеем Г.Дзімітрова (1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў), стадыён імя В.Леўскага (1953), спарт. комплекс «Універсіяда» (1961), Палац культуры «Сафія» (1981, арх. А.Бараў). Створаны свабодныя па планіроўцы жылыя раёны (Зах. парк, комплексы Усход, Іпадром, мікрараён імя Мілева і інш.). Помнікі: Вызваліцелям (1907, скульпт. А.Цокі), Манумент у гонар Сав. Арміі (1954, арх. Д.Мітаў, Л.Нейкаў, скульпт. І.Фунеў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЦКЕ́ВІЧ (Антон Іванавіч) (29.1.1884, г. Шаўляй, Літва — 1946?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літ. крытык. 3 шляхецкага роду герба «Навіна». Брат І.І.Луцкевіча. Скончыў Мінскую гімназію (1902). Вучыўся на фіз.-матэм. ф-це Пецярбургскага, юрыд. ф-це Дэрпцкага (цяпер Тартускі) ун-таў. У 1903 адзін з заснавальнікаў Бел.рэв. грамады (БРГ, гл.Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ) і аўтараў яе праграмы. У 1904 за распаўсюджванне рэв. л-ры арыштаваны ў Мінску, выпушчаны з умовай не пакідаць горад. На II з’ездзе БСГ (1905, Мінск) выбраны членам яе ЦК. Удзельнік рэв. 1905—07. У лют. 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у наладжванні выпуску газет «Наша доля» і «Наша ніва», уваходзіў у склад іх рэдакцый. Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Наша ніва», з 1913 з Бел. выдавецкім т-вам. З 1911 саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б.Даніловіча, з 1914 яе ўладальнік. Пасля акупацыі ў 1915 Вільні і ч. Беларусі герм. войскамі ўзначальваў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў і аўтараў газ.«Гоман». У 1915 з братам, Цёткаю (А.Пашкевіч) і інш. марксістамі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1916 БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Пасля Лют. рэв. 1917 выказаўся за ўключэнне ў склад будучай літ.-бел. дзяржавы ўсіх бел. зямель, за наданне дзярж. статуса ўсім мясц. мовам, школьнае навучанне на роднай мове. На Беларускай канферэнцыі 1918 выбраны старшынёй Віленскай беларускай рады (ВБР). 18.3.1918 кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГадзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У вер. 1918 прызначаны Радай БНР Старшынёй Нар. сакратарыята і нар. сакратаром замежных спраў (з кастр. 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных спраў БНР). У вер. — пач.кастр. 1918 узначальваў бел. надзвычайную дэлегацыю на Украіну, якая сустракалася з гетманам П.П.Скарападскім. 3.12.1918 Рада і ўрад БНР на чале з Л. пераехалі ў Вільню, 27 снеж. — у Гродна. 14.12.1918, 2 і 3.1.1919 Л. накіраваў ноты пратэсту польск. ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў. У канцы сак. 1919 перад пагрозай польск. акупацыі Гродзеншчыны і Віленшчыны Л. і інш. члены ўрада БНР выехалі ў Берлін. Дамагаючыся, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, Л. склаў мемарандум, які быў уручаны старшыні канферэнцыі. Па запрашэнні міністра-прэзідэнта Польшчы І.Падарэўскага выехаў з Парыжа ў Варшаву, дзе ў пач. верасня 1919 быў інтэрніраваны. 1.12.1919 вярнуўся ў Мінск. Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 Л. прызначаны Старшынёй Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР. Не знайшоўшы паразумення з Польшчай, 28.2.1920 падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. У ліп.—жн. 1920 Л. зняволены ў бальшавіцкай турме. 3 пач. 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У ліп. 1921 заснаваў Бел. школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) у 1921 адкрыты Беларускі музей імя І.Луцкевіча. Пасля ўтварэння ў 1925 Беларускай сялянска-работніцкай грамады працаваў у яе рэдакцыйным к-це. У кастр. 1927 арыштаваны польск. ўладамі, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з герм. і сав. разведкамі, у пач. 1928 апраўданы судом. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюза культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюза), які адмаўляў рэв. метады змагання з рэжымам Ю.Пілсудскага і выступаў за парламенцкія метады барацьбы. Крытыкаваў нац. і агр. палітыку СССР, якую сав. кіраўніцтва пачало ў 1929, у арт. «Цень Азефа» (1930) адмоўна характарызаваў І.В.Сталіна і яго акружэнне. У 1930 польск. ўлады забаранілі дзейнасць Бел. выдавецкага т-ва, якім кіраваў Л., у 1931 яго звольнілі з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Асоба Л. стала аб’ектам паліт. спекуляцый і нападаў. У 1933—39 бел. радыкальныя газеты перасталі друкаваць яго творы. Л. выступаў пераважна ў газ. «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд»), час. «Калоссе», «Гадавіку» Бел. навуковага т-ва. Ён адышоў ад паліт. дзейнасці, працаваў у БНТ і Бел. музеі, выступаў з лекцыямі. Пасля вызвалення Зах. Беларусі Чырв. Арміяй 30.9.1939 арыштаваны і прыгавораны да 6 гадоў зняволення. Паводле афіц. версіі, памёр у Сяміпалацінскай вобл. (Казахстан) у 1946. Рэабілітаваны ў 1989.
Друкаваўся з 1906 (газ. «Наша доля»). Стаў вядучым бел. публіцыстам (асн.літ. псеўданімы Іван Мялешка, Антон Навіна і інш.). У працах пач. 20 ст. крытыкаваў агр. і нац. палітыку царызму, выступаў за сац. і нац. вызваленне бел. народа. Склаў курсы лекцый па фанетыцы і этымалогіі. У 1917 выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 з Я.Станкевічам — «Беларускі правапіс». Аўтар брашур «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысвечана гісторыі БРГ і БСГ, перавыдадзена ў 1991). Даследаваў Статут ВКЛ 1529, гісторыю нарадавольскага руху, вывучаў мову скарынаўскіх выданняў. Аўтар зб-каў літ.-крытычных прац «Нашы песняры» (1918), «Адбітае жыццё» (1929). Апублікаваў шэраг прац па гісторыі бел. культуры, мастацтва і л-ры; у т. л. «Пуцяводныя ідэі беларускай літаратуры», «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры» (абедзве 1921), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалогіі і адбіццё яе ў літаратуры» (1926). Прысвяціў артыкулы жыццю і творчасці М.Багдановіча, А.Бурбіса, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Сваяка і інш. На бел. мову пераклаў працу М.В.Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (1919), «Элементарную алгебру» А.Кісялёва, падручнік В.Остэрлёфа і Я.Шустэра «Сусветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (абодва 1921), адзін з перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хельсінкі, 1931) і інш. У Мінску створаны Фонд сац. ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў (1993).
Тв.:
Белорусы. СПб., 1909;
Янка Купала як прарок Адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932;
Дзённік // Полымя. 1991. № 4—5.
Літ.:
Бяляцкі А.У. іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
Біч М. Ідэолаг і практык нацыянальнага Адраджэння // Крыніца. 1999. № 4/5;
Казбярук У. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, або Свае і чужыя пра Антона Луцкевіча // Там жа;
Сідарэвіч А. З жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18,25 студз., 1 лют.;
Яго ж. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990. № 7;
Яго ж. Луцкевічы і Луцэвіч // Крыніца. 1999. № 4/5;
Яго ж. Самавызначэнне беларускай сацыял-дэмакратыі;
Антон Луцкевіч. Мн., 1999;
Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў. Мн., 1994. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМАРФО́З (ад грэч. airō падымаю + morphōsis узор, форма),
анагенез, арагенез, морфафізіялагічны прагрэс, эвалюцыйнае пераўтварэнне марфалагічнай структуры і функцый арганізма, у выніку якога ён падымаецца на прынцыпова новую, больш прагрэсіўную ступень развіцця; адзін з асн. кірункаў біял. прагрэсу. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1920). Арамарфоз садзейнічае высокай жыццяздольнасці арганізма, павышэнню ўзроўню абмену рэчываў, развівае больш актыўныя спосабы барацьбы за існаванне і інш. Магчымасці арамарфозу рэалізуюцца ў працэсе развіцця ідыяадаптацый і інш. больш вузкіх прыстасаванняў, на базе якіх могуць фарміравацца новыя арамармозы. Напр., лёгкія для кісцяпёрых рыб (продкаў наземных пазваночных) былі ідыяадаптацыяй, што давала ім магчымасць існаваць у вадаёмах з паніжанай колькасцю растворанага кіслароду. Для іх патомкаў (наземных пазваночных) арамарфозам стала ўдасканаленне лёгачнага дыхання. Якасны скачок арамарфозу адбыўся пры пераходзе ад рэптыліяпадобных да млекакормячых: чатырохкамернае сэрца, унутрывантробны тып развіцця, узнікненне пёравага, валасянога покрыва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ФЮР СЛА́ВІШЭ ФІЛАЛАГІ́»
(«Archiw für slavische Philologie», «Архіў славянскай філалогіі»),
адзін з першых славістычных часопісаў. Выдаваўся ў 1876—1929 у Берліне на ням. мове. Выйшлі 42 тамы. Заснавальнік і першы рэдактар В.Ягіч. Узняў славістыку да ўзроўню міжнар. навукі. Знаёміў вучоных Зах. Еўропы са слав. культурамі, у т. л. беларускай. Змясціў больш за 20 публікацый па беларусістыцы, у т. л. «Беларускі Codex miscellaneus з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані» (т. 9), «Сляды кувады на Беларусі» Ягіча (т. 9), «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» А.Брукнера (т. 13), «Новыя славянскія зборнікі казак» І.Паліўкі (т. 19). На старонках часопіса рэцэнзаваліся амаль усе значныя выданні па бел. фальклоры канца 19 — пач. 20 ст., многія даследаванні па бел. мове. Публікацыі абуджалі цікавасць да культуры бел. народа, спрыялі развіццю даследаванняў па бел. праблематыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т,
«Фандак». Засн. ў г. Бабруйск у 1926, у 1929 пушчаны лесапільны цэх і электрастанцыя, у 1930 — беладрэўны і фанерны цэхі, у 1931 — цэх стандартных дамоў. Быў адзін з буйнейшых у Еўропе. У Вял.Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950—80-я г. пабудаваны цэхі: па вырабе тары, упаковачнай стружкі, п’езатэрмапластыкаў, драўнінна-валакністых плітаў №1 і №2, паркетнай дошкі. Створаны: ф-ка кухоннай мэблі (1991), ф-ка экспартнай мэблі (1992), з-д сталярных і мэблевых плітаў (1995). У 1971—91 у ВА «Бабруйскдрэў» (з 1976 галаўное прадпрыемства). У 1991—94 нар. аб’яднанне «Бабруйскдрэў», з 1994 адкрытае акц.т-ва «Фандак». Асн. прадукцыя (1995): фанера, шпон, піламатэрыялы, паркет штучны, сталярная і мэблевая пліта, наборы мэблі для кухні, гасцінай, мяккая, дзіцячая, спец. і інш. мэбля.
У.Д.Таранаў.
Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБЮ́С ((Barbusse) Анры) (17.5.1873, Аньер, каля Парыжа — 30.8.1935),
французскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Замежны ганаровы чл.АНСССР (1933). Вучыўся ў Сарбоне, дзе абараніў дысертацыю па філасофіі (1894). Стваральнік міжнар. антымілітарысцкага аб’яднання дзеячаў культуры «Клартэ» (1919). Адзін з арганізатараў антыфаш. руху. Літ. дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1890-х г.Зб. вершаў «Плакальшчыцы» (1895) — даніна моднай на той час дэкадэнцкай паэзіі. У раманах «Агонь» (1916, Ганкураўская прэмія 1917) і «Яснасць» (1919) асудзіў 1-ю сусв. вайну. Аўтар зб-каў публіцыстыкі («Святло з бездані», 1919; «Словы барацьбіта», 1920; «З нажом у зубах», 1921) і навел («Мы», 1914; «Падзеі», 1928, бел.пер. «Розныя факты», 1929), рамана «Звёны» (1925), дакументальных кніг «Кáты» (1926), «Расія» (1930, бел.пер. 1931), біягр. аповесці «Заля» (1932) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РКА (італьян. barca),
1) драўлянае пласкадоннае судна для сплаву грузаў па рэках. На Беларусі баркі выкарыстоўвалі ў бас. Дняпра і Прыпяці ў 17 — пач. 20 ст. Падзяляліся на сплаўныя і самаходныя. Сплаўныя баркі без ветразя, палубы і даху, з закругленымі носам і кармой, крыху нахіленымі бакамі будавалі толькі на адзін рэйс (уніз па цячэнні ракі). Пасля іх разбіралі і прадавалі на буд. матэрыял ці дровы. Па Дняпры да Чорнага мора сплаўлялі вялікія баркі даўж. 42—53 м, шыр. 15—17 м, грузападымальнасцю 320—800 т. Палескія (пінскія) баркі ў бас. Прыпяці былі самаходныя і служылі некалькі навігацый (да 8 гадоў). Яны мелі дах, ветразь і параўнаўча невял. памеры: даўж. 19—40 м, шыр. 2,8—5,6, грузападымальнасць ад 20 да 80 т. 2) Агульная назва ўсіх сплаўных пласкадонных рачных суднаў у 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЫГМАТЫ́ЗМ (ад а... + грэч. stigmē пункт),
1) у оптыцы — адна з геаметрычных аберацый аптычных сістэм, пры якой відарысы прадметаў размываюцца; вынік асіметрыі аптычнай сістэмы або падзення пучка святла пад вял. вуглом да гал. аптычнай восі. Пры астыгматызме пучок прамянёў, што выходзіць са святлівага пункта, пасля праходжання праз аптычную сістэму збіраецца на 2 узаемна перпендыкулярныя адрэзкі прамой, якія размешчаны на некаторай адлегласці адзін ад аднаго. Прамежкавыя відарысы пункта маюць выгляд эліпсаў. У складаных аб’ектывах астыгматызм выпраўляецца падборам лінзаў.
2) Астыгматызм вока — недахоп зроку, абумоўлены нераўнамернасцю крывізны рагавіцы, радзей хрусталіка. Пры астыгматызме прамяні не збіраюцца ў асобную кропку на сеткавай абалонцы вока, а адлюстроўваюцца ў выглядзе кружка, авала ці лініі. Прыроджаны астыгматызм вока амаль не змяняецца на працягу жыцця; бывае спадчынны. Набыты астыгматызм узнікае пасля аперацый на вочным яблыку, запаленняў, траўмаў і інш. Пры астыгматызме карыстаюцца акулярамі з цыліндрычнымі лінзамі.