КІСЯЛЕ́ЎСКІ (Леанід Іванавіч) (12.4.1927, Мінск — 8.10.1991),
бел. фізік; заснавальнік даследаванняў па фізіцы і тэхніцы плазмы на Беларусі. Акад.АН Беларусі (1980; чл.-кар 1972), д-рфіз.-матэм.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Брат А.І.Кісялеўскага. Скончыў БДУ (1952). З 1959 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1970 нам. дырэктара). У 1978—83 гал. вучоны сакратар Прэзідыума, з 1990 акад.-сакратар Аддз. фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. У 1983—90 рэктар БДУ. Навук. працы па плазменна-лазерных сістэмах, тэхналогіі выкарыстання нізкатэмпературнай плазмы і лазераў, аўтаматызацыі спектраскапічных вымярэнняў. Пад яго кіраўніцтвам створаны спектральныя прыборы для вывучэння працэсаў уваходу касм. апаратаў у шчыльныя слаі атмасферы і даследавання прыродных покрываў Зямлі з борта арбітальных станцый «Салют» і «Мір». Дзярж. прэмія Беларусі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1990.
Тв.:
Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1982 (у сааўт.);
О гидродинамических уравнениях для переходного слоя плазма—твердое тело. Мн., 1986 (разам з С.Л.Мазурэнкам).
Літ.:
Л.И.Киселевский // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКСНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, якія маюць 2—3 пажыўныя элементы, найб. неабходныя для раслін (азот і фосфар, азот і калій, фосфар і калій ці 3 элементы разам). У састаў К.ў. часам уключаюць і мікраэлементы (бор, марганец, медзь і інш.). У асн. К.ў. — высокаканцэнтраваныя ўгнаенні, якія выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.
К.ў. падзяляюць на складаныя, змяшаныя і складаназмяшаныя. Складаныя К.ў. — асобныя солі, абодва іоны якіх маюць пажыўны элемент (напр., фасфаты амонію; гл.Амафос, Дыамафос), ці ўгнаенні, атрыманыя сумеснай крышталізацыяй ці сплаўленнем некалькіх солей (напр., нітрафос, нітрафоска). Асн. сыравіна для вытв-сці складаных К.ў. — газападобны і вадкі сінт. аміяк, чыстыя фосфарная і азотная к-ты, хларыд калію, сінт. мачавіна. Змяшаныя К.ў. — мех. сумесь грануляваных простых тукаў. Рыхтуюць іх непасрэдна ў гаспадарках ці на вял. складах. Складаназмяшаныя К.ў. атрымліваюць грануляваннем сумесей гатовых простых угнаенняў пасля іх хім. апрацоўкі фосфарнай ці сернай к-тамі і аміякатамі.
На Беларусі складаныя (амафос, аманізаваны суперфасфат) і складаназмяшаныя К.ў. (азотнафосфарна-калійныя) з рознымі суадносінамі пажыўных рэчываў вырабляюць на Гомельскім хімічным заводзе. Гл. таксама Вадкія ўгнаенні, Мінеральныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗАРУ́К (Міхаіл Арсенавіч) (н. 5.7. 1926, в. Ушаловічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел.літ.-знавец, педагог. Акад.АПНСССР (1982, чл.-кар. 1979), акад.Нац.АН Беларусі (1995), чл.Рас. акадэміі адукацыі (1995), д-рфілал.н. (1970), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1951). З 1954 выкладаў у ім (з 1971 прарэктар). З 1978 у НДІ педагогікі (да 1990 дырэктар). Друкуецца з 1949. Пісаў байкі. Даследуе бел. паэму («Станаўленне беларускай паэмы», 1968; «Беларуская паэма ў другой палавіне XIX — пачатку XX ст.», 1970), пытанні гісторыі, тэорыі і методыкі выкладання л-ры («Тэорыя літаратуры ў школе», 1967; «Уводзіны ў літаратуразнаўства», 1970, 2-е выд. 1982, з А.Я.Ленсу; «Тэорыя літаратуры», 1971; «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў», 1983, 2-е выд. 1996, з Ленсу). Адзін з аўтараў падручнікаў для сярэдняй школы і ВНУ.
Тв.:
Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Часу непадуладнае. Мн., 1981;
Изучение русской литературы во взаимосвязи с белорусской. Мн., 1988 (разам з В.У.Івашыным, А.Я.Ленсу);
Навучанне і выхаванне творчасцю: Пед. роздумы і пошукі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПО́ (Аркадзь Іванавіч) (8.2.1904, в. Жданоўка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 5.1.1983),
бел. вучоны ў галіне селекцыі і раслінаводства. Акад.АН Беларусі (1950; чл.-кар. 1940), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61). Скончыў БСГА (1927), у 1932—41 працаваў у ёй. З 1944 у Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі (з 1949 дырэктар). З 1953 акад.-сакратар Аддз.біял., с.-г. і мед. навук АН Беларусі, з 1956 — Аддз. раслінаводства і гал. вучоны сакратар Акадэміі с.-г. навук Беларусі. У 1960—72 у Бел. ін-це земляробства. Навук. працы па біялогіі канюшыны, агратэхніцы насенняводства збожжавых культур і лёну. Устанавіў заканамернасці аптымальнай гушчыні пасеву збожжавых і лёну ў залежнасці ад змены агратэхн. і прыродных фактараў. Рэкамендаваў наборы найб. эфектыўных культур для кармавых севазваротаў, сістэмы іх чаргавання і выкарыстання ўгнаенняў.
Тв.:
Основные вопросы посева зерновых культур и льна. Мн., 1950;
Кукуруза на полях Белоруссии. Мн., 1963 (у сааўт.);
Система удобрения и чередование культур в прифермских кормовых севооборотах с кукурузой (разам з Б.С.Жагрыным) // Весці АНБССР. Сер. с.-г.навук. 1969. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (18.2.1903, Масква — 21.1.1979),
расійскі псіхолаг, філосаф, педагог. Акад.АПН РСФСР (1950), АПНСССР (1968). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Д-рпсіхал.н. (1940), праф. (1932). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Працаваў у Псіхал. ін-це ў Маскве, Ленінградскім пед. ін-це, Маскоўскім ун-це і інш. У 1920—30-я г.разам з Л.С.Выгоцкім і А.Р.Лурыя ўдзельнічаў у распрацоўцы культ.-гіст. тэорыі псіхічнага развіцця чалавека. Вывучаў філас.-метадалагічныя асновы псіхал. навукі, праблемы ўзнікнення свядомасці ў антрапагенезе, функцыянавання яе гал. кампанентаў («пачуццёвая тканка», значэнне, асобасны сэнс), механізмы фарміравання і развіцця вышэйшых псіхічных функцый. Распрацаваў агульнапсіхал. тэорыю дзейнасці («дзейнасны падыход»), сфармуляваў палажэнні аб сістэмнай будове псіхікі, адзінстве практычнай і «ўнутранай», псіхічнай дзейнасці чалавека («Дзейнасць. Свядомасць. Асоба», 1975). Дзейнасны падыход да даследавання свядомасці і псіхікі ў варыянце Л. выкарыстоўваецца ў пед., мед., узроставай, сац., і інш. галінах псіхалогіі, знайшоў сваіх паслядоўнікаў у многіх краінах свету. Вёў даследаванні ў галіне інж. псіхалогіі. Ленінская прэмія 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗА́ЧЫО, Мазача
[Masaccio; уласнае Тамаза ды Джавані ды Сімоне Касаі (Гвідзі); 21.12.1401, г. Сан-Джавані-Вальдарна, Італія — восень 1428],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў фларэнційскай школы жывапісу. Працаваў (часта з Мазаліна) у Фларэнцыі, Пізе і Рыме. У творчасці адышоў ад традыцый готыкі, працягваў маст. пошукі Джота ды Бандоне. У рэліг. кампазіцыях увасабляў гуманіст. ўяўленні аб дасканалай асобе, надаваў ім надзвычайную жыццёвую пераканаўчасць. Творы вызначаюцца энергічнай святлоценявой лепкай, пластычнай трохвымернасцю фігур, імкненнем да манум. абагульнення форм: «Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель» (1423?), «Мадонна са св. Ганнай» (разам з Мазаліна, каля 1424), паліпціх у царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Пізе (1426), размалёўкі капэлы Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі («Выгнанне з раю», «Цуд са стацірам», «Святыя Пётр і Іаан раздаюць міласціну», «Святы Пётр вылечвае хворых сваім ценем», паміж 1425 і 1428). У фрэсцы «Тройца» (каля 1426—27, царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі) упершыню ў насценным жывапісе стварыў велічную цэнтральна-перспектыўную пабудову.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Проблемы кватроченто и творчество Мазаччо. Л., 1975.
Мазачыо. Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель. 1423 (?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1682,
«Хаваншчына» (ад прозвішча кіраўніка кн. І.А.Хаванскага). Выклікана злоўжываннямі баярска-дваранскай адміністрацыі і ўціскам стральцоў з боку начальнікаў. Пачалося пасля смерці цара Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682). Па патрабаванні стральцоў былі пакараны ненавісныя ім палкоўнікі. 25—27 мая стральцы, салдаты і гараджане, якіх падбухторвалі сваякі першай жонкі цара Аляксея Міхайлавіча баяры Міласлаўскія, расправіліся з прыхільнікамі Нарышкіных (сваякоў другой жонкі Аляксея Міхайлавіча — маці новага цара малалетняга Пятра I) і інш. асобамі, якіх лічылі віноўнікамі злоўжыванняў. Малалетні Іван V (сын Аляксея Міхайлавіча ад першага шлюбу) быў абвешчаны «першым царом», Пётр I — «другім царом», а іх сястра Соф я Аляксееўна — рэгенткай. Стральцы дамагліся ад ўрада значных прывілеяў, але працягвалі патрабаваць новых уступак. У 2-й пал. верасня Соф’я разам з абодвума царамі пакінула Маскву і накіравалася ва ўмацаваную Троіца-Сергіеву лаўру, дзе пачала збіраць дваранскае апалчэнне. Паўстанцы хацелі абвясціць царом кн. І.А.Хаванскага, але, пасля таго як той быў схоплены і пакараны смерцю (27 вер.), пагадзіліся на прапанаваную ўрадам амністыю і капітулявалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСНЭ́ ((Massenet) Жуль Эміль Фрэдэрык) (12.5.1842, Манто, каля г. Сент-Эцьен, Францыя — 13.8.1912),
французскі кампазітар, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1878). Прэзідэнт Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1852—63 (з перапынкам) вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў А.Тама; у 1878—96 яе праф. У 1863 атрымаў Рымскую прэмію. Разам з Ш.Гуно — адзін з вядучых прадстаўнікоў лірычнай оперы. Валодаў яскравым меладычным дараваннем, стварыў гнуткі арыёзна-дэкламацыйны вак. стыль. Сярод твораў: каля 30 опер, у т. л. «Дон Сезар дэ Базан» (паст. 1872), «Манон» (1884), «Вертэр» (1886), «Таіс» і «Наварка» (абедзве 1894), «Сафо» (1897), «Жанглёр Божай Маці» (1902), «Дон Кіхот» (1910), «Панург» (1913); аперэты; балеты «Куранты» (1892), «Цыкада» (1904), «Тарэра» («Эспада», 1908); 4 араторыі (1873, 1875, 1880, 1900); кантаты, у т. л. «Давід Рыцыо» (1863), «Мір і свабода» (1867); 7 праграмных сюіт і інш. для арк.; каля 200 рамансаў і песень, вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і інш. Сярод вучняў: А.Бруно, Ш.Кеклен, Ж.Цьерсо, Г.Шарпанцье, Э.Шасон, Ф.Шміт, Дж.Энеску. Аўтар успамінаў (1912).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУСО́ЎСКІ (Міхаіл Львовіч) (23.7.1915, г. Луганск, Украіна — 16.7.1990),
расійскі паэт.Канд.філал.н. (1941). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1939). Друкаваўся з 1934. Першая кн. «Луганчане» (1939, разам з К.Сіманавым). У зб-ках вершаў «Фронт» (1942), «Калі шуміць Ільмень-возера» (1944) тэма Вял.Айч. вайны. Паэт.зб-кі «Мой радавод» (1940), «Калі слухаеш Маскву» (1948), «Усё, што мне дорага» (1957), «Цень чалавека. Кніга вершаў пра Хірасіму...» (1968), «Сутнасць» (1979) і інш. адметныя тонкім лірызмам, спавядальнасцю, меладычнасцю. Выдаў кн. мемуарнай прозы «Сямейны альбом» (1978—79). Аўтар апавяданняў, сцэнарыяў хранікальна-дакумент. фільмаў. Напісаў тэксты папулярных песень «Падмаскоўныя вечары», «На безыменнай вышыні», «Школьны вальс», «З чаго пачынаецца Радзіма», «Добрыя дзяўчаты», «Стары клён», «Волагда», песень да кінафільмаў «Верныя сябры», «Выпрабаванне вернасці», «Ідыёт», тэлефільма «Дні Турбіных» і інш. Пісаў вершы і песні на бел. тэматыку: «Сцены гавораць...», «Дзяўчына з Брэста», «Кожны чацвёрты». На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі Я.Семяжон, К.Цвірка. Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНА́Ч (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 8.12.1918, в. Хатляны Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. геолаг. Акад.Нац.АН Беларусі (1971, чл.-кар. з 1959), Д-р геолага-мінералаг. н. (1959), праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Ганаровы чл.Рас.АН (1992). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). З 1950 у Ін-це геал. навук АН Беларусі, з 1969 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН Беларусі, у 1973—86 віцэ-прэзідэнт, з 1986 член прэзідыума, з 1992 саветнік прэзідыума Нац.АН Беларусі. Навук. працы па літалогіі і геахіміі пратэразою, дэвону, стараж. корах выветрывання, па фацыяльным і фармацыйным аналізе, тэктоніцы, нафтаноснасці нетраў, гісторыі навукі. Удзельнічаў у адкрыцці на тэр. Беларусі радовішчаў калійнай і каменнай солей, жал. руд, гаручых сланцаў і інш. карысных выкапняў. За адкрыццё і разведку нафты Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.);
Рифей и венд Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);
Верхнедевонская щелочная вулканогенная формация Припятской впадины. Мн., 1977 (разам з В.П.Корзунам);
Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996 (у сааўт.).