ГЛО́ГЕР ((Gloger) Зыгмунт) (3.11.1845, в. Камёнка Ломжынскага пав. Аўгустоўскай губ., Польшча — 15.8.1910),
польскі археолаг, этнограф, гісторык, фалькларыст. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Скончыў Кракаўскі ун-т (1870). З 1870 у маёнтку Яжэва пад Тыкоцінам. Зрабіў шмат фалькл.-этнагр. і краязнаўчых экспедыцый па Польшчы, Беларусі, Літве. Асн. працы: «Вясельныя ўрачыстасці» (1869, пад псеўд. Прускі; змясціў бел. матэрыялы з Брэсцкага і Трокскага паветаў), «Кніга рэчаў польскіх» (1896), «Польскі год у жыцці, традыцыі і песні» (1900), «Гістарычная геаграфія зямель даўняй Польшчы» (1900, змешчаны матэрыялы пра ВКЛ, Беларусь), «Драўлянае будаўніцтва і вырабы з дрэва ў даўняй Польшчы» (т. 1—2, 1907—09) і інш. Выдаў зб. фальклору «Старадаўнія думы і песні», «573 кракавякі» (абодва ў 1877), «Гадавыя звычаі» (1882), «Песні люду» (1892) і інш. Пра жыццё, звычаі, абрады і вераванні бел. народа пісаў у арт. «Земляробчыя абрады» (1867), «Звычаі народа з ваколіц Тыкоціна і Бельска» (1868), «Забабоны і ўяўленні наднарвенскага люду пра птушак, паўзуноў і насякомых» (1877) і інш.Бел. матэрыялы і ў працах пра краязнаўчыя падарожжы (кн. «Далінамі рэк: Апісанні падарожжа ўздоўж Нёмана, Віслы, Буга і Бебжы», 1903; артыкулы «З-над Нёмана», 1872, «Падарожжа Нёманам», 1888, «На хвалях Буга», 1890; «У даліне Бебжы», 1892, і інш.). Даследаваў помнікі археалогіі каменнага і бронзавага вякоў на Гродзеншчыне, Брэстчыне. Сабраў у Яжэве багатую бібліятэку, вял. музейную калекцыю археал., этнагр., археаграфічных, нумізматычных і сфрагістычных матэрыялаў. Тут захоўваліся бел. матэрыялы са збораў М.Федароўскага, А.Кіркора, Я. і К.Тышкевічаў, А.Ельскага і інш. У яго «Старапольскай энцыклапедыі» (т. 1—4, 1900—03, 5-е выд. 1985) каля 1000 ілюстрацый, шматлікія бел. матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, драўлянай і мураванай архітэктуры, кнігадрукаванні, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, якія Глогер збіраў і даследаваў усё жыццё.
Тв.:
Notatki archeologiczne Michala Federowskiego z okolic Słonuma. Kurhany pod Wiszowem. Warszawa, 1882.
Літ.:
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;
Federowski M. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1912;
Syska H. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1963;
Zygmunt Gloger — badacz przeszłości ziemi ojczystej. Warszawa, 1978;
Komorowska T. Gloger: Opowieść biograficzna. Warszawa, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЙСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1643—46 у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. па фундацыі падканцлера ВКЛ Казіміра Сапегі. Комплекс уключае касцёл, кляштарны корпус, браму з агароджай. Касцёл — мураваная 3-нефавая 1-вежавая базіліка. На гал. фасадзе тарцы бакавых нефаў закрыты невял. аб’ёмамі з пластычнымі валютамі над імі, тарцы цэнтр. нефа — масіўнай 4-яруснай чацверыковай вежай-званіцай, завершанай купалам (дабудавана ў 1772). Інтэр’ер аздоблены ордэрнай пластыкай, лепкай у тэхніцы стука. Скляпенні захавалі дэкор 17 ст. ў выглядзе ляпных геам. кесонаў. Галоўны 2-ярусны алтар у стылі позняга барока выкананы ў 1764—67, амбон і 4 бакавыя алтары з элементамі стылю ракако — у 1779. З Пн да касцёла прылягае 2-павярховы мураваны будынак кляштара, які ўтварае прамавугольны замкнёны двор, з 3 бакоў абкружаны калідорам. Ансамбль дапоўнены мураванай арачнай агароджай з брамай (пабудавана ў 1778).
З 1852 касцёл стаў прыхадскім. У 1923—29 у памяшканнях б. кляштара бернардзінцаў дзейнічаў кляштар айцоў марыянаў (засн. па ініцыятыве віленскага біскупа і генерала ордэна марыянаў Ю.Матулевіча). У 1924 манахі-беларусы ордэна марыянаў арганізавалі школу (з 1930 гімназія імя Стафана Баторыя; у 1924—33 дырэктар А.Цікота). Гімназія вылучалася дэмакр. традыцыямі. У ёй вучыліся будучыя гісторык В.Ярмалковіч, пісьменнік Я.Германовіч, мастак В.Жаўняровіч, рэліг. дзеяч, заснавальнік б-кі імя Ф.Скарыны ў Лондане Ч.Сіповіч, д-р філасофіі Т.Падзява і інш. Марыяне падтрымлівалі Бел. хрысціянскую дэмакратыю, садзейнічалі адкрыццю бел. друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні, фінансавалі выданне бел. перыёдыкі і л-ры. З-за бел. накіраванасці да кляштара варожа ставіліся польскія свецкія і рэліг. ўлады. У канцы 1939 кляштар і гімназія зачынены сав. ўладамі. Некаторыя айцы марыяне знайшлі прытулак у лонданскім бел. марыянскім доме, заснаваным у 1964 ксяндзом Сіповічам.
Літ.:
Туронак Ю. Да гісторыі Друйскага Марыянскага манастыра // Браслаўскія чытанні. Браслаў, 1991;
Яго ж. Беларускія Марыяны ў Друі // Спадчына. 1991. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЛІТАРАТУ́РЫімя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т л-ры і мастацтва. У 1935 рэарганізаваны ў Ін-т мовы, л-ры і мастацтва, з 1952 Ін-т л-ры і мастацтва, з 1957 сучасная назва. Аддзелы (1998): сучаснай бел. л-ры; гісторыі бел. л-ры 1-й пал. 20 ст.; гісторыі стараж. і новай л-ры; тэорыі л-ры; узаемасувязей л-р; выданняў і тэксталогіі. Аспірантура (з 1931), дактарантура (з 1989). Асн. кірункі навук. даследаванняў: гіст. шляхі і заканамернасці развіцця бел. л-ры, праблемы вяртання ў сучаснасць духоўнай спадчыны бел. народа.
Ін-т выдаў зб. «Беларуская літаратура. Даследаванні і публікацыі» (вып. 1—5, 1958—63), працы «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1964—66), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (абедзве на рус. мове, 1977; Дзярж. прэмія імя Я.Коласа 1980), серыю кніг, прысвечаных адлюстраванню ў л-ры героікі Вял.Айч. вайны, прац па скарыназнаўстве (Дзярж. прэмія імя Я.Коласа 1994), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95), біябібліягр. слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), падрыхтаваў і выдаў падручнікі па бел. л-ры для сярэдняй школы, дапаможнікі для студэнтаў ВНУ, навукова-каменціраваныя зборы твораў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, З.Бядулі, М.Лынькова, І.Мележа, П.Пестрака, К.Чорнага, манаграфічныя даследаванні В.В.Барысенкі, Ю.С. Пшыркова, Н.С.Перкіна, А.М.Адамовіча, В.А.Каваленкі, М.М.Арочкі, А.В.Мальдзіса, І.Я.Навуменкі, П.К.Дзюбайлы і інш.
Каардынуе даследчую работу ў рэспубліцы па літ.-знаўстве. Пры ін-це савет па абароне доктарскіх дысертацый. У ін-це працавалі акадэмікі АН Беларусі І.І.Замоцін, М.Ц.Лынькоў, В.В.Барысенка, чл.-кар. А.М.Адамовіч, акад.АПНСССР В.У.Івашын; працуюць акадэмікі Нац.АН Беларусі І.Я.Навуменка, В.А.Каваленка, чл.-кар. М.І.Мушынскі, У.В.Гніламёдаў (дырэктар з 1997).
Літ.:
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк. Мн., 1989;
Працы Інстытута літаратуры АНБССР: Бібліягр. давед (1931—1980). Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр.Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),
дзеяч бел.нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-вабел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Жылкі, К.Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.Луцкевіча, А.Астрамовіча, П.Крачэўскага, А.Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.Гогаля, М.Горкага, М.Зошчанкі, А.Купрына, М.Лермантава, А.Міцкевіча, Л.Талстога, Г.Сянкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;
Гесь А. Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА МО́ВЫ,
1) культура нацыянальнай мовы; стан, дасягнуты мовай народа ў яе гіст. развіцці; наяўнасць, акрамя нар.гаворак, літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычнай разгалінаванасці, старажытнасць пісьмовых традыцый і кнігадрукавання, багацце маст. л-ры і перакладных твораў, развітая навук. тэрміналогія, адукацыя на нац. мове, лексікаграфічная фіксацыя мовы, яе навук. распрацаванасць і г.д. 2) Валоданне нормамі вуснай і пісьмовай літ. мовы. Мае 2 ступені асваення: правільнасць маўлення (выкананне норм моўных) і моўнае майстэрства (уменне выбіраць з наяўных варыянтаў найб. дакладны ў сэнсавых адносінах, стылістычна дарэчны, выразны, зразумелы). Адступленні ад патрабаванняў К.м. вядуць да парушэння моўных норм і ўзнікнення маўленчых памылак. К.м. асобы — паказчык узроўню яе інтэлектуальнай і духоўнай развітасці і адукаванасці, ступені сацыялізацыі і сфарміраванасці «моўнай асобы».
3) Раздзел мовазнаўства, які займаецца пытаннямі ўнармавання вуснага і пісьмовага маўлення.
Інтэнсіўная нармалізацыя сучаснай бел.літ. мовы пачалася са з’яўленнем газ. «Наша ніва» (1906—15), вакол якой групаваліся Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, М.Гарэцкі і інш. Важнай вяхой стабілізацыі бел. марфалогіі было выданне першай «Беларускай граматыкі для школ» Б.Тарашкевіча (1918). Значная уніфікацыя норм бел. мовы адбылася ў 1930—50-я г. У рабоце па павышэнні К.м. актыўна ўдзельнічаюць пісьменнікі.
У наш час пад уплывам паглыбленага засваення культ.-моўнай спадчыны (публікацыя эпісталярных твораў, грамадскае ўшанаванне дзеячаў культуры мінулага і інш.) у мове маст. л-ры і публіцыстыкі назіраецца значнае ажыўленне старабел. лексікі, нар.-дыялектных моўных элементаў і інш. Бліжэйшай задачай К.м. як галіны мовазнаўства з’яўляецца асэнсаванне гэтай з’явы з пункту погляду моўнай стылістыкі. На Беларусі пытаннямі К.м. займаецца сектар сучаснай бел. мовы і культуры мовы Ін-та мовазнаўства Нац.АН Беларусі, кафедры бел. мовы ун-таў. Яны разглядаюцца таксама ў радыёперадачы «Жывое слова», тэлеперадачы «Роднае слова», часопісах і газетах.
Літ.:
Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;
Скворцов Л.И. Теоретические основы культуры речи. М., 1980;
Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986;
Головин Б.Н. Основы культуры речи. 2 изд. М., 1988;
Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛЮ́К (Валерый Васілевіч) (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1979 рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж.рус.драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Клеменс» К.Саі і «Стары дом» А.Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.Хакса (1995), «Жаніцьба» М.Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «Гамлет» У.Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.Олбі і «Бабскае царства» Ю.Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.Дазорцава і «Царства зямное» Т.Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.Разумоўскай і «Ноч анёла» А.Розанава (1987), «Майстры» А.Дударава паводле М.Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).
Літ.:
Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАШО́НКАВА (Ганна Уладзіміраўна) (н. 21.11.1928, б. маёнтак Альба, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1959). Скончыла БДУ (1953). З 1956 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе сучасную бел. мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію. Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (кн. 1—2, 1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (вып. 1, 1988); «Беларуская граматыка» (ч. 1, 1985); «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (1987) і «Кароткі слоўнік беларускай мовы» (1994, абодва з В.П.Лемцюговай); «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́САЎ (АТБ) у Варшаве. Існавала ў 1936—39 (да афіц. рэгістрацыі ў 1937 дзейнічала пад назвай «Арганізацыйны камітэт беларускага т-ва ў Варшаве»). Т-ва мела на мэце правядзенне культ.-асв. і выдавецкай дзейнасці, арганізацыю б-к, клубаў, аказанне матэрыяльнай дапамогі і маральнай падтрымкі беларусам, якія жылі ў Варшаве. У яго ўваходзілі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, работнікі, студэнты варшаўскіх ВНУ (каля 1 тыс.чал.). Сярод актывістаў А.Бычкоўскі, С.Казура, Б.Руткоўскі, А.Шыдлоўскі, М.Забэйда-Суміцкі, Л.Панько, В.Чарняўская і інш. Пры АТБ працавалі курсы бел. мовы, гурткі маст. самадзейнасці. Дзейнасць спынена ў першыя дні нападу фаш. Германіі на Польшчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЦКІ (Людвіг Пятровіч) (н. 9.5.1929, в. Продвіна Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1960). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, манум. жывапісу. Творы прысвечаны сучаснасці і гісторыі: «Горад будуецца» (1963), «Падполле Мінска» (1968), «Па матывах трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1973), «Жодзіна» (1976), «Прыпяцкія мелодыі» (1981), «Балада аб Лаўскім баі» (1982), «Памяць» (1984), «Мір на планеце» (1986—87), серыя «Замкнёнасць круга» (1993—94) і інш. Для станковых работ характэрны арыгінальныя кампазіцыйныя вырашэнні, абвостраная, амаль гратэскавая выразнасць малюнка, святлоценявыя кантрасты.
Л.Ф.Салавей.
Л.Асецкі. Дзе ёсць ісціна. З серыі «Замкнёнасць круга». 1993.
бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Бел. кансерваторыю (1951, клас. Я.Віцінга). У 1951—82 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Вылучалася драм. тэмпераментам, добрай вак. школай. Сярод партый: у нац. рэпертуары Алеся («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Саўка («Марынка» Р.Пукста), Надзея Дурава (у аднайм. оперы А.Багатырова), Мальвіна («Калючая ружа» Ю.Семянякі), Васілеўна і Маці («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера); у класічным — Ядвіга («Страшны двор» Манюшкі), Ваня («Іван Сусанін» М.Глінкі), Вольга («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Клітэмнестра («Арэстэя» С.Танеева), Зібель («Фауст» Ш.Гуно).