ПАПКО́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 25.3.1935, в. Дварэц Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1958), выкладаў у ім. З 1966 у Віцебску; настаўнічаў, з 1982 у Віцебскім ун-це. Друкуецца з 1962. У зб-ках вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі дзень» (1988) паэтызацыя роднага краю, успаміны пра вайну, адказнасць перад часам і чалавекам. Аўтар апавяданняў і гумарэсак. Пераклаў на бел. мову зб-кі вершаў Ё.Бехера «Вяртанне да сябе», Р.Крафта «Востраў без маяка», кн. паэзіі ням. рамантызму «Закаханы вандроўнік», паасобныя творы Б.Брэхта, Г.Лесінга, Г.Веерта і інш.
т. 12, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕКСІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
тып двухмоўнага слоўніка, які ўключае тоесныя па значэнні і блізкія па гучанні словы дзвюх блізкароднасных моў, што характарызуюцца нерэгулярнымі адрозненнямі ў фанетычнай і марфалагічнай структуры, слова- і формаўтварэнні, націску (т.зв. паралексы, гл. ў арт. Паралексія). Напр., бел. «шэры» — рус. «серый», «далонь» — «ладонь», «гусь» (ж.р.) — «гусь» (м.р.), «клопат» (адз. лік) — «хлопоты» (мн. лік) і інш. У П.с. падаюцца толькі тыя словы, якія могуць абумовіць парушэнне літ. нормы адной з блізкароднасных моў. У бел. лексікаграфіі першы слоўнік такога тыпу — «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які ўключае толькі паралексы (як дадатковы моўны матэрыял у слоўнік увайшлі міжмоўныя амонімы і паронімы).
Л.П.Кунцэвіч.
т. 12, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ВІЧ (Уладзімір Свірыдавіч) (н. 25.8.1946, в. Бабы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і фатоніцы раствораў. Распрацаваў люмінесцэнтныя метады даследавання дыпольнай сальватацыі палярных шмататамных малекул, прапанаваў квазічасціцы хістоны для апісання арыентацыйнай калектыўнай вагальнай дынамікі малекул. Даследуе таксама маст. спадчыну і сімволіку Ф.Скарыны.
Тв.:
Новые квазичастицы хистоны и когерентная фотоиндуцированная динамика молекул в полярных неупорядоченных средах // Журн. прикладной спектроскопии. 1998. Т. 65, выд. 2;
Чароўнае святло гравюраў Скарыны // Бел. думка. 2000. Вып. 2.
т. 12, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАТО́ВІЧ (Валерый Станіслававіч) (н. 15.4.1945, г. Чэрвень Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне нефралогіі. Д-р мед. н. (1986), праф. (2000). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1969), з 1971 працаваў у ім. З 1986 у Бел. НДІ кардыялогіі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па лячэнні хворых з нырачнай недастатковасцю, дыялізе і трансплантацыі ныркі, уралогіі.
Тв.:
Методы исследований в нефрологии и урологии. Мн., 1992 (разам з А.С.Чыжам, У.Р.Колбам);
Хроническая почечная недостаточность: интеграция и дифференциация лечения. Мн., 1994 (разам з У.І.Саклаковым);
Диагностика болезней почек и мочевых путей (разам з А.С.Чыжам) // Клиническая диагностика: Справ. пособие для семейного врача. Мн., 1999.
т. 12, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСА́РЫК (Алесь) (сапр. Пісарчык Аляксандр Уладзіміравіч; н. 9.4.1954, Мінск),
бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1977—80). У 1976—85 працаваў на МТЗ. Друкуецца з 1973. Піша на бел. і рус. мовах. У паэт. зб-ках «Белы май» (1983), «Дажджы яравыя» (1990), «Пакуль гарыць мая зара» (1995), «Ноч дзявочай касы» (1996), «Журба вяргіні» (1997), «Пара медазбору» (1999) і інш. услаўленне прыгажосці роднай прыроды, кахання, асэнсаванне мінулага і сучаснага, тэмы афганскай вайны, чарнобыльскай трагедыі. Многія яго вершы пакладзены на музыку.
Тв.:
Ліставір // Нашчадкі. Мн., 1979;
Откровение незабудки. Мн., 1998;
Глазами любви. Мн., 1998;
На востраве чароўнай Амазонкі. Мн., 2000.
Л.С.Савік.
т. 12, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЛО́М»,
палітычны і літаратурны часопіс Віленскага акр. к-та КСМЗБ. Выдаваўся нелегальна ў студз. — лют. 1932 у Вільні на бел. мове. Часопіс рэдагавалі і рыхтавалі да выдання М.Танк і Я.Гарох. Асвятляў паліт. і сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі, заклікаў працоўных да рэв. і нац.-вызв. барацьбы, змагання ў абарону Т-ва бел. школы, за школу на роднай мове, адкрыццё бібліятэк-чытальняў, нар. дамоў, курсаў для непісьменных. Апублікаваў публіцыстычныя артыкулы А.Цвіка, Л.Родзевіча (пад псеўд. Змагар), вершы і апавяданне М.Танка (пад псеўд. А.Граніт), верш Я.Гароха і інш. Выйшлі 2 нумары. З сак. 1932 выдаваўся легальны «Часопіс для ўсіх».
П.І.Зялінскі.
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЎДЗІН (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 6.1.1926, г. Галіч Кастрамской вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне чыг. транспарту. Д-р тэхн. н. (1969), праф. (1970). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1949). З 1954 у Бел. дзярж. ун-це транспарту. З 1999 у Маскве. Навук. працы па праблемах развіцця трансп. вузлоў, прагназіраванні грузавых і пасаж. патокаў, этапнасці развіцця станцый, узаемадзеянні розных відаў транспарту.
Тв.:
Пассажирские станции. 2 изд. М., 1973;
Прогнозирование пассажирских потоков. М., 1980 (разам з В.Я.Нягрэем);
Взаимодействие различных видов транспорта. Мн., 1989 (разам з В.Я.Нягрэем, В.А.Падкапаевым).
т. 13, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУТЫ́РСКІ (Леанід Аляксеевіч) (н. 24.2.1956, в. Таланкі, Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна),
бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1979) і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1999). З 1981 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1994 заг. аддзялення), адначасова з 1996 кіраўнік Рэсп. мамалагічнага цэнтра. Навук. працы па прафілактыцы і ранняй дыягностыцы раку малочнай залозы, новых метадах лячэння і рэабілітацыі хворых на рак малочнай залозы.
Тв.:
Комбинированное и комплексное лечение рака молочной железы с использованием современных физических методов воздействия. Мн., 1994 (разам з Ц.А.Панцюшэнкам);
Рак молочной железы. Мн., 1998.
т. 13, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУШКАРЭ́ВІЧ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.11.1890, г. Слонім Гродзенскай вобл. —28.2.1942),
бел. гісторык, перакладчык. Д-р філал. н. (1940), праф. (1941). Скончыў Гродзенскую гімназію (1912), Петраградскі ун-т (1917). Ўдзельнічаў у рабоце Гродзенскага гуртка беларускай моладзі, адзін з заснавальнікаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. У 1919—22 выкладаў у Томскім, з 1925 — Ленінградскім ун-тах (з 1941 заг. кафедры), адначасова супрацоўнік навук. устаноў. Даследаваў бел. л-ру, гісторыю, мову і культуру славян. Пераклаў на рус. мову аповесць З.Бядулі «Салавей» і зб. апавяд. Ц.Гартнага «Трэскі на хвалях» (абодва 1928). Пасля смерці Б.І.Эпімах-Шыпілы (1934) захоўваў яго асабісты архіў.
В.У.Скалабан.
т. 13, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІПАНІ́ЧНЫ (Віталь Мікалаевіч) (н. 2.3.1937, г.п. Ніжнія Серагозы Херсонскай вобл., Украіна),
бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1994). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, з 1974 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. З 1995 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па хіміі кортыкастэроідаў і сінт. аналагаў стэроідаў. Адкрыў новую групу гетэрацыклічных аналагаў стэроідаў і сінтэзаваў шэраг біялагічна актыўных злучэнняў гэтай групы.
Тв.:
Синтез и биологическая активность производных 8,16-диазастероидов (у сааўт.) // Докл. АН СССР. 1978. Т. 240, № 3;
Полный синтез 8-аза-16-оксастероидов (у сааўт.) // Докл. АН БССР. 1978. Т. 22, № 5.
т. 13, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)