РА́МЗЕЙ, Рэмзі (Ramsey) Норман Фостэр (н. 27.8.1915, Вашынгтон), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1952), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1950). Скончыў Калумбійскі (1935) і Кембрыджскі (1937) ун-ты. У 1942—47 у Калумбійскім ун-це (з 1943 удзельнічаў у Манхатанскім праекце). У 1947—86 у Гарвардскім ун-це (з 1950 праф.), адначасова ў 1968—81 прэзідэнт Н.-д. асацыяцыі ун-таў. Навук. працы па фізіцы малекулярных і атамных пучкоў, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, тэрмадынаміцы і статыст. механіцы. Адкрыў эл. квадрупольны момант у дэйтрона (1940), вызначыў магн. моманты шэрагу ядзер, пратона і нейтрона, магн. і эл. дыпольны моманты дэйтрона. Распрацаваў метад прасторава разнесеных асцылюючых палёў (1956) і стварыў мазер на атамарным вадародзе (1960). Удзельнічаў у стварэнні высокадакладнага атамнага гадзінніка. Нобелеўская прэмія 1989.

Тв.:

Рус. пер. — Молекулярные пучки. М., 1960;

Эксперименты с разнесенными осциллирующими полями и водородными мазерами // Успехи физ. наук. 1990. Т. 160, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Н.Ф.Рамзей.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́БІЯ (Rubbia) Карла (н. 31.3.1934, г. Гарыцыя, Італія),

італьянскі фізік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1975), Нац. АН ЗША (1987). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1984), Рас. АН (1988). Скончыў Пізанскі ун-т (1958). З 1961 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе (у 1989—93 ген. дырэктар), адначасова ў 1970—88 у Гарвардскім ун-це. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц. Пад яго кіраўніцтвам эксперыментальна пацверджана існаванне нейтральных слабых токаў (1973), знойдзены пераносчыкі слабага ўзаемадзеяння — прамежкавыя вектарныя базоны (1983), адкрыты t-кварк (1984). Прапанаваў канцэпцыю бяспечнай вытв-сці ядз. энергіі з выкарыстаннем сучасных паскаральнікавых тэхналогій (1993). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з С. ван дэр Мерам).

Тв.:

Рус. пер. — Обнаружение нейтральных слабых токов (разам з Д.​Клайнам, А.​Манам) // Успехи физ. наук. 1976. Т. 120, вып. 1;

Экспериментальное наблюдение промежуточных векторных бозонов W​+, W​− и Z° // Там жа. 1985. Т. 147, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

К.Рубія.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, спецыялізаваная на здабычы і перапрацоўцы рыбы. Уключае рыбаводства, рыбалоўства і перапрацоўку рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя кансервы).

На Беларусі фарміраванне Р.п. як самастойнай галіны пачалося ў 1920—30-я г. Разбураныя ў Вял. Айч. вайну прадпрыемствы Р.п. пасля вайны хутка аднаўляліся. У 1971 працавала 9 рыбзаводаў, 2 рыбакамбінаты, выраблена 9,46 тыс. т рыбнай прадукцыі і 3,8 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1993 Р.п. выраблена 20,4 тыс. т таварнай рыбнай харч. прадукцыі, у т. л. 4 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1999 галіна налічвала 27 спецыялізаваных прадпрыемстваў, на якіх працавала каля 2,4 тыс. чал. Выпушчана 18,5 тыс. т харч. рыбнай прадукцыі і 9,1 млн. умоўных бляшанак рыбных кансерваў. Марская рыба і рыбапрадукты завозяцца з-за мяжы.

Р.п. найб. развіта ў Кітаі, Японіі, Індыі, ЗША, Расіі, Інданезіі, Перу, Чылі, Тайландзе, Нарвегіі і інш.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 13, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕРВО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,

1) войскі, якія ў мірны час утрымліваюцца ў скарочаным складзе і прызначаны для хуткага мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл у час вайны (частковага разгортвання пры выкананні баявых і інш. задач у лакальных войнах).

Ва ўзбр. сілах Вялікабрытаніі, ЗША і інш. у склад Р.в. уваходзяць: нац. гвардыя, рэзервы відаў узбр. сіл. войскі берагавой і пагран. аховы, а ў шэрагу армій — і сілы бяспекі, жандармерыя і некат. паўваен. фарміраванні. Камплектуюцца з асабовага складу, які прайшоў тэрміновую ваен. службу або атрымаў адпаведнае ваен. навучанне.

2) Катэгорыя вайск. фарміраванняў у Расіі, Аўстра-Венгрыі (ландвер і гонвед), Францыі і інш. у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (былі ў колькасна меншым складзе ў параўнанні з т.зв. палявымі войскамі). Прызначаліся для папаўнення дзеючай арміі, аховы камунікацый, нясення гарнізоннай службы ў крэпасцях. Шэраг палкоў і батальёнаў Р.в. рас. арміі мелі (да 1917) бел. найменні, напр., Мінскі, Брэсцкі, Віцебскі пях. рэзервовыя палкі.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДА́Т, ас-Садат Мухамед Анвар (25.12.1918, в. Міт-Абу-эль-Ком, Егіпет — 6.10.1981), дзяржаўны дзеяч Егіпта. Скончыў ваен. каледж у Каіры (1938). Сумесна з Г.​А.​Насэрам стварыў тайную арг-цыю «Свабодныя афіцэры». За антыбрыт. дзейнасць у 1942 звольнены з арміі, у 1942—44 і 1946—49 у турме. У 1950 адноўлены на ваен. службе. Удзельнік дзярж. перавароту 1952. У 1953—56 чл. Рэв. савета Егіпта, у 1957—58 нам., у 1960—61 і 1964—68 старшыня Нац. сходу (парламента) Аб’яднанай Араб. Рэспублікі (ААР). У 1964—66 і 1969—70 віцэ-прэзідэнт ААР. З вер. 1970 прэзідэнт ААР (з 1973 Араб. Рэспубліка Егіпет). Пераарыентаваў краіну на супрацоўніцтва з ЗША, пачаў ажыццяўленне ліберальных рэформ у палітыцы і эканоміцы. У ліст. 1977 першы з араб. лідэраў наведаў Ізраіль. У 1978—79 падпісаў пагадненні з Ізраілем (гл. Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). Забіты фанатыкамі-ісламістамі. Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з М.​Бегінам).

т. 14, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНДРО́М НАБЫ́ТАГА ІМУНАДЭФІЦЫ́ТУ,

СНІД, вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем імуннай сістэмы; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб. Як самаст. хвароба выяўлены ў 1981 у ЗША. Найб. пашыраны ў краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Узбуджальнік — вірус (ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека), які разбурае Т-лімфацыты і макрафагі. Узбуджальнік не перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры быт. кантактах, праз посуд. Заражэнне адбываецца пры палавых кантактах, праз кроў і яе прэпараты, органы, тканкі інфіцыраванага донара. Магчыма ўнутрывантробнае заражэнне плода праз плацэнту і ў час родаў.

Групы павышанай рызыкі — наркаманы, гомасексуалы, хворыя на венерычныя захворванні. СНІД уключае разнастайныя другасныя інфекцыі, неўралагічныя парушэнні, злаякасныя новаўтварэнні. Першасныя праявы СНІДу (ліхаманка, павелічэнне лімфавузлоў і інш.) узнікаюць у перыяд ад 3 сут да некалькіх месяцаў, другасныя, абумоўленыя непасрэдна дзеяннем ВІЧ (гнойна-запаленчыя працэсы, пнеўманіі і інш.), цягнуцца ад некалькіх месяцаў да 8—10 гадоў.

Літ.:

Покровский В.В. Эпидемиология и профилактика ВИЧ-инфекции и СПИД. М., 1996;

ВИЧ-инфекция: клиника, диагностика и лечение. М., 2000.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 14, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́ЎТЫЗМ (ад англ. scout разведчык),

сістэма арганізаванага пазашкольнага выхавання моладзі 7—21-гадовага ўзросту, якая ўключае развіццё іх грамадскай дзейнасці і фіз. падрыхтоўку. Першыя скаўцкія арг-цыі ўзніклі ў 1907 у Вялікабрытаніі (засн. Р.​Бадэн-Поўэл), пазней пашырыліся ў Францыі, Германіі. Італіі, ЗША і інш. краінах. Яны падзяляюцца на байскаўцкія (хлопчыкі) і гёрлскаўцкія (дзяўчынкі). У 1920 засн. Сусветная арг-цыя скаўцкага руху (World Organization of the Scont Movement, Жэнева), у пач. 1990-x г. у яе ўваходзіла больш за 16 млн. чл. з больш як 160 краін. У Рас. імперыі скаўцкія атрады ствараліся з 1909. У 1914 засн. т-ва «Рускі скаўт». Пасля 1917 скаўцкія арг-цыі забаронены, з пач. 1990-х г. пачалі аднаўляцца. На Беларусі дзейнічаюць дзіцячая грамадская арг-цыя «Бел. рэсп. скаўцкая асацыяцыя» (з 1991), рэсп. грамадская арг-цыя «Аб’яднанне бел. скаўтаў» (з 1992), грамадскае аб’яднанне «Беларускі скаўцкі рух» (з 1997). У 2001 у іх уваходзіла больш за 360 членаў.

т. 14, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЮ́ДЫ,

група пародаўтваральных мінералаў падкласа слаістых сілікатаў. Хім. састаў зменлівы, агульная формула XY2−3 Z(AL)0−2 Z(Si)2−4 O10(OH, F)2, дзе X — калій, натрый, кальцый; Y — алюміній, магній, жалеза (Fe​2+), марганец, хром, літый, тытан, Z — крэмній, алюміній, жалеза (Fe​3+), тытан (гл. Сілікаты прыродныя). Паводле саставу адрозніваюць С. магнезіяльна-жалезістыя (біятыт, лепідамілан, флагапіт), алюмініевыя (мускавіт, параганіт) і літыевыя (лепідаліт, цынвальдыт). Крышталізуюцца ў манакліннай сінганіі.

Утвараюць крышталі таблітчастыя, ліставатыя і лускаватыя масы. Афарбоўка светлая, бясколерная, з фіялетавымі, зялёнымі, бурымі адценнямі да чорнай. У тонкіх пласцінках празрыстыя. Цв. 2—4,5. Шчыльн. 2,3—3,3 ​г/см³. С. характэрны вельмі дасканалая спайнасць, высокія электра-, цепла- і гукаізаляцыйныя ўласцівасці. Паходжанне магматычнае, пегматытавае, метамарфічнае, метасаматычнае і інш. Пры выветрыванні ператвараюцца ў гідраслюды, потым у каалін і хларыты. Выкарыстоўваюцца ў электра-, радыё- і авіяпрамысловасці; літыевыя С. — руда на літый, часам рубідый і цэзій. Радовішчы ў Расіі, Індыі, ЗША, Канадзе, Бразіліі і інш.

т. 15, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЙН (Stein) Гертруда (3.2.1874, г. Пітсбург, штат Пенсільванія, ЗША — 27.7.1946),

амерыканская пісьменніца; тэарэтык л-ры. Вывучала псіхалогію ў Рэдкліфскім каледжы Гарвардскага ун-та, медыцыну — ва ун-це Дж.​Хопкінса ў Балтымары. З 1902 жыла ў Парыжы. Маст. метад С. фарміраваўся пад уплывам эстэтыкі імпрэсіянізму, філасофіі А.​Бергсона і экзістэнцыялістаў. Найб. значныя яе творы — раман «Станаўленне амерыканцаў» (1906—08, апубл. 1925) і аповесць «Тры жыцці» (1908), у якіх звярнулася да праблем адзіноты чалавека, яго адчужанасці ад грамадства, абсурднасці існавання. Аўтар кн. «Аўтабіяграфія Алісы Б.​Токлас» (1933), мемуараў «Войны, якія я пабачыла» (1945), п’ес, зб-каў вершаў, эсэ, літ.-эстэт. прац, у т. л. «Як пісаць» (1931), «Лекцыі ў Амерыцы» (1935) і інш. Яе паэтыцы ўласцівы герметызм, эксперыменты з лексікай і сінтаксісам, кампазіцыяй і рытмам, асацыятыўнасць, вобразная абстрактнасць; выкарыстоўвала прынцыпы кінатэхнікі, авангардысцкага жывапісу, мастацтва фатаграфіі.

Тв.:

Рус. пер. — Автобиография Алисы Б.​Токлас. СПб., 2000.

Літ.:

Бернацкая В. Гертруда Стайн: тупик или перспектива? // Совр. худ. лит. за рубежом. 1975. № 6.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ЙРАН (Styron) Уільям (н. 11.6.1925, г. Ньюпарт-Ньюс, ЗША),

амерыканскі пісьменнік; прадстаўнік т.зв. паўд. школы амер. рамана. Вучыўся ў Дэвідсан-каледжы (Паўд. Караліна) і ва ун-це Дзьюка. Бакалаўр мастацтваў і д-р л-ры. Дэбютаваў як пісьменнік у 1945. На яго творчасць паўплывалі У.​Фолкнер і экзістэнцыялісты (раман «І падпаліў гэты дом», 1960). У гіст. рамане «Прызнанні Ната Тэрнера» (1967) мастацка-філас. асэнсаванне расавай праблемы. Маральна-філас. раман «Выбар Сафі» (1979, экранізаваны ў 1982) спалучае лірыка-біягр. аповед і сац.-псіхал. анатомію злачынства, ахвярнасці і пакут у Асвенціме. Аўтар аповесцей «Знікаю ў цемры» (1951), «Доўгі марш» (1952), зб-каў эсэ і публіцыстыкі.

Тв.:

Рус. пер. — И поджег этот дом;

Долгий марш. М., 1991;

Выбор Софи М., 1991.

Літ.:

Мулярчик А. США: Век двадцатый. М.; Мн.;

Барановичи, 1994;

Комаровская Т.Е. «Признания Ната Тернера» У.​Стайрона как философский исторический роман // Человек в контексте культуры и литературы США. Мн., 1996 Вып. 1.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)