змена энергіі электронаў рэчыва пры паглынанні эл.-магн. выпрамянення (фатонаў). Адкрыў Г.Р.Герц (1887), тэарэтычна абгрунтаваў А.Эйнштэйн (1905).
Адрозніваюць Ф. знешні і ўнутраны. Знешні Ф. — вылучэнне электронаў рэчывам пры паглынанні фатонаў; у кандэнсаваных асяроддзях наз.фотаэлектроннай эмісіяй, у газах — фотаіанізацыяй. Законы Ф.: незалежнасць макс. кінетычнай энергіі вылучаных рэчывам электронаў ад інтэнсіўнасці святла (колькасці фатонаў) і яе лінейная залежнасць ад частаты эл.-магн. ваганняў паглынутага выпрамянення, існаванне гранічнай частаты, ніжэй за якую Ф. немагчымы, — тлумачацца на аснове гіпотэзы аб квантаванні энергіі эл.-магн. выпрамянення. Парогавая (гранічная) энергія для Ф. з металу знаходзіцца ў аптычным дыяпазоне эл.-магн. хваль. У паўправадніках і дыэлектрыках дадаткова мае месца ўнутраны Ф. — узнікненне (квазі)свабодных электронаў і/ці дзірак пры паглынанні фатонаў, што выклікае фотаправоднасць. Парогавая энергія ўнутр. Ф. ў крышталях роўная шырыні забароненай энергет. шчыліны (зоны) паміж запоўненай электронамі валентнай зонай і свабоднай зонай праводнасці. На з’яве Ф. заснавана дзеянне фотаэлементаў, фотаэлектронных памнажальнікаў, фотаэл. генератараў, фотарэзістараў, фотадыёдаў, сонечных элементаў і інш.
Літ.:
Фридрихов С.А., Мовнин С.М. Физические основы электронной техники. М., 1982;
Белл Р.Л. Эмиттеры с отрицательным электронным сродством: Пер. с англ.М., 1978;
Васильев А.Н., Михайлин В.В. Введение в спектроскопию твердого тела. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НЦА-ІО́СІФА ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг на Пн Баранцава м., у Архангельскай вобл. Расіі. Пл. 16,1 тыс.км². Больш за 190 астравоў. Вылучаюць 3 групы: усх. (з а-вамі Вільчака Зямля, Грээм-Бел), аддзеленую Аўстрыйскім пралівам; цэнтр. (з а-вамі Рудольфа, Гукера) паміж Аўстрыйскім пралівам і Брытанскім каналам; зах. (уключае найб. буйныя а-вы Зямля Аляксандры і Зямля Георга) на З ад Брытанскага канала. Большая ч. астравоў складзена з пясчанікаў, алеўрытаў і вапнякоў, перакрытых базальтавай лавай. Больш за 85% паверхні ўкрыта ледавікамі. Месцамі з-пад ледавікоў уздымаюцца нунатакі. Выш. да 620 м (на в-ве Венер-Нойштат). Клімат арктычны. Сярэдняя т-растудз. -23, -24 °C, ліп. ад -1,2 да 1,6 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Больш за 1 тыс. азёр. Мохава-лішайнікавая тундра. Трапляюцца белы мядзведзь, пясец; птушыныя кірмашы. Палярныя станцыі. Геафіз. абсерваторыя (з 1957) імя Э.Т.Крэнкеля (в-аў Хейса). Ф.-І.З. адкрыта аўстра-венг. экспедыцыяй Ю.Паера і К.Вайпрэхта ў 1873. Названа імем імператара Аўстрыі Франца Іосіфа I. Паводле пастановы СНКСССР ад 15.4.1926 аб граніцах Сав. Саюза на Крайняй Поўначы Ф.-І.З. ў складзе СССР (у межах РСФСР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІЯ ДРАЎНІ́НЫ І ЦЭЛЮЛО́ЗЫ,
навука аб саставе, будове і хім. уласцівасцях драўніны і яе кампанентаў; тэарэт. аснова вытв-сцей хім. і хім.-мех. перапрацоўкі драўніны. Разглядае асн. састаўныя ч. драўніны (цэлюлозу, геміцэлюлозу, лігнін; складаюць да 95% сухой масы) і другарадныя (экстракцыйныя рэчывы — таніны, тэрпеноіды, караціноіды, пігменты, вітаміны, ліпіды, бялкі, вугляводы; 5—10%). Хім. метадамі атрымліваюць з драўніннай сыравіны больш за 20 тыс. прадуктаў і вырабаў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях Х.д. і ц. вядуцца ў ін-тах Нац.АН, Бел.тэхнал. ун-це, БСГА. Створаны гарачаўстойлівыя і сарбцыйныя валокны, новыя мед. прэпараты з цэлюлозы (І.М.Ярмоленка, Ф.М.Капуцкі); вывучана трываласць валокнаў і плёнак з цэлюлозы (Д.У.Жаркоўскі). Распрацаваны метад дэлігніфікацыі драўніны і спосабы утылізацыі лігніну (А.І.Скрыган, А.І.Валожын, У.М.Рэзнікаў), мадыфікацыі драўніны сінт. палімерамі і ператварэння яе поліцукровых кампанентаў (В.Я.Віхроў, Я.П.Марозаў). Гл. таксама Лесахімія.
Літ.:
Никитин Н.И. Химия древесины и целлюлозы. М.; Л., 1962;
Химия древесины: Пер. с фин. М., 1982;
Фенгел Д., Вегенер Г. Древесина: Химия Ультраструктура. Реакции: Пер. с англ.М., 1988;
Капуцкий Ф.Н., Юркштович Т.Л. Лекарственные препараты на основе производных целлюлозы. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІЯ КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫХ ЗЛУЧЭ́ННЯЎ,
раздзел хіміі, які вывучае ўласцівасці каардынацыйных злучэнняў і спосабы іх атрымання.
Са стараж. часоў людзі выкарыстоўвалі прыродныя каардынацыйныя злучэнні ў побыце, медыцыне і вытв-сці. У 18—19 ст. гэтыя злучэнні пачалі мэтанакіравана сінтэзаваць; узнікалі тэорыі, якія тлумачылі іх будову. У 1893 А.Вернер прапанаваў каардынацыйную тэорыю, якая грунтуецца на ўяўленнях аб каардынацыі, «галоўнай» і «пабочнай» валентнасці, каардынацыйнай лічбе, унутр. і знешняй сферах, геаметрыі комплекснай малекулы. Уклад у развіццё Хк.з. зрабілі Л.А.Чугаеў, Э.О.Фішэр, Т.Таўбе і інш.Найб. актыўна развіваюцца кірункі Х.к.з. — металакомплексны аналіз, каардынацыйная хімія паверхні, біянеарган. хімія і інш.
На Беларусі даследаванні пачаліся ў 1950-я г. ў БДУ і Ін-це хіміі, вядуцца ў ін-тах хім. профілю Нац.АН, БДУ, Бел.тэхнал. ун-це. Вывучаюцца фотахім. і радыяцыйна-хім. пераўтварэнні каардынацыйных злучэнняў у водных растворах; комплексаўтварэнне галагенідаў металаў у газавай фазе; сінтэз матэрыялаў з каштоўнымі ўласцівасцямі (ферамагнетызм, тэрмахімізм, біял. актыўнасць) і інш.
Літ.:
Кукушкин В.Ю., Кукушкин Ю.Н. Теория и практика синтеза координационных соединений. Л. 1990;
Костромина Н.А.Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990;
Логинова Н.В. Биолеорганическая химия: металлокомплексы в медицине. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАПІ́ЦКІ Юзаф Гжэгаж (14.3.1771, с. Капусціна на Валыні — 30.9.1854),
дыктатар у час паўстання 1830—31, генерал дывізіі (1815). У 1785—93 служыў у польскай і рас. арміях. Удзельнічаў у паўстанні 1794. Пасля яго падаўлення эмігрыраваў, служыў у польскіх легіёнах напалеонаўскай арміі, ваяваў у Іспаніі ў 1808—12, атрымаў званне генерала брыгады. Удзельнік вайны 1812 на баку Францыі, паранены выйшаў у адстаўку. У 1815 Аляксандр I прызначыў Х. камандзірам 1-й пях. дывізіі войска Каралеўства Польскага; з 1818 у адстаўцы. Быў праціўнікам акцый, накіраваных супраць Расіі. У час паўстання 1830—31, калі быў прызначаны яго дыктатарам, даў магчымасць намесніку Канстанціну Паўлавічу з войскам пакінуць каралеўства, стрымліваў ваен. падрыхтоўку, не падтрымаў прапанову Д.Хлапоўскага пра адпраўку войск на Беларусь і Літву. Толькі ў канцы снеж. 1830 — пач. 1831 аддаў загад аб арганізацыі батальёнаў рухомай гвардыі, згадзіўся на павелічэнне арміі да 100 тыс. пяхоты і 20 тыс. кавалерыі. Х. імкнуўся заключыць дагавор з Мікалаем I на ўмовах прызнання польскай канстытуцыі і пашырэння яе дзейнасці на Беларусь. У Грохаўскай бітве 25.2.1831 паранены. Жыў у Кракаве, у грамадска-паліт. падзеях не ўдзельнічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХОЙЛ (Hoyle) Фрэд (24.6.1915, Бінглі, Вялікабрытанія — 20.8.2001),
англійскі астраном, папулярызатар навукі, пісьменнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1957), Каралеўскага астр.т-ва (1940; у 1971—73 прэзідэнт). Замежны чл.Нац.АН ЗША (1969). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1939), дзе і працаваў (з 1967 дырэктар Ін-та тэарэт. астраноміі). З 1975 у Кардыфскім ун-це. Навук. працы па астрафізіцы, касмагоніі Сонечнай сістэмы, пазагалактычнай астраноміі. Прапанаваў мадэль стацыянарнага сусвету з бясконцым утварэннем рэчыва падчас яго расшырэння (1948), увёў тэрмін «Вялікі выбух» для пач. стадыі касмалагічнай эвалюцыі (1950). Пастуляваў асн. працэсы нуклеасінтэзу ў зорках (1957, з М. і Дж.Бэрбіджамі, У.А.Фаўлерам). Выказаў гіпотэзу аб занясенні жыцця на Зямлю мікраарганізмамі з міжзоркавай прасторы (тэорыя пансперміі). Аўтар больш як 40 навук. і навук.-папулярных кніг, навук.-фантастычных раманаў. Каралеўскі медаль (1974). Яго імем названа малая планета.
Тв.:
Astronomical origins of life: Steps towards panspermia. Boston, 1999 (разам з Н.Ч.Вікрамасінгхам);
Рус.пер. — Нейтринные процессы и образование пар в массивных звездах и Сверхновых. М., 1967 (разам з У.Фаўлерам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІСК СВЯТЛА́, светлавы ціск,
ціск, які ўтварае святло на адбівальныя і паглынальныя целы, часцінкі, асобныя малекулы і атамы; асобны выпадак пандэраматорнага дзеяння святла. Гіпотэзу аб існаванні Ц.с. выказаў Х.Кеплер (1619), тэарэтычна яго значэнне прадказаў Дж.К.Максвел (1873), эксперыментальна вызначыў П.М.Лебедзеў (1899).
З пазіцый квантавай тэорыі Ц.с. — вынік перадачы фатонамі імпульсу паглынальным і адбівальным целам. Мае важнае значэнне ў астр. і атамных з’явах. Ц.с. нараўне з ціскам газаў забяспечвае стабільнасць зорак процідзеяннем сілам гравітацыйнага сціскання, істотны для дынамікі калязорнага і міжзорнага газаў. Наяўнасцю Ц.с. тлумачацца некаторыя формы каметных хвастоў (гл.Каметы) і інш. Да эфектаў Ц.с. адносяць «светлавую аддачу» ўзбуджанага атама пры выпрамяненні фатона, да іх блізкая з’ява перадачы гама-квантамі часткі свайго імпульсу электронам, на якіх яны рассейваюцца (гл.Комптана эфект), а таксама ядрам атамаў крышталёў у працэсах выпрамянення і паглынання (гл.Мёсбаўэра эфект). Пасля стварэння лазераў Ц.с. выкарыстоўваецца для рашэння шэрагу важных задач, у т. л. для тэрмаядз. даследаванняў, напр., раздзялення ізатопаў і мікрачасцінак рэчыва па памерах, іх паскарэння да вял. скарасцей, стварэння «аптычных пастак», дзе часцінкі з высокім паказчыкам пераламлення знаходзяцца ў стане ўстойлівай раўнавагі, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ХАНАЎ Віктар Пятровіч (н. 27.9.1955, в. Пук шына Віцебскага р-на),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978). Адрадзіў на Беларусі стараж. тэхніку разьбы на ляўкасе ў спалучэнні з жывапісам: «Дзед Сцяпан» (1976), «Успамін» (1977), «Слова аб Радзіме. Ф.Скарына», «Песня-ўспамін. М.Гусоўскі» (абодва 1980), «Свята ўраджаю», «Вянок жыцця. М.Багдановіч» (абодва 1981), трыпціхі «Сейбіты», «Вяртанне» (абодва 1982). Аўтар манум. работ: фрэска «Горад юнацтва» ў СШ № 67 (1981), вітражы «Прырода» ў Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (1982), у Літ. музеі М.Багдановіча (1991) у Мінску; мазаіка «Лясная песня» ў кінатэатры «Радзіма» (1982), вітраж «Гарады Беларусі» ў будынку аўтавакзала (1984, усе ў сааўт.) у г. Маладзечна Мінскай вобл., размалёўка царквы святых Пятра і Паўла ў г. Семятычы (Польшча, 1987); іканастас Свята-Мікалаеўскай царквы ў Брэсце; кампазіцыя «Мір табе, зямля пад белымі крыламі» (1989). Жывапісныя творы вылучаюцца пуантылістычнай манерай выканання, экспрэсіўнасцю, гарманічнымі тонавымі суадносінамі: «Спадчына» (1978), «Мой родны кут. Я.Колас» (1982), «Ля вытокаў. В.Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Сустрэча ў вёсцы Белае» (1984), «Восень на Браслаўшчыне», «Кастрычнік» (абодва 1997), «Цёплы дзень» (2001), цыкл з 21 карціны «Восень у Баварыі» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧО́БАТЫ»,
бел. старадаўні нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Выконваўся пад музыку або пад прыпеўкі, часам адначасова пад музыку і прыпеўкі. Існавала некалькі тыпаў танца — ад абрадавага да сольнага. Выканаўца сольнага танца напачатку імітуе працэсы пашыву чобатаў, потым прытупвае то адной, то другой нагой, робіць скокі на дзвюх нагах у павароце і, стоячы на месцы, рухаецца па крузе бягом або павольна. Часта танец выконваецца на месцы, тады ён больш эмацыянальны і рухі больш складаныя. Існавалі варыянты, калі выканаўца дэманстраваў спрыт і фантазію, часам разам з дзяўчынай (Лельчыцкі, Жыткавіцкі р-ны Гомельскай вобл.). Танец насіў гумарыстычны характар. Абрадавы тып «Ч.» — частка традыц. вясельнага абраду (пашыраны на Прыпяцкім Палессі). Выконваўся бацькамі маладой пасля таго, як зяць. абдорваў цешчу і цесця (некалі абуткам). Пад воклічы гасцей бацькі пераабуваліся, потым іх на ўслоне падымалі ўверх і абносілі вакол сталоў. Бацькі ў гэты час махалі нагамі, стукалі нагой аб нагу і інш. Пасля завяршэння круга ўслон ставілі на падлогу, а бацькі працягвалі імправізаваць свой танец. Падчас яго выканання госці спявалі прыпеўкі. Кожнай мясцовасці ўласцівы свой варыянт танца. Яго сцэн. варыянт уваходзіць у рэпертуары некат. прафес. і аматарскіх калектываў Беларусі.
амерыканскі логік і матэматык. З 1939 праф. Прынстанскага, з 1967 Каліфарнійскага ун-таў. З 1936 рэдактар час. «The journal of symbolic logic» («Часопіс сімвалічнай логікі»). У 1935 абгрунтаваў палажэнне пра невырашальнасць «масавай праблемы» ў выпадку, калі не існуе (або не можа быць) алгарытму для вырашэння ўсіх адзінкавых праблем, якія ўваходзяць у яе склад. Развіў ідэю аб аддзяленні паняцця функцыі ад паняцця мноства, у 1936 прапанаваў асн. гіпотэзу тэорыі выліч. функцый (т.зв. тэзіс Ч.), паводле якой кожная эфектыўна выліч. функцыя з’яўляецца агульнарэкурсіўнай (вызначанай для ўсіх натуральных значэнняў аргумента). У працы «Уводзіны ў матэматычную логіку» (т. 1, 1956) абгрунтаваў метады матэм. логікі, вызначыў яе першасныя паняцці, сфармуляваў правілы лагічнага аперыравання (злічэння) з выказваннямі простымі (гл.Логіка выказванняў) і раздзеленымі на суб’ект і прэдыкат (гл.Логіка прэдыкатаў). Вызначыў такія катэгорыі, як канстанты і пераменныя функцыі, сімвалы, аператары, квантары, несупярэчлівасць і паўната сістэмы аксіём і інш.; прапанаваў для лагічных мэт ужываць спец. створаную фармалізаваную мову. Яго даследаванні паўплывалі на развіццё матэм., камбінаторнай і мадальнай логікі, тэорыі алгарытмаў, семантыкі лагічнай.
Тв.:
Рус.пер. — Введение в математическую логику. Т. 1. М., 1960.