солі невылучаных у свабодным стане кіслародзмяшчальных кіслот марганцу.
Вядомыя М., пераважна шчолачных і шчолачназямельных металаў, адрозніваюць паводле валентнасці марганцу ў іх. М. сямівалентнага марганцу (перманганаты) — солі марганцовай к-ты HMnO4. Фіялетава-чорныя крышталі, тэрмічна няўстойлівыя, павольна раскладаюцца з вылучэннем кіслароду нават пры пакаёвай т-ры. Моцныя акісляльнікі. Практычнае значэнне мае пераважна перманганат калію KMnO4 (гл.Калію злучэнні). М. шасцівалентнага марганцу, ці проста М. — солі марганцаватай ці марганцовай (VI) к-ты H2MnO4. Крышталі зялёнага колеру. Моцнымі акісляльнікамі акісляюцца да перманганатаў. М. пяцівалентнага марганцу (гіпаманганаты) — солі марганцавацістай ці марганцовай(V) к-ты H3MnO4. Сінія ці зялёныя крышталі. М. пяці- і шасцівалентнага марганцу ўстойлівыя толькі ў сухім паветры ці моцнашчолачных растворах. Выкарыстоўваюць М. барыю BaMnO4 (марганцовая зелень) як зялёны пігмент для алейных фарбаў, гіпаманганаты Ba3(MnO4)2 як блакітны пігмент для пластмас, маст. фарбаў і эмалей, Ca3(MnO4)2 5H2O для стэрылізацыі пітной вады.
латышскі кампазітар, дырыжор; адзін з заснавальнікаў лат. класічных оперы і балета. Брат Екабса Медыньша і Язепса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз.ін-т па класах фп., скрыпкі і віяланчэлі (1909). З 1904 скрыпач аркестра Лат.т-ра ў Рызе, з 1913 (з перапынкам) дырыжор Лат. оперы. У 1928—44 гал. дырыжор сімф. аркестра і муз. кіраўнік Лат. радыё. У 1921—44 выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1929 праф.). З 1944 жыў у Германіі, з 1948 — у Стакгольме. Сярод твораў: оперы «Агонь і ноч» паводле Я.Райніса (1921, дылогія), «Багі і людзі» (1922), «Хлопчык з пальчык» (1927), «Свавольніца» (1939), балеты «Перамога кахання» (1935), «Стальныя крылы» (1936; усе паст. ў Рызе); сімф. творы, у т. л. 4 арк. сюіты, паэмы «Іманта» (1924), «Сіняя гара» (1927); канцэрты для віяланчэлі і для фп. з арк.; камерна-інстр. творы, сольныя песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФІ́ЗМ (ад грэч. metamorphoomai ператвараюся),
працэс змены структуры, мінер. і часткова хім. саставу асадкавых і магматычных горных парод пад уздзеяннем т-ры, ціску, хімічна актыўных флюідаў. Цесна звязаны з метасаматызмам. У выніку М. ўзнікаюць метамарфічныя горныя пароды і метамарфагенныя радовішчы. Пры М. адбываецца перакрышталізацыя зыходных мінералаў і ўтварэнне новых, больш устойлівых мінер. асацыяцый. Працэсы М. працякаюць з нязначнымі зменамі хім. саставу зыходных парод (ізахімічны М.) і з істотнымі (алахімічны М.). Падзяляецца на эндагенны (з удзелам унутрызямных т-р, ціску, флюідаў) і касмагенны (узнікае ў астраблемах пад уздзеяннем на пароды ўдарных хваль пры падзенні буйных метэарытаў). Адрозніваюць М.: рэгіянальны, кантактавы, дынаматэрмальны, гідратэрмальны, прагрэсіўны, рэгрэсіўны, дыслакацыйны і інш.Паводле складу мінер. асацыяцый, якія ўтвараліся ў залежнасці ад велічыні т-р і ціску, вылучаюць фацыі М.: зялёнасланцавая, амфібалітавая, гранулітавая і інш. На тэр. Беларусі працэсы М. шырока праяўлены ў дакембрыйскім крышт. фундаменце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІД ((Mead) Джордж Герберт) (27.2.1863, г. Саўт-Хадлі, ЗША — 26.4.1931),
амерыканскі філосаф, сацыёлаг і сац. псіхолаг; прадстаўнік прагматызму і натуралізму. Скончыў Гарвардскі ун-т, вывучаў філасофію і псіхалогію ў Германіі. З 1894 праф. Чыкагскага ун-та. Стварыў тэорыю «сімвалічнага інтэракцыянізму», асн. ідэі якой выкладзены ў кн. «Розум, я і грамадства» (выд. 1934). Распрацаваў канцэпцыю «міжіндывідуальнага ўзаемадзеяння». ПаводлеМ., паводзіны чалавека і станаўленне яго сац. якасцей абумоўлены структурай асобы, яго роляй і ўспрыманнем установак «абагульненага іншага» — усёй супольнасці. Дзейнасць індывіда ўяўляў сабе як сукупнасць сац. роляў, што выяўляюцца пры дапамозе сродкаў-сімвалаў (жэст, мова), міжасобасныя адносіны — як працэс «пераманьвання роляў», капіравання дзеянняў інш.сац. партнёраў, у выніку чаго адбываецца перадача канкрэтнай сацыяльна значнай інфармацыі ад аднаго чалавека да другога, пазнанне індывідам мноства роляў, значэнняў і каштоўнасцей, якімі валодаюць інш. людзі. Ідэі М. атрымалі пашырэнне ў педагогіцы, псіхалогіі, сац. этыцы, сац. фенаменалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКІ́ТА (Віктар Васілевіч) (н. 25.4.1955, г. Гродна),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). У 1981—86 выкладаў у ім. Працуе пераважна ў станковай (творы па матывах паэм Я.Купалы «Курган», «Адвечная песня», 1982; серыі паводлезб. У.Караткевіча «Мая Іліяда», 1983; «Гродна — горад мой старажытны...», 1988 і інш.) і кніжнай (іл. да кніг «Мудрыя дарадцы», 1983; «Жывая вада», 1985, «Палескія легенды», 1986, А.Грачанікава; «Санеты і трагедыі» У.Шэкспіра, 1989; «Скарына на Градчанах» А.Лойкі, 1990; «Чортаў скарб» У.Караткевіча, 1995; да серыі «Французскія народныя казкі», 1997) графіцы, а таксама ў жывапісе («Падзенне Ікара», 1993; «Горад мой старажытны», 1995; «Легенда Свіцязі», «Край мой родны», абодва 1999, і інш.) і камбінаванай тэхніцы («Зніклыя цывілізацыі», 1994; «Графіка мора», «Графіка лесу», «Бацькаў кошык», усе 1999). Работы М. адметныя метафарычнасцю, сімволіка-алегарычнымі матывамі, асацыятыўнасцю.
В.Мікіта. Ілюстрацыя да кнігі А.Лойкі «Скарына на Градчанах». 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),
старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводлеінш. звестак, памёр раней ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫТАНІ́Т,
запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭТРЫ́НЫ,
прыродныя кантактныя інсектыцыды, што знаходзяцца ў кветках рамонкаў роду пірэтрум.
Аптычна актыўныя высокакіпячыя вадкасці. Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў, не раствараюцца ў вадзе. Лёгка акісляюцца ў паветры, асабліва на святле. Паводлехім. прыроды П. — складаныя эфіры (+)-транс-хрызантэмавай і (+)-транс-пірэтрынавай кіслот з цыклічнымі кетаспіртамі: пірэтралонам (назва эфіраў пірэтрын I і II адпаведна), цынералонам (цынерын I і II), жасмалонам (жасмалін I і II). Найб. моцнае ўздзеянне аказвае пірэтрын I; у прыроднай сумесі П. найб. колькасць (каля 70%) пірэтрыну I і II. Выкарыстоўваюць для барацьбы з насякомымі ў закрытых памяшканнях у выглядзе пірэтруму — сухога парашку з кветак (мае 0,3—2,5% П.) ці прэпаратаў на аснове вадкага экстракту (20—60% П.) з дабаўкамі антыаксідантаў і сінергістаў.
Агульная формула пірэтрынаў (R i R′ — арганічныя радыкалы). Для пірэтрыну I і пірэтрыну II R—CH3 і CH3OC(O) адпаведна, R′=CH=CH2; для цынерыну I R=R′=CH3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА БЫЛО́ГА ПІ́НСКАГА СТАРО́СТВА»
(«Писцовая книга бывшего Пинского староства, составленная по повелению короля Сигизмунда Августа в 1561—1566 гг. пинским и кобринским старостою Лаврином Войною»),
інвентар Пінскага староства 1560-х г., выдадзены ў 2 ч.Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1874. Выданне зроблена паводле копіі 1622 з Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў на польск. мове з паралельным перакладам на рус. мову. У пачатку інвентара змешчаны лісты Жыгімонта II Аўгуста аб правядзенні новай валочнай памеры гэтага дзярж. ўладання. Правядзеннем памеры кіраваў гаспадарскі дваранін Л.Война (пазней пінскі староста). У інвентары пералічаны зямельныя надзелы мяшчан Пінска і Нобеля, сялян Пінскай, Зарэчнай і Вядскай валасцей, землі гаспадарскіх фальваркаў. У канцы змешчана апісанне замены некат. зямель правасл. святароў і шляхты на гаспадарскія землі з мэтай ліквідаваць цераспалосіцу. Выданне забяспечана прадмовай С.В.Шаўковіча, дзе зроблены крыніцазнаўчы аналіз інвентара, на яго падставе прыведзены звесткі пра Пінскае староства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІТА́ў геалогіі,
буйная адмоўная тэктанічная структура платформ. Характарызуецца глыбокім заляганнем крышт. фундамента, перакрытага магутнай тоўшчай (да 12—15 км) платформавага чахла. Межы П. часта праводзяцца па мяжы пашырэння асадкавага чахла, па буйных разломах і флексурах. П. ўскладнены больш дробнымі дадатнымі (антэклізы, скляпенні, выступы, антыкліналі, падняцці, купалы і інш.) і адмоўнымі (сінеклізы, упадзіны, прагіны, сінкліналі і інш.) структурамі. П. бываюць устойлівыя і рухомыя. Устойлівыя П. менш дэфармаваныя. Рухомыя П. — найб. тэктанічна актыўныя ч. платформ, якія хутка прагіналіся і назапашвалі магутны асадкавы чахол. Некат. даследчыкі называюць П. маладыя эпігерцынскія платформы ў адрозненне ад стараж. дакембрыйскіх платформ. Паводле новай глабальнай тэктонікі (гл.Тэктанічныя гіпотэзы) вылучаюць літасферныя П. — вялізныя цвёрдыя блокі літасферы, якія пастаянна рухаюцца са скорасцю 1—12 см/год па вязкім слоі астэнасферы ад зон расцяжэння (сярэдзінна-акіянічныя хрыбты) да зон сціскання. Беларусь размешчана на З Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы.